Серада, 3 снежня 2025
No Result
View All Result
MOST Media
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama
No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama
No Result
View All Result
MOST Media
No Result
View All Result
Галоўная Гісторыі

Заснавальнік інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat Яраслаў Іванюк: «Прыйдзе час, калі за ўсё якаснае і беларускае трэба будзе плаціць»

Раман Ганчарэнка Раман Ганчарэнка
21 красавіка 2022, 12:31
Гісторыі
A A
Kamunikat

Яраслаў Іванюк. Фота: Руслан Кулевіч / MOST

Як з’явіўся Kamunikat.org — найбольшая беларуская інтэрнэт-бібліятэка ў свеце? Ці чытаюць кнігі ў часы вайны? Ці ёсць будучыня ў папяровых выданняў? Што будзе, калі ў Беларусі зачыняць усе незалежныя выдавецтвы?

Яраслаў Іванюк — старшыня фонду Kamunikat.org, сябра ўправы Беларускага гістарычнага таварыства, журналіст. Паходзіць з мясцовых беларусаў Падляшша, жыве непадалёк Беластока.

З Яраславам мы сустрэліся на сядзібе БГТ і Фонду Kamunikat.org непадалёк цэнтра горада. На паліцах безліч кніг: гістарычная і мастацкая літаратура, мемуарыстыка, краязнаўства, слоўнікі, газеты і часопісы. Сапраўдны беларускі «кніжны каўчэг». Усё гэта патроху «пераплаўляецца» ды паўстае ў лічбавай форме на партале Kamunikat.org

— Як пачынаўся праект «Камунікат»?

— У 2000-м у мяне нарадзіўся сын. Жонка, будучы цяжарнай, навучыла мяне рабіць сайты, пісаць html-код. Мяне — гуманітарыя, гісторыка. Сама яна матэматык. І гэта было «уаў»! Тады я вырашыў, што варта перавесці ў анлайн бюлетэнь беларускай службы Польскага радыё, які акурат называўся «Камунікат».

У бюлетэні мы публікавалі тэксты некаторых нашых перадач, у тым ліку «Гістарычнае падарожжа», якім я займаўся. Там былі размовы з рознымі гісторыкамі з Беларусі і Падляшша. Калі некалькі перадач перавёў у сеціва, яны займелі найбольшы фідбэк. З гэтага пачаў фармавацца наш рэсурс, хоць тады я яшчэ не разумеў, што гэта пачатак сапраўднай беларускай інтэрнэт-бібліятэкі.

Майму сыну зараз 22 гады — столькі ж «Камунікату». За гэты час на нашым рэсурсе сабралася больш за 50 000 публікацый. Кнігі, часопісы, газеты. Не толькі сучасныя, але і старыя выданні: адлічбаваныя газеты і часопісы «Беларус», «Бацькаўшчына», «Зважай», «Божым шляхам», «Ніва» ды іншыя. Таксама беларускія выданні 80-90-х — «Свабода», «Пагоня». Зараз кожны можа спампаваць гэта ў pdf.

Фота: Руслан Кулевіч / MOST

— Гэта сапраўды вялізны масіў інфармацыі для гісторыкаў і даследчыкаў. А што наконт мастацкай літаратуры ці папулярнай гісторыі?

— Да 2007 года мы працавалі без падтрымкі звонку, як прыватны праект. Гэтым займаліся 3-4 чалавекі, уключна з Аляксандрам Максімюком ды Наталляй Герасімюк. На сёмым годзе праекта з’явіўся больш сучасны рухавік сайту, а таксама мы пачалі рабіць аўтарскія дамовы з пісьменнікамі. Гэта дазволіла легальна змяшчаць іх творы.

У радзеле «Беларускія аўтары» зараз профілі больш 300 творцаў. Маем кнігі Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Аляксея Карпюка. З амаль усімі паспеў сустрэцца і падпісаць дазвол на публікацыю твораў. Апроч Аляксея Карпюка — трэба было дамаўляцца з нашчадкамі.

З сучасных аўтараў: Уладзімір Арлоў, Уладзімір Някляеў, Алесь Краўцэвіч, Міхась Скобла, Барыс Пятровіч, Генадзь Сагановіч, Андрэй Федарэнка, Зміцер Бартосік, Эдуард Акулін, Людмiла Рублеўская, Валянціна Аксак, Леанід Дранько-Майсюк, Валеры Гапееў, Павал Севярынец, Валянцін Акудовіч ды іншыя вядомыя творцы. Запампоўвай і чытай сабе!

Фота: Руслан Кулевіч / MOST

— Ці былі выпадкі, калі нехта адмаўляўся даваць свае творы?

— Два выпадкі. Прозвішчаў называць не хачу. Адна асоба нават вельмі значная ў нашай літаратуры: там адмова прыйшла нават не ад яе асабіста, але ад агента. З іншай асобай яшчэ больш цікава: чалавек напісаў прамым тэкстам, што не хоча, каб яго кнігі былі побач з «апазіцыйнымі» аўтарамі. Я быў уражаны, бо той аўтар абсалютна не асацыяваўся з рэжымным саюзам пісьменнікаў, але — ягоная справа. Дарэчы, не толькі мы шукаем аўтараў — часам пісьменнікі самі звяртаюцца, каб іх творы з’явіліся на «Камунікаце».

— Зараз мы жывём у новай рэальнасці: пасля 2020-га і пасля пачатку вайны. З’ехалі безліч людзей, пакінуўшы, сярод іншага, свае любімыя кнігі. Ці стае «Камунікат» свайго роду віртуальным «кніжным каўчэгам»?

— «Камунікат» — вельмі шырокі праект з вялікай палітрай аўтараў, твораў, жанраў. На пачатку размовы я рабіў ухіл на эмігранцкія выданні, але на гэтым усё не сканчаецца. Я б наогул не размяжоўваў, бо ўсё гэта — складнікі вялікага пазла нашага літаратурнага працэсу і грамадскай думкі.

У нас да апошняга нумару публікавалася pdf-версія газет «Новы Час», «Наша Ніва», «Народная Воля», ёсць літаратурныя часопісы «Дзеяслоў» і «Верасень». Некаторыя выданні знікаюць па зразумелых прычынах. Ліквідаваныя Таварыства беларускай мовы ці Саюз беларускіх пісьменнікаў, а значыць і выданні, прывязаныя да іх. Але ў нас усё захоўваецца.

Пасля 2020-га быў усплёск цікавасці да беларушчыны — мы назіралі павышэнне праглядаў і спамповак файлаў. Зараз цікавасць упала, бо вайна. Тое самае мы назіралі і ў 2014-м. Бо калі вайна, то людзям не да літаратуры. Больш думаюць пра выжыванне. Не час для чытання доўгіх тэкстаў.

Фота: Руслан Кулевіч / MOST

— З якіх краін свету вас чытаюць?

— Агулам больш за 100 краін. Беларусь, Польшча, Расія, Украіна. Далей — Нямеччына, ЗША, Чэхія ды іншыя. Зараз больш праглядаў з Грузіі — там утварылася вялікая беларуская дыяспара. У такія змрочныя часы не перастаеш думаць пра надзённае, але добрая літаратура можа дапамагчы ўсё гэта перажыць.

— Што карыстаецца найбольшай папулярнасцю?

— На дзіва, гэта рознага тыпу слоўнікі. Імі карыстаюцца вучні, студэнты, навукоўцы. Пазней — мастацкая літаратура ды гістарычная. Ну і часопісы, але з імі па-рознаму, бо гэта бязмежнае мора.

Фота: Руслан Кулевіч / MOST
Фота: Руслан Кулевіч / MOST

— Што наконт адаптацыі сайту для гаджэтаў: планшэтаў, айфонаў і гэтак далей?

— Працуем над гэтым. Вы можаце зайсці на сайт са смартфона, але памер і велічыня знакаў не будуць прыстасаваныя. Плануем скончыць да канца года. Рыхтуемся таксама да тэхналагічнай рэвалюцыі на сайце: старонка перапісваецца з нуля, ад пачатку. Таксама — рэбрэндынг. Усё ў працэсе.

Спрабуем з аўдыёкнігамі. На гэты момант ёсць тры, але яны яшчэ не выкладзеныя на сайце. Гэта «Сядзіба» Алеся Аркуша, «Жэтон на метро» Андрэя Федарэнкі, а таксама «Айчына» Арлова ў аўтарскім выкананні. У планах запісаць да канца году 40-50 гадзін сучаснай беларускай літаратуры ў аўдыёфармаце.

— Ёсць думка, што за добры прадукт трэба браць грошы, інакш людзі не будуць яго цаніць. У вас — усё бясплатна. Ці слушны гэта падыход?

— Лічу, зараз не той этап. Магчыма, каб Беларусь была на тым самым культурным і нацыянальным узроўні, што Украіна, то — можа быць. А пакуль не. Прыйдзе час, калі за ўсё якаснае і беларускае трэба будзе плаціць. Але не зараз. Пакуль мы можам даць нешта дарам, распаўсюдзіць, трэба гэта рабіць.

На фота толькі невялічкая частка бібліятэкі фонда. Фота: Руслан Кулевіч / MOST

— У вас ёсць лозунг «Беражы лес — чытай кнігі на Kamunikat.org!». А што наконт папяровай літаратуры? Ці мае яна будучыню?

— Напрыканцы мінулага года да нас звярнуўся Уладзімір Някляеў з прапановай надрукаваць яго кнігу «Гэй Бэн Гіном» у папяровым фармаце. Мы пагадзіліся. Кнігу выдалі, але што з ёй рабіць далей? Асабліва ў Польшчы, калі прэзентацыі ў Беларусі немагчымыя? Як кніга трапіць да чытача?..

Вырашылі зрабіць прэзентацыі ў найбольшых беларускіх асяродках Польшчы: Варшава, Уроцлаў, Познань, Гданьск, Кракаў, Лодзь, Беласток, Бельск Падляскі, а яшчэ дзве ў Вільні. Быў сапраўдны аншлаг: увесь тыраж разышоўся на прэзентацыях! Мы дадрукавалі яшчэ тыраж, каб яго ўжо прадаваць праз інтэрнэт.

Яшчэ рана пісаць пра незапатрабаванасць папяровай кнігі. Так ужо было: калі з’явілася кіно, то «хавалі» тэатр. Калі з’явілася тэлебачанне, то «хавалі» кіно… Але ўсё гэта жыве паралельна. Я 22 гады займаюся інтэрнэт-бібліятэкай, але калі атрымліваю кнігу ў pdf- фармаце, адразу ж хачу займець яе на кніжнай паліцы. На днях чытаў раман «Локісаў» Артура Клінава на паперы. Прыклад з кнігай Някляева паказаў, што такія праекты, на жаль, запатрабаваныя…

— Чаму «на жаль»?

— Бо такія кнігі маюць выходзіць у Беларусі. Але з’ехала вельмі багата людзей. Калі ездзілі па Польшчы з Арловым з прэзентацыямі, нават гучала лічба — 150-200 тысяч беларусаў тут. З гэтымі людзьмі трэба працаваць.

Фота: Руслан Кулевіч / MOST

— У Беларусі адно за адным зачыняюць прыватныя выдавецтвы беларускай літаратуры. Ці можа скласціся сітуацыя, калі будзе патрэба масава выдаваць беларускія кнігі ў замежжы?

— Мы да гэтага гатовыя. Ёсць ужо некалькі прапаноў ад беларускіх аўтараў выдаць іх кнігі акурат у Польшчы і тут жа правесці прэзентацыі. Можа атрымаецца не так маштабна, як з Някляевым, бо гэта асаблівы аўтар. Але ўжо сёлета, думаю, у нас будуць чарговыя папяровыя выданні.

Апошнім часам мы зладзілі некалькі прэзентацый двухмоўнай беларуска-польскай кнігі балад Уладзіміра Арлова «Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань». Праўда, не мы яе выдалі, а выдавецтва «Варштаты Культуры» з Любліна, але на сустрэчах ва Уроцлаве, Варшаве ці ў Бельску Падляскім было шмат зацікаўленых. Бліжэйшая прэзентацыя гэтай кнігі адбудзецца ў Беластоку 29 красавіка ў Падляскім Інстытуце Культуры (ul. Św. Rocha 14, Spodki).

Бачыце, нават мы праз сітуацыю вымушаныя дзейнічаць крыху насуперак свайму лозунгу — «Беражы лес — чытай кнігі на Kamunikat.org!».

Тэгі: Беларусы ПадляшшаГалоўнаеІнтэрв'ю

ГАЛОЎНЫЯ НАВІНЫ

таксист в Польше

«Встал за трибуну — как настоящий обвиняемый». В Польше беларусский мальчик упал с самоката — и оказался в суде

MOST
2 снежня 2025, 15:46

Катаясь на самокате по Белостоку, 11-летний Андрей упал и ударился головой. Мальчику вызвали скорую, наложили швы, оставили в больнице на ночь, а потом успокоили: все обошлось. Но оказалось,...

Касары

У Польшчы адраджаюць беларускі мужчынскі спеў. З ім нават выступаюць на карпаратывах

Хрысціна Гараніна
1 снежня 2025, 11:08

Мужчынскі гурт «Касары» аднаўляе традыцыю беларускага народнага спеву. Калектыў, у які ўваходзяць і айцішнікі, і бізнесмены, нарадзіўся ў Варшаве са звычайных заняткаў для беларусаў, а цяпер ён выступае...

крыж Сафіі Менскай

Беларуская папулярызатарка гісторыі намагаецца зрабіць рэпліку крыжа Сафіі Менскай — каралевы Дацкай і праўнучкі Усяслава Чарадзея

MOST
28 лістапада 2025, 14:21

Папулярызатарка беларускай гісторыі Марыя Грыц запусціла праект па стварэнні рэплікі знакамітага крыжа Сафіі Менскай — адной з самых славутых ювелірных каштоўнасцей Даніі. Але беларусам яна хіба што бліжэй:...

  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
  • Рэклама/Reklama
Пры выкарыстанні зместу MOST прачытайце нашы Правілы выкарыстання матэрыялаў

Звяжыцеся з намі: [email protected]

© 2025 Mostmedia.io. Час будаваць масты

No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama

© 2025 Mostmedia.io. Час будаваць масты