7 сакавіка ля паліцэйскага пастарунка ў Беластоку адбылася прэс-канферэнцыя дэпутата Сейма Польшчы Паўла Крутуля, піша bialystokonline.pl. Крутуль заклікаў жыхароў Падляшша не цкаваць беларусаў з-за ўдзелу Лукашэнкі ў развязанай Пуцінам вайне ва Украіне.
7 сакавіка ля паліцэйскага пастарунка ў Беластоку адбылася прэсавая канферэнцыя дэпутата Сейма Польшчы Паўла Крутуля. Разам з ім у канферэнцыі ўдзельнічалі прадстаўнікі беларускай дыяспары Беластока.
Крутуль заклікаў жыхароў Падляшша не цкаваць беларусаў. Дэпутат падкрэсліў, што цкаванне адбываецца не толькі ў інтэрнэце, але даходзіць да фізічных атак. Ён расказаў, што на дарозе Беласток-Аўгустаў пракалолі шыны і расфарбавалі аўто.
— Трэба паважаць людзей з Беларусі, Украіны, а таксама рускіх на нашай зямлі. Яны ратуюцца ад тэрору. Лукашэнка не прэзідэнт, якога абраў народ. Лукашэнка — на ланцугу ў Пуціна.
Прадстаўніца беларускай дыяспары Наталля Сцепанцова падкрэсліла, што нельга прыраўноўваць кожнага беларуса і расіяніна да прыхільнікаў рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна.