Навіна пра затрыманне 36-гадовага Іллю Вайцяховіча стала адной з тых, што ўзрушыла грамадства абставінамі. Малады мужчына ехаў з Рыгі на пахаванне бацькі, легендарнага бізнесоўца з Камарова Эдуарда Вайцяховіча, які пасля выбараў адкрыта падтрымаў пратэст.
Што вядома пра становішча Іллі Вайцяховіча
17 студзеня «Наша Ніва» паведаміла, што мужчына знаходзіцца на Акрэсціна, яго статус — падазраваны па крымінальнай справе. Па якой менавіта, на сёння невядома.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» пакуль не мае дакладнай інфармацыі ні пра месцазнаходжанне, ні пра працэсуальны статус Вайцяховіча.
Яшчэ ў жніўні 2020 года Ілля Вайцяховіч атрымаў 15 сутак за ўдзел у пратэстных акцыях. Пасля беларускія сілавікі стварылі базу «Беспорядки», куды занеслі дадзеныя ўсіх затрыманых і асуджаных па адміністратыўных і крымінальных палітычных артыкулах. 14 студзеня малады мужчына ехаў з-за мяжы ў Беларусь на пахаванне бацькі.
Пра затрыманне Іллі Вайцяховіча напісалі незалежныя СМІ. Пасля гэтага праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі «пакаяльнае відэа» Іллі Вайцяховіча, зробленае ў «ГУБОПиК», а таксама ягоныя фота з пратэстных акцый з такім каментаром: «…Ну уехал и все грехи списываются? Так нет, всё хранится, про всех помнят, при попытке пересечения границы всё сразу всплывёт, как с этим деятелем и случилось…».
Бясконца лавіць «экстрэмістаў»
Пра тое, чаму сілавікам усё яшчэ патрэбныя такія рэзанансныя затрыманні, мы папрасілі падзяліцца меркаваннем сузаснавальніка ініцыятывы BY_help Аляксея Лявончыка:
— Калі чалавек у іх спісах, то бок ён удзельнічаў у нейкіх дэманстрацыях, ці штосьці такое, то ў яго ёсць рызыка быць затрыманым на мяжы. Гэтым таварышам цяпер неабходна даводзіць адзін аднаму, што яны патрэбныя. Таму што калі ў іх скончацца ворагі, то яны пачнуць грызці адзін аднаго. Гэта стандартная логіка развіцця падобных працэсаў у спецслужбах. Як толькі ў іх скончацца знешнія ворагі, то «ГУБОПиК» учэпіцца ў МВД ці наадварот. Таму яны будуць бясконца лавіць «экстрымістаў», якія адзін раз павесілі сцяг у вакне, схадзілі аднойчы на дэманстрацыю ці пераслалі адзін аднаму спасылкі на так званыя экстрымісцкія каналы.
Прадказаць, што адбудзецца да мяжы для тых, хто трапляў да беларускіх сілавікоў па палітычных справах і цяпер вяртаецца ў Беларусь, немагчыма. Такія людзі фіксуюцца ў базе МВД «Беспорядки».
— Тут такая латарэя, што ты не ведаеш, як атрымаецца, — адзначае Лявончык. — Усё залежыць ад персаналіі. Адну знаёмую нядаўна таксама проста ператрэслі на мяжы, пасля выпусцілі — аднак у яе не было бацькі, які адкрыта падтрымліваў пратэсты. Ім патрэбныя ворагі, а ворага могуць зляпіць абсалютна з любога чалавека.
Чаму накінуліся на Іллю Вайцяховіча
Ягоны бацька, Эдуард Вайцяховіч, — гэта легендарная асоба, якая ператварала родныя мясціны ў прывабны і прыбытковы край. У 1995 ён быў дэпутатам Вярхоўнага Савета і падпісаўся за імпічмент Аляксандра Лукашэнкі. Стварыў адну з першых беларускіх аграсядзібаў. У Камарова Мядзельскага раёна прыцягнуў інвестыцыі для стварэння бізнес-інкубатара, які дапамог стартаваць дзясяткам прадпрымальнікаў.
Дзякуючы яму Камарова ператварылася ў цэнтр, дзе ініцыятывы і прадпрымальніцтва квітнелі і прыцягвалі партнёраў і турыстаў. Штогод сюды збіраліся на кірмаш «Камарова — кола дзён». Эдуард падкрэсліваў, што яго мэта — даказаць, што паспяховым можна быць у вёсцы.
У жніўні 2020 года ён выступіў супраць гвалту, а яго крама зачынялася на забастоўку.