Калумніст MOST Раман Ганчарэнка — пра наданне экс-кіраўніку праўладнага Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалаю Чаргінцу звання Народнага пісьменніка.
Калі ў старыя добрыя часы Баскаву, Бабкінай ці Кіркораву ўручалі Ордэн Скарыны, адэкватныя людзі лічылі, што вось яно — дно. Зараз Мікалай Чаргінец атрымаў Народнага пісьменніка. Міліцэйскі генерал у адным шэрагу з Брылём і Быкавым. Вы здзіўляецеся? Я — не.
Кажуць, што характэрнай рысай савецкага інтэлігента з’яўляецца здатнасць пры кожным абсурдным рашэнні ўлады ўзносіць дагары рукі са словамі: «Абсурд, кошмар, как так можно?..». Не будзьце савецкімі інтэлігентамі — перастаньце здзіўляцца. Вы здзівіцеся, калі ў Мінску з’явіцца вуліца імя Сясцёр Груздзевых ці Славянскі базар займее імя Саладухі?.. Я — не.
Калі нейкая сістэма «ідзе да поспеху» (дэградуе паскоранымі тэмпамі), то з кожным днём яна стае ўсё больш абсурднай. Пакуль абсурд не стане галоўным прадуктам, які яна стварае. Народным пісьменнікам больш, народным менш — якая розніца? Капейчына ў капілку агульнай бязгусціцы.
Як табе такое, Янка Брыль?
Прызнаюся. Чытаў Чаргінца. Адну кнігу — «Сыновья». Было гэта даўным-даўно ў СІЗА. Тады чытаў не тое, што хацеў, а тое, што было: Хайнлайна, Дастаеўскага, «Геаграфію Сібіры»… Чытанне ў падобных месцах стае не інтэлектуальным працэсам, а фізкультурай для мозгу. Кніга Чаргінца была адзінай, якую я так і не дачытаў.
Трэба прызнаць: Чаргінец — феномен. Той аскепак савецкай рэчаіснасці, які цудам не спарахнеў і працягвае ствараць кантэнт. Наўпрост чалавек умее пісаць (складаць словы ў літары, літары ў сказы) і яму гэта падабаецца. А яшчэ — падабаюцца медалі і званні. І галоўнае — колькасць.
Які ты Народны пісьменнік, калі ў цябе менш за 50 кніг, не лічачы кінасцэнароў і спектакляў? Як табе такое, Янка Брыль? Увесь Брыль змяшчаецца ў пяці тамах на адной палічцы. Увесь Чаргінец змяншаецца, мабыць, толькі ў доме самога Чаргінца. Ну, можа, у Нацыянальнай бібліятэцы. Пакуль яшчэ не імя Чаргінца. Пакуль.
«Склонен к награждению»
Пра Чаргінца ёсць некалькі забаўных легендаў. Пра тое, што ў СПБ БССР яго не прынялі, бо камісія палічыла, што кнігі аўтара «ніякага дачынення да літаратуры не маюць». Ці пра тое, што сам Чаргінец даводзіў, быццам унесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса за дасягненні ў навуцы і культуры. Спойлер — не. Тое самае з прызнаннем Чаргінца «Чалавекам года» нейкім Амерыканскім бібліяграфічным інстытутам… Вы здагадаліся: няма такога інстытуту.
А яшчэ — шмат медалёў і ордэнаў. Пасля трыццаці я збіўся лічыць. Забаўна, што ў тым самым СІЗА, дзе я не дачытаў Чаргінца, са мной сядзеў колішні падпалкоўнік Унутраных войскаў. Ён жартам распавёў, што заўсёды насіў з сабой новенькія ўзнагароды з пустымі пасведчаннямі. Калі адчуваў, што чалавек «склонен к награждению», — адразу выпісваў і ўзнагароджваў.
Па выхадзе, калі пабачымся, той падпалкоўнік абяцаў «узнагародзіць» мяне нейкім крыжам унутраных войскаў з выявай зубра. Мы не пабачыліся. Шкада. Я б папрасіў крыж, пасведчанне з пячаткай, але без прозвішча. Можна было б поштай выслаць Чаргінцу. Магчыма, мяне б прынялі ў іхны саюз пісьменнікаў. Як думаеце?
Пабольш медалёў на выратавальных камізэльках
Вось сур’ёзна. Вам — персанальна — было б лягчэй, каб у 2022-м з рук самі ведаеце каго Някляеў атрымаў Народнага пісьменніка Беларусі? Ці Арлоў узначаліў бы праўладны саюз пісьменнікаў? Каб Марціновіч штампаваў пачкамі вострасюжэтныя міліцэйскія дэтэктывы па-беларуску і ў чытабельнай інтэлектуальнай форме? Не?..
Тады пакіньце Чаргінца ў спакоі. Гэта важны мем эпохі. Няхай у даважку да юбілейнага медалю «90 год Пракуратуры Рэспублікі Беларусь» з’явіцца ў яго і Народны пісьменнік. Хай будуць сёстры Груздзевы, Саладуха, матушка Гаўрыіла і Ігар Марзалюк. Хай усе яны стануць заслужанымі, народнымі, ардэнаноснымі і трошкі святымі.
І няхай ва ўсіх пасажыраў гэтага «Тытаніка» на выратавальнай камізэльцы з’явіцца пабольш медалёў.