Найбольшае дзяржаўнае СМІ Гродзеншчыны — «Гродзенская праўда» — не перастае здзіўляць. З рэгіянальных навін тут засталіся прызначэнні чыноўнікаў, але мэйнстрым — падзеі ва Украіне ў расійскай трактоўцы. Нягледзячы на агрэсію Расіі супраць Украіны ды жахлівыя сведчанні з Бучы, у беларускіх праўладных СМІ «ўсё спакойна». На прыкладзе сайта і тэлеграм-канала дзяржаўнай абласной газеты «Гродзенская праўда» зірнём на гэтую паралельную рэальнасць.
«Абарона Расіі» і «Украіна ў закладніках»
Вайна ва Украіне для «ГП», канешне ж, «спецаперацыя Расіі». Так званыя эксперты на поўным сур’ёзе разважаюць, маўляў, Украіна — толькі «элемент у агрэсіі НАТА супраць Расіі, брацтва славянскіх народаў». Нібыта гэта Захад напаў на Расію, выкарыстаўшы Украіну… Далей паўтараецца поўны набор расійскіх прапагандысцкіх штампаў пра бандэраўцаў, «антырасію» і г.д.:
Цытата: «Супраць жыхароў Данбаса ўкраінскія ўлады арганізавалі вайсковую аперацыю. На працягу 8 гадоў неанацысты забівалі там цывільнае насельніцтва: жанчын, дзяцей, старых. Узброеныя сілы Украіны, Нацгвардыі і нацыяналістычных добраахвотніцкіх фарміраванняў адмыслова наносілі ўдары па грамадзянскіх аб’ектах».
Паводле эксперта, у планы Расійскай Федэрацыі не ўваходзіць акупацыя ўкраінскіх тэрыторый ці жаданне пакрыўдзіць Украіну ці яе народ: «Гэта звязана з абаронай самой Расіі ад тых, хто узяў Украіну ў закладнікі і спрабуе выкарыстаць яе супраць Расіі і яе народа». Шах і мат.
Самае цікавае, што матэрыял, датаваны 11 сакавіка, не мае ані аўтара, ані… прозвішча ці пасады эксперта. Верагодна, паводле рэдакцыі «ГП», чытачоў такія дробязі не цікавяць.
«Працягваецца пачаты ў 2020 годзе працэс палітычнага выхавання»
А вось яшчэ адзін эксперт — ужо падпісаны. Ігар Тур, аўтар скандальных прапагандысцкіх ролікаў для дзяржТБ. «Гродзенская праўда» запрасіла яго на інтэрв’ю. Матэрыял датаваны 19 сакавіка.
Цытата: «Мы падтрымліваем Расію з пункту гледжання выканання стратэгічнай ролі, а менавіта прадухілення поўнамаштабнай вайны ў рэгіёне. На жаль, для гэтага трэба правесці спецыяльную вайсковую аперацыю па дэмілітарызацыі і дэнацыфікацыі Украіны. (…) Мы разумеем, што часам для таго, каб запанаваў мір, патрэбнае разумнае вайсковае ўмяшанне. Дабро часам павінна быць з кулакамі».
Тур асабліва фіксуецца на ролі «нацбатальёнаў» ва Украіне. Маўляў, тыя разумеюць, што рана ці позна будуць знішчаныя, таму не грэбуюць аніякімі метадамі: «Іх задача пратрымацца “яшчэ адзін дзень”, “яшчэ да раніцы”. І так штораз. І для гэтага яны будуць выкарыстоўваць любыя метады. У тым ліку прыкрывацца цывільнымі».
Пад завесу інтэрв’ю, у апошнім абзацы, Тур прызнаецца, што вельмі рады, што «ў нас у краіне працягваецца пачаты ў 2020 годзе працэс палітычнага выхавання». Аб тым, як гэтае «палітычнае выхаванне» выглядае, зразумела, ані слова.
Дарогі, чыстыя паліклінікі і Пушкінскія чытанні
Яшчэ адзін матэрыял прысвечаны прадстаўніку рускай дыяспары ў Гродна Эдгару Рэцу. Рэпартаж з’явіўся 2 красавіка, у так званы «дзень адзінства Беларусі і Расіі». Фармальная нагода — будучы Фестываль нацыянальных культур, які пройдзе ў горадзе.
Рэц шэсць гадоў таму пераехаў у Гродна і цешыцца, што знайшоў тут «суайчыннікаў». Стаў актывістам «Рускага таварыства». Сям’я Рэца паходзіць з Камчаткі. Чаму пераехалі? «Па словах Эдгара, Далёкі Усход — няпростае месца для жыцця, у тым ліку з-за суровых снежных зім, аддаленасці ад Масквы».
Далей — дзябёлыя фармулёўкі, якія мы ўжо неаднойчы чулі ад дзяржСМІ: «хораша наладжаная сістэма грамадскага транспарту», «адрамантаваныя дарогі», «чыстыя паліклінікі», «дасяжная медыцына», «узвядзенне новых будынкаў»… Аб тым, ці ёсць чыстыя паліклінікі і новыя будынкі на Камчатцы, у тэксце, на жаль, нічога няма.
Таксама герой разважае пра зручнасць Беларусі для расіян, пра літаратурныя чытанні з творамі Пушкіна, песенныя конкурсы, мір і згоду. Напрыканцы гучыць, што ў Гродзенскай вобласці жыве 65 з паловай тысяч этнічных рускіх. А яшчэ Эдгар Рэц кажа пра Беларусь як «краіну мары» для рускага чалавека.
«Сумна і балюча», але вінаваты — «афіцыйны Кіеў»
А зараз — вішанька на торце. Сусветныя СМІ пішуць пра трагедыю ў Бучы, сотні згвалтаваных і закатаваных, целы якіх украінцы выявілі пасля адступлення расійскай арміі. А што «Гродзенская праўда»?
Вось вам навіны дня з тэлеграм-канала выдання: «Літва працягвае дастаўляць бежанцаў да беларускай мяжы», «У Парыжы прайшоў пратэст супраць жорсткасці паліцыі», «Дзмітрый Пяскоў. Расія катэгарычна абвяргае любыя абвінавачванні ў забойствах цывільных у Бучы».
Ну і матэрыял з рэдактаркай «Лідскай газеты» і дэпутаткай Кацярынай Серафіновіч.
Цытата: «Практыка падвойных стандартаў ужо даўно не здзіўляе, яна, на жаль, стала штодзённасцю і для Украіны. Сумна і балюча ад таго, што афіцыйны Кіеў ініцыюе і падтрымлівае перадузятае стаўленне да Беларусі (…), настройваючы ўкраінцаў супраць беларусаў».
То бок, для дэпутаткі вінаваты «афіцыйны Кіеў». Без варыянтаў.
Ну і ў фінале: «Я веру ў здаровы глузд славянскага народа, з якім нас шмат што звязвае і з якім нам няма чаго дзяліць. Вельмі хочацца спадзявацца, што ў хуткім часе будзе аддзеленае зерне ад пустазелля і пачнецца стваральная праца…».
Шчыра хочацца верыць у «здаровы глузд» рэдакцыі «Гродзенскай праўды», але пакуль толькі «сумна і балюча».