Поўнамаштабная вайна ва Украіне працягваецца тры месяцы. На акупаваных расійскімі войскамі тэрыторыях адбываецца генацыд украінскага народа. Абаронцаў катуюць і забіваюць, а мясцовае насельніцтва вывозяць углыб Расіі. Штосьці падобнае было і ў Гродне ў 1939 годзе, калі ў горад увайшлі бальшавікі. Тады падчас трохдзённых баёў за горад загінула больш за 300 абаронцаў. Прапануем вам пазнаёміцца з малавядомым артыкулам пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, дзе гродзенскі архітэктар, ганаровы грамадзянін Гродна Рышард Кацынэль распавядае аб месцах масавых забойстваў абаронцаў Гродна ў верасні 1939 года і сваіх спробах ушанаваць іх памяць. Таксама MOST расказвае пра іншыя месцы масавых забойстваў у Гродне і прыводзіць каментарый былога намесніка старшыні Гродзенскага гарвыканкама Аляксандра Мілінкевіча.
У 1939 годзе, да так званага ўз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі, Гродна ўваходзіў у склад Польшчы. У пачатку верасня 1939 года, калі пачалася Другая сусветная вайна, у горадзе рыхтаваліся да нямецкага ўварвання. Але нечакана з усходу пачалася савецкая агрэсія. Чырвоная Армія падышла да Гродна 20 верасня. На абарону горада сталі мясцовыя жыхары з часткай войскаў, якія не паспелі адступіць. Трэба ўзяць пад увагу, што два кадравыя палкі, якія стацыянавалі ў Гродне, яшчэ ў пачатку верасня пайшлі змагацца з немцамі пад Варшаву. Абарона Гродна доўжылася тры дні, многіх абаронцаў пазней расстралялі, некаторых саслалі разам з сем’ямі ўглыб СССР.
Размовы на гэтую тэму былі забаронены
Расказвае Рышард Кацынель, пераклад з польскай мовы са скарачэннямі паводле «Goniec Kresowy», 1993, №1, S. 7-11):
Дні славы. Нягледзячы на велізарную дыспрапорцыю сіл, баі былі вельмі зацятыя. Нават танк будучага маршала СССР, тройчы падпалены, змушаны быў адступаць. Падчас інспекцыі 6 дывізіі пяхоты ў снежні 1941 года генерал Уладзіслаў Сікорскі сказаў ацалелым героям абароны Гродна: «Вы — новыя Арляняты. Я пастараюся, каб ваш горад атрымаў тытул заўсёды вернага і ордэн Віртуці Мілітары».
За супраціўленне гродзенцам плацілі жудаснымі забойствамі безабаронных жыхароў: падхарунжых, харцэраў, цывільнага насельніцтва. Забівалі пераважна ва ўсходняй частцы горада ў аколіцы Сабачай Горкі, Крыжоўкі, Пагулянкі.
НКВД расстрэльвала адразу на месцы бою ці цягам бліжэйшых дзён пасля ўваходу ў горад. Загінула больш за трыста чалавек. Пачварнасць агрэсараў была адказам на супраціўленне, паколькі мясцовыя людзі ўжо валодалі інфармацыяй пра «штодзённае жыццё ва Усходняй Беларусі».
Аб першай групе жаўнераў Войска Польскага, якую расстралялі пасля ўваходу савецкіх войскаў у горад, мы ведаем ужо даволі шмат. На жаль, толькі цяпер, пасля больш чым пяцідзесяці год. Адбылося так, як я калісьці пісаў пра суайчыннікаў у Катыні:
І гэтым не скончылася дарога пакут,
Бо загадалі выцерці вас з памяці.
Але скрываўленая Айчына чакала вас і надалей,
Каб крыж вам паставіць і ксёндз яго асвяціў.
Размовы на гэтую тэму былі забаронены. Патрыёты замаўчалі. Настаў доўгі час цемры. А тыя нявінныя недзе ляжалі, іх магілы раўнялі з зямлёю. Пан Міклаш з Беластоку, гродзенец, пісаў так: «магілу некалькі разоў бурылі». Гэта словы аб магіле, якую мы адкрылі.
Званок з інфармацыяй
Пачалося ўсё досыць незвычайна. Пасля адбудовы польскага сектара вайсковых могілак, якой я кіраваў у 1990 гады, пасля таго як там паставілі помнік, ахвяраваны з Беластоку, людзі сталі больш смелыя. Помнік асвечаны быў у памяць ахвяр Катыні, Асташкава і Старабельска, якія паходзілі з Гродна. Пасля таго людзі ўжо ведалі, да каго трэба звяртацца ў такіх справах. У маі 1991 года я атрымаў тэлефон ад нейкага мужчыны. Па голасе нейкія 30 гадоў. Ён расказаў, што недалёка ад Румлёўскага мосту, каля аўтарамонтнай станцыі, якую акурат пачалі будаваць, існуе магіла польскіх салдат, расстраляных у верасні 1939 года. Каля сарака асоб. Чарговае злачынства супраць Польшчы. Месца абазначана колам з камянёў. Дадаў таксама, што жывуць сведкі гэтай падзеі і можна іх знайсці на суседніх вуліцах. Лічу, што гэты варты шчырай падзякі і ласкі Божай чалавек быў беларусам ці рускім. Па-польску не сказаў нават ні слова. Я падзякаваў яму і разам са Станіславам Пелюцем мы паехалі на месца.
Насамрэч, мы пабачылі кола ў акружнасці шэсць-восем метраў, выкладзенае каменнем памерам 40-50 см. У яго сярэдзіне былі бачныя тры заглыбленні памерам 1х1 метр. Усё зарослае высокай травой. Недалёка раслі кусты, было поле і агароды. Найстрашнейшым быў, аднак, выгляд блізкай пабудовы. На адлегласці шасці-васьмі метраў будаваліся корпусы аўтарамонтнай майстэрні «Аўта Ваз Тэхабслуга». Як аказалася, рашэннем уладаў горада тэрыторыя была поўнасцю прызначаная пад будаўніцтва майстэрні. Аб існаванні нашай магілы ніхто не ведаў. Бачыўшы пагрозу мы, пачалі тэрмінова шукаць сведак.
Забівала група з кулямётам
На недалёкай вуліцы Прыгараднай (у польскія часы Пшэдмейскай) мы адшукалі сляды. Жыве яшчэ пані Леакадыя Блох, каторая дзякуючы Божаму заступніцтву стаяла за плотам блізкага дому. Аказалася, што тады яна мела 11 год і заставалася адзіным жывым сведкам злачынства. Як распавяла пані Леакадыя, забойства здзейсненая на самым беразе Нёмана, на ўзгорку за ровам, у канцы вуліцы Прыгараднай. На нізе ў рове стаяла лесапілка. Каля гэтага месца на ўзгорку стаяў дом. Цяпер яго няма, але пані Леакадыя дакладна запомніла гэтае месца. Гэта было любімае месца дзіцячых забаваў. Уласна за плотам гэтага дому паставілі тых сорак няшчасных людзей, прывезеных з усходу да маёнтку Друцк.
Месца пакарання называлася Новая Калонія. Забівала група з некалькіх жаўнераў з кулямётам, пад кіраўніцтвам афіцэра, якога называлі «камісар». Хутчэй за ўсё гэта была адзінка НКВД, якая дзейнічала пры атрадах Чырвонай Арміі. Перад абаронцамі паставілі кулямёт. Смерць была штораз бліжэй. Двое паспрабавалі кінуцца ў Нёман з вышыні каля 30 метраў. Кулі скасілі іх акурат перад абрывам. Крыкам і пагрозамі адказалі на спробу ратавання жыцця. Пасля чэргі з кулямёту паклалі ўсіх. Сярод іх было хутчэй за ўсё два афіцэра. Пасля расстрэлу «камісар» падыходзіў да ляжачых і дабіваў з нагана. Перад ад’ездам загадаў мясцовым закапаць парэшткі. Вечарам мужчыны перанеслі забітых далей ад Нёмана на адлегласць каля 300 метраў. Іх пахавалі на месцы, якое сярод мясцовых называлася «могілкамі», дзе мабыць некалі кагосьці хавалі.
Целы перавозілі, як сведчыў пан Халодны, старшы чалавек, фурманкамі. Цудам ацалелі тры жаўнеры. Яны былі цяжка параненыя (у шыю, грудзі і бок). Насельніцтва апекавалася імі. Не баючыся рэпрэсій, іх схавалі ў дамах. Месца пахавання адзначылі камянямі і паставілі крыж, які некалькі разоў нішчылі бальшавікі.
Тут ляжаць 40 жаўнераў
Атрымаўшы такія сенсацыйныя звесткі, я скантактаваўся з кіраўніцтвам гарадскога аддзелу Саюза палякаў у Гродне з просьбай аб умяшальніцтве. Прайшло лета, і ўсё засталося без зменаў. З той толькі розніцай, што будаўніцтва аўтамайстэрні ўвесь час рухалася далей. Камяні, якія акружалі магілу, паспіхвалі бульдозерам. Насыпалі двухметровы земляны вал. Бачныя былі таксама і косці. Перад Задушным Днём, бачыўшы такія разбурэнні, мы са Станіславам Пелюцем паставілі драўняны крыж з надпісам «Тут ляжаць 40 польскіх жаўнераў, расстраляных НКВД у 1939 годзе». Гэтага хапіла, каб магілу больш разбурыць не спрабавалі.
Дырэктар будовы, бачыўшы, хто паставіў крыж, некалькі разоў прасіў мяне як мага больш хутка прыняць рашэнне ў справе магілы. Ён не меў нічога супраць таго, каб магіла засталася на тэрыторыі майстэрні і была адзначана нейкім знакам. Абяцаў у гэтым дапамагчы. Але гэта не было найлепшым варыянтам. Абаронцам належылася больш, чым гучанне рухавікоў, смурод газаў і гук металу. Яны ж былі героямі, гэта была іх святая зямля, іх дом. Я думаў, што трэба перанесці загінуўшых у лепшае месца, а дакладней на могілкі. Гэта патрабавала эксгумацыі і ідэнтыфікацыі людзей. А пакуль адшукалася яшчэ некалькі сведкаў: Далькевіч, Урублеўская і Халодны. У снежні польская секцыя мясцовага радыё (пані Ёанна Немчыноўская) перадала іх расповеды. Перадача заканчвалася заклікам дапамагчы высветліць дасюль невядомыя акалічнасці трагедыі. Адказам было маўчанне. Праз некалькі месяцаў памёр пан Халодны, чалавек старшага веку, інвалід. У дадатак да таго Далькевіч і Урублеўская мелі ў 1939 годзе чатыры і шэсць, ведалі аб трагедыі толькі з расказаў старэйшых. Сведчанні гэтых асоб не мелі праўнага значэння. Заставалася толькі эксгумацыя.
Дапамаглі Мілінкевіч і Домаш
У красавіку 1992 года гарадскі аддзел СПБ накіраваў просьбу на атрыманне дазволу на эксгумацыю. Просьба была пакінута без адказу. Зноў абыякавасць. Восенню, бачыўшы, што зіма можа быць суворая, я пачаў прасіць ізноў. Тады ад мяне запатрабавалі сведчанняў ад асобаў, якія памяталі забойства польскіх жаўнераў. Тады папрасіў Выканаўчы камітэт гарадскога савета даць мне дазвол на раскопкі, каб давесці, што рацыю маюць тыя, каторыя цвердзяць, што каля Румлёўскага маста адбылося злачынства.
Дзякуючы падтрымцы цудоўнага чалавека, намесніка старшыні выканкама Аляксандра Мілінкевіча і рашэнню старшыні Сямёна Домаша, згода была дадзеная, нягледзячы на адсутнасць неабходных дакументаў. Паклікалі камісію для праверкі ўсёй справы і правядзення раскопак. Кіраўніком стаў намеснік старшыні раённага савета Іван Палхоўскі, яго намеснікам стаў я. Але на двары канец кастрычніка. Трэба спяшацца. Памагла нам полька, патрыётка пані Галіна Якалцэвіч, якая ўзяла ў свае рукі арганізацыйныя справы. Яна з’яўлялася членам кіраўніцтва гарадскога аддзела СПБ і пенсіянеркай, таму магла прысвяціць справе больш часу. Да нас далучылася яшчэ некалькі мужчын, энтузіястаў і патрыётаў.
Не толькі стралялі, але яшчэ і вязалі за шыю
20 кастрычніка мы пайшлі наперад. На жаль, не ведаючы дакладнага месца пахавання, мы скарысталіся экскаватарам. Пасля дзвюх гадзін працы адкрылі рэшткі людзей.
Ляжалі покатам, адзін каля аднаго. Я адразу склікаў усю камісію. Не было сумневаў. Хвіліны моцных перажыванняў! Гузікі з арлом у кароне, уланскія боты, менажкі. Усё гэта паказвала на тое, што тут ляжаць польскія жаўнеры. Дата на гузіках — 1937 — значыць, загінулі пазней. Мы перахрысціліся і пачалі працаваць далей. Валікая група. Целы пакладзеныя ў тры шэрагі. Частка звязаная рамянямі па два-тры чалавекі. Я адшукаў трох, звязаных за шыю. Таму не толькі стралялі, але яшчэ і вязалі за шыю, каб не ўсталі, каб не пабеглі. Паднялі прастрэленыя далоні…
Гузікі на мундзірах сведчаць аб польскім паходжанні ахвяр. Уся акцыя адбывалася паміж 20 і 30 кастрычніка. На жаль, нягледзячы на заклікі падчас паседжанняў СПБ, у працы ўдзельнічалі тыя самыя людзі. Вельмі мала людзей. Надвор’е сапсавалася праз некалькі дзён. Дождж са снегам. Мы баяліся маразоў. Аднак трэба было скончыць прынамсі падрыхтоўчы этап. Таму мы другі раз скарысталіся экскаватарам. Бо косці і надалей тырчалі з трохметровага насыпу. Няма сумневу, што так мы згубілі вельмі шмат каштоўных рэчавых доказаў, неабходных для далейшай ідэнтыфікацыі. Аднак нельга ў гэтым вінаваціць жменьку самаахвярных людзей. Няхай ажывяць сваё сумленне тыя, хто паўтара года не рабіў нічога, каб годна ўшанаваць абаронцаў дзяржавы. Няхай адкажуць, каторыя не споўнілі чалавечага абавязку ўшанавання тых нявінна пазбаўленых жыцця. Бо вядома, якую ролю выконваюць помнікі. Яны — аснова для адбудовы патрыятызму і любові да айчыны.
Былі і праваслаўныя абаронцы дзяржавы
Наш сціплы ўдзел тым не менш даў пэўны эфект. Усе парэшткі складалі ў скрыні. Знойдзена некалькі прадметаў — доказаў злачынства.
Захаваліся ў нядрэнным стане: абутак (найбольш кароткія ўланскія боты), рамяні, вялікая колькасць гузікаў з польскім арлом і датай 1937, менажкі, манеркі. Адшуканыя эмблемы школы падхарунжых, партманетка, блакнот, хімічныя алоўкі, чарніла ў флаконе, ланцужкі, медалікі, люстэрка са здымкам дзяўчыны (колькі яна мела гадоў — 18, 19?), кішэнны гадзіннік маркі Tissot, польскія манеты, відэльцы, лыжкі і іншыя прадметы. Характэрным было адшуканне вялікай колькасці падсумкаў з патронамі. Забойства адбылося праз некалькі хвілін пасля ўзяцця ў палон. Патроны маюць узор, адпавядаючы расійскай вінтоўцы «Мосін» ці, што больш праўдападобна, будучым на ўзбраенні войска польскага французскай вінтоўкі «Лебель».
Адшукалі таксама праваслаўны малітоўнік, металічную праваслаўную іконку, некалькі манет царскага часу з 1905 года і некалькі нямецкіх. Сярод расстраляных былі праваслаўныя абаронцы дзяржавы. Адшуканыя таксама тры гільзы ад савецкіх патронаў сістэмы Сіманава ці Калашнікава. Закапаныя яны былі каля 1940 года.
Ёсць асобы, якія схіляюцца да версіі, што на тым мейсцы расстрэльвалі пасля вайны, магчыма АК-аўцаў. Лічу гэта абсурдам. Пасля 1950 года не было патрэбы арганізоўваць такія забойствы. Тады сталінскі рэпрэсіўны рэжым цвёрда стаяў на нагах. Паасобныя жаўнеры Арміі Краёвай не былі асаблівай пагрозай. Абсурдная таксама і думка, што расстраляных прывозілі з Польшчы. Гэта ўжо не тыя гады. Пасля 1950 года ніхто ў Гродне не чуў пра спецыяльныя акцыі забойства людзей накшталт тых з 1939 года ці з 1944-1946 гадоў. Пасля вайны Саветам патрэбныя былі рукі ў рудніках, лясах і перадусім на Усходзе і Поўначы.
Гільзы ад сучаснай зброі
Мы дакладна ведаем, што менавіта там знішчалі польскае насельніцтва Крэсаў. З паказанняў сведкаў вядома таксама, што ў магілах капалі нейкія людзі. Быццам бы нават Медыцынскі інстытут у Гродне (расказваў аб гэтым пан Халодны) выкапваў шкілеты для сваёй лабараторыі. Ямы засталіся. Апрача таго, навокал нашай тэрыторыі знаходзяцца вайсковыя часці. Недалёка стрэльбішча. Адтуль, мабыць, паходзяць гільзы ад сучаснай зброі. Не трэба шукаць непатрэбнай сенсацыі. Усе асаблівасці, спрэчныя пытанні павінна вырашыць спецыяльная двухбаковая камісія з Беларусі і з Польшчы. Нецярпліва чакаем яе працы. Справа ідзе далей. Падчас эксгумацыі была інфармаваная «Гродзенская праўда», «Глос з-над Немна», а таксама польская рэдакцыя мясцовага радыё. Людзі ідуць штораз часцей, падымаюць галовы.
Хутка з-за Нёмана паведаміла аб сваёй сястры, што перад вайной жыла ў Новай Калоніі, пані Клімовіч. Яе сястра пані Савіцкая лячыла аднаго з ацалелых пасля расстрэлу параненых. Жанчына мае каля 90 год і нічога амаль не памятае. Таму мы накіраваліся да яе дачкі, пані Гэнавэфы Дранчэўскай. Яна дала надзвычай каштоўнае сведчанне. У 1939 годзе мела 16 год і дакладна памятала, што адбывалася пасля таго, як горад занялі рускія. Сям’я некалькі тыдняў хавала параненага ў шыю жаўнера. Гэта быў беларус, паходзіў з горада Стоўбцы пад Мінскам. Бальшавікі расстрэльвалі такіх, не разбіраючыся. Бог яго уратаваў. Паранены прыходзіў у сябе. Пані Гэнавэфа была сведкай яго шчырых малітваў у падзяку за выратаванне. Пасля выздараўлення сардэчна дзякаваў, вярнуўся дадому, прыслаў ліст. Двое другіх выратаваных знайшлі сховішча ў пані Вольгі Бахэнкавай і пані Гэнавэфы Крупскай.
Рускія дапамагалі польскаму афіцэру
Далейшыя нашыя крокі і падказкі пані Дранчэўскай завялі нас да пані Любы Казловай. Пані Люба расказала аб сапраўды вялікай мужнасці польскіх жанчын, якія без страху ўзялі дамоў параненых. Мала таго, пані Люба была сведкам таго, як маладая тады дзяўчына, пані Леакадыя Лейштэйн, спаткала савецкага вайсковага лекара, упала перад ім на калені і са слязьмі ў вачах прасіла: «Таварыш бальшавік! Памажыце параненаму чалавеку!». Чырвонаармеец пайшоў, агледзеў і перавязаў параненага. Паранены быў старшы афіцэр з-пад Варшавы. Быў у цяжкім стане, куля ўвайшла над сэрцам у грудзі. Выйшла, вырываючы кавалак лапаткі. Чалавек быў акрываўлены і слабы. Доктар агледзеў яго і пасля прывёў свайго калегу, які пасля два месяцы апекаваўся параненым. Часта прыносіў ежу.
Абодва рускія рызыкавалі галавою. Расказвалі таксама аб іншай падзеі, якая мела месца ў ваколіцах. Камісар НКВД хацеў застрэліць некалькі жаўнераў, што схаваліся ў будынках лесапілкі. Гэтага не дазволіў зрабіць натоўп жанчын.
Вайсковы лекар памог таксама выбрацца з Гродна. Выдаў пасведчанне і праз два месяцы афіцэр змог выехаць у Варшаву. Пані Люба памагала пані Бахэнкавай увесь час. Адвяла параненага на вакзал. Вельмі шкада, што перад самай эксгумацыяй пані Бахэнкава памерла, а мы аб усім гэтым дазналіся праз два тыдні пасля пачатку прац.
Трэці выжыўшы быў паранены слабей і ўжо праз месяц выехаў ад Крупскіх у нямецкую акупацыйную зону. З недалёкай вёскі мы атрымалі інфармацыю, што недзе па-над Нёманам быў расстраляны афіцэр дзяржаўнай паліцыі Станіслаў Саўко. Расказала нам аб гэтым яго ўнучка. Ці ж мы адшукалі таксама яго магілу? Шмат, шмат пытанняў. Аднак факт ёсць. Падобна як чатыры гады таму ў Калетах пан Юзаф Лучнік адшукаў 35 расстраляных таксама і цяпер ёсць шанец на годнае ўшанаванне нявінна забітых і на высвятленне невядомых эпізодаў абароны Гродна. З нецярплівасцю чакаем працы двухбаковай камісіі…
Мы пра іх не забыліся
Хто там ляжыць? Людзі кажуць, што жаўнераў прывялі з боку Ліды, з усходу. Можа, былі гэта абаронцы з аддзела пяхоты і паліцыі, якія ахоўвалі горад з боку ўрочышча Сакрэт? Могуць быць гэта таксама вучні школы падхарунжых, якія баранілі казармы бранетанкавага батальёна, або паліцыянты, якія змагаліся за недалёкую Ерусалімскую вуліцу. Можа была гэта група паручніка Шумскага, якая ноччу з 20 на 21 верасня рушыла з гранатамі ў накірунку Скідзельскай шашы, адкуль цягнуліся аддзелы казацкай кавалерыі. Праўдападобна атакі гэтых людзей выклікалі ў шэрагах ворага замяшанне. Расіяне панеслі вялікія страты. Усе сляды групы Шумскага згубіліся. Можа яны ляжаць тут? Ёсць шмат такіх месцаў. Шмат нявысветленых спраў.
Можа, пошукі гісторыкаў дазволяць адшукаць сляды іншых абаронцаў Гродна, закатаваных у 1939 годзе. Хто, напрыклад, ляжыць на польскіх вайсковых могілках (каля 100 магіл), дзе няма ніякіх знакаў, апрача пагорачкаў, размешчаных шэрагамі?
Яны былі адкрытыя падчас адбудовы могілак у 1990 годзе. Тады паставілі самаробныя крыжы. Шмат людзей выехала. Няма ў каго пашукаць шырэйшых звестак. Можа нам паможа нехта з Польшчы?
Пакуль што ад імя Айчыны, ад імя забітых трэба падзякаваць Богу, што мы аб іх не забыліся. Хацелася б таксама падзякаваць тым нешматлікім патрыётам з Гродна, якія выканалі святы абавязак каталіка і паляка, выконваючы эксгумацыю.
Дзякую пані Галіне Якалцэвіч, якая ўсе гэтыя дні сваімі чулымі жаночымі пальцамі перабірала ўсё, што ўдалося адшукаць. Паны Уладзіслаў Лазавіцкі, Юзаф Рапейка, Станіслаў Пелюць, Аляксандар Шмыгін, Станіслаў Язерскі, Станіслаў Трафімчык, Пётр Цвік, Вацлаў Антановіч капалі магілу. Паны Станіслаў Буйніцкі, Анатоль Казакевіч і Міхал Шмароўскі арганізавалі забеспячэнне акцыі. Вялікі гонар гэтым людзям! Апрача таго трэба вырашыць справу ўрачыстага з усімі ўшанаваннямі пахавання на вайсковых могілках.
Няхай памяць аб ахвярах забойства, няхай і праз 50 год, зацепліцца ў людскіх сэрцах. Спаўняюцца малітвы, можа дойдуць да мэты малітвы і просьбы. Самае страшнае — гэта абыякавасць. Час бег, а палякі цэлае лета не цікавіліся лёсам братоў. Я меў надзею, што разбураю маўчанне, штурхаю да дзеяння.
Маю надзею, што акцыя разварушыць сэрцы людзей. Апрача таго, Бог так хацеў, каб гарадскія ўлады, нічога не ведаючы аб групе расстраляных, прынялі рашэнне аб пабудове на гэтым месцы Дома Малітвы! Мы думалі, што месца трэба будзе адзначыць крыжам, месца, дзе пралілася польская кроў. А тут воляй Найвышэйшага паўстане Дом Божы!
Канец пераказу публікацыі Рышарда Кацынеля з «Goniec Kresowy».
Што сталася з парэшткамі абаронцаў?
Вядома, што парэшткі абаронцаў Гродно 1939 года пахавалі не адразу. Пэўны час яны знаходзіліся ў Фарным касцёле, бо не было дазволу на іх пахаванне. У выніку мясцовыя палякі дамагліся свайго і атрымалі дазвол на пахаванне парэшткаў на вайсковых могілках у Гродне. Пахавалі абаронцаў у асобнай магіле.
Ужо дакладна вядома, што на тых жа самых могілках быў пахаваны ў 1939 годзе і Тадзік Ясінскі. Пра дакладнае месца пахавання 13-гадовага хлопца ў Гродне ніхто не ведаў. Яго сімвалічную магілу зрабілі на старых каталіцкіх могілках. Хлопец стаў для многіх гродзенцаў і палякаў сімвалам барацьбы за Гродна ў верасні 1939 года. У польскай гістарыяграфіі прывязванне Тадэвуша да танка і яго смерць лічацца неабвержным фактам, але пацверджанняў гэтаму не было, акрамя ўспамінаў Ліпінскай… Доўгія гады гісторыя юнага гродзенца будавалася менавіта на яе ўспамінах або на нейкай агульнай традыцыі. Але ў канцы 2021 года ў гродзенскім архіве знайшліся дакументы, якія пацвярджаюць рэальнае існаванне Ясінскага і яго гібель у Гродне ў верасні 1939 года.
Захаванне памяці аб злачынствах бальшавікоў
У красавіку 2022 года Аляксандр Мілінкевіч распавёў MOST, чаму ў пачатку 90-х улада дазволіла раскопкі абаронцаў Гродна.
— Кіраўнік гарвыканкама і ягоныя намеснікі былі не прызначаныя, а абраныя дэпутатамі, якія былі ў сваю чаргу абраныя ў свабодных выбарах 1990 года, яшчэ пры Саветах, але ўжо напрыканцы перабудовы. Мы з Домашам мелі ў сваіх сем’ях рэпрэсаваных і лічылі захаванне памяці аб злачынствах «першых» і «другіх» бальшавікоў сваім абавязкам. Рашэнні на гэтую тэму прымаліся на пасяджэннях гарвыканкама, і нам не патрэбна было пытацца «вышестоящих товарищей». Акрамя пошуку гродзенскіх Курапатаў, зрабілі і ншыя важныя рэчы — усталявалі на Вайсковых могілках помнік ахвярам Катыні, дзе былі закатаваныя і гродзенцы. Раскопкі праводзілі, ініцыятар Саюз палякаў Беларусі і спецпадраздяленне ваенкамата, як павінна было быць па законе. Каля Румлёўскага маста пахаванне выпадкова знайшлі будаўнікі, як памятаю, пра Сабачыю горку ў горадзе гаварылі многія старыя жыхары. Праблема была, што не знайшліся сведкі, якія б больш-менш дакладна маглі паказаць месца расстрэлу. Бракуе сведкаў, каб паказалі, дзе закапалі. У Пышках былі, і нават яны памыліліся. У лясах новыя дрэвы ўжо павырасталі.
Што было ў Пышках?
Пра тое, што ў Пышках пасля вайны адбываліся расстрэлы, распавядалі некалькі чалавек у Гродне. Упершыню гэтую гісторыю расказала Аліцыя Кізюкевіч аўтару гэтага артыкула. У 1946 годзе ёй было 12 гадоў. Яе бацька стаў сведкам расстрэлаў каля вёскі Перасёлкі. За савецкім часам Аліцыя і іншыя жыхары вёскі хадзілі ў лес і насілі на месца расстрэлаў кветкі, але хто там быў пахаваны дакладна, яны не ведалі. Вяскоўцы казалі, што туды вывозілі людзей з гродзенскай турмы.
Паказаць, дзе расстрэльвалі людзей, Аліцыя не магла з-за хваробы ног. Але яна паспрабавала растлумачыць, куды трэба ісці. У красавіку 2019 года мы выйшлі на вызначанае месца. Да пошукаў далучыўся гродзенскі краязнаўца Мікалай Таранда, які ў канцы 1980-х гадоў спрабаваў адшукаць месца расстрэлаў з былым жыхаром вёскі Перасёлкі. Але яны 30 гадоў таму не змаглі яго знайсці.
У пачатку лютага 2020 года ўжо іншыя жыхары Перасёлкі вырашылі паказаць прыкладнае месца расстрэлаў. Тадэвуш Лаўрушкевіч і Ян Аніська распавядалі, што ў 1950-я не раз пасвілі кароў каля пахаванняў.
У Пышках таксама праводзілі раскопкі
Аляксандр Мілінкевіч кажа, што ў першыя гады незалежнай Беларусі ён таксама займаўся тэмай расстрэлаў у Пышках.
— У лютым 1991 года ў Гродзенскі выканкам паступіла заява ад старшыні аддзялення асацыяцыі ахвяраў палітрэпрэсій Паўла Жука з інфармацыяй ад мясцовага жыхара Кізюкевіча Мар’яна Францавіча, які паведамляў, што ў лесе недалёка ад уезду на тэрыторыю цяперашняга абласнога туберкулёзнага дыспансера карныя органы пасля вайны праводзілі расстрэлы людзей, якіх там жа і закапвалі, — распавядае Аляксандр Мілінкевіч. — Сведка прапанаваў паказаць месца больш‑менш дакладна. У архівах УКГБ матэрыялаў, якія сведчылі б пра расстрэлы, тады знайсці не ўдалося. Але пракуратура зрабіла праверку на ўказаным месцы.
У гарвыканкаме было вырашана правесці раскопкі. Была выкапаная яма 2×1,5 метры. Шукалі тады і магільны грудок, на якім, як казалі мясцовыя, час ад часу з’яўляліся кветкі. На жаль, нічога не было знойдзена. Новы лес, які вырас ва ўрочышчы, да непазнавальнасці змяніў яго.
Помнік ахвярам палітрэпрэсій так і не з’явіўся
У Пышках маглі быць забітыя пасляваенныя ахвяры палітычных рэпрэсій.
— Яшчэ ў канцы 1990 года Гродзенскі гарвыканкам прыняў рашэнне аб устаноўцы ў горадзе помніка ахвярам палітычных рэпрэсій. Паўторнае рашэнне аб устаноўцы такога помніка было прынятае праз два гады. Яго не ўдалося выканаць, як і прынятыя рашэнні гарвыканкама аб стварэнні ў Гродне помнікаў Каліноўскаму і Багдановічу. Спачатку аказваў моцнае супраціўленне аблвыканкам, а потым палітыка дзяржавы змянілася, — дадаў Аляксандр Мілінкевіч.
ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА
Больш за 80 гадоў у Гродне распавядаюць гісторыю пра забітага хлопчыка Тадзіка Ясінскага на вуліцах горада ў верасні 1939 года....
Чытаць далей