Што такое Беларуская Акадэмія? Чым яна розніцца ад Праграмы Каліноўскага, Вольнага ўніверсітэта ды ЕГУ? Якія спецыяльнасці і фарматы навучання? Колькі гэта каштуе?
Святлана Куль-Сяльверстава — каардынатарка Беларускай Акадэміі, прафесар Палітэхнікі беластоцкай. Святлана — аўтарка гістарычных кніг і публікацый, працавала ў ГрДУ, адкуль яе звольнілі ў 2014 годзе. Жыве ў Беластоку. Мы падрабязна паразмаўлялі пра Беларускую Акадэмію, якая працуе з 2020 году, а зараз адчыняе новыя спецыяльнасці.
«Пяцярых студэнтаў дапамаглі эвакуіраваць з Украіны»
Паводле Святланы Куль-Сяльверставай, Беларуская Акадэмія — найперш аб’яднанне выкладчыкаў. Гэта не асобны ўніверсітэт або праграма, але пасрэдніцкая платформа паміж студэнтамі і ВНУ ў Польшчы ды Літве. У Акадэміі працуе шмат выкладчыкаў — дакладнай лічбы няма, бо адныя прыходзяць, іншыя адыходзяць. З іх толькі прафесараў 10-12 чалавек. Рэшта — дацэнты, магістры.
— Перавага ў адборы выкладчыкаў аддавалася тым, хто пацярпеў падчас рэпрэсій у Беларусі, быў выкінуты на вуліцу. Бо калі я чую, што добры спецыяліст, які змушаны быў з’ехаць у Познань, будзе развозіць піцу… Так наўпрост не можа быць! Бо гэты чалавек будзе страчаны для навукі, для вучняў, для Беларусі. З такімі працуем у першую чаргу, — расказвае Святлана Куль-Сяльверстава.
Акадэмія працуе ў віртуальным фармаце, усе заняткі адбываюцца ў анлайне — праз Zoom ды іншыя мэсэнджары. Нават фізічнае выхаванне. Яго вядзе выкладчыца-польска. Яна спецыяліст еўрапейскага класу па фітнесе, мае свой комплекс практыкаванняў, займаецца разам са студэнтамі. Выкладчыца-полька — рэдкае выключэнне, бо большасць — беларусы.
— Віртуальны фармат дае вялікія перавагі, — сцвярджае Святлана. — І выкладчык, і студэнт могуць знаходзіцца ў любой кропцы зямнога шару. У нас ёсць студэнтка з Балі. Ёсць людзі ў Грузіі. Пяцярых студэнтаў мы з пачаткам вайны дапамаглі эвакуіраваць з Украіны. Але большасць, канешне, — гэта Польшча і Літва. Ну і Беларусь, безумоўна.
«Не як у кніжцы, а як у жыцці»
Паводле Святланы, калі праект пачынаўся — у 2020 годзе — вялікая колькасць студэнтаў, адлічаных праз палітыку, жылі на радзіме. Але праз два гады сітуацыя змянілася: людзі збольшага выехалі. Разам з тым, праграма выступае за тое, каб чалавек не адрываўся ад каранёў:
— Я працавала ў праграме Каліноўскага тры гады — ведаю гэта знутры. На жаль, 2/3 каліноўцаў пасля заставаліся ў Польшчы. Шмат у чым гэта было звязана з моўным фактарам — людзей вучылі па-польску, стваралі ў іх падвойную польска-беларускую ідэнтычнасць. Вось вынік. У нас па-іншаму.
З мовай у Акадэміі так: заняткі вядуцца па-беларуску і па-руску. То бок чалавек не губляе два гады на польскую «зэрувку» — пачатковы ўзровень мовы. Але па выніку атрымлівае дыплом еўрапейскага ўзору ад таго самага польскага ВНУ.
— У нас, безумоўна, выкладаецца польская, але працоўныя мовы — беларуская і руская, — кажа Святлана. — Калі рускамоўны студэнт пытае беларускамоўнага выкладчыка, бо нешта не разумее, яму патлумачаць па-руску, і наадварот. Ну і ўпор на англійскую. Такім чынам, з гэтым дыпломам чалавек пасля можа ехаць у Брытанію, Канаду, Штаты — як захоча.
Калі сярод выкладчыкаў Акадэмія найперш шукае пацярпелых ад рэпрэсій, то ў плане студэнтаў такога фільтру няма. Не трэба збіраць папер, адкуль цябе выключылі ці за што затрымлівалі. З базавым наборам папер, перакладамі ды юрыдычным бокам Акадэмія не толькі дапамагае на пачатку, але і суправаджае на працягу ўсяго навучання.
— Абіраючы выкладчыкаў, мы звяртаем увагу не на тытулы, а на практыку і досвед, — сцвярджае каардынатарка Акадэміі. — Ці працаваў чалавек у той сферы, якой хоча навучыць? Так, «грамадзянскі працэс» у нас вядзе адзін з найбольш вядомых у Беларусі адвакатаў з вялізнай практыкай. Прозвішча называць не буду. Ён распавядзе студэнтам не як у кніжцы, а як у жыцці.
Кадравік, псіхолаг, ІТ у эканоміцы… Чаму вучаць?
Цымус Акадэміі ў тым, што тут бярэцца ўжо гатовая спецыяльнасць еўрапейскага ВНУ, якая ёсць у рэестры спецыяльнасцей і дае дыплом, пацверджаны міністэрствам. Рэктар гэтага ВНУ заключае дамову з беларускім выкладчыкам. Акадэмія ж займаецца рэкрутацыяй і суправаджэннем студэнтаў.
— Напрыклад, працуем з Марской Акадэміяй у Клайпедзе. Там вельмі цікавая спецыяльнасць — ІТ у эканоміцы. Спецыяльнасць не простая, але запатрабаваная. Вынік — падвойны літоўска-польскі дыплом. Нашы партнёры з ліку ВНУ па 20-25 гадоў на рынку, то бок і дыплом будзе сур’ёзны, а не нейкай невядомай структуры, — кажа Святлана Куль-Сяльверстава.
Зараз у Акадэміі ёсць дзве спецыяльнасці. Першая — «адміністраванне»: на ёй можна вучыцца ад пачатку ці аднавіцца, калі ёсць няскончаная вышэйшая адукацыя ў Беларусі. У апошнім выпадку спатрэбяцца яшчэ два гады — і будзе еўрапейскі дыплом. Другая — «эканоміка» са спецыялізацыяй «менеджмент і медыяцыя».
— Будзем яшчэ раз паўтараць набор на «адміністраванне» — народу вельмі спадабалася. Фармат — бакалаўрыят, для тых, хто пасля школы атрымлівае вышэйшую адукацыю. Чалавек выходзіць з шырокім спектрам ведаў, але галоўнае — умее кіраваць. Можна і ў карпарацыю ўладкоўвацца, і прыватную фірму закладаць. Ці вучыцца далей, напрыклад, на «магістэрцы» ў эканоміцы, — распавядае Святлана.
Але і гэта не ўсё. Сёлета будзе набор на дзве завочныя «магістэркі». Але варта разумець, што завочная адукацыя ў Еўропе розніцца ад беларускай. Гэта не заняткі па тры тыдні раз на паўгода, але заняткі на ўік-энд: пятніца, субота, нядзеля. Чалавек можа нармальна працаваць, а на выхадных паслухаць лекцыі, паздаваць экзамены.
Сярод завочных спецыяльнасцей — «прафесійна-псіхалагічнае кансультаванне», праца з кадрамі. Гэта «кадравік», які будзе займацца падборам персаналу для сваёй ці чужой фірмы. Дадатковая спецыяльнасць — псіхолаг. Адна з выкладчыц на ёй — рускамоўная полька, якая сама дзесяць год працавала ў гэтай сферы, мае фірму.
Другая спецыяльнасць — «менеджмент у тэлемедыях». Таксама «магістэрка», 2 гады. Тут — харошы менеджмент як такі, кіраванне, бухулік, статыстыка, грамадзянскае права… Але таксама блок па сучасных медыях і рэкламе, піяру. Чалавек атрымае веды для арганізацыі працы СМІ, рэкламнага агенцтва, піяр-кампаніі.
— Статус нашага студэнта дае права на легальнае знаходжанне ў Польшчы — першакурснікі афармляюць «карту побыту». Па сканчэнні атрымліваеш еўрапейскі дыплом — гэта права на працу, не трэба іншых дазволаў. Ну і з далейшым знаходжаннем у той самай Польшчы без праблем, бо ты скончыў тутэйшую ВНУ. Далей, без усялякіх пацвярджэнняў з гэтым дыпломам, — хоць у ЗША, хоць на край свету, — расказвае каардынатарка Акадэміі.
Фактар дабрачынцы. «Гляджу, а там і далей усё аплачана!»
А што з коштамі? Бакалаўрыят, то бок стандартная вышэйшая адукацыя пасля школы, мае стабільны кошт — 4400 злотых на год. Сёння гэта нават менш за 1000 еўра. Аплата па семестрах — у два траншы, кажа Святлана Куль-Сяльверстава:
— Не думаю, што гэта вялікія кошты. Мы дэмпінгуем. Для замежніка, які ідзе на платнае ў Польшчы, кошт у два разы вышэйшы, чым для паляка. А ў нас кошт — як для грамадзян Польшчы. Усё афіцыйна і легальна — адпаведнае рашэнне было прынятае Сеймам Польшчы. Нашы студэнты вучацца на тых самых умовах, што і палякі.
«Магістэрка» ў завочным фармаце на «кадравіка» будзе каштаваць 1285 еўра на год. Не нашмат даражэй. «Магістэрка» па тэлемедыях — недзе 1300 еўра. Чаму даражэй? Бо ёсць градацыя па спецыяльнасцях, у дадатак «магістэрка» тут даражэй апрыёры: больш трэба плаціць выкладчыку. Акадэмія з гэтых грошаў не атрымлівае нічога:
— Ёсць у нас і цікавыя выпадкі. Скажам, дзяўчынка Паліна, якая жыве ў Беларусі і ў нас вучыцца. Яна сірата, працуе, утрымлівае яшчэ сёстраў. Сама бы не пацягнула навучанне па грошах. Але я звярнулася да дабрачынцы — ён дапамог на пачатку. Як жа я была здзіўленая пасля: гляджу, а там і далей усё аплачана! Дзяўчына сама камунікуе з тым дабрачынцам, ён узяў яе пад апеку.
Узрост студэнтаў — ад 18 да 54 гадоў. Старэйшыя зазвычай ужо маюць вышэйшую адукацыю, таму паступаюць на «магістэрку», паралельна працуюць. Студэнты з выкладчыкамі не бачаць адно аднаго афлайн, толькі ў маніторы. Але Акадэмія плануе з’езды-інтэграцыі ў афлайне. Паводле Святланы, студэнты самі просяцца: «Калі вы ўжо нас збярэце ў Беластоку?..».
«Працуем на будучыню — гэта падмурак, на якім будзе стаяць Беларусь»
— У Беларусі як паветра патрэбныя добрыя адміністратары, — сцвярджае Святлана Куль-Сяльверстава. — Адзінае ВНУ у Беларусі, якая рыхтуе адміністратараў, — Акадэмія кіравання пры прэзідэнце… Усё. Больш нічога. Таму нашы чыноўнікі зазвычай і вучацца на горкім досведзе, не ведаючы права, эканомікі, медыяцыі. Таму, як кажа Лукашэнка: «Кожны дыпламат павінен умець прадаць трактар»… Самі бачыце.
У Еўропе спецыяльнасць адміністратара і менеджара ёсць базавай, запатрабаванай у кожнай сферы. Калі да ўмення прымаць рашэнні дадаецца веданне лагістыкі, псіхалогіі, сацыялогіі, эканамічных працэсаў, беларускага і еўрапейскага права — адміністратар гатовы.
— Мы працуем на будучыню — гэта той падмурак, на якім Беларусь будзе стаяць, — упэўненая Святлана.