Каму была патрэбная гэтая вайна? Чаму рускамоўны не значыць «расіянін»? Ці маюць шанцы канцэпцыі «рускага свету» і «СССР 2.0»? Чаму самі сабой забыліся польска-украінскія супярэчнасці? Дзе ва ўсім гэтым месца Беларусі?
За навінамі з фронту і жудаснымі здымкамі загінуўшых часта губляецца агульны кантэкст падзей. Прычым — кантэкст гістарычны не толькі для Украіны, але для ўсяго рэгіёну. Найперш для Расіі і Беларусі.
Пра перадумовы, ідэалогію і прапаганду, гістарычныя паралелі і прагнозы на будучыню мы падрабязна паразмаўлялі з гісторыкам Аляксандрам Пашкевічам.
«Пуцін хоча ўзяць рэванш за распад СССР»
— Ёсць бачанне, што вайна, развязаная Пуціным, — гэта працяг ягоных фантомных боляў, звязаных з крахам СССР у 91-м. Роўна як Другая сусветная вырасла з Першай, так і гэтая — працяг Халоднай. Ці можна так казаць?
«Пуцін верыць акурат у злую волю, што «калектыўны Захад» мэтанакіравана разваліў і прынізіў «Расію», выйграўшы Халодную вайну. Тое, што рэальныя гістарычныя факты сведчаць пра іншае, яго не хвалюе».
— Пуцін, несумненна, чалавек, які ўспрымае Расію як працяг Савецкага Саюза, прытым сам таго не хавае. Нават у сваёй вядомай лекцыі перад падпісаннем прызнання «ДНР» і «ЛНР» ён так і сказаў прамым тэкстам, што СССР — гэта «гістарычная Расія». Таму і распад гэтай дзяржавы ўспрымае менавіта як распад Расіі, і тыя землі, якія «адпалі» — таксама як расійскія.
Ну і відавочна, ён не верыць у натуральныя прычыны распаду СССР: што гэта адбылося перадусім з-за ўнутраных супярэчнасцей гэтай дзяржавы, а не з-за нечай злой волі звонку. Пуцін верыць акурат у злую волю, што «калектыўны Захад» мэтанакіравана разваліў і прынізіў «Расію», выйграўшы Халодную вайну. Тое, што рэальныя гістарычныя факты сведчаць пра іншае, яго не хвалюе. І цяпер — а фактычна, апошнія гадоў з 15, — набраўшыся сілы, хоча ўзяць рэванш.
Таму так — гэтая паралель дарэчная. Гітлер, развязаўшы Другую сусветную вайну, імкнуўся радыкальна перагледзець вынікі Першай сусветнай, а Пуцін — тую рэчаіснасць, якая ўзнікла пасля паразы СССР у Халоднай. Прытым абодва ў гэтым абапіраліся на падтрымку з боку большасці ўласных народаў, бо постімперскі сіндром муляе не толькі лідарам.
«Пуцін — чалавек, зацыклены на мінулым»
— Пуцін увесь час кажа пра гісторыю, пра Расійскую імперыю ці СССР. Здаецца, ён не прапануе ніякага варыянта будучыні, апроч інверсіі — вяртання да мінулага. Ці можа такі праект без будучыні апынуцца жыццяздольным?
— У Пуціна сапраўды няма нейкай стрыжнёвай ідэі, якая б абапіралася на рэалістычную візію будучыні. Ён — чалавек, захраслы ў мінулым і на ім зацыклены. У гэтым значнае адрозненне ад стваральніцы СССР — партыі бальшавікоў на чале з Леніным, якога Пуцін адкрыта крытыкуе за «няправільную» нацыянальную палітыку.
У бальшавікоў прынамсі на першых этапах іхняй улады было пераканаўчае тлумачэнне, для чаго трэба тое, што яны робяць. Стаяла мэта — пабудаваць камуністычнае грамадства, у якім усё будзе інакш, чым цяпер, якое будзе больш справядлівае за ўсе іншыя і гэтак далей. Ну і адпаведна з гэтым тлумачылася неабходнасць экспансіі: святло прагрэсіўнай ідэі мусіла пашырацца на ўвесь свет.
«Пры сур’ёзных няўдачах і праблемах падтрымка абрынаецца, і крок ад любові да нянавісці праходзіцца вельмі хутка».
Зрэшты, і тая ідэя, пабыўшы некалькі дзесяцігоддзяў вельмі жывой і натхняльнай, таксама з часам дэградавала і выхаласцілася. У яе фактычна перасталі верыць, хоць нейкі час па інерцыі ўжо пустаслоўныя пастулаты працягвалі трансліравацца. І ў выніку калі дзяржава канчаткова зайшла ў тупік, то ніхто не выйшаў яе абараняць.
А ў Пуціна цяпер ідэя толькі імперская — Расію прынізілі, Расія ўстала з каленяў, Расія мусіць аднавіць былую веліч. Імперыя і звышдзяржава як самамэта. І нейкі час гэта сапраўды можа людзей натхняць, асабліва калі яны не адчуваюць на сабе вельмі вялікіх выдаткаў ад гэтага.
Мы гэта непасрэдна назіраем у сённяшняй Расіі. Але пры сур’ёзных няўдачах і праблемах падтрымка абрынаецца, і крок ад любові да нянавісці праходзіцца вельмі хутка. Найбольш яскравы прыклад з расійскай гісторыі — Першая сусветная вайна з усеагульным энтузіязмам у пачатку і са зрынаннем без ніякага шкадавання трохсотгадовай царскай дынастыі напрыканцы.
«Для Балта-Чарнаморскага звязу зараз — самы спрыяльны час»
— Лагічнай альтэрнатывай канцэпцыі «трыадзінага рускага народу» была канцэпцыя Балта-Чарнаморскага звязу як нашчадка Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Ці мае апошняя канструкцыя зараз новыя перспектывы?
— Так, гэтая канструкцыя цяпер мае перспектывы ці не найлепшыя за ўсю гісторыю яе існавання на ўзроўні ідэі. Агульная небяспека ўжо не першы раз зблізіла народы рэгіёна, прымусіла іх сярод іншага адсунуць убок гістарычныя спрэчкі і непаразуменні. Хто цяпер успамінае, напрыклад, пра польска-ўкраінскія гістарычныя рахункі? І хто найбольш паслядоўны ў адстойванні і лабіраванні інтарэсаў Украіны на Захадзе, калі не Польшча, Літва і іншыя краіны Балтыі?
«Літва і Польшча ў 2020-м і наступныя гады вельмі шмат рабілі і робяць для падтрымкі на самых розных узроўнях беларускага дэмакратычнага, а фактычна нацыянальна-вызваленчага руху».
Беларусь як дзяржава ад гэтага працэсу рэгіянальнага аб’яднання і салідарнасці, праявы якога ў крытычныя моманты заўсёды былі і раней, пакуль што не проста ўбаку, але актыўна яму супрацьстаіць. Але так адбываецца выключна з-за наяўнага ў ёй цяпер палітычнага рэжыму. Бо 2020 год паказаў з усёй выразнасцю, што гэты рэжым цяпер не мае ў Беларусі легітымнасці, а ў грамадзянскай супольнасці, якая цяпер на ўзроўні ўсяго грамадства зусім не меншасць, з жаданнем быць разам са сваімі дэмакратычнымі суседзямі ўсё ў парадку.
Важна, што і пазіцыя адносна беларускіх падзей з боку яе дэмакратычных суседзяў была на дзіва адэкватнай і паслядоўнай. Перадусім Літва і Польшча ў 2020-м і наступныя гады вельмі шмат рабілі і робяць для падтрымкі на самых розных узроўнях беларускага дэмакратычнага, а фактычна нацыянальна-вызваленчага руху. І відавочна кіруюцца пры гэтым не толькі чыста гуманітарнымі меркаваннямі, але і бачаннем Беларусі як неад’емнай часткі і важнага звяна ў будучым рэгіянальным саюзе. Таму думаю, што патэнцыйныя перспектывы ў Балта-Чарнаморскага звязу цяпер вельмі добрыя.
«Украіна будзе прэтэндаваць на ролю рэгіянальнага лідэра»
— Ці можа Украіна стаць новая «кропкай збору» для ўсяго рэгіёну, роўна як Турцыя бярэ на сябе ролю лідара ў цюркскім свеце? Здаецца, украінцы ўжо кажуць пра сябе як пра сапраўдную Русь — альтэрнатыву «Трэцяга Рыму».
— Калі пазіцыянаваць сябе перадусім як «сапраўдную Русь», то не так шмат каго можна прыцягваць. У адрозненне ад цюркскіх, «рускіх», то бок усходнеславянскіх народаў, мала — усяго тры. А калі адкінуць Расію, то застаецца, апрача Украіны, увогуле адна Беларусь. Драбнавата для рэгіянальнага лідара.
Таму не думаю, што менавіта пазіцыянаванне ў якасці сапраўднай Русі можа стаць асновай для Украіны як «кропкі збору». Але несумненна, што ўвогуле на ролю рэгіянальнага лідара Украіна прэтэндаваць можа і будзе, улічваючы яе памер, колькасць насельніцтва, эканамічны патэнцыял і, безумоўна, здабыты ў крывавых баях палітычны і маральны аўтарытэт. А старонкі агульнай гісторыі будуць дадатковым аргументам.
Праўда, пры гэтым непазбежнае ў будучыні сутыкненне інтарэсаў з іншым буйным гульцом нашага рэгіёна — Польшчай, які таксама будзе прэтэндаваць на лідарства і «кропку збору». Але ў гэтым няма нічога страшнага. Галоўнае, каб гэта натуральнае саперніцтва праяўлялася ў цывілізаваных формах.
«Руская мова не робіць людзей расіянамі»
— Расія здаўна апелявала да канцэпцыі, што яе ўлада там, дзе руская мова і праваслаўе. Здаецца, упарты супраціў акурат усходніх рускамоўных і праваслаўных рэгіёнаў Украіны паставіў крыж на гэтай канцэпцыі — ці не? Што не так тады апынулася са «скрэпамі»?
— Несумненна, што распаўсюджванне рускай мовы і ў значнай ступені рускага праваслаўя давалі Расіі аграмадны козыр для таго, каб утрымліваць свае ідэйна-ментальныя пазіцыі на гэтай тэрыторыі нават пасля распаду СССР. Гэта такі рэсурс, які пры ўмове ўмелага і адэкватнага выкарыстання рабіў перспектывы «рускага свету» на гэтай тэрыторыі амаль невынішчальнымі.
«Крэмль падвяло тут абсалютнае неразуменне таго, што руская мова сама па сабе не робіць людзей аўтаматычна расіянамі».
Але выкарыстанне гэтага патэнцыялу акурат было не толькі не ўмелым, але вельмі тапорным, ды нават проста катастрафічным для Расіі. У выніку чаго ўжо, відаць, можна казаць, што рэсурс уплыву з боку Масквы ва Украіне праз мову і масавую культуру канчаткова змарнаваны.
Крэмль падвяло тут абсалютнае неразуменне таго, што руская мова сама па сабе не робіць людзей аўтаматычна расіянамі. Так, на рускамоўных за межамі Расіі куды прасцей аказваць розныя ўплывы, як і на тых людзей, для якіх руская мова не родная, але якія ведаюць яе на ўзроўні роднай. Гэта надзвычай важны фактар. Але гэты фактар далёка не адзіны, бо на фармаванне светапогляду разам з мовай уплываюць і многія іншыя. І за знешняй рускамоўнай абалонкай хаваюцца зусім не расіяне.
Крэмль пры Пуціне, як і кіраўніцтва РПЦ (Рускай праваслаўнай царквы — MOST), гэтага ўлічваць не хацелі прынцыпова. Хоць сігналаў для таго, каб зразумець і зрабіць высновы, толькі на прыкладах адной Украіны было больш чым дастаткова. Але ўсё прайшло міма, і за гэтае неразуменне «рускі мір» заплаціць цану ў выглядзе поўнага свайго краху пакуль ва Украіне, а пасля і ўвогуле па-за межамі Расіі.
Як нядаўна дасціпна адзначыў прэзідэнт Украіны Зяленскі, Расія проста разбамбіла свае гістарычныя сувязі з Кіеўскай Руссю. І склеіць гэта ўжо немагчыма. Парадаксальна, што Пуцін, імкнучыся стаць архітэктарам «рускага свету», насамрэч стаў яго магільшчыкам.
«Любая сістэма, збудаваная на хлусні, пацерпіць крах»
— Расійская прапаганда звяртаецца да эстэтыкі «Великой Отечественной», спрабуе праводзіць паралелі. Што не так апынулася з гэтым канцэптам і чаму не атрымалася з украінцаў зрабіць «фашыстаў»?
— Тут перадусім тое, што прымяненне гэтага канцэпту ў сучасных умовах і ў дачыненні да Украіны ды ўкраінцаў літаральна высмактана расійскай прапагандай з пальца. З рэчаіснасцю гэты канцэпт не мае проста аніякай сувязі. Прытым гэта настолькі відавочна, што нават не патрабуе нейкіх разгорнутых тлумачэнняў. Звычайны паветраны замак: зварот да элементарных фактаў, што ляжаць проста навідавоку, імгненна яго разбурае.
«Гісторыя сведчыць, што любая сістэма, збудаваная на хлусні, рана ці позна церпіць крах».
Адзіная перашкода гэтаму — банальнае нежаданне многіх расіян да любых фактаў, якія супярэчаць зручнай карціне свету, звяртацца. Тым, хто трывала сядзіць на іголцы расійскай прапаганды і прынцыпова не прызнае ніякіх іншых крыніц інфармацыі, давесці, што ўкраінцы — «фашысты», пакуль што бадай і ўдаецца. Але гэта з’ява, канешне, часовая. Гісторыя сведчыць, што любая сістэма, збудаваная на хлусні, рана ці позна церпіць крах. І ваенныя паразы ў авантурных войнах дапамагаюць расплюшчыць вочы ці не лепш, чым што іншае.
«Акно магчымасцей для Беларусі»
— Зразумела, што нічога яшчэ не скончана, але якія перспектывы ці пагрозы мае сітуацыя для Беларусі? Паглыбленне грамадзянскага канфлікту, замарожванне рэжыму на доўгія гады і жалезная заслона — або квіток у лепшае заўтра?
— На гэта пытанне адказаць цяжэй за ўсё, бо сапраўды нічога пакуль не скончана і мы не ведаем, якія будуць вынікі вайны, перадусім прамежкавыя. А ад гэтага наш лёс залежыць непасрэдна. Пэўна пакуль што можна гаварыць толькі пра тое, што пераможцам, прынамсі такім, як гэта было задумана ад пачатку, Расія не будзе. І наўрад ці яна здольная весці сапраўды інтэнсіўную вайну ва Украіне надта доўгі час.
«Ёсць адчуванне, што нейкае акно магчымасцей патэнцыйна для нас павінна неўзабаве адкрыцца. Пытанне ў тым, ці ўдасца гэтым разам з яго найлепшым чынам скарыстацца. Але шанцы, думаю ў нас ёсць, і яны немалыя».
Таму неўзабаве сітуацыя будзе неяк стабілізавацца, і вось тут ёсць варыянты — як менавіта. Ці канфлікт будзе замарожаны і расійскія войскі, хоць прасоўвацца далей і не будуць, застануцца на нейкі час як акупацыйныя на частцы тэрыторыі Украіны? Ці Расія неўзабаве выведзе свае войскі з Украіны, і пры гэтым уладу ў Крамлі захавае Уладзімір Пуцін? А можа, вывад войскаў будзе суправаджацца і зменай вышэйшага кіраўніцтва Расіі — ці то шляхам унутраных перастановак, ці то пад уплывам ціску з боку насельніцтва?
Варыянтаў нямала, і пастаўленыя пытанні пакуль што без адказаў. А пры розных варыянтах можа быць розным і лёс Беларусі. Усё залежыць ад таго, наколькі пуцінскі рэжым будзе здольны не толькі ўтрымаць уладу ў Расіі, але і мець сілу на кантроль над сферай уплыву. І наколькі зможа дыктаваць Крамлю сваю волю «калектыўны Захад». Пакуль што я асабіста не бяруся гэтага прадказваць на нейкую аглядную перспектыву.
Ну і, вядома, усё залежыць ад таго, наколькі ў патрэбны момант будзе здольны мабілізавацца сам беларускі народ: і ўнутры краіны (гэта перадусім), і на ўзроўні дыяспары. Ёсць адчуванне, што нейкае акно магчымасцей патэнцыйна для нас павінна неўзабаве адкрыцца. Пытанне ў тым, ці ўдасца гэтым разам з яго найлепшым чынам скарыстацца. Але шанцы, думаю ў нас ёсць, і яны немалыя.