Трасянка, добра гэта ці не, але ўжо з’яўляецца часткай беларускай культуры. На ёй гаворыць даволі шмат людзей, некаторыя нават пішуць вершы і прозу, а таксама спяваюць песні. А яшчэ трасянцы прысвечана нямала навуковых прац — прычым цікавяцца ёй нямецкія даследчыкі.
Расказваем пра так званы «Ольдэнбургскі праект», а таксама тлумачым, наколькі сумесь беларускай і рускай моў жывая зараз, у чым яе карысць для беларусізацыі і чаму не трэба цкаваць «трасянкаязычных».
Не ўсё што падобна да трасянкі, з’яўляецца трасянкай
Перш за ўсё трэба зразумець розніцу паміж трасянкай і беларускімі дыялектамі. Многія людзі ўспрымаюць любую гаворку, адрозную ад літаратурнай мовы, як змяшаную. Але так рабіць няправільна.
Беларуская мова дзеліцца на тры вялікія дыялектныя групы: паўночна-ўсходнюю, паўднёва-заходнюю і сярэднебеларускую. Менавіта апошні дыялект стаў асновай для стварэння сучаснай літаратурнай мовы. Яшчэ ёсць група палескіх гаворак, якія значна адрозніваюцца ад астатніх і маюць шмат украінскіх рыс.
Дыялекты складаюцца з гаворак. Нават дзве суседнія вёскі могуць мець свае адрозненні ў мове. Асабліва гэта пашырана на Палессі, дзе шмат якія населеныя пункты былі ізаляваныя адзін ад аднаго.
Напрыклад, у некаторых гаворках на Гомельшчыне пашырана «оканне», калі гавораць не «дарога», а «дорога». А на паўночным усходзе могуць вымаўляць мяккае «р» — «бярёза», «буряк». Гэтыя і іншыя асаблівасці з’яўляюцца аўтэнтычнымі і не маюць ніякіх адносін да трасянкі.
Тое ж самае датычыцца лексікі. Часта словы, якія гучаць як расійскія, такімі не з’яўляюцца. Напрыклад, ёсць месцы, дзе калодзеж або студню называюць «калодзец». Таксама сярод лексікі беларускіх дыялектаў можна знайсці такія словы, як «кружка», «забор», «кушын», «сумка» і гэтак далей. Прапануем пагартаць «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы».
Іншая справа, калі ў дыялекты пранікаюць русізмы — праз тэлебачанне, газеты, сваякоў і сяброў, якія вярнуліся з горада. Але і гэта не трасянка, а толькі русіфікаваныя дыялекты. Так, нярэдка дыялектная гаворка чалавека можа быць русіфікаваная настолькі, што падобна да трасянкі.
Што такое трасянка
Гісторыя змешвання беларускай і рускай моў пачынаецца яшчэ з далучэння нашых зямель да Расійскай імперыі, але вялікі штуршок гэты працэс атрымаў у 1960-я — 1970-я гады, калі пачалася ўрбанізацыя і сяляне сталі масава пераязджаць у буйныя гарады.
А ў гарадах размаўлялі па-руску. Таму вяскоўцы вымушаны былі пераходзіць на гэтую мову, якую яны чулі хіба што ў школе. Роднаснасць рускай і беларускай прыводзіла да таго, што яны змешваліся ў маўленні сялян. Амаль заўсёды захоўваўся беларускі акцэнт, а вось лексіка напаўнялася русізмамі.
Мабыць, нешта падобнае зараз адчуваюць беларусы, якія толькі прыехалі ў Польшчу і спрабуюць размаўляць на роднаснай польскай мове, і калі чагосьці не ведаюць, то ўстаўляюць беларускія ці рускія словы.
У гэтым і ёсць асноўнае адрозненне трасянкі ад русіфікаваных дыялектаў. Трасянка — гэта калі беларускамоўны чалавек сам імкнецца размаўляць па-руску. Русіфікацыя ж дыялекту адбываецца без жадання носьбіта — рускія словы пранікаюць у маўленне самі па розных прычынах.
Гэтая з’ява не ўнікальная. Свой аналаг трасянкі ёсць ва ўкраінцаў — суржык. Таксама змяшаная мова існуе, напрыклад, на іспана-партугальскім прыграніччы. Гэтая мова называецца партуньёл (Portuñol ці Portunhol). Пры гэтым яе з’яўленне — гэта вынік жадання размаўляць на мове суседзяў, як партугальцаў, так і іспанцаў.
Немцы вывучаюць трасянку
Канешне, трасянку ніхто не вучыць. Немагчыма стварыць зборнік правіл для змяшанай хаатычнай мовы. Яна ўзнікае сама па сабе і для кожнага правілы свае. Але трасянку даследуюць. І што цікава, найбольшы інтарэс да змяшанай беларуска-рускай мовы праяўляюць у Германіі.
Галоўны даследчыцкі цэнтр трасянкі — гэта інстытут славістыкі Ольдэнбургскага ўніверсітэта імя Карла фон Асецкага. Тут працы, прысвечаныя змяшанай беларуска-рускай мове, выдзеленыя ў асобны праект — «Трасянка ў Беларусі — “змяшаная разнавіднасць” як прадукт беларуска-рускага моўнага кантакту» (Die Trasjanka in Weißrussland – eine „Mischvarietät“ als Produkt des weißrussisch-russischen Sprachkontakts).
Праект фінансаваўся з прыватнага фонду VolkswagenStiftung. Нягледзячы на назву, з вядомымі вытворцамі аўтамабіляў ён не звязаны.
З 2006 года пра трасянку было напісана некалькі дзясяткаў навуковых артыкулаў на нямецкай, англійскай, рускай і беларускай мовах. Некаторыя з іх друкаваліся ў Мінску. Таксама былі выдадзеныя манаграфіі і зборныя навуковыя працы.
Адным з вынікаў праекта стаў «Ольдэнбургскі корпус беларуска-рускай змяшанай мовы», які з’явіўся ў 2014 годзе. Ён есць таксама ў анлайн-фармаце. У гэтым зборніку можна прачытаць узоры трасянкі для розных населеных пунктаў — Акцябрскі, Баранавічы, Хоцімск, Мінск, Рагачоў, Шаркаўшчына, Слонім, Смаргонь.
Даследаванні праводзілі розныя навукоўцы. Перш за ўсё, Герд Хентшэль (Gerd Hentschel) — прафесар славянскай філалогіі. У кола яго інтарэсаў уваходзіць таксама польская мова і яе дыялекты і ўплыў на іх нямецкай мовы.
Паглядзець спіс усіх прац «Ольдэнбургскага праекта» можна па спасылцы.
Ад трасянкі да беларускай мовы
Выніковай працай вялікага і грунтоўнага «Ольдэнбурсгскага праетка» стаў артыкул «Адзінаццаць пытанняў і адказаў наконт беларускай “трасянкі”», напісаны ў 2017 годзе. На рускай мове працу прачытаць можна тут.
У ёй даюцца адказы на наступныя пытанні:
- калі ўзнікла трасянка;
- як з’явілася трасянка і як яна засвойваецца;
- ці ёсць трасянка мовай малаадукаваных людзей;
- ці трасянка падобна на піджыны і крэольскія мовы;
- ці трасянка ёсць прыкладам «пераключэння кодаў» і «змяшэння кодаў»;
- ці ёсць у трасянкі правілы і нормы;
- ці можна адрозніць трасянку на беларускай аснове ад трасянкі на рускай аснове;
- ці ёсць трасянка рускім альбо беларускім дыялектам;
- ці ёсць трасянка прыкладам білінгвізму;
- ці трасянка ёсць шляхам ад беларускай мовы да рускай;
- якую ролю трасянка можа адыгрываць у падтрымцы беларускай мовы.
Апошняе пытанне разгледзім больш уважліва. Герд Хентшэль адзначае, што сапраўдныя беларуская дыялекты амаль зніклі, а ролю літаратурнай мовы ў Беларусі адыгрывае руская. Беларуская ж літаратурная мова знаходзіцца пад пагрозай — у стане «захоўвання», але ніяк не «адраджэння».
Нямецкі даследчык адзначае падыход Алега Трусава да пытання адраджэння беларускай мовы. Ён раіць моладзі не саромецца размаўляць на трасянцы і паступова замяняць рускія рысы на беларускія. Такі падыход дазваляе шырокаму колу людзей далучыцца да роднай мовы, паступова робячы сваё маўленне больш літаратурным.
Іншы ж варыянт адраджэння — пурыстычны — не дазваляе гэтага зрабіць, бо патрабуе ад чалавека адразу чыстага вымаўлення, прычым найчасцей не на «наркамаўцы», а на «тарашкевіцы». Гэта выключае з працэсу самыя шырокія колы грамадзян. Пры такім падыходзе беларуская літаратурная мова стане хутчэй «музейным экспанатам», на якім размаўляе «эліта».
Песні і раманы на трасянцы
Трасянка жыве не толькі ў народным маўленні. Яе можна пачуць і ў інфапрасторы. Напрыклад, у 2000-я было папулярным шоу «Саша і Сирожа», а зараз гэтую мову можна пачуць у сатырычных песнях «Красной зелени» (неўзабаве ў Беластоку адбудзецца канцэрт гэтага праекта). Больш сур’ёзная лірыка на трасянцы — у кампазіцыях гурта «Разбітае сэрца пацана».
У 2010-х на трасянцы пісалі тэксты пра грамадскае і палітычнае жыццё ў суполцы «Парція Памяркоўных Цэнтрыстаў». Зараз нешта падобнае спрабуе рабіць тэлеграм-канал «Памяркоўна-Цэнтрысцкі Альянс». Пабачыць шмат мемаў можна ў групе «Агратрэш» (асцярожна, «Вконтакте»). А ў 2018 годзе выйшла першая кніга на трасянцы: «Я прыду за табой у аўгусце».
Трасянка — гэта наша спадчына і частка культуры. Сярод іншага, яна адлюстроўвае гістарычныя працэсы ў нашай краіне. Калісьці трасянка была шляхам ад беларускай да рускай мовы. Маем спадзеў, што неўзабаве яна стане мостам ад рускай да беларускай.