Пра любоў да Глыбокага і творы, якія дораць святло ў самыя цёмныя дні, падзяліўся Кастусь Шыталь.
Таршэр — гэта прастора, дзе пад утульным святлом лямпы — тыя творы, ад якіх дыханне перахапіла, розум узляцеў на новую вышыню, а іх адбітак назаўсёды застаўся ў сэрцы. Мы запрашаем герояў саміх напісаць пра такія творы і пра тое, чаму абралі менавіта іх. У гэтым выпуску мы расказваем пра творы, якія абраў краязнаўца з Глыбокага Кастусь Шыталь.
1. Архітэктура: Царква Нараджэння Багародзіцы ў Беразвеччы, Ян Тобія Дыдэрштэйн
Пра біяграфію Яна Тобіі Дыдэрштэйна, як і пра многіх даўніх архітэктараў, мы мала ведаем. У сярэдзіне XVIII стагоддзя ён пачынаў сваю працу з аздаблення дэталяў вежаў, купалоў і алтароў віленскіх святыняў. Гэта была праца на памежжы архітэктуры і скульптуры — пазней гэты досвед дапамог яму стварыць будынкі, якія былі вяршыняй таго стылю, які мы называем віленскім барока.
Якраз царкву ў Беразвеччы (былы кляштар базыльянаў, цяпер у межах горада Глыбокае) і называюць найбольш дасканалым творам віленскага барока. Цвёрды яе мур падаецца пластычным, у ёй няма ні адной простай лініі і ніводнага вострага кута.
У ХХ стагоддзі Беразвечча стала сімвалам пакут. У гэтым месцы нібы сканцэнтравалася ўся трагедыя нашага краю. Савецкія акупанты зрабілі ў царкоўных і кляштарных мурах турму. У чэрвені 1941 года, калі напалі немцы, НКВД расстраляла частку вязняў каля царквы, а частку пагнала пехатой на ўсход, прыстрэльваючы па дарозе слабых. Потым паклалі на зямлю і расстралялі ўсіх недалёка ад мястэчка Ула. Нацысты зрабілі ў Беразвеччы лагер для ваеннапалонных, дзе замарылі голадам і холадам тысячы людзей — прыкладныя падлікі кажуць пра 27 тысяч загінулых. Калі Саветы вярнуліся, то зноў зрабілі турму, а царкву ў 1949-1955 гадах разабралі на цэглу.
Цяпер сама назва «Беразвечча» — гэта такі сімвал, які ўзварушвае многа ўспамінаў і выклікае шмат эмоцый. І многія так гэта ўспрымаюць. У Беластоку ў 90-я гады пабудавалі касцёл Уваскрасення Пана, які з’яўляецца копіяй (зрэшты, не зусім дакладнай) беразвецкай царквы. Гэты касцёл будаваўся як помнік людзям, якія на ўсходзе даўняй Польскай Рэспублікі загінулі ад камуністычнага і нацысцкага рэжымаў. Я як першы раз убачыў гэты касцёл, гэтыя знаёмыя па старых фотаздымках рысы беразвецкай святыні, дык у мяне слёзы навярнуліся на вачах.
Нядаўна я набыў кнігу апавяданняў Эўгеніюша Ластоўскага «Прывіды Беразвечча». Назва проста ўражвае і выклікае многія асацыяцыі. Самі апавяданні, праўда, слабыя, шмат чаго там без патрэбы выдумана і перабольшана. Таксама ў вілейскага мастака Эдуарда Мацюшонка ёсць прыгожая карціна, прысвечаная Беразвеччу. Там выява царквы, абрысы прыгажэннай перагародкі іканастаса, і паўпразрыстыя постаці, нібы прывіды, якія выходзяць па дарозе з гэтых муроў.
А Зьміцер Дашкевіч, седзячы ў 2011-2012 гадах у беразвецкай турме, напісаў выдатную, прасякнутую хрысціянскімі матывамі аповесць «Чарвяк». Так што Беразвечча, хоць там царква і разбураная, але засталося і ў памяці людзей, і ў розных мастацкіх творах.
2. Паэзія: «Dzwon» і іншыя вершы пра Глыбокае, Антоні Круман
Антоні Круман — забыты паэт з ХІХ стагоддзя, які нарадзіўся ў 1816 годзе, памёр у 1891. Паходзіў з Дзісненскага павета, значную частку жыцця пражыў у Вілейцы.
Daleko — tam,
W młodości mej krainie,
Mieścinę znam, —
Jest klasztor w tej mieścinie
Sięgają chmur
Wźniosłe kościelne wieże,
Otoczył mur
Swiątynie i ją strzeże
Ze wszystkich stron
Niby twierdzę warowną,
A wielki dzwon
Brzmi muzyką cudowną.
Гэта ён — лёгка пазнаць — піша пра касцёл кармэлітаў босых у Глыбокім, які царскія ўлады забралі ў 1864 годзе і ў 1878 перарабілі на царкву. Той касцёл таксама належыць да выдатных помнікаў віленскага барока, яго вежы, на якія цяпер ахвотна падымаюцца турысты, каб паглядзець з вышыні на Глыбокае, збудаваў віленскі архітэктар Абрагам Вюрцнэр.
Круман у сваім вершы згадвае пра страчанае мінулае, калі гэты касцёл быў яшчэ ў руках каталікоў, калі быў на вяршыні сваёй прыгажосці. Калі падумаць, колькі там страчана ў той святыні — там былі пятнаццаць алтароў, усе выразаныя з дрэва, упрыгожаныя скульптурамі, барочнымі абразамі. Сам касцёл быў распісаны фрэскамі, на вежах стаялі барочныя вазы, і скульптуры рэфарматараў кармэліцкага ордэна — святога Яна ад Крыжа і святой Тэрэзы Авільскай былі на фасадзе… У кляштары была бібліятэка на 2600 тамоў, калекцыя гравюр, фізічны кабінет з рознымі прыборамі, калекцыя мінералаў.
Круман бачыў кармеліцкі касцёл у гады ягонай найбольшай велічы, калі яшчэ нічога не прадвяшчала тых стратаў, якія прынясуць краю рэпрэсіі пасля разгрому студзеньскага паўстання. У першым зборніку Крумана Piewiec z nade Dźwiny ён апісвае тое Глыбокае.
Ha! Ot już z pozagóry błysnęła wieżyca,
Ot już i miasto widać w dymie jak spalone:
Rozkoszny widok! zdala przez brozki zielone
Widzisz jak lsni z kościoła Korsaków kotwica.
Korsaków kotwica — гэта герб рода Корсак, адзін з прадстаўнікоў якога, Язэп Корсак, фундаваў тры хрысціянскія святыні ў Глыбокім.
Я не бачыў таго Глыбокага, якое бачыў Круман, але для мяне Глыбокае таксама прасякнутае ўспамінамі, уражаннямі, і шматлікімі памяткамі нашай гісторыі, якія я шукаў, бачыў, якія паказваў і пра якія расказваў іншым. У цяперашніх абставінах даводзіцца расказваць пра іх дыстанцыйна.
3. Фатаграфіі, Ян Булгак
Яна Булгака, які нарадзіўся ў Асташыне каля Наваградка, называюць стваральнікам польскай фатаграфіі. Ён не толькі здымаў, але і засноўваў фотаклубы, выдаваў часопісы, пісаў артыкулы аб тэорыі фатаграфіі, выкладаў фатаграфію на кафедры ўніверсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні.
Булгак геніяльна мог адлюстраваць на фотаздымках святло і цень, неба і зямлю, аблокі і ваду. У яго шмат здымкаў архітэктуры, найперш з Вільні, дзе ён правёў большую частку жыцця і мог зафіксаваць, як святло грае на мурах барочных святыняў. Ён моцна любіў наш край і добра разумеў яго прыгажосць. У серыі брашур пад назвай Wędrówki fotografa Булгак раскрывае сваё візуальнае ўспрыманне прасторы Вялікага Княства, дзе чалавечая дзейнасць яшчэ не змяніла незваротна выгляд краю, дзе вынікі людской працы ствараюць гарманічную частку краявіду.
«Наш краявід, як і ўвесь літоўскі краявід у даўнім разуменні гэтага слова, ад Дзвіны і Бярэзіны да Віліі і Нёмана, да Ковеншчыны, Гарадзеншчыны і Сувальшчыны немагчыма аддзяліць ад незлічоных двароў, якія рассыпаныя зялёнымі асяродкамі па ўсёй паверхні краю. Ужо здалёку сілуэт двара мае ўласныя рысы ў кшталце і лініях, непадобныя да ляснога масіву. Дрэвы могуць быць тут і там тыя самыя, але размяшчэнне расліннай масы будзе іншае, і вока мясцовага жыхара заўважыць гэтую розніцу з адлегласці некалькіх кіламетраў».
Мне блізкі ягоны погляд на наш край. Для мяне Радзіма, па якой сумую – гэта тыя ж аскепкі Вялікага Княства Літоўскага — тое ж неба над пагоркамі, тыя ж ліпавыя прысады фальваркаў, тыя ж белыя муры барочных касцёлаў, прыдарожныя крыжы. Булгак — паляк, я — беларус, але мы з адной зямлі, і я моцна захапляюся эстэтыкай роднай зямлі.
Дарэчы, Булгак ненавідзеў слова «Крэсы». «Гэтая назва шалёна нелагічная і магла нарадзіцца толькі ў цесным мяшчанскім інтэлекце, абмежаванымі рысамі Варшавы» — пісаў ён.
4. Рэпартажы, Юзаф Мацкевіч
Ці можна лічыць мастацтвам газетны рэпартаж? Думаю, што ў некаторых выпадках — можна. Рэпарцёр віленскай кансерватыўнай газеты Słowo у 20-я—30-я гады аб’ехаў усю прастору, якую палякі называлі «паўночна-ўсходнімі крэсамі», а мы — Заходняй Беларуссю.
Ён геніяльна валодаў словам. Мацкевіч у адным абзацы здолеў пераплятаць дэталі краявіду, надвор’я, настрою з апісаннем геаграфічных, камунікацыйных, сацыяльных, палітычных рэалій.
«На разгалінаваных дарогах чыгунак, калісьці далёкіх шляхах, а цяпер іх абрыўках, абрэзаных па савецкай мяжы, ляжыць на ўсход ад Вільні мястэчка Маладзечна. Шырокае поле чыгуначных пуцей, на іх рэйкі, паміж рэйкамі вясновая трава і паміж адыходам цягнікоў Вільня—Аляхновічы і Маладзечна—Ліда пануе ціша і спакой. Ад вакзала да мястэчка — кіламетр бруку. У мястэчку — рынак, царква, кашары. Далей — край раўнінны і праваслаўны, бедны, заараны ад світанку да захаду для кавалка хлеба, керасіны, солі і выплаты падаткаў», — пачынае ён рэпартаж, прысвечаны свавольствам і злоўжыванням маладзечанскага бурмістра Тадэвуша Рыльскага, якога гарадская рада выбрала на гэтую пасаду пад ціскам ваяводскіх уладаў з Вільні.
Яго тэксты выклікаюць цэлы спектр эмоцый, асацыяцый, успамінаў. Калі яшчэ маеш у галаве выявы гэтага краю, бачаныя на старых здымках — то нібы акунаешся ў тую атмасферу.
Юзаф Мацкевіч добра ведаў і разумеў наш край. Ён паходзіў з нашага краю, быў «грамадзянінам Вялікага Княства». Ён пачынаў прыгожа, але ў наступным абзацы скіроўваў сваё пяро супраць балючых праблем нашай зямлі. Супраць чыноўнікаў, якія выдавалі дурныя бюракратычныя рашэнні, якія шкодзілі краю і людзям, хавалі пад гучнымі лозунгамі пра «дзяржаўна-стваральную дзейнасць». Мацкевічавы рэпартажы былі скандальнымі, але часам прыносілі вынік. Гэтак было са справай возера Нарач, дзе ў сярэдзіне 30-х гадоў польскія бюракраты пазбавілі сялян магчымасці лавіць рыбу, але ўрэшце былі вымушаныя адступіць.
У 1937 годзе Мацкевіч выдаў зборнік рэпартажаў пад назвай Bunt rojstów. За рэзкую прадмову да кнігі ўлады сканфіскавалі яе — прыйшлося рабіць другое выданне. А пасля ІІ Сусветнай вайны прысвяціў сябе пісьменніцкай працы. Ягоныя гістарычныя аповесці Lewa wolna, Droga donikąd, Nie trzeba głośno mówić паказваюць з розных бакоў складаныя падзеі ХХ стагоддзя ў нашым краі. Гэтыя творы маюць выразны антыкамуністычны, антытаталітарны змест.
Сойм Польшчы абвясціў Юзафа Мацкевіча адной з асоб 2022 года. Сёлета спаўняецца 120 год з дня яго нараджэння.
5. Rozbite oddziały, Яцэк Качмарскі
Качмарскага называюць бардам «Салідарнасці». Ён спяваў пра Польшчу і яе змаганне за свабоду. Гэта ён напісаў славутыя «Муры». Таму не дзіва, што з 2020 года мой плэйліст складаецца ў асноўным з Качмарскага, бо многія яго радкі і цяпер кранаюць за жывое.
Мне падабаюцца гістарычныя балады Качмарскага. Ballada wrześniowa, Jałta, Katyń — якія нагадваюць пра трагедыі, якія крануліся і палякаў, і беларусаў.
Калі ў ліпені 2021 года я хаваўся ад зачысткі, і толькі чытаў навіны пра чарговыя арышты, часта пераслухоўваў кампазіцыю Młody las.
Цяпер майму настрою найбольш адпавядае альбом Качмарскага Kosmopolak. Ён складаецца пераважна з песняў, напісаных у другой палове 80-х гадоў, калі ўжо прайшло шмат часу з моманту разгрому «Салідарнасці» і не было відаць добрых перспектываў для Польшчы. Качмарскі шчыра выказваў гэтае расчараванне і смутак. Бард тады яшчэ не ведаў, што неўзабаве будзе «круглы стол» і камуністы страцяць уладу.
Найчасцей я стаўлю на паўтор Roźbite oddziały. Гэта песня пра ветэранаў польскіх паўстанняў, якія пасля паразаў былі вымушаны туляцца па чужыне і шукаць магчымасці вяртацца вызваляць Айчыну. Ёсць штосьці падобнае паміж іх лёсам і лёсам шматлікіх беларусаў, якія цяпер вымушаны туляцца па-за межамі Беларусі.
6. Гімн Te Deum
Рэальнасць не абмяжоўваецца матэрыяльным светам, а жыццё не заканчваецца смерцю. Ёсць рэчы, больш высокія, моцныя і трывалыя за ўсе рэчы і за ўсё падзеі, і за ўсю прыгажосць гэтага свету. З усведамлення Божага дзеяння ў гісторыі чалавецтва паўстала еўрапейская цывілізацыя, еўрапейскае мастацтва, усе нашыя пошукі праўды, усе канцэпцыі дэмакратыі і правоў чалавека.
З хрысціянскіх твораў найглыбейшае ўражанне на мяне стварае гімн Te Deum laudamus («Цябе, Бога, праслаўляем»), твор невядомага аўтара IV стагоддзя. Яго спяваюць на набажэнствах у самыя ўрачыстыя моманты. Шмат разоў я яго чуў і спяваў разам з усімі ў касцёлах Параф’янава, Глыбокага, Мінска. Там спявалі ў беларускім перакладзе. А апошні раз давялося чуць і спяваць яго па-польску, падчас велікоднага набажэнства тут, у Беластоку.
Каб жа выбавіць свет цэлы
Праз свае святыя раны,
Сын Айца спрадвечны, цела
Ты прыняў ва ўлонні Панны.
Зруйнаваў Ты брамы смерці,
На крыжы ёй вырваў джала,
Каб для ўсіх, хто ў Цябе верыць,
Радасць вечная заззяла.
Праваруч Айца, у славе
Трон Твой, Збаўца наш адзіны,
Прыйдзеш зноў адтуль у яве,
Каб судзіць людскія чыны.
Грэшным Ты не дай загінуць, —
Будзь нам Збаўцам, не Суддзёю
I абмый нас ад правінаў
Дарагой сваёй крывёю.
Te Deum звычайна спяваюць пасля ўрачыстых працэсій. Сёлета 29 мая ў маёй стужцы ў фэйсбуку часта мільгалі здымкі з працэсіі на свята Божага Цела ў Мінску. Упершыню за доўгі час па цэнтральным праспекце Мінска, які ўлады пазавешвалі чырвона-зялёнымі сцягамі, прайшлі шэсцем людзі, якія славілі не бальшавікоў, не Лукашэнку — а Ісуса Хрыста, Бога, Які стаў чалавекам, каб памерці на крыжы і гэтак вызваліць чалавека ад яго граху.
Магчымасць прайсці па цэнтры горада была такая прывабная, што пайшлі не толькі каталікі.
Недзе напрыканцы той працэсіі мусіў прагучаць і Te Deum.