Што мясцовыя эмігранты маюць пад кодавай назвай «Беларускі бар»? Дзе гэтае месца і чаму яно адрознае ад іншых бараў? І чаму гэты бар ідэальны для ўсіх самотнікаў, якія не супраць новых знаёмстваў? У чарговай калонцы калумністка MOST Дар’я Міхайлоўская расказвае пра сваё знаёмства з гарадскім культавым месцам — Beer4u.
Бар як стэрэатып
Маё жыццё ў Беларусі праходзіла вельмі аддалена ад бараў, клубаў і таму падобнага. Я, безумоўна, чытала сталічныя медыі і ведала, што дзесьці ў Мінску ёсць славутая Зыбіцкая, але агулам працяглы час маё ўяўленне грунтавалася па піўнусе ў Полацку, якую мясцовыя называюць «Бар на кані» (бо там побач конны помнік Усяславу Брачыславічу).
Гэта была такая абсалютна савецкая з выгляду і духу забягалаўка, з драўлянымі пашарпанымі сталамі, сальніцамі з донцаў пластыкавых бутэлек, суворай камандай касіркі і прыбіральшчыцы, засохлымі кветкамі ў гаршках, дохлымі мухамі, разбітай пліткай і ў любы час — адпаведным установе (і эпосе, якую яна транслюе) — кантынгентам. З плюсаў, памятаю, уразіла рыба на газетах. Рыба была смачная, як і светлае халоднае полацкае піва ў вялікай пластыкавай шклянцы.
Потым, безумоўна, былі і іншыя месцы, і стэрэатып пра выгляд і змест бараў замяняўся новым: што бары — гэта для кампаній. Адной туды ісці не столькі небяспечна, колькі папросту сумна.
І вось — Беласток. Горад, у якім жыве шмат-шмат беларусаў і ўкраінцаў, і ўсе яны дакладна дзесьці ёсць і часта мільгаюць праз выпадкова пачутыя ў натоўпе кавалкі размоў. Горад, у якім шмат людзей, якія проста не ведаюць, як знайсці адно аднаго.
«Антон, скінь адрас беларускага бара?»
Таверна «Гарцуючы Поні», малочны бар «Korova», карчма «Пад лісам», кавярня «Сімуляцыя» — і яшчэ дзясяткі прыкладаў з масавай культуры, якія заклалі ў маю падсвядомасць важную ісціну: у такіх установах не толькі пачынаюцца нейкія прыгоды, але і могуць з’явіцца важныя і цікавыя знаёмствы.
Калі я толькі пераехала сюды, у беластоцкім чаце толькі й размоў было, што пра беларускі бар. Туды пыталіся дарогу, там мільгалі пытанні пра «хто вечарам будзе ў бары?», і агулам гэта выглядала як штосьці агульнавядомае і такое… сваё, базавае, грунтоўнае.
Кожны раз новыя пытанні, які выбраць банк ці дзе рабіць PESEL, але калі пра бар — то адразу зразумела, пра які. Нават сам фармат пытання, якое я заўважыла літаральна на днях: «Антон, скінь адрас беларускага бара?» — мяне вельмі захапляе.
Упершыню я паехала туды яшчэ зімой і за кампанію — проста каб паглядзець. Быў вечар будня, за стойкай сядзела ўсяго некалькі чалавек. Бармен Віталік пазнаёміўся з намі, дапамог выбраць піва і падтрымаў размову пра твітар і апошнія навіны. Памяшканне паўпадвальнае, інтэр’ер выкананы ў цёмных колерах, візуальна шмат дрэва і прыкольных плакатаў. Асвятленне мяккае, вакол пануе такі прыемны паўзмрок. Акрамя асноўнай залы, з барам і столікамі, ёсць яшчэ адна — там настольны футбол, дартс і вялікі стол, за якім па нядзелях збіраюцца гуляць у «Мафію». Але тады найперш уразіла музыка — ідэальная па гучнасці, бадзёрая, не папсовая і… знаёмая. Магчыма, гэта неяк і паўплывала на маё стаўленне, бо неўзабаве я паехала туды зноўку. Дарэчы, Google Maps ведае назву «Beer4u», таму знайсці дарогу туды вельмі проста. Ну і знаходзіцца гэта ўсё зусім у цэнтры.
Ісці першы раз у бар самастойна было трошкі трывожна. А раптам будзе шмат людзей? А раптам буду сядзець там, як невядома хто? А што я ўвогуле буду там рабіць? Ну і таму падобнае. Але ўсё прайшло цудоўна: я пазнаёмілася з барменкай Алай, яна параіла мне смачны стаўт і па ходзе таго часу, які я была, інтэгравала мяне ў агульную размову. Акрамя мяне ў той вечар за стойкай былі яшчэ некалькі чалавек, выглядала, ужо знаёмыя між сабой. У мой першы самастойны візіт не адбылося нічога надзвычайнага, я пазнаёмілася тады толькі з Алай і ўскосна — з суседам-палякам, які ветліва прапаноўваў мне частавацца фісташкамі, але гэта атрымаўся вельмі круты і натхняльны вечар.
Штосьці большае, чым проста знаёмствы
Калі прыйсці ў бар у ліку першых, можна заўважыць, як людзі прыходзяць па чарзе, і вітаюцца з усімі, як быццам тут усе добра знаёмыя. Я нават спытала ў Алы, каго ў бар прыходзіць больш: людзей па адзіночцы ці кампаній? Яна задумалася і спачатку адказала, што кампаній, але потым дадала: «Таму што ўсе яны між сабой ужо раззнаёміліся».
Напэўна, я ўжо таксама не магу сказаць, што іду туды зусім сама па сабе — з вялікай верагоднасцю сустрэну там кагосьці з тых, з кім ужо паспела пазнаёміцца. А калі яшчэ не, то цяпер для мяне зусім не праблема ў ходзе агульнай размовы за барнай стойкай павярнуцца да чалавека, працягнуць руку і сказаць «Салют, я Дарка, мы яшчэ не знаёмыя». Аказваецца, гэта проста і заўсёды працуе.
Я не ведаю, чым мне так падабаецца гэтае месца. З яго, у нейкім сэнсе, пачалася мая асіміляцыя тут. Там утульна і спакойна. А можа нават з таго, што яно інтэрнацыянальнае — без падзелу на нацыянальнасці, без сімволікі ці нейкіх канкрэтных патэрнаў, якія б нечым абмяжоўвалі. Гэта такі класічны ўніверсум, які людзі, якія туды прыходзяць, ператвараюць у штосьці сваё. Я назірала за гэтым месцам, калі яно выглядала зусім як любы іншы польскі бар, і калі яно было зусім-зусім беларускім (у той вечар было шмат людзей і жывая музыка, і хлопцы — гітара плюс саксафон — спявалі тыя самыя песні з 2020-га). І ў абодвух выпадках было крута.
Самае, што мне падабаецца, — што ў бар можна хадзіць, нават калі адмаўляешся ад алкаголю. Там ёсць вялікі выбар безалкагольнага, квасу, і класічная кава і гарбата. Галоўнае — гэта ўсё ж размовы і знаёмствы. Не бойцеся размаўляць, не бойцеся заводзіць новых знаёмых і сяброў. Гэта не страшна, я праверыла.
P.S. Гэта ні ў якім разе не рэкламны пост — я заўсёды спраўна плачу за сваё ўлюбёнае мангавае безалкагольнае піва.
#БеластокДляСамотных
Што такое група псіхалагічнай падтрымкі і ці трэба там танчыць? Чаму нармальна перажываць тугу і сумаваць? Чаму важна размаўляць пра...
Чытаць далей