У Міністэрстве замежных спраў Польшчы пракаментавалі перавод з СІЗА пад хатні арышт Анжалікі Борыс, старшыні Саюза палякаў Беларусі, піша Радыё Рацыя.
Прэс-сакратар польскага знешнепалітычнага ведамства Лукаш Ясіна заявіў на брыфінгу, што Борыс «адпачывае і спрабуе набрацца сіл пасля таго, што з ёй здарылася». Ён нагадаў, што яна знаходзілася за кратамі ў цяжкіх умовах.
У Варшаве адзначаюць, што сітуацыя з пераводам Борыс пад хатні арышт не змяніла меркавання пра сутнасць рэжыму ў Беларусі.
У МЗС Польшчы няма пазітыўных вестак пра іншага актывіста Саюза палякаў Анджэя Пачобута, які застаецца за кратамі. Там спадзяюцца, што і ён зможа «уз’яднацца са сваёй сям’ёй», і для гэтага робіцца ўсё магчымае.