Майстар Ілля Андрэеў пабываў у Беластоку на лекцыі клуба Beer&History ды паказаў, як друкавалі гравюры ў XVI-XVII стагоддзях. Кожны ахвочы мог пракруціць аркуш паперы праз вальцы і ўбачыць на выхадзе вядомы ўсім са школы партрэт першадрукара.
Ілля Андрэеў не першы год у тэме гравюр і старадаўніх карт. Гадамі калекцыянер выкупаў арыгінальныя экзэмпляры, пасля пачаў рабіць свае гравюры паводле аўтэнтычнай тэхналогіі. Так з’явілася творчая студыя Imago.by, якая займаецца мастацкімі ды выдавецкімі праектамі. Зараз Ілля жыве і працуе ў Кракаве.
— Чаму Скарына? Даўно думаў ягоны партрэт зрабіць, — кажа Андрэеў. — Здаецца, вобраз страшэнна замылены, усе мы яго бачылі мільён разоў. Але пасля выхаду новых даследаванняў пра Скарыну, яго працу і коды, якія ён схаваў на сваіх выявах, я ўбачыў усё гэта па-новаму. Як рэбус, таямніцу. Скарына неверагодны, яго немагчыма замыліць.
З сабой Андрэеў прывёз металічны станок, фарбу, паперу. Станок — механічны нямецкі паваенны фотаглянцавальнік. Для таго, каб паказаць сам прынцып вырабу гравюр, гэтага хапае. Хоць, у прыватнасці, Андрэеў ствараў друкарскі станок «Цмок» для Старога Замка ў Гродне па ўсіх правілах. Дагэтуль шкадуе, што не паспеў зрабіць падобны для Нясвіжа, у якім упершыню ў Беларусі друкавалі медзярыты — гравюры на медзі.
— Як паўстала гэтая форма для гравюры? З выявы робіцца якасны скан, чысціцца ў графічным рэдактары. Гатовы файл ідзе на лазерны гравер, які выразае форму на драўлянай друкарскай пласціне. Як правіла, друкуем на добрай афортнай паперы. Гэта паводле складу 100% бескіслотная бавоўна. Атрымліваецца выдатны сувенір у натуральную велічыню арыгіналу! — кажа Андрэеў.
Такім самым спосабам пару год таму Андрэеў рабіў копію гравюры XVI стагоддзя Адэльгаўзера-Цюндта з панарамай Гродна, карты ды іншыя сюжэты часоў ВКЛ. Кажа, што дагэтуль да канца не вырашанае пытанне паперы: каманда перабрала агулам каля 100 гатункаў, нават адлівалі самі, але пошук аптымальнага матэрыялу трывае.
— У пэўныя моманты мы нават набліжаліся да якасці XVII-XVIII стагоддзяў, але праблема ў тым, што зараз папера… занадта чыстая. Так-так. У той час для яе выкарыстоўвалі не тое што макулатуру, а розныя анучы, старыя канаты, рыззё. Толькі пад канец XVIII стагоддзя папера стала бялюткай. Таму — шукаем, — тлумачыць Ілля.
Хто кліент студыі Imago.by? Раней гэта былі і прыватныя асобы і нават Міністэрства замежных спраў (асобныя гравюры віселі ў амбасадах Беларусі за мяжой). Зараз, па пераездзе, усё змянілася. Ілля прызнаецца, што сам доўга не мог адказаць сабе на пытанне, ці варта радавацца архіўным знаходкам і займацца культурнымі праектамі, калі побач — рэпрэсіі і вайна.
— Нават зараз, на эміграцыі, заўсёды з’яўляюцца людзі са словамі: «Я хачу!». Таму мы не шукаем кліента — ён сам нас знаходзіць. Раней было больш магчымасцей, краўдфандынгавыя пляцоўкі, папярэднія замовы — як з гадзіннікам паводле малюнку Драздовіча, які выпускаў «Луч». Але не скардзімся, працуем, — дзеліцца думкамі майстар.
Сярод планаў на бліжэйшы час — адкрыццё ўласнага выдавецтва Imago-press. Паводле Іллі Андрэева, для гэтага ўжо гатовыя ўсе дакументы: такі крок дазволіць сумясціць камерцыю і культурніцкі складнік. Такім чынам, у Польшчы зможа з’явіцца яшчэ адно беларускае выдавецтва!