Што чакаць ад фэсту «Тутака», які замяніў легендарнае «Басовішча»? Ці лёгка быць беларусам і палякам адначасова? Адкуль узяўся феномен «тутэйшасці» і чаму за яго ўчапіліся адно беларусы? Вялікая гутарка з Паўлам Стана Станкевічам.
«Гэта добра, але не забудзь, што ты беларус!»
— Як ты ўсвядоміў сябе беларусам, нарадзіўшыся і жывучы ў Польшчы?
— Паходжу з мяшанай сям’і: мама з Заходняга Падляшша — полька і каталічка, бацька з Усходняга — праваслаўны беларус. Як сын свайго бацькі лічу сябе праваслаўным беларусам. З бабуляй і дзядулем па бацьку мы заўсёды размаўлялі «па-свойму» — як тут лічаць, на гаворцы беларускай мовы. Агулам жа дома гутарылі па-польску: бацькі лічылі, маўляў, хай дзеці лепш добра ведаюць адну мову — польскую.
Ад пачатку школы зацікавіўся гісторыяй: польскай, з падручніка. Наогул, падручнікі чытаў на вакацыях на год наперад — у працэсе навучання загадзя ўсё ведаў. Калі да дзядулі з бабуляй ехалі з бацькам, то увесь час дзяўбаў яму галаву: «А ты ведаеш, як тое і тое было ў польскай гісторыі?..». Бацька слухаў-слухаў, а пасля кажа: «Гэта добра, але не забудзь, што ты беларус!».
— Для яго гэта было важна і каштоўна?
— Так, важна. Ён прайшоў свой шлях да беларушчыны: пакуль не пайшоў у школу, дык толькі «па-свойму» размаўляў. Бо вёска была беларуская і ў польскай мове не было патрэбы. Калі бацька мне гэтак сказаў, мяне накрыла: «Навошта я вучу ўсю гэтую польскую гісторыю? Я ж беларус!». Пазней толькі зразумеў, што калі жывеш на памежжы, то маеш доступ да абодвух культураў.
Яшчэ я ўдзячны бацьку, што той мяне браў на першае і другое «Басовішча» ў 1989-90-х. Гэта быў файны сямейны пікнік з фальклорнымі гуртамі. Для мяне, дзесяцігадовага хлопца, было звышцікава патанчыць, паглядзець на моладзь, панкаў. Так адчуў, што хачу быць часткай гэтага. Пасля шмат гадоў быў удзельнікам, але не стваральнікам.
«Нельга ўвесь час стаяць на адным месцы»
— А як далучыўся да справы менавіта як стваральнік?
— З’ехаў у Варшаву, вучыўся на акцёрскіх курсах, не было часу. Жыў у польскім асяроддзі як звычайны грамадзянін Польшчы. Нагода трапілася на «Басовішчы» — 2010, калі ў рамках фестывалю вырасла намётавае поле, а я зладзіў сваю карчомку. Я тады акурат цікавіўся здаровай і азіяцкай ежай. Гэта толькі пачынала быць трэндам, а тут ужо на беларускім фэсце можна набыць спрынг ролы ці зупу Фо.
У 2013-м да мяне і маіх сяброў звярнуліся з «БАС» («Беларуская Асацыяцыя Студэнтаў» у Польшчы — MOST) па дапамогу ў арганізацыі фэсту. Мой малодшы брат Пятро ўрэшце стаў кіраўніком БАС у 2015-м. Мы зразумелі, што студэнцкая арганізацыя ўжо не здольная далей весці фэст у такім маштабе. Урэшце, арганізатары прыйшлі да думкі, што «Басовішча» варта скончыць на добрай ноце: так і адбылося ў 2019-м.
— Што было патрэбна, каб далей працягваць фэст?
— Трэба было памяняць тое, што перастала працаваць. «Басовішча» стала пратэстным фэстам пасля прыходу Лукашэнкі да ўлады. Рок-фармат, музыка рэвалюцыі. У апошнія гады гэта быў наўпрост моладзевы фэст, больш для сваіх. А я бачыў місію фэста як збурэнне муру паміж беларусамі Падляшша і беларусамі з Беларусі.
У лютым 2020-га, калі быў на канцэрце «Дзецюкоў» у Мінску, з’явілася ідэя стварыць фонд, які будзе займацца фэстам. Каб там быў не толькі рок, але і фолк, і сучасная якасная музыка. Нельга стаяць увесь час на адным месцы, трэба глядзець на культуру з розных ракурсаў: праз тэатр, мастакоў, перформансы, іншыя жанры.
А яшчэ я прыгадаў «Басовішчы» пачатку 1990-х, калі туды можна было паехаць з дзецьмі. Цяпер я маю дзіця, як і шмат хто з удзельнікаў таго пакалення, дык чаму не магу паехаць з ім? Каб дзіця не бадзялася без справы, не казала: «Тата, паехалі дадому…» мае быць прастора для дзетак, заняткі, майстар-класы. І ўсё гэта мы паспрабавалі сабраць у новым фэсце «Тутака».
«Мы стартавалі і тут… пачалася пандэмія»
— Распавядзі пра фундацыю «Тутака»: адкуль назва і лога?
— Неяк Кася Кузьміч пасля фэсту кажа: «Ведаеш такое файнае слова «тутака»? Некалі варта будзе стварыць арганізацыю з такой назвай». Я пагадзіўся. Прайшло шмат год, і ў 2020-м, калі думаў, як назваць фонд, скарыстаўся. У лога выкарыстаны шрыфт мастака Сяргея Варкулевіча, які я некалі заўважыў на мурале ў Беларусі.
— З чаго вы стартавалі?
— Мы ўтварыліся на пачатку 2020-а, і тут прыйшла пандэмія. У адной дзяржаве яе не было, а ў іншай — была напоўніцу. Усё пазачынялася, надышоў зімовы сон ажно да жніўня 2020-а. Перад выбарамі я яшчэ паспеў з’ездзіць у Беларусь, паглядзець на надпісы 3% на пад’ездзе ў Мінск. Тое, што было пасля мяне, моцна ўразіла, бо думаў, што выйдзе пару тысяч чалавек, іх разгоняць дубінкамі — і ўсё. Адбылося па-іншаму.
2 кастрычніка 2020-а ў нас прайшоў другі ў Польшчы канцэрт салідарнасці з беларускай рэвалюцыяй, а першы быў у Варшаве. Выступілі «Дзецюкі», Лявон Вольскі, NAVIBAND і іншыя. Гэта была першая акцыя фонду, першы вопыт супрацы з іншымі структурамі. Далей мы запускалі гістарычныя ролікі з Алегам Латышонкам. Рабілі анлайн-канцэрт на Дзень Волі 2021-а ў Лялечным тэатры, які стаў нашым сталым партнёрам.
У красавіку 2021, калі ў Польшчы стартаваў перапіс насельніцтва, мы прыдумалі акцыю «Я — беларус!». Усё проста: мы запрашалі беларусаў Падляшша, грамадзянаў Польшчы, якіх запісвалі ў ролікі, дзе тыя казалі, хто яны і чаму запішуцца беларусамі. Прынамсі, пададуць беларускую нацыянальнасць як дадатковую, бо ў перапісе была такая опцыя.
«Паляк, летувіс, татарын, яўрэй… — таксама тутэйшыя»
— Ці нехта адмаўляўся пісацца беларусам?
— Было і такое. Працэс паланізацыі, жадання належыць да тытульнай нацыі, працуе ў кожнай дзяржаве. Беларусам часта цяжка прызнацца ў сваёй беларускасці, жывучы ў польскім серадовішчы. Асабліва, калі за спіной маеш Рэспубліку Беларусь з «класным» Лукашэнкам, табе цяжка адчуваць сувязь, не хочацца сябе з усім гэтым атаясамляць. Таму я не здзіўляўся.
Тым больш, быў такі «ключык» — сказаць «я тутэйшы». Цікава, што ў перапісах 1920-х на Заходнім Палессі людзі пазначалі сябе беларусамі, але ўжо ў 30-х — тутэйшымі. Тагачасная польская ўлада хацела паказаць, што ніякіх беларусаў там няма, а ёсць «іншыя рускія» пад маркай «тутэйшых». З гэтай катэгорыі і апісаны Купалам «тутэйшы» — чалавек-флюгер, які мяняе нацыянальнасць па абставінах.
У маім разуменні ідэнтычнасць — гэта не шклянка, якая запаўняецца на поўны аб’ём нейкім рэчывам. Ідэнтычнасць — гэта колы, кругі. Я магу быць адначасова і палякам, і беларусам. Адно аднаму не перашкаджвае.
— «Тутэйшы» — ганебнае слова?
— Тут не пра ганебнасць, але пра хованку, у якасці якой людзі выкарыстоўваюць гэтае слова. Кожны жыхар Падляшша «тутэйшы»: паляк, летувіс, татарын, яўрэй… Чаму так сябе называюць адно беларусы? Існавала моцнае перакананне, што беларуская мова — «вясковая», таму, калі едзеш у горад, трэба гаварыць толькі па-польску і ставаць палякам. Але чаму тыя ж татары, нават гаворачы па-польску ці «па-свойму» на вёсках, не забываюцца пра сваю нацыю? Гэтае пытанне варта было б сабе задаць і мясцовым беларусам.
— Часам можна пачуць, маўляў, як можна быць народжаным у Польшчы беларусам? Толькі палякам! Не?
— Звычайная асіміляцыя, паводле якой у Польшчы маюць жыць адно палякі, ва Украіне — толькі украінцы, стварае культурна бедныя нацыі і дзяржавы. Як беларус, напрыклад, я шмат магу зрабіць для Польшчы, для паляпшэння жыцця тут. Польшчу я лічу сваёй айчынай, не кажу, што Падляшша трэба «адрэзаць» і далучыць да Беларусі. Межы падзяляюць культуры і нацыі, але культуры і нацыі даюць з гэтым рады.
Калі нехта здзіўляецца, як можна быць беларусам у Польшчы, калі твае карані спрадвеку тут, то спытайцеся, як можна быць палякам у Гродне? Тое самае. Таму галоўная задача фонду — тлумачыць, што грамадзянства і нацыянальнасць — розныя справы. І не супярэчаць адно аднаму. Гэта часткі ўнутранай тоеснасці чалавека.
«Тутака» — 2022. Што? Дзе? Калі?
— Давай пра бліжэйшы фэст «Тутака»: чаго чакаць гасцям?
— Будзе рок, як некалі на «Басовішчы», але не толькі. Таксама этна-электронная музыка, поп, індзі. Увесь час шукаю класны джаз-бэнд — калі ведаеце, то давайце кантакты! З Грузіі прыедзе Shuma, акурат этна-электроніка. Будзе J:mors. Спадзяюся, будзе «Вольны хор». На асобнай пляцоўцы будуць этна-гурты разам з ды-джэем. Яшчэ Вайцюшкевіч і WZ Orkiestra з прэзентацыяй новага альбома.
Фэст адбудзецца 15—16 ліпеня на паляне Барык ля мястэчка Гарадок. Тое ж месца, дзе раней праходзіла «Басовішча». Гэта 30 кіламетраў ад Беластока і 20 кіламетраў ад беларуска-польскай мяжы, кірунак Баброўнікаў. Пакуль не ўсё яшчэ можам сказаць, захаваем інтрыгу.
— Які кошт?
— Фэст дармовы — зусім! Будзе падрыхтаванае поле для намётаў: там трэба будзе заплаціць за квіток. Лепш наяўныя, з варыянтамі аплаты карткай вырашаем пытанне. Набыць можна будзе на месцы. Яшчэ пакіньце грошы на цішотку, піва, ежу. Бярыце намёты, коцы і карыматы. Прыехаць можна на аўто, аўтобусе ці аўтаспынам — добрая традыцыя «Басоў». Прыхапіце спрэй ад камароў, але… тут такая справа. Мы граем гучна, таму камары ў нас не лётаюць.
— Гэта жарт?
— Не, сур’ёзна. Пакуль граем, на паляне і ля сцэны камароў няма. Не вытрымліваюць. Хіба калі далей адыходзіць…