Акружны суд Варшавы 26 студзеня разглядаў пазоў Беларусі аб экстрадыцыі вядомага блогера Сцяпана Пуцілы, паведамляе Белсат. У Беларусі супраць яго распачалі справы паводле дзесяці крымінальных артыкулаў.
Сцяпан Пуціла — стваральнік папулярнага Тэлеграм-канала, які першым у Беларусі быў абвешчаны «экстрэмісцкім». Ён ўпэўнены, што разгляд справы — гэта толькі фармальнасць, бо Польшча не магла іначай. Ён упэўнены ў станоўчым для яго рашэнні суда, якое будзе яшчэ і распаўсюджвацца на ўсе краіны Еўразвязу. Так і выйшла.
Суддзя дзесяць хвілінаў зачытваў усе артыкулы, якія Пуцілу закідае беларускі бок, і спытаў падсуднага, ці згодны ён, каб яго выдалі Беларусі. Пуціла не згадзіўся. Пракуратура заявіла аб недапушчальнасці выдачы (адвакат Пуцілы адзначыў, што ўпершыню за сорак гадоў падтрымлівае пракурора).
У выніку суддзя пастанавіў, што недапушчальна выдаваць Пуцілу беларускаму рэжыму «толькі за тое, што гэтага хоча дыктатар-псіхапат». Такое рашэнне адпавядае стандартам дэмакратычных краінаў і Дэкларацыі правоў чалавека, Канстытуцыі Польшчы, адзначыў судзя. Апеляцыю можна падаць цягам 7 дзён.
Вядома, што старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка, блогеры Антон Матолька, Сцяпан Пуціла і Раман Пратасевіч праходзяць у адной крымінальнай справе, якую завёў Следчы камітэт Беларусі, па 10 артыкулах Крымінальнага кодэксу.
Улады Беларусі ўжо даўно дамагаюцца ад Польшчы экстрадыцыі Сцяпана Пуцілы.