Трэцяга мая ў Польшчы адзначаецца свята — гадавіна прыняцця першай Канстытуцыі. Для Беларусі гэта таксама вялікая падзея. Менавіта ў саюзе Польскага каралеўства і Вялікага княства Літоўскага адбылося прыняцце першай еўрапейскай Канстытуцыі. MOST расказвае, у якіх умовах працавалі паслы і як прынялі асноўны закон краіны. А таксама зрабіў спробу разабрацца, чаму Канстытуцыя не спрацавала на доўгатэрміновую незалежнасць Рэчы Паспалітай.
Што адбывалася з Рэччу Паспалітай напрыканцы XVIII стагоддзя
Напрыканцы XVIII стагоддзя міжнародная сітуацыя спрыяла ўвядзенню і правядзенню рэформ унутры Рэчы Паспалітай. Расійская імперыя была занятая войнамі і пагаршэннем адносін з еўрапейскімі краінамі: вайна супраць Турцыі, а затым і са Швецыяй, нацягнутасць у адносінах з Прусіяй.
У 1787 годзе ва ўкраінскім Канёве сустрэліся расійская імператрыца Кацярына II і Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Кацярына была супраць змен у палітычным ладзе Рэчы Паспалітай, але пагадзілася, каб у краіне адбылося скліканне сейма. Для расійскай імператрыцы сейм быў прыкрыццём для павелічэння войска ў рамках абарончага саюза ў вайне супраць Турцыі, якая планавалася. Падчас Чатырохгадовага сейма ў выніку і прынялі Канстытуцыю.
Канец 1780-х — гэта пагаршэнне адносін паміж усімі ўдзельнікамі падзелу Рэчы Паспалітай. У гэтай атмасферы Рэч Паспалітая пакрысе стала павялічваць сваю ролю ў міжнароднай палітыцы. Унутры краіны ўсё гучнейшымі станавіліся галасы палітыкаў, якія выступалі за рэформы і незалежнасць. Яны арыентаваліся на толькі што абвешчаную незалежнасць паўночнаамерыканскіх калоній, скліканне «генеральных штатаў» у абсалютысцкай французскай манархіі, ліквідацыю алігархічнай улады ў Швейцарыі.
Як змаглі прыняць Канстытуцыю
Першая Канстытуцыя ў Еўропе была прынята падчас дзейнасці Чатырохгадовага сейма. У гісторыю ён увайшоў пад назвай «Вялікі» — з-за надзвычай працяглага тэрміну працы і за важнасць прынятых рашэнняў.
Сейм пачаў працу 7 кастрычніка 1788 года. У ім утварылася шматлікая групоўка паслоў, якіх празвалі «патрыётамі» — яны выступалі за незалежнасць ад Расіі і ажыццяўленне рэформ. Паслы атрымалі сігнал ад Прусіі, што яна гатовая падтрымаць разрыў адносін Рэчы Паспалітай з Расіяй і гарантаваць ёй незалежнасць.
Расія ўспрыняла крокі паслоў спачатку стрымана, а пасля расійскі віцэ-канцлер папярэдзіў пасла Рэчы Паспалітай у Пецярбургу Дэболі: «Калі вы адвернецеся ад нас, можаце быць упэўненымі, што з’явіцца другі том падзелу».
Калі напачатку працы Сейма міжнародная сітуацыя спрыяла для рэалізацыі рэформ, то ў 1791 годзе яна значна пагоршылася: Расія скончыла войны з Турцыяй і Швецыяй, Прусія адыходзіла ад сваіх гарантый і збліжалася з Расіяй.
Праект Канстытуцыі быў складзены Ігнацыем Патоцкім і Гугам Калантаем. Праект Канстытуцыі захоўваўся ў тайне, а прадстаўленне ў Сейме вырашылі зрабіць цалкам без абмеркавання. Патоцкі і Калантай заручыліся падтрымкай Станіслава Аўгуста. Канстытуцыю вырашылі прымаць адразу пасля велікодных канікул Сейма. Разлічвалі, што кансерватыўная плынь паслоў і сенатараў не паспее сабрацца ў выбраны час. У першы тыдзень пасля канікул разглядаліся малазначныя пытанні. Прыхільнікаў Канстытуцыі папярэдзілі загадзя.
Так 3 мая 1791 года была прынятая Канстытуцыя Рэчы Паспалітай. Яна была першай у Еўропе і другой у свеце — пасля ЗША.
Які статус у беларускіх землях быў па новай Канстытуцыі
Канстытуцыю 3 мая ў цэлым пазітыўна сустрэлі на беларускіх землях. Каля 90% павятовых сеймікаў у 1792 годзе прызналі яе.
Назва Вялікага княства Літоўскага не ўпаміналася ў тэксце Канстытуцыі. Толькі ўскосным чынам у тытуле Станіслава Аўгуста. Паслы ад беларускіх і літоўскіх паветаў настойвалі на захаванні асаблівасцей і «вячыстых» правоў сваёй дзяржавы ў складзе Рэчы Паспалітай. Толькі ў 1792 годзе з’явіўся дакумент «Узаемная гарантыя двух народаў», які рэгуляваў аб’яднанні войска і скарбу, агульныя магістратуры для ВКЛ і Польшчы. Гродна працягвала быць адной з дзвюх сеймавых сталіц Рэчы Паспалітай.
Па Канстытуцыі 3 мая аўтаномія беларуска-літоўскіх зямель у складзе Рэчы Паспалітай была значна зменшаная, але да канца не скасаваная.
Што было далей
Міжнародная супольнасць у цэлых пазітыўна адрэагавала на Канстытуцыю Рэчы Паспалітай. Аўстрыя, Прусія, Данія станоўча выказаліся аб асноўным законе і прызналі яго рэвалюцыйны характар. Папа Рымскі прыслаў Станіславу Аўгусту віншаванні і асобным указам перанёс на 3 мая каталіцкае свята — Дзень святога Станіслава.
Расія маўчала, але нядоўга. Кацярына II ахарактарызавала прыняцце Канстытуцыі як спробу дабіцца незалежнасці, а яе стваральнікаў — «апантанымі д’яблам».
У 1792 была створаная Таргавіцкая канфедэрацыя — аб’яднанне шляхты, якая хацела вярнуць палітычную сістэму, што існавала да прыняцця Канстытуцыі. Таргавіцкая канфедэрацыя папрасіла дапамогі ў Расійскай імперыі, якая амаль без супраціўлення зайшла на тэрыторыю Рэчы Паспалітай. У выніку быў праведзены другі падзел Рэчы Паспалітай, які быў замацаваны «нямым Сеймам» у Гродне. У 1794 годзе адбылася спроба паўстання, якое стала вядома пад імем Тадэвуша Касцюшкі. Паўстанне разбілі ў тым жа годзе. У 1795 годзе ў выніку трэцяга падзелу Рэч Паспалітая знікла з карты Еўропы.