Калі вы самі або вашы дзеці хочуць навучыцца танцаваць, спяваць, выступаць на сцэне і наогул адчуць у сабе сілу паказацца свету такімі, якія ёсць, то гэтае месца якраз для вас. Расказваем, што чакае за дзвярыма крэатыўнай пляцоўкі Беластока.
Стваральніца Pracownia Teatralna Юстына Гадлеўска-Кручкоўска патлумачыла, што гэтае месца з атмасферным інтэр’ерам, які вы не зможаце забыць, раскрывае схаваныя магчымасці. Жанчына працуе ў Драматычным тэатры Аляксандра Венгеркі ў Беластоку. Паралельна займалася адукацыяй дзяцей і моладзі на чужых пляцоўках — ездзіла ў школы, дамы культуры, бібліятэкі і там праводзіла заняткі.
Але калі святкавала 20-годдзе ў прафесіі, калега Павел Жук заўважыў, што варта было б займець уласнае месца, свой дом, дзе праца будзе ісці на ўласных умовах і правілах. Каб можна было праводзіць заняткі так, як хочацца, і змаглі б свабодна працаваць як творцы. Так год таму з’явілася студыя, дзе цяпер працуюць шасцёра выкладчыкаў.
Што знаходзяць у студыі
У тэатральных занятках удзельнічаюць дзеці, моладзь і дарослыя. Каманда бачыць, што заняткі могуць аказаць больш глыбокі ўплыў на жыхароў Беластока і быць карыснымі там, дзе патрэбная дапамога. Не толькі рэчавая, адукацыйная і артыстычная. Для новых жыхароў Беласточчыны, якія прыехалі з Беларусі і Украіны і перажылі на радзіме страшныя рэчы, часам якраз патрэбная не толькі матэрыяльная дапамога, але і духоўная. Бо многія прывезлі з сабой страшныя траўмы. Якраз такі праз творчыя заняткі імігранты могуць атрымаць патрэбную дапамогу. І яшчэ адна перавага — падчас заняткаў прасцей вучыць польскую мову.
— Найважнейшы чалавек у Pracowni, адказны за падрыхтоўку спектакляў і праектаў, гэта якраз наш рэжысёр — выхадзец з Гродна Антон Ільін, — расказвае Юстына. — Антону прасцей падтрымліваць кантакт з людзьмі, якія выехалі з Беларусі з розных прычын. Мы спадзяёмся, што Pracownia стане месцам сустрэч не толькі для людзей розных пакаленняў, але і для міжнародных кантактаў. Гэта адкрытае месца для тых, хто хоча спяваць, танцаваць, дэкламаваць вершы, крэатыўна пісаць кнігі. Ці проста калі вы хочаце завітаць і папіць кавы!
Майстэрня імкнецца супрацоўнічаць з рознымі культурнымі інстытуцыямі — Тэатральнай акадэміяй, акцёрскай школай Яна і Галіны Махульскіх у Варшаве і іншымі ўстановамі.
Запрашаюць тых, каму важна дадаць творчасць у жыццё
Антон Ільін расказаў пра тое, як апынуўся ў Pracowni. Галоўным хобі гродзенца яшчэ ў школе быў тэатр. Так што шукаючы свой жыццёвы шлях, спыніў выбар на тэатры. Бліжэйшай акадэміяй, акрамя мінскай, была беластоцкая. Так як у школе хлопец вучыў польскую мову, ды і да Беластока бліжэй, чым да Мінска, то абраў заходні кірунак. Да таго ж у тэатральнай студыі пры гарадскім доме культуры заняткі вялі акцёры гродзенскага лялечнага тэатра, якія добра адгукаліся пра акадэмію ў Беластоку.
Спрабаваў прайсці на акцёрскі кірунак, але не атрымалася, бо тады яшчэ быў моцны акцэнт. Прапанавалі пайсці на рэжысуру, дзе гэта не было б праблемай. На рэжысуры важней адчувальнасць, інтуіцыя, бачанне і іншыя рэчы. Антон паступіў і скончыў акадэмію.
Пасля вучобы малады чалавек шукаў, дзе прымяніць тое, чаму навучыўся. І знайшоў сябе ў Pracowni. Тут праходзілі рэпетыцыі спектакля «Dziady. Lament Pogranicza», які ставіў рэжысёр Гжэгаш Сускі з драматычнага тэатра. У праекце ўдзельнічала жонка Антона Караліна Мазурэк. З Каралінай Антон пазнаёміўся, калі вучыўся ў акадэміі. Для пары камфортна і зручна працаваць разам і ствараць супольныя рэчы.
Як арганізаваныя заняткі
Дарослыя займаюцца чатыры гадзіны ў выхадны дзень, а дзеці і моладзь наведваюць Pracownia двойчы на тыдзень па дзве гадзіны. Заняткі пачынаюцца са спеваў, танцаў, фізічных практыкаванняў і разагрэву. Першыя паўгода вучылі акцёрскаму майстэрству, імправізацыі, разыгрывалі сцэны.
Другое паўгоддзе працавалі над фінальным спектаклем «Droga prawdziwej miłości nigdy nie jest gładka», які сыгралі ў Kawiarnia «BTL Lalki» і «Nie teatr». Прэм’ера адбылася ў пачатку чэрвеня. Для пастаноўкі ўзялі творы Шэкспіра, Пушкіна і іншых аўтараў і зрабілі кампіляцыю рамантычных тэкстаў. Структуравалі так, каб сцэнарый меў агульную лінію і сэнс. Атрымаўся спектакль з песнямі, танцамі, вершамі, дзе навучэнцы маглі паказаць розныя таленты.
Цяпер у Pracowni займаюцца толькі мясцовыя палякі. Прыходзілі некалькі беларусаў, якія палічылі, што месца стане добрым спосабам вучыць мову ў камунікацыі. Казалі, што прыйдуць на заняткі ў наступным годзе. Першы занятак тут бясплатны, на ім можна пазнаёміцца і пабачыць, ці хацелі б працягваць займацца.
— На Беласточчыну прыехалі шмат творчых людзей, разам з якімі можна ладзіць сумесную дзейнасць, — кажа рэжысёр. — Спадзяёмся, так і атрымаецца. Запрашаем і беларусаў, і ўкраінцаў. Не толькі вучняў, але і творцаў, якія маглі б разам з намі ствараць свае незалежныя праекты.
Ахвотных далучыцца запрашаюць звязацца праз кантакты Pracownia Teatralna.