Гераінямі фотавыставы сталі тры беларускі, якія зараз у вымушанай эміграцыі і праходзяць лячэнне ад раку малочнай залозы. Гэта Каця Пытлева, Каця Ваданосава і Лена. Афіцыйнае адкрыццё прайшло 12 лістапада ў MediaPortBelarus у Беластоку.
Асабістыя гісторыі жыцця з ракам падрыхтавала рэдактарка Hrodna.life Ірына Новік. Разам з псіхолгам Вольгай Вялічкай яны прыехалі на адкрыццё выставы.
Рак грудзей — захворванне ў наш час нярэдкае. На яго пакутуюць каля 10% жанчын ва ўсім свеце. Перажываць анкалагічныя захворванні цяжка ўсім. Але гісторыі трох беларусак — Каці Ваданосавай, Каці Пытлевай і Лены, пра якіх расказвае праект, асабліва вострыя. Гэтыя дзяўчаты, як і многія беларусы і беларускі, сутыкнуліся з хваробай у вельмі няпросты перыяд свайго жыцця — у эміграцыі.
Яны пазбаўлены звыклай медыцынскай падтрымкі, яны ў чужых краінах, яны ў нязвыклых абставінах, у высокім стрэсе. Але іх гісторыі пражывання раку — не пра фатальнасць і безнадзейнасць. Праект «Пра рак. Гісторыі беларусак» гэта спроба паказаць анкалагічнае захворванне праз асабісты досвед гераінь. Праз тое, як дзяўчаты прынялі сваю хваробу і суіснуюць з ёй падчас лячэння. Праз тое, што з дыягназам «рак» жыццё працягваецца.
Выстава працягнецца да канца лістапада ў MediaPortBelarus у Беластоку (Sienkiewicza 44, Białystok).