На якой мове гаварылі Наваградак ці Гродна часоў ВКЛ? Ці была татальная паланізацыя ў Рэчы Паспалітай? Чаму на пачатку Расійская імперыя спакойна ставілася да моўнага пытання? Як беларуская мова паўтарыла лёс старадаўняй балцкай?..
На жаль, мы не можам адсачыць, на якой мове размаўлялі людзі ў нашым рэгіёне ў часы каменнага ці нават бронзавага веку — такіх дадзеных наўпрост няма. Але калі мы гаворым пра час, калі Гарадзеншчына была заселеная балтамі і славянамі, недзе 1000 год таму, — усё прасцей. Славяне сюды ішлі з поўдня, прыносячы з сабой культуру гарадоў, і гэта вельмі важна.
Першая ўрбанізацыя. Балты і славяне
Наваградак, Горадзен, Слонім, Ваўкавыск і іншых старажытныя гарады — першыя аплоты славян на Панямонні, а значыць — і славянскай мовы. Гэта былі кроплі ў балцкім моры. Балты не мелі сваіх гарадоў: жылі на хутарах (якіх і сёння багата на Воранаўшчыне ці Ашмяншчыне), а ў выпадку небяспекі хаваліся ва ўмацаваных гарадзішчах.
Сітуацыя на часы Старадаўняй Русі наступная: славянамоўныя нешматлікія гарады і балцкамоўная перыферыя — вёскі і хутары. Славян колькасна было небагата, але яны былі элітай: князь, дружына, праваслаўны клір, гандляры. Ільвіная доля паляўнічых, рыбакоў, земляробаў — балты.
Ужо тады пачалася першая моўная сегрэгацыя. Славянская мова — азнака прэстыжу, балцкая — мова вёскі. Калі хочаш мець стасункі з элітамі, займець становішча, шырока гандляваць — вучы славянскую мову. Так мова славян стала пропускам у горад, шансам на лепшае жыццё: роўна таксама, як ужо ў ХХ стагоддзі для беларускамоўных сялян «мовай горада» стала руская.
Акурат праз мову пачаўся працэс славянізацыі тутэйшых балтаў, які зацягнуўся ажно да Другой сусветнай. Этнічна і па крыві людзі заставаліся самімі сабой, але паводле мовы ўжо ставалі славянамі. Пра гэта кажа таксама генетыка: тутэйшая кроў мала змянілася за апошнія тысячагоддзі, а вось мова — так.
Няма ніякіх звестак пра моўную ксенафобію, бо класічных нацый і падзелу па нацыянальнай прыкмеце яшчэ не было. Мова магла быць азнакай цывілізаванасці: «Гаворыш па-славянску? Гарадскі». Сам працэс славянізацыі, роўна як і русіфікацыя ў ХХ стагоддзі, мог расцягнуцца на некалькі пакаленняў: людзі былі двухмоўнымі, пакуль патрэба ў веданні балцкай не знікла.
Мультымоўны Вітаўт і «аль-кітабы» па-старабеларуску
У ХІІІ стагоддзі адбылося нашэсце татараў, падзенне Кіева і крах Старадаўняй Русі як цэльнай сістэмы. Наш рэгіён пад Арду не трапіў, але сувязі з паўднёвымі княствамі не перарваліся. Сітуацыю можна параўнаць з развалам СССР: вялікая дзяржава знікла, але людзі не перасталі размаўляць на яе мове. Гарады так і засталіся славянамоўнымі.
Наспеў час новай дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага. Міндоўга з дружынай тутэйшыя эліты запрасілі ў Наваградак таксама, як некалі наўгародцы — Рурыка. Князь і яго дружына на той час — «крыша». Ты плаціш і маеш спакой. Менавіта таму кунігасы з Поўначы — балты — не змянілі моўнай сітуацыі. Паміж сабой яны ў першых пакаленнях маглі размаўляць па-старалітоўску, але паступова славянізаваліся.
Мова эліт — асобная тэма. Пазнейшыя князі — Гедымін, Кейстут, а асабліва Вітаўт і Ягайла — ўжо былі мультымоўнымі. Можна спрачацца пра іх адукаванасць, але веданне моў было прынцыповым пытаннем. Інакш з кіраваннем і дыпламатыяй не дасі рады. Таму той самы Вітаўт найхутчэй ведаў рускую (старабеларускую), балцкую (старалітоўскую), старапольскую, старанямецкую і, магчыма, лаціну.
Унутранага дакументазвароту за той час не захавалася, апроч дамоў з Ордэнам, пісаных па-старанямецку і па-лацінску. Але пра панаванне старабеларускай мовы сведчаць дакументы і летапісы, перапісаныя ў пазнейшы час. А яшчэ — першыя манеты ВКЛ: на іх выбіты надпіс «ПЕЧАТ» — то бок, штамп, пячатка. Нават у кракаўскім двары Ягайла ў прыватных размовах ужываў старабеларускую.
Балцкай (старалітоўскай) мове тут не пашчасціла: на ёй гаварылі, але не пісалі. Першыя кнігі па-літоўску выйшлі ў Прусіі ў XVI стагоддзі, але да нас яны не даходзілі. Ёсць цікавостка, зафіксаваная ў судовых справах таго часу: пісар піша па-старабеларуску, а пасля збіваецца на нейкую «тарабаршчыну»… Насамрэч гэта перададзеная кірыліцай балцкая мова: так у судзе фіксавалі прамову ўдзельніка працэсу.
Нагадаем, што мова службаў ў царкве — царкоўнаславянская (балгарызаваны варыянт славянскай), як і зараз. Мова касцёлу — лацінская (так было ажно да 1960-х). Іншая справа — казанні. Поп ці ксёндз, адкуль бы яны не паходзілі, звярталіся да людзей на той мове, якую тыя разумелі. То бок па-старабеларуску ці па-старалітоўску.
Важная рэмарка пра старабеларускую мову: у дакументах яе называюць «рускай», што не павінна нас блытаць. На пісьме не заўсёды фіксуюцца асаблівасці нашай мовы: аканне, дзеканне і цеканне (хаця ўсё гэта можна прасачыць ужо ў Бібліі Скарыны). Але жывая мова мела ўсе гэтыя рысы, пра што сведчаць тыя ж татарскія «аль-кітабы» — напісаныя арабскім пісьмом тэксты на старабеларускай мове з усімі яе асаблівасцямі.
«Мова змеяў» і міф пра татальную польскасць Рэчы Паспалітай
У XV стагоддзі на сцэну выходзіць польская мова. Пасля Крэўскай (1389) і Гарадзельскай (1413) уній пачалася паланізацыя тутэйшых эліт, якая стартавала поўным ходам ужо пасля Люблінскай уніі (1569). Шляхце было выгодна прымаць каталіцтва і польскасць, каб атрымліваць гербы і прывілеі. Дакументазварот патроху пераходзіў на польскую, але гэта быў доўгі працэс: ажно да карэннага пералому ў канцы XVII стагоддзя.
Касцёл таксама згуляў сваю ролю. Калі ў канцы XIV стагоддзя адбываўся «Хрост Літвы», наш рэгіён увайшоў у Гнезненскую архідыяцэзію. Да гэтага часу балцкая вёска была язычніцкай: таму для новапрыбыўшых ксяндзоў з Польшчы старалітоўская мова была «мовай змеяў» — мовай паганцаў.
На той час літуанамоўнымі былі вялізныя абшары: амаль уся Шчучыншчына, Лідскі і Воранаўскі паветы, значная частка Івейшчыны, Ашмяншчына і Смаргоншчына, палова Пастаўскага і Браслаўскага паветаў, вялікія выспы на Дзятлаўшчыне і нават Стаўбцоўшчыне. Цікава, што праз фактар акаталічвання, нашчадкі гэтых людзей пазней залічылі сябе да палякаў.
З іншага боку, польскамоўнасць нашага рэгіёну ў часы Рэчы Паспалітай і нават пазней — адзін вялікі міф. Так, на добрай польскай маглі гаварыць пры двары Радзівілаў ці Сапегаў. На соймах у Новым Замку ў Гродне. Кнігі на польскай абавязкова былі ў кляштарах ды ў шляхецкіх бібліятэках. Але на якой мове гутарыла дробная шляхта? Тыя ж продкі Адама Міцкевіча?
Найчасцей па-просту. На тутэйшай гаворцы, то бок — па-беларуску. Інакш ты проста не паразумеешся з сялянамі, з якімі маеш штодзённы кантакт, а значыць — заваліш гаспадарку. І нават калі паміж сабой шляхта старалася ўжываць польскую, то гэтая мова была «крэсовай», іншай за кракаўскую ці варшаўскую.
Як сітуацыя выглядала станам на канец XVIII стагоддзя? Беларускамоўная і літуанамоўная вёска. Польскамоўны дакументазварот. Мультымоўныя гарады. У дадатак, горад размаўляў на ідыш ды па-нямецку. У Гродне ў розныя часы было ад 50 да 75% яўрэяў. Праз шэраг забаронаў яны не змешваліся з мясцовымі, шчыльна трымаліся сваёй мовы і культуры. У прыезджых нямецкіх майстроў такой забароны не было: акурат таму нямецкая мова (як і татарская) вельмі хутка вымылася. Немцы ці татары захоўвалі веру, прозвішчы, але па патрэбе пераходзілі на мову атачэння.
Польская мова ў цярновым вянцы
Як ні дзіўна, прыход Расійскай імперыі мала што змяніў. На пачатку імперыя цалкам талеравала мясцовыя мовы. Была дамова пра лаяльнасць з мясцовымі элітамі — гэтага хапала. У першай трэці ХІХ стагоддзя тут захоўваўся польскамоўны дакументазварот і польскамоўная адукацыя. Нават манеты — злотыя — мелі на сабе двухгаловага арла, але надпісы па-польску.
Змены пачаліся пасля Паўстання 1831 года: зачынены Віленскі ўніверсітэт, скасаванае ўніяцтва, навязванне праваслаўя і русіфікацыя. Пачалася замена эліт: пісары, міравыя суддзі ды іншыя чыноўнікі часта ўжо былі этнічнымі рускімі. Адукацыя і бюракратыя сталі двухмоўнымі: па-руску і па-польску.
Працэс русіфікацыі закруціўся з новай сілай пасля паразы Паўстання 1863-1864 гадоў. У некаторых дзяржаўных установах польская мова была наўпрост забароненая. Нельга было не тое што пісаць, але і размаўляць. Адукацыя, кнігі, дакументы — усё па-руску. Сярэдзіна ХІХ ст. — акурат час утварэння нацый, прынцыповай азнакай якіх была менавіта мова. Мова ўрэшце стала палітыкай.
Яшчэ адзін важны фактар — войска. Польскамоўны шляхціч мог адвучыцца ў расійскай вучэльні, адваяваць на Каўказе ці ў Крыму, але не забыцца на мову дзяцінства. Іншая справа — рэкрутчына. Сялян туды забіралі на 25 гадоў. Вяртаючыся ў родную вёску, чалавек быў зусім іншым: носьбітам рускай мовы, песень, прыказак — і мату. Цікава, што да пачатку ХХ стагоддзя у нашых вёсках рускі мат часта прымалі за асобную «салдацкую мову».
У гэты ж час польская мова апранае «цярновы вянец». Мова-пакутніца, мова залатога веку (Рэчы Паспалітай), мова Міцкевіча, мова герояў. Размаўляць па-польску стала пазіцыяй: абы не па-руску. Падобная моўная прынцыповасць, датычна польскай, захавалася і ў часы СССР дзе-небудзь у Сапоцкіне ці Гожы: тады гэта быў ужо маніфест антысавецкасці.
У адрозненні ад польскай, беларуская мова не займела ідэалагічнага аблічча. Надалей гэта была мова простага люду — «тутэйшых». Адчайныя спробы Каліноўскага і Багушэвіча не пераламілі сітуацыю, прынамсі ў масавай свядомасці. Сяляне заставаліся апалітычнымі, а шляхта і эліты, нават лічачы сябе літвінамі, прынцыпова размаўлялі па-польску.
Час вялікіх змен і ўрбанізацыя 2.0
Штуршком для ажыўлення моўнага пытання стаў Маніфест 17 кастрычніка 1905 году Мікалая ІІ пра свабоду моў і веравызнання. Гэта быў старт да абуджэння адсунутых на другі план моў. Найперш для польскай, але таксама для літоўскай і беларускай. Палякі скарысталі яго па максімуму, рэшта — у меншай ступені.
Чарговы штуршок — Першая сусветная. Тут ужо немцы скарысталі моўную сітуацыю ў сваіх мэтах: насуперак расіянам і палякам далі дазвол на нацыянальнае школьніцтва. Свядомай беларускай інтэлігенцыі апынулася замала, каб скарыстацца гэтым напоўніцу.
А для літоўцаў было ўжо запозна… Працэс беларусізацыі і паланізацыі колішніх балтаў зайшоў занадта далёка. На картах літоўцы яшчэ малявалі сваю дзяржаву ўключна з Гроднам і Лідай, але час незваротна сышоў. У дадатак, літоўская апынулася занадта складанай для вывучэння «з нуля».
Пасля былі 20 год прасоўвання польскай мовы на дзяржаўным узроўні. Чатыры класы польскай гімназіі ўрэшце далі сялянам не толькі вуснае, але і пісьмовае валоданне польскай. Але і тут не ўсё проста: мовай вёскі заставалася беларуская, на якой людзі наўпрост не ўмелі пісаць (а дзе вучылі?..). Фотаздымкі, зробленыя «за польскім часам», у бабульчыных альбомах падпісаныя па-польску, але гэта не значыць, што польская ўжывалася ўсімі і паўсюдна.
Кароткі перыяд вайны прынёс вялікія змены: носьбітаў ідышу не засталося — фізічна. Шмат польскамоўнай публікі загінула, апынулася ў ГУЛАГу ці з’ехала ў Польшчу ў 1946-м. Цэнтр таго ж Гродна застаўся пустым, але хутка сітуацыю выправілі перасяленцы з усходу Беларусі, расіяне ды беларусы з вакольных вёсак.
За часам СССР моўная сітуацыя была прынцыпова адрознай: павальная русіфікацыя гарадоў і захаванне беларускай мовы (у тым ліку ў школах) па вёсках. Русіфікацыя крочыла следам за ўрбанізацыяй. Да 1991 года Гродзеншчына падышла з цікавым моўным раскладам. Гарады запоўненыя ўчарашнімі вяскоўцамі, якія імкнуліся размаўляць па-руску, але лічылі сябе беларусамі. Вёска па-ранейшаму беларускамоўная, але шмат хто тут лічыў сябе палякам.
Замест пасляслоўя
Наш расповед пачаўся з урбанізацыі, гэтым і скончыўся. Урбанізацыя Х-ХІІ стагоддзяў запусціла працэс выціскання балцкай мовы на карысць славянскай. Урбанізацыя ХХ стагоддзя прывяла да выціскання беларускай і польскай на карысць рускай. Гісторыя ходзіць па коле. Моўная гісторыя — не выключэнне.