Польская нацыянальная меншасць у Беларусі знаходзіцца пад татальным пераследам, пра гэта распавёў «Радыё Рацыі» журналіст і сябра Саюза палякаў Беларусі Ян Роман. За кратамі ў Беларусі больш за паўтара года знаходзяцца лідары Саюза палякаў, а ў лістападзе 2022 года пачаліся чарговыя ператрусы і допыты ў актывістаў і сябраў арганізацыі.
Пераслед Борыс і Пачобута
Польшча, як і іншыя краіны Еўропы, не прызнала вынікаў выбараў 2020 года. Краіна традыцыйна падтрымлівае беларускую грамадзянскую супольнасць ды тых апанентаў рэжыму, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь.
У адказ на гэта цягам апошніх двух гадоў пачаўся ўзмоцнены ціск на польскую меншасць у Беларусі. Былі затрыманыя лідары Саюза палякаў Анжаліка Борыс і Анджэй Пачобут, а таксама чальцы ў рэгіёнах. Але іх пасля вызвалілі і вывезлі з Беларусі.
— Калі казаць пра пераслед польскай меншасці, то варта прыгадаць сабе, што пачынаючы з 2005 года арганізацыя (рэд. — Саюз палякаў) дзейнічае па-за прававым полем Беларусі. Яна не прызнаецца ўладамі Беларусі і не мае афіцыйнай рэгістрацыі. Нягледзячы на ўсе цяжкасці на працягу столькіх гадоў, арганізацыя дзейнічала і выконвала свае функцыі. Гэта ўсё абвастрылася. У сакавіку 2021 года былі арыштаваныя Анжаліка Борыс і Анджэй Пачобут. Увесь гэты час пераследуюць тых, хто застаўся там і актыўна дзейнічае. Пэўная колькасць людзей выехала ў сувязі з пераследам, але прадстаўнікі польскай меншасці, якія там засталіся, увесь час дзейнічалі, арганізоўвалі навучанне польскай мовы, даглядалі могілкі, спрабавалі ў меру магчымасці развіваць польскую культуру, захоўваць польскія традыцыі.
— Тое, што здарылася некалькі тыдняў таму ўжо сведчыць пра чарговае абвастрэнне сітуацыі, пераслед прадстаўнікоў польскай меншасці і перадусім кіраўніцтва, як арганізацыі, так і такіх арганізацый на месцы.
Новая хваля пераследу палякаў у Беларусі
У лістападзе 2022 была распачата новая крымінальная справа за дзейнасць арганізацыі «Klerigata» на базе якой працаваў аддзел Саюза палякаў у Беларусі на чале з Анжалікай Барыс. Ператрусы прайшлі ў прадстаўнікоў польскіх меншасцяў за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
— На дадзены момант усе знаходзяцца на свабодзе, некаторыя людзі маюць напэўна падпіску пра неразгалошванне, бо на сайце пракуратуры была інфармацыя, што была ўзбуджана крымінальная справа супраць лідараў арганізацый, якія засталіся, за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі — гэта да двух гадоў пазбаўлення волі.
— Тое, што ў людзей канфіскаваная тэхніка, якая была дома, канфіскаваныя тэлефоны, наколькі я разумею, цяпер органы следства даследуюць гэтую тэхніку. Колькі будзе гэтых спраў на сённяшні дзень невядома, асабліва калі ўлічыць тое, што па маёй інфармацыі ў рэгіёнах таксама праходзяць ператрусы, затрыманні людзей, актывістаў Саюза палякаў на Беларусі.
У верасні 2022 беларускія ўлады ліквідавалі ў Гродне «Польскую Мацеж Школьну» — адну з найстарэйшых польскіх арганізацый Беларусі. А ў лістападзе сілавікі правялі ператрусы, а таксама канфіскавалі тэхніку і літаратуру ў памяшканні СПБ.
— З таго, што ведаю, канфіскавана ўсё. Канфіскавана не толькі тэхніка, якой карысталіся, таксама канфіскавана вялікая польская бібліятэка ў польскай школе, якая дзейнічала пры Саюзе палякаў. Наколькі вядома канфіскацыя цягнулася больш за дзесяць гадзін, вывозілі гэтыя кнігі. На сённяшні дзень дзейнасць школы знаходзіцца пад вялікім пытаннем. Гэта больш за тысячу дзяцей, якія вучылі польскую мову. На сённяшні дзень яны па вялікім рахунку пазбаўленыя нармальных умоў, тых умоў, якія гарантуе ў тым ліку і Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь — умоў навучанне роднай мовы.