Больш за 80 гадоў у Гродне распавядаюць гісторыю пра забітага хлопчыка Тадзіка Ясінскага на вуліцах горада ў верасні 1939 года. Падзеі тых дзён дагэтуль выклікаюць спрэчкі паміж беларускімі і польскімі гісторыкамі: адны кажуць, што падлетак выйшаў на абарону горада і загінуў, другія кажуць, што гэта легенда прыдуманая ў мэтах прапаганды і невядома, ці існаваў наогул гэты чалавек. У пацвярджэнне існавання Тадзіка Ясінскага пісала Гражына Ліпінская — настаўніца, удзельніца абароны Гродна. Доўгія гады гісторыя юнага гродзенца будавалася менавіта на яе ўспамінах або на нейкай агульнай традыцыі. Але ў канцы 2021 года ў гродзенскім архіве знайшліся дакументы, якія пацвярджаюць рэальнае існаванне Ясінскага і яго гібель у Гродне верасні 1939 года. Магчыма, гэтая знаходка паставіць кропку ў доўгай і заблытанай гісторыі з забітым падлеткам.
Хто такі Тадзік Ясінскі?
Упершыню публічна пра існаванне Тадзіка Ясінскага распавяла ў сваёй кнізе ў 1988 годзе Гражына Ліпінская, якая была дырэктаркай адной са школ Гродна, таксама ўдзельнічала ў абароне горада ў 1939 годзе. Паводле яе ўспамінаў, падлетак быў адным з тых, хто спрабаваў спыніць савецкія танкі, што заехалі ў горад. Жанчына пісала, што 13-гадовага хлопца салдаты прывязалі да танка, як жывы шчыт. У кнізе Ліпінская распавядае, як яна асабіста адвязвала падлетка ад тэхнікі. Неўзабаве ён памёр у шпіталі.
Пра дакладнае месца пахавання Тадзіка Ясінскага ў Гродне ніхто не ведаў. Яго сімвалічную магілу зрабілі на старых каталіцкіх могілках. Хлопец стаў для многіх гродзенцаў і палякаў сімвалам барацьбы за Гродна ў верасні 1939 года. У польскай гістарыяграфіі прывязванне Тадэвуша да танка і яго смерць — гэтае апісанне лічыцца неабвержным фактам, але пацвярджэнняў гэтаму не было акрамя ўспамін Ліпінскай.
Што знайшлі ў Гродне?
Паводле інфармацыі Ліпінскай Тадзік памёр у шпіталі падчас баёў за Гродна, але ў пасмяротных метрыках у гродзенскім архіве, якія ўдалося адшукаць, пішацца, што падлетак загінуў на вуліцы Вітольдавай. Вось пасмяротны запіс у парафіальнай метрыцы:
«У 1939 г. 21 верасня ў Гродне на вуліцы Вітольдовой №31 мясцовай парафіі падчас вайны загінуў 15-гадовы Тадэвуш Ясінскі, які не быў забяспечаны сакрамэнтамі. Сын Зоф’і Ясінскай. Яго цела на 23 верасня 1939 г. пахавана на вайсковых могілках у Гродне».
Гродзенскі гісторык Андрэй Чарнякевіч у 2021 годзе пісаў у Facebook, што дзякуючы гэтай знаходке, можна казаць пра сапраўднае існаванне Тадзіка Ясінскага, які памёр у Гродне ў верасні 1939 года. Але ўзнікае і шмат пытанняў: паводле Ліпінскай Тадэвуш памёр у шпіталі, а па архіўных дадзенных — на Вітольдовой і нават нумар дома ёсць. Ліпінская памылілася з узростам, яна пісала што хлопцу было 13, а насамрэч яму было 15. Таксама і на сімвалічнай магіле ў Гродне напісана, што падлетку было 13 гадоў.
«Дакументальнае пацвярджэнне смерці Тадзіка Ясінскага толькі яшчэ больш паглыбляе існуючы падзелы паміж гісторыкамі, — пісаў гродзенскі гісторык Андрэй Чарнякевіч. — Відавочна, што змешчаныя ў метрыцы біяграфічныя звесткі не супадаюць з тым, пра што пісала Гражына Ліпінская, а значыць ёсць фармальныя падставы сумнявацца і ў гісторыі з хлопчыкам, прывязаным да савецкага танка. З іншага боку, яе крытыкі зараз будуць вымушаны прызнаць, што Тадзік Ясінскі — гэта гістарычная постаць і ён сапраўды загінуў падчас баёў за Гродна ў верасні 1939 года, а значыць ужо не атрымаецца па ранейшаму працягваць ігнараваць гэты факт».
У Беластоку знайшлі здымак Ясінскага?
У беластоцкім Музеі памяці Сібіры ў чэрвені 2021 года выставілі здымак, які палічылі за фота Тадзіка Ясінскага — аднаго з самых вядомых удзельнікаў бітвы за Гродна ў верасні 1939-га. Такога меркавання прытрымліваліся прадстаўнікі асацыяцыі аматараў гісторыі «Grupa Wschód».
Некалькі гадоў таму сябры асацыяцыі даведаліся пра існаванне памятных рэчаў, звязаных з Тадзікам Ясінскім. Яны знаходзіліся ў Беластоку. У 2021 годзе аматары гісторыіі публічна казалі, што знайшлі сям’ю, якая даглядала за маці Тадэвуша Зоф’яй Ясінскай у канцы яе жыцця. У гэтай сям’і захаваліся фатаграфіі Ясінскіх і партрэт падлетка.
Па інфармацыі асацыяцыі пасля Другой сусветнай вайны Зоф’я Ясінская пераехала з Гродна ў Беласток. Там яна працавала кухаркай.
«Да канца свайго жыцця яна ўспамінала сына, які загінуў падчас вайны ў Гродне. Яна не любіла распавядаць пра яго смерць. Нават давераным асобам яна казала, што ён загінуў, кінуўшы бутэльку з бензінам у нямецкі танк», — распавядаў прадстаўнік асацыацыі Анджэй Бялючык.
Па легендзе, якую перадалі прадстаўнікам «Grupa Wschód» у кватэры Зоф’і вісеў партрэт Тадэвуша. У яе быў яшчэ адзін яго фотаздымак, а таксама хустка, запэцканая крывёю падлетка.
«Зоф’я Ясінская была пахаваная ў 1982 годзе на Фарных могілках у Беластоку. Скрываўленую хустку па яе волі паклалі ў труну да сына», — казаў Анджэй Бялючык.
Сябры асацыацыі знайшлі магілу Зоф’і Ясінскай, а таксама атрымалі ад сям’і, якая даглядала за ёй да канца жыцця, паштоўкі і фатаграфіі Ясінскіх. Сярод іх быў меркавана партрэт Тадэвуша. У выніку памятныя рэчы былі перададзеныя ў Падляскі ваенны музей. У верасні гэтыя рэчы былі выстаўлены ў музею Памяці Сібіры ў Беластоку.
Таксама па дадзеных асацыяцыі, Тадэвушу Ясінскаму на час гібелі было 15 гадоў, не 13, як пісала Ліпінская.
Аб’яднаць разам гісторыю ўсіх ахвяр
Гісторык Андрэй Чарнякевіч лічыць, што зараз трэба будзе шукаць тлумачэнне, чаму сярод дзясяткаў абаронцаў горада, Гражына Ліпінская прыгадала менавіта Тадзіка Ясінскага, а сам эпізод з хлопчыкам на бране савецкага танка паўтараецца адразу ў некалькіх успамінах, прычым, не толькі мясцовых польскіх жыхароў.
«У выніку, уся дыскусія ў чарговы раз зводзіцца да сімвала веры: “можа такое здарыцца” ці “не можа”, — пісаў Чарнякевіч. — Для большасці айчынных гісторыкаў уявіць сабе савецкіх танкістаў, якія прывязалі ворага, тым больш — падлетка, да брані сваёй баявой машыны, не магчыма ў прынцыпе, тады як польскія аўтары ўжо даўно пішуць пра “шматлікія” падобныя выпадкі. На жаль, па-за дыскусіяй у чарговы раз можа апынуцца чалавечае вымярэнне той трагедыі, якой для Гародні стаў пачатак Другой Сусветнай вайны, як і пытанне, якім чынам узаемныя нецярпенне ды нянавісць ператварыліся ў механізм татальнай вайны. На маю думку, адзіны спосаб сысці ад прапаганды, гэта паспрабаваць аб’яднаць разам гісторыю ўсіх ахвяраў тых падзей, адмовіўшыся ад падзела на свой-чужы…».
У прыклад ахвяры з другога боку, гісторык заўсёды распавядае пра дачку камуністычнага дзяеча ў Гродне Аляксандра Бертэля. 12-гадовая Марыя Бертэль загінула ў той самы дзень калі і Тадзік Ясінскій — 21 верасня 1939 года.
Падчас баёў за Гродна хтосьці з мясцовых палякаў хацеў адпомсціць Бертэлю за яго пазіцыю і дапамогу савецкім войскам. Калі ён з’явіўся дома, то невядомыя падпалілі яго хату. У той самы час дома была сям’я. Бертель быў паранены і жыўцом згарэў на парозе свайго дома. На вачах маці была забітая 12-гадовая дачка Марыя. Шасцігадовы Коля паспеў выбегчы з дому, яго паранілі ў нагу, але суседзі паспелі яго выратаваць. Вольга Бертэль, жонка Аляксандра, спрабавала зберагчы малодшага сына, закрывала сабой, але апынулася заціснутая полымем у куце жылля. У нейкі момант частка будынка абрынулася, падпаленая бэлька ўпала на Вольгу, і яна моцна абгарэла. Суседзі паспелі выцягнуць з палаючага дома Вольгу і маленькага сына.
Па іншай версіі, якую распавядала былая жыхарка вуліцы Пелагея Аляшкевіч (1932 г.н.), у той дзень некалькі польскіх салдат праходзіла ля дома Бертэля, а той з акна пачаў страляць у іх. Салдаты разбегліся і адкрылі агонь у адказ, а пасля падпалілі дом Бертэля.
«Памылка суседа была ў тым, што ён пачаў страляць па салдатах і не падумаў, што ў яго дома была цэлая сям’я. У выніку ён за гэта паплаціўся — загінулі ён сам і некалькi членаў яго сям’і», — казала Пелагея Аляшкевіч.
У выніку ў пасляваенныя гады вуліца, дзе быў дом Бертэля, атрымала назву ў гонар яго імя. На вуліцы з’явіўся памятны знак.