Лета, спёка, паўсюль у крамах зніжкі на купальнікі і пляжныя тапкі з прывабнымі карцінкамі шчаслівых людзей у вадзе. Чаму я выбрала менавіта басейн, а не возера? Найперш таму, што амаль кожны дзень праязджаю побач і заўважаю гэтую даўгую яскрава-жоўтую трубу-горку ў басейне «ля Юравецкай». Ну а потым — лета ж, і ўсе вакол размаўляюць пра азёры, якія я не дужа люблю. А басейн — гэта ўніверсальная тэма, актуальная і даступная амаль круглы год.
Басейн у цэнтры Беластока
Вада для кагосьці — тэма пра энэргію, для іншых — пра адсутнасць ванны ў здымнай кватэры, яшчэ для кагось — пра спакой ці спорт. Дзясятак варыянтаў, можна выбіраць на любы густ і колер. Мне — проста цікава.
На картах Google кропкі па запыце «basen» ёсць па ўсім горадзе. Я выбрала для знаёмства самы блізкі да мяне — па вуліцы Włókiennicza 4. Вялікімі літарамі на ім напісана BOSIR (абрэвіятура ад назвы арганізацыі — Białostocki Ośrodek Sportu i Rekreacji). На сайце ў апісанні аб’екта пазначана, што ён складаецца з чатырох зон: спартыўнай, адпачынку, рэлаксу і навучальнага бродзіку.
Ну што ж — заходзім. Унутры прасторна і гулка, па цэнтры — вялікая стойка з касай, на шкле якой вісяць розныя паперы з аб’явамі, коштамі і іншай даведачнай інфармацыяй. Тут жа, дарэчы, ёсць шэраг карысных дробязей, якія можна купіць, кшталту акуляраў ці шапак для плавання. З левага боку — кіёск з розным для перакусу (і яшчэ там побач ёсць акварыум!), а з правага — акно гардэроба і месца для пераабування.
Маршрутны ліст
Агулам схема ў гэтым беластоцкім басейне выглядае так: прыходзіш, пераабуваешся ў тапкі, складваеш свой абутак у пакет, аддаеш у акенца гардэроба — атрымліваеш узамен браслет-гадзіннік. Далей гэты браслет даеш на касу разам з аплатай за гадзіну (можна плаціць як наяўнымі, так і картай), атрымліваеш чэк — і ўсё, можна пачынаць прыгоды. Для гэтага трэба абысці касу з левага боку і прыкласці гадзіннік цыферблатам да турнікета. Адлік часу пачынаецца ад моманту першага турнікета і фінальна фіксуецца ўжо па выхадзе. Калі час пратэрмінаваны — турнікет паказвае чырвоны крыжык і піша, што трэба даплаціць. Гэта можна зрабіць адразу ж там, на месцы.
Уваходы падзяляюцца на мужчынскі і жаночы, над дзвярамі — шыльдачкі, чытайце ўважліва! Шлях з лесвіц, блакітнай пліткі і яскравых плакатаў «Асцярожна, слізка!» прыводзіць спачатку да кампактнага лабірынта з шафкамі. Каб адкрыць сваю (твая — гэта тая, нумар якой на гадзінніку), трэба прыкласці яго спачатку да спецыяльнага табло на сцяне — звычайна яно недзе вельмі блізка. Тут трэба пакінуць рэчы і пераапрануцца ў купальны касцюм. Ëсць невялікія кабінкі для пераапранання, каму патрэбна. Пры ўваходзе ў раздзявальню, дарэчы, вісіць напамінак, што шапачкі для купання — па жаданні. Пераапранаемся, бяром ручнік і ідзём далей. Там — душавыя і прыбіральня. Душ — абсалютна па-армейску, проста душоўкі па сцяне зверху, з мікрапалічкай для мыла.
Паўсюль — напаміналкі кшталту «Не забудзь памыцца!», «Абавязкова памый ногі і прадэзынфікуй тапкі» і таму падобнае. Раніцай людзей мала, можна спакойна агледзецца і прывыкнуць. Дарэчы, яшчэ пры ўваходзе ў фае вісіць электроннае табло, на якім адлюстроўваецца колькасць чалавек, якія зараз знаходзяцца ўнутры, і колькасць свабодных месцаў. Раптам гэта камусьці важна.
Хочаш — спорт, хочаш — рэлакс
Пасля ўсіх неабходных маніпуляцый нарэшце ідзём выбіраць, дзе правядзём наступную гадзіну. Першы раз усе гэтыя пераходы, калідорчыкі, лесвіцы трошкі збіваюць з панталыку, але заблукаць там немагчыма (я спрабавала). З распранальні выходзім на ўмоўнае перакрыжаванне з указальнікамі. Ну, як у казцы: направа пойдзеш — басейн знойдзеш, налева пойдзеш — рэлакс знойдзеш. Ага, так, забаўны факт — я не ўмею плаваць. Але мне ж усё цікава, таму найперш ідзём глядзець спартыўную частку.
Спартыўная зона выглядае самай вялікай. Прасторнае памяшканне з трыбунамі (праход да іх звычайна замкнёны), чатыры дарожкі на басейн з рознай глыбінёй (на сайце пазначана, што басейн даўжынёй 25 метраў і глыбінёй ад 1.1 да 3.8 метра), трамплін для скокаў. Тут жа ёсць доўгая лесвіца да той самай яскравай трубы-горкі і невялічкі басейн, у якім завяршаецца «палёт». Я паспрабавала тут джакузі, а ўсе іншыя цікавосткі, кшталту двух саун, кабіны з гідрамасажам і вядро-вадаспад вырашыла адкласці на потым.
Налева ісці даўжэй, але, каб не было сумна, відаць, зрабілі невялічкую выставу з гісторыі басейна — вельмі міла, ёсць старыя фоткі і сучасныя. Такая пляжная галерэя, якую разглядаеш у купальнікавым дрэс-кодзе. Адразу за чарговым турнікетам — маё асабістае суб’ектыўнае «ваў». У параўнанні са светлай і яскравай папярэдняй залай тут пануе лёгкі паўзмрок і цішыня, а на столі над басейнам увогуле мільгае светакаляровая падсветка.
У цэнтры памяшкання рэкрэацыйны басейн — глыбінёй паўтара метра з гейзерам і двума воднымі масажнымі каскадамі. З аднаго боку — джакузі і два бродзікі для дзяцей (адзін заяўлены як з водным парасонам, але пры мне гэтак не працаваў). А з іншага — сауны, гарачыя лежакі і снежная пячора. Сауны чатырох відаў — сухая, паўсухая, інфрачырвоная, паравая. Кожная па-свойму крутая, галоўнае не забываць здымаць тапкі на ўваходзе (пра гэта таксама вісяць напаміналкі). Ëсць душоўкі для кантраснага душа (таксама падпісаныя), якія ўвогуле ідэальныя, калі выйсці пад іх са снежнага гроту — тэмпература ў ім, дарэчы, мінус 15.
Бяспека, час і грошы
Так, абсалютна паўсюль на тэрыторыі, у любой з зон, заўсёды ёсць выратавальнікі і відэакамеры. Гэтаксама там ёсць усялякія спецыяльныя прыстасаванні для тых, хто не ўмее плаваць, але я па іх не звярталася. Таксама невядомай мне зонай застаецца дзіцячы бродзік — туды асобны ўваход. У кожнай залі ёсць гадзіннікі, а таксама спецыяльныя сканеры на сцяне, якія паказваюць, калі прыкласці свой браслет, колькі часу ты ўжо выкарыстаў. Важна помніць, што аплачаная гадзіна заканчваецца не з выхадам з купальнай зоны, а каля касы — то бок трэба неяк закладаць час, каб паспець памыцца пасля басейна і высушыць валасы.
За пратэрмінаваны аднойчы на 20 хвілін час з мяне ўзялі 4,40 zł — па 1,10 zł за кожныя 5 хвілін. Актуальныя расцэнкі лепш за ўсё глядзець на афіцыйным сайце, але зараз у з раніцы ў будні гадзіна вось такой рэлаксацыі каштуе ўсяго 13 злотых (жарт пра кошт сярэдняга капучына па Беластоку). Зноўку ж — усе змены коштаў ці актуальныя графікі працы лепш за ўсё правяраць на сайце басейна.
Слоўнік
На завяршэнне — невялікі слоўнік, які дапаможа арыентавацца ў надпісах і інструкцыях:
plywalnia — басейн;
szatnia (męska / damska) — распранальня (мужчынская / жаночая);
prysznic — душ;
pasek — браслет;
ostrzeżenie — увага;
kapcie — тапкі;
strój kąpielowy — купальнік;
ręcznik — ручнік;
czapka — шапка;
strefa — зона.
***
Агулам у Беластоку ёсць з дзясятак басейнаў, розных па зместу і прызначэнню. Які з іх ваш любімы? Раскажыце ў каментарыях у нашым тэлеграм-канале.