
МоваНанова: Закрыццё сезона
19 чэрвеня 2023 — апошнія, васямнаццатыя заняткі другога сезона «МОВЫ НАНОВА» ў Беластоку!
Разам з вамі закрываем ужо другі сезон беластоцкай «Мовы Нанова». І мы лічым, што папярэднія сямнаццаць заняткаў прайшлі выдатна. Вы даведаліся шмат безэквівалентнай лексікі з Марыяй Грыц, гулялі ў гульні з Юліяй Міхайлавай, знаёміліся з лёсам Янкі Купалы з Кацярынай Ваданосавай, прымалі да ведама традыцыйныя абвесткі ў «пару слоў» ад Ігара Палынскага. А яшчэ — слухалі шмат музыкі, танчылі, спявалі, пісалі вершы, знаёміліся з цудоўнымі беларусамі. Прыйшоў час зрабіць перапынак на лета, але перад гэтым мы яшчэ мусім разок пашумець!
Будзе шмат усяго! Сярод іншага — апошняя лекцыя Кацярыны Ваданосавай пра Янку Купалу — і тэст! А галоўны сюрпрыз — канцэрт Андруся Такінданга, лідара гурта RECHA, паэта і мастака. Мы ведаем, вы гэтага чакалі!
Калі будзеце ў Беластоку — абавязкова прыходзьце, будзе цікава! А калі не — мы зладзім трансляцыю на нашым YouTube-канале для ўсіх ахвотных 🙂
Уваход вольны, але данаты вітаюцца 🙂
Нагадаем, што «Мова Нанова» — гэта бясплатныя курсы беларускай мовы для ўсіх, хто хоча лепей ведаць родную мову, гісторыю і культуру. Гэта жывыя, эмацыйныя заняткі і сустрэчы з цікавымі беларусамі ў Беластоку.