Аляксандра Гушча — маладая паляшучка, якая пераехала ў Польшчу ў студзені 2021 па палітычных матывах. Цяпер яна збірае бібліятэку беларускіх кніг у Варшаве. Пагаварылі з ёй пра гэтую ініцыятыву.
«Прыехала з адной кнігай — а хтосьці і адной не мае магчымасці ўзяць»
У Варшаве Аляксандра жыве паўтара года і ўжо добра гаворыць на польскай. Тут яна працуе няняй, спявала ў хоры, імкнецца папулярызаваць беларускую мову і культуру.
— Калі пачалася вайна і людзі пачалі прыязджаць у Польшчу з Украіны, мяне вельмі натхніла, што нягледзячы на іх сітуацыю, на тое, што людзі ў роспачы, яны думаюць пра культуру і збіраюць украінскую бібліятэку, хочуць быць разам з роднай мовай, — распавядае Аляксандра. — Я хаджу ў бібліятэку, камунікую з рознымі людзьмі і бачу, што тут адкрытыя да супрацоўніцтва.
Беларускую кнігу ў Польшчы асабліва не знойдзеш, кажа Аляксандра. Эмігранты з Беларусі часта пераязджаюць вымушана, не заўсёды ёсць магчымасць сабраць рэчы, узяць з сабой свае кнігі.
— Я прыехала з адной кнігай, прытым што дома ў мяне добрая бібліятэка, а хтосьці і адной не мае магчымасці ўзяць. Тут няма такога, што я хачу пачытаць Караткевіча, Бахарэвіча — пайшла і купіла кнігу. Яе трэба дастаць нялёгкім шляхам.
Аляксандра працуе няняй, з дзецьмі размаўляе на беларускай. «Бачу, што ў іх няма нашых казак, таму вельмі важна, каб была і дзіцячая бібліятэка», — кажа дзяўчына.
Пасля пачатку вайны ва Украіне ў размовах з людзьмі Аляксандра стала заўважаць прагу да беларускага. Да вайны гэта не было так відавочна, кажа яна:
— Гэта новы ўздым прагі да сваёй мовы і культуры. Дыяспара беларусаў у Польшчы становіцца ўсё больш. І калі ёсць запыт, трэба адразу дзейнічаць, каб не згасла цікавасць.
«Цяпер больш салідарнасці з украінцамі, але гэта не значыць, што мы не можам нагадаць пра сябе»
Чаму менавіта бібліятэка, а не, напрыклад, буккросінг? Аляксандра мяркуе, што кнігі ў буккросінгу могуць згубіцца, а ёй хочацца, каб яны заставаліся ў захаванасці.
— Я выбрала бібліятэку, таму што яна зручная, тут прыемна бавіць час за чытаннем, добрая атмасфера, класныя людзі.
Бібліятэка знаходзіцца побач з Беларускім моладзевым хабам: Mediateka MDM, Marszałkowska 55/73.
— Цяпер у Польшчы больш салідарнасці з украінскім народам, але гэта не значыць, што мы не можам узяць і заявіць, што мы таксама ёсць, нагадваць пра сітуацыю ў Беларусі, пра тое, што ў нас няма доступу да свайго дома, мы не можам узяць пачытаць любімую кнігу. У пасольстве Беларусі ёсць бібліятэка, але мы не можам пайсці туды — большасць з нас чакае або атрымалі статус бежанца або міжнародную абарону, таму тая бібліятэка для нас закрытая. Да таго ж яна праўладная, там не будзе актуальных кніг для нас, не будзе нашай сапраўднай гісторыі і адэкватнай літаратуры.
«Трэба быць беларусамі»
Зараз у бібліятэцы — пяць дзіцячых кніг. Яны з хатняй бібліятэкі аднаго вядомага чалавека, кажа Аляксандра. Гэта казка «Маўглі» з малюнкамі, як у мульціку, «Востраў скарбаў», загадкі.
— Перадаюць і кнігі для дарослых. Пакуль яны апрацоўваюцца — іх каталагізуюць, уносяць у базу. Усё гэта займае пэўны час. Але я веру, што ў нас атрымаецца сабраць добрую беларускую бібліятэку, і яна будзе большай, чым проста тры паліцы.
Большасць кніг у бібліятэцы будуць на беларускай мове. «Таму што трэба быць беларусамі. Цяпер усё спрыяе таму, каб чытаць на роднай мове», — кажа Аляксандра. Але, па яе словах, можна прыносіць і кнігі на рускай:
— Ёсць аўтары, якія пішуць на рускай, той жа Марціновіч. Вельмі актуальная цяпер будзе кніга «Беларускі Данбас», напісаная палітзняволенай журналісткай Кацяй Андрэевай і яе мужам.
Як перадаць кнігі
—Кнігі можна адносіць адразу ў бібліятэку, — кажа Аляксандра. — Проста я ўзяла на сябе адказнасць адсочваць, што гэта за літаратура, пра што яна, каб не трапілася прапаганды.
— У Мінску ўжо ёсць месца, куды можна прынесці кнігі. Потым чалавек будзе ехаць у Польшчу і ўсё мне перадасць. Кнігі не абавязкова павінны быць новымі — галоўнае, каб гэта былі цікавыя беларускія выданні. Больш чакаю дзіцячых кніг, але збіраю і дарослыя. Таксама можна прыносіць часопісы і настольныя гульні. Калі мяне пытаюцца, якія кнігі прывезці з Беларусі, я адказваю: свае любімыя, казкі, якія чыталі ў дзяцінстве.
У планах Аляксандры — знайсці сродкі, каб выкупіць кніжкі ў крамах, якія зачыняецца цяпер у Беларусі. Хоць бы па адным экзэмпляры.
— Яшчэ ёсць задума перадрукоўваць кнігі, якіх няма ў доступе, аўтары якіх — расстраляныя паэты і пісьменнікі. Іх і ў Беларусі асабліва не знойдзеш, добра калі адзін-два вершы ёсць у зборніках. Хочацца, каб маглі знаёміцца з гэтай літаратурай. Думаю яшчэ звязацца з тымі беларускімі пісьменнікамі, якія знаходзяцца ў Еўропе, і выкупляць кнігі ў іх.
Аксана Дабрыянец