Як выглядалі пратэсты 2020-га ў Маладзечне? Смерць Мікіты Крыўцова — «самазабойства» ці забойства? Як гэта — чатыры разы запар сядзець 15 сутак? У чым была праблема пратэстаў 2020-га? Размаўляем з праваабаронцам з Маладзечна Алесем Капуцкім.
Алесь Капуцкі ў Беластоку зусім нядаўна. Перад гэтым былі два месяцы за кратамі ў Маладзечне, спробы вярбоўкі сілавікамі, уцёкі праз расійскую мяжу, Уладзікаўказ, урэшце Тбілісі ды — Польшча. Праваабаронца прызнаецца: унутрана быў падрыхтаваны, што не выйдзе з-за кратаў, а вызваленне спісвае на цуд Божы.
У нацыянальным руху Алесь з канца 1980-х. Быў кіраўніком нацыянальнага клубу «Крывіч» у Маладзечне. Удзельнічаў ва ўстаноўчым з’ездзе БНФ «Адраджэнне» у Вільні ў 1988-м. На пачатку 1990-х разам з Генадзем Карпенкам займаўся вяртаннем вуліцам Маладзечна гістарычных назоваў: Вялікі Гасцінец, Старое Места і іншых.
З канца 1990-х па запрашэнні Алеся Бяляцкага далучыўся да «Вясны» і заняўся праваабаронай. Урэшце, надышоў час вялікіх выпрабаванняў — 2020-ы… Зірнём вачыма Алеся на тыя падзеі ў Маладзечне.
«Думаў, пашумяць і разыдуцца. А тут — бойня!
— Ці бурліў горад напярэдадні выбараў?
— Зразумела! Я займаўся маніторынгам як праваабаронца, таму не мог не хадзіць і не бачыць вялізных чэргаў, каб падпісацца за Ціханоўскую ці пікетаў у падтрымку Бабарыкі. Яшчэ да выбараў, здаецца, ў чэрвені 2020-га ў Маладзечне адбылося супрацьстаянне людзей з міліцыяй, відэа з якім абляцела ўсе СМІ (гаворка пра ланцуг салідарнасці пасля затрымання Віктара Бабарыкі, калі АМАПавец дастаў пісталет — MOST). Гэта назвалі бойкай, але людзі наўпрост перашкаджалі міліцыі забіраць сваіх: на сілавікоў не нападалі. Урэшцэ траіх фігурантаў тых падзей асудзілі.
— Што было 9 жніўня?
— Як назіральнік на выбарах я схадзіў на ўчастак, дзе быў зарэгістраваны. Натуральна, да падліку галасоў мяне не дапусцілі: была ўстаноўка — не больш за пяць назіральнікаў побач… Я ў тую пяцёрку не трапіў. Старшыня камісіі яшчэ падыходзіла і выбачалася, маўляў, вы ж самі разумееце, прычым — па-беларуску.
Ішоў дадому, бо не чакаў, што нешта адбудзецца. Да саміх пратэсных рухаў я асабіста ставіўся скептычна. На прыпынку сустрэў сябра, кажа: «На плошчы людзі сабраліся!». Я дастаў бэйдж назіральніка — і туды. Цёмна ўжо. А яшчэ і святло паадключалі. Адно мігалкі міліцэйскія, міліцыя са шчытамі ды мноства народу скандзіруе: «Жыве!..».
Думаў, пашумяць і разыдуцца. А тут — бойня! Калі людзі калонай скіраваліся ў бок парка, пад’ехалі аўтазакі. З іх выскачылі АМАПаўцы, пачалі дубінкамі працаваць направа і налева… Добра памятаю, як чалавек ляжаў нерухома на зямлі, аточаны людзьмі. Дагэтуль не магу зразумець, навошта гэта было патрэбна? Людзі пайшлі б у парк, паскандзіравалі б і разышліся. А тут — сапраўдная бойня.
«На асфальце шэрагамі ляжалі людзі…»
— На наступны дзень — 10-га — таксама не думалі, што нешта будзе?
— Тое самае: думаў, што будзе як звычайна пасля выбараў: выйшлі — пашумелі-разагналі — звыклае жыццё. Так ужо было. А было па-іншаму. Мне прыходзіць паведамленне: людзі зноў на плошчы! Мы з кіраўніком БХК (Беларускі Хельсінскі камітэт — MOST) бяжым туды. У нас бэйджы назіральнікаў: фота, пячатка, усё афіцыйна. Аўто давялося кінуць на пад’ездах, бо ўжо ўсё ачэплена.
Там ужо стаялі ўнутраныя войскі са шчытамі. Перад імі — людзі. Нехта нават ставаў на калені, маўляў, што ж вы робіце, мы без зброі! Я паспрабаваў зайсці з тылу вайскоўцаў, каб зрабіць фота. І тут начальнік міліцыі ў белай кашулі (Вадзім Прыгара, першы начальнік раённага аддзела міліцыі, які трапіў пад санкцыі Еўрасаюза — MOST) паказвае на мяне пальцам. Падлятаюць двое, круцяць — і ў бус. Пасля яшчэ некага закінулі.
Прывезлі ў двор РАУС, паставілі тварам да сцяны. На асфальце шэрагамі ляжалі людзі… Мяне пасля паклалі побач, рукі звязалі будаўнічай сцяжкай. А мужыкі ляжаць, перакідваюцца рэплікамі: «Пятро, ты як?». Прапаганда казала пазней, што пратэстоўцы — гэта айцішнікі, сярэдні клас. А тут — звычайныя рабацягі! Бачна і па вопратцы, і па мове. Далі 15 сутак, але праз 4 вызвалілі, на дзіва.
«Смерць Мікіты Крыўцова — адназначна забойства»
— Гібель Мікіты Крыўцова скалыхнула горад?
— Яшчэ як! Гэта быў адзін з самых актыўных фанатаў ФК «Маладзечна». Ягонае пахаванне сталася сапраўднай дэманстрацыяй. Труну пакрылі бел-чырвона-белым сцягам, людзі таксама ішлі са сцягамі. Пасля да магілы доўга насілі кветкі. Горад пра гэта ведаў і ўсё разумеў.
— Разумеў — у сэнсе, што адбылося забойства?
— Адназначна, забойства. А што яшчэ можа быць? Сваякі, сябры, усе, хто яго ведаў, казалі, што падстаў для самагубства не было. Ды і сама смерць выглядала, мякка кажучы, сумнеўна з пункту гледжання крыміналістыкі. Яўнае забойтсва.
— Думаеце, яго забілі наўмысна?
— Цяжка сказаць, што там адбылося. Але былі звесткі, што за ім сочаць, асабліва калі той у Мінску быў. Не ведаю хто і што, але гэта — забойства.
— Што вы рабілі, калі актыўная фаза пратэстаў скончылася?
— Тое, што і меўся рабіць: адсочваў сітуацыю, дапамагаў людзям. Стварыў мясцовы праваабарончы чат, у якім было да 200 чалавек. Людзей стала менець, калі сілавікі заняліся чатамі. Да свайго апошняга затрымання я хадзіў на суды, маніторыў, перадаваў інфармацыю журналістам.
10 снежня 2020-га мяне затрымалі падчас раздачы «Дэкларацыі правоў чалавека». Міліцыя спрабавала зляпіць з гэтага адміністрацыйную справу, але, наколькі ведаю, умяшалася Прадстаўніцтва ААН. Я сам чытаў прэамбулу, дзе напісана, што кожная дзяржава абавязана распаўсюджваць гэтую інфармацыю — па Статуце ААН. Беларусь жа сябар ААН, таму атрымаўся абсурд. Урэшце прыйшла папера, што справа спыненая.
Пасля было 14 ліпеня 2021-га, калі па краіне пракаціліся затрыманні праваабаронцаў. Мяне ўзялі 15-га сярод дня на працы. Вазілі ў Мінск ў ДФР, пасля ў СК, дапытвалі. Тады адпусцілі. Урэшце 17 снежня да мяне ізноў прыйшлі: ператрус у хаце, забралі тэхніку і мяне самога. Гэтым разам ужо не выпусцілі.
«Лес вакол ды стаіць вайсковы “Урал”»
— Дык а за што вас затрымалі?
— Адвезлі ў ДФР, дзе паказалі паперку з СК, дзе было напісана, маўляў, Капуцкі мае дачыненне да грашовых патокаў праз мяжу для фінансавання «Вясны». Я ім тлумачыў, што за мяжой не быў з 2019 года. Яны не паверылі. Кажуць: «Калі ты нам усё распавядзеш, адпусцім адразу, а пасля будзеш з намі супрацоўнічаць». Палохалі, шантажавалі дзецьмі… Я адмовіўся.
Тады ўжо завезлі ў міліцыю — склалі пратакол за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў. Паказалі скрыншоты з чата, які я вёў. Нехта ў іх там свой быў пад ліпавым імем. Была пятніца, таму суду я чакаў да панядзелка. 15 сутак. Дакладней, першыя 15 сутак.
— Адкуль з’явіліся наступныя?
— Тыя ж супрацоўнікі, якія спрабавалі вербаваць, прыходзілі яшчэ некалькі разоў. Ім было важна, каб я пагадзіўся на супрацу. Кажу ім: «Я веруючы чалавек. Магу пагадзіцца, але пайду да святара на споведзь і ўсё распавяду». Гэты варыянт быў для іх непрымальны. Тады, кажу, нічога не будзе. Так прыходзілі разы тры.
Урэшце пасля трэціх 15 сутак мяне вывелі з рэчамі на выхад. Аддалі ўсе перадачкі, якія не даходзілі ў ізалятар. Думаю, усё — выпускаюць! Але завялі ў кабінет, а там тыя ж ДФРаўцы. Старая песня. А яшчэ прапанавалі зняцца ў роліку на «падтрымку дзейнага прэзідэнта» на фоне чырвона-зялёнага сцяга. Я адмовіўся — мяне назад. Кажуць, сядзець будзеш да рэферэндума.
Апошні пратакол склалі за нейкія зусім старыя перапосты ў тым маім чаце, зробленыя да таго, як матэрыялы прызналі «экстрэмісцкімі». Фармулёўка геніяльная: «захоўваў у чаце з мэтай распаўсюду». Ага, спасылкі на навіны, якім па паўгода, я захоўваў з мэтай распаўсюду… Яшчэ 15 сутак.
— Ці была думка, што можаце не выйсці зусім?
— Так, рыхтаваўся маральна. Лічу, гэта міласць Божая: выйшаў ды яшчэ з’ехаць атрымалася.
— А як выехалі?
— Звязаўся са службай эвакуацыі [BYSOL]. Валанцёры патлумачылі, дзе ў якую машыну сесці, дзе перасесці ды выйсці. Даехалі да расійскай мяжы. Лес вакол ды стаіць вайсковы «Урал». Мы туды — а нас чалавек 20-30. Так і паехалі праз нейкае поле. Трэсла, думаў, вось-вось перакулімся… На тэрыторыі Расіі маршрутка сустракае. Далей Масква. Пасля Уладзікаўказ. А там ужо па сушы, праз горныя перавалы, у Тбілісі. Пажыў пару месяцаў, атрымаў польскую візу і — сюды. Зараз у Беластоку.
«Рэжым можа ляснуць вельмі хутка, але… »
— Вы казалі, што на пачатку скептычна ставіліся да пратэстаў. Пасля адседкі і сваёй адысеі ці лічыце пратэсты 20-га марнымі?
— Выкажу непапулярную думку: пратэсты былі заўчаснымі. Так, я быў усцешаны, што народ прачнуўся і выйшаў з бел-чырвона-белымі сцягамі. Але гэта было нават насуперак арганізатарам. Тыя прапаноўвалі на пачатку выходзіць з белымі стужкамі, якімі зараз сябе пазначаюць расійскія вайскоўцы ва Украіне. Калі народ прыйшоў са сцягамі, то ім ужо не было куды падзецца.
Разам з тым, шмат хто з пратэстоўцаў быў гатовы сказаць: «Пуцін, увядзі войскі». Мой сябар, які раней дасылаў мне фота з нашым нацыянальным сцягам, зараз падтрымлівае пуцінскую агрэсію. А цяпер усё зачышчана пад корань. Усё, што жыло і развівалася. Па выніках мы бачым, што пратэст быў заўчасным.
— «Зіма» у Беларусі будзе доўгай?
— Спадзяюся, што не. СССР разваліўся за тры дні. Гэты рэжым таксама можа ляснуць вельмі хутка. Але як вернік, лічу, што залежыць ад народа. Калі народ пакаецца ў камунізме, вераадступніцтве — гэта паспрыяе скарэйшаму вызваленню. Пакуль у нас віншуюць з 23 лютага, святкуюць «пабедабесіе», кажуць пра «мудрага Пуціна» — цяжка на нешта разлічваць. Але я ўсё ж спадзяюся.
ЯШЧЭ ІНТЭРВ'Ю
Беларускі трэнер Віталь Рак адкрыў у Варшаве спартовы клуб “VOLAT”. Гэта працяг беларускага праекта, які прапрацаваў у Беларусі больш за 10 гадоў...
Чытаць далей«Успешный успех» приходит к большинству эмигрировавших далеко не сразу. За любым прорывом стоят огромное желание, упорство и уйма приложенных усилий,...
Чытаць далейПомните двух беларусов, бежавших из страны из-за политического преследования, которых отказались впускать в Польшу? Теперь они находятся в безопасности и...
Чытаць далей