У Беларусі за захоўванне нават зусім маленькай колькасці марыхуаны пагражае да пяці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Польшча ж, наадварот, ідзе па шляху легалізацыі «траўкі» — практычна любы чалавек, можа яе купіць па рэцэпце ў аптэцы. А ў спецыяльных крамах свабодна прадаецца КБД — марыхуана з нізкім утрыманнем псіхатропнага рэчыва тэтрагідраканабінол (ТГН).
MOST ананімна пагаварыў з беларусам, які жыве ў Польшчы і ўжывае як звычайную «траўку», так і КБД. Ён расказаў, як першы раз паспрабаваў марыхуану, чаму польскі псіхіятр параіў яму зноў пачаць курыць, як дзейнічае КБД, і чаму патрэбная легалізацыя.
За «касяком» у аптэку
Першы крок да легалізацыі «траўкі» Польшча зрабіла ў 2017 годзе. Тады цалкам законнай стала медыцынская марыхуана. Яе можна купіць у аптэках па рэцэптах, якія выпісаў доктар. Разлічваць на «касячок» можна пры самых розных захворваннях, у тым ліку пры бяссонніцы, мігрэні, дэпрэсіі, астме, глаўкоме.
Аляксей [так сябе папрасіў называць сам суразмоўца — рэд. MOST] першы раз паспрабаваў марыхуану яшчэ ў Беларусі. Гэта адбылося на вечарынцы, дзе святкавалі дзень нараджэння сябра.
— Туды прыйшоў чэл з травой, і я паспрабаваў яе. Але тады мне не зайшло. Скажам так, той эфект мне не моцна спадабаўся. Калі ты курыш, вельмі важна, у якім стане ты курыш, бо трава ўзмацняе той стан, у якім ты ёсць. Калі табе добра, будзе яшчэ лепш, калі ты трывожышся, то табе будзе яшчэ больш трывожна. Тады я пра гэта не ведаў, таму мне мой першы вопыт не асабліва спадабаўся.
Пасля таго разу Аляксей больш не курыў, хіба што яшчэ адзін раз. Зноў паспрабаваць марыхуану прыйшлося ў Польшчы. Мужчына гаворыць, што не тое, каб яму вельмі падабаўся эфект, але «траўка» добра расслабляе і супакойвае.
— Я зноў пачаў курыць тут, у Польшчы. Раблю гэта рэдка, можа раз на месяц ці на два. Мне парэкамендаваў гэта мой псіхіятр. У мяне пачаліся пэўныя праблемы, звязаныя з пераездам, дэпрэсіяй і гэтак далей. Доктар сказаў, што для майго стану тут выпісваюць траву. Рэцэпта я тады прасіць не стаў, а купіў нелегальна, праз знаёмых.
Хоць Аляксей і не з’яўляецца рэгулярным спажыўцом марыхуаны, ставіцца ён да яе добра. Ён лічыць, што «траўка» нашмат менш шкодная за алкаголь і, нават, за цыгарэты. Таксама па яго словах канабіс не выклікае прывыкання.
— Але ёсць іншыя шкодная штука: некаторыя «неакрэпшые умы» могуць захацець паспрабаваць больш моцныя рэчывы, каб даведацца, якія ад іх бываюць «прыходы». Такіх не шмат, але рызыка ёсць, канешне. Асабіста ў мяне ніколі такіх эксперыментаў не было, і дакладна не будзе, бо я адмоўна стаўлюся да наркотыкаў. Марыхуана ж шмат у які краінах легалізаваная.
КБД: «беспантовая трава», каб раслабіцца
У кожным больш-менш буйным горадзе Польшчы можна сустрэць крамы с каноплямі на вітрынах і шыльдах. У іх прадаецца «траўка» с нізкім утрыманнем тэтрагідраканабінола (ТГН), які і адказвае за тое самае ўздзеянне на свядомасць. Калі ў медыцынскай і «вулічнай» марыхуане гэтага рэчыва — да 30 %, то ў гэтай — усяго 0,3 %.
Але замест яго ўтрымліваецца іншае псіхаактыўнае рэчыва — канабідыёл (КБД). Зараз праводзяцца даследаванні, і некаторыя з іх паказваюць, што КБД можа дапамагаць пры лячэнні, у тым ліку запаляльных працэсаў, тытунёвай залежнасці, неўралагічных захворванняў, эпілепсіі.
— Асабіста мне пасля КБД вельмі добра спіцца. Ён мяне расслабляе, здымае заціскі, супакойвае, трывожнасць сыходзіць. Ёсць адчуванне салодкай стомленасці, калі ты добра папрацаваў і зараз табе нічога не трэба рабіць, няма ніякіх спраў, можна расслабіцца, пачыліць. Свой першы грам я купіў недзе паўгады таму, і нядаўна ён скончыўся. Куру я нячаста: недзе два разы на тыдзень.
У Аляксея таксама ёсць спрэй з КБД, але ён яму не падабаецца, бо мужчына любіць менавіта рытуал удыхання і выдыхання дыму. Наогул жа канабідыёл прадаецца ў розных формах. Акрамя сушанай травы, гатовых «касякоў» і спрэяў, ёсць алей, які трэба дадаваць у малако ці ваду, пячэнне, батончыкі, жэле, жуйкі, семечкі, гарбату. Таксама ёсць канапляныя крэмы для рук альбо ад боляў у мышцах і суставах.
Па назіраннях Аляксея, беларусы Польшчы лічаць КБД «беспантовай травой» і не ўжываюць яго. Сярод знаёмых мужчыны, ёсць толькі пару чалавек, якія могуць пакурыць КБД, але яшчэ радзей чым ён.
— А вось сярод палякаў, як я зразумеў, гэта папулярна. Магчыма для многіх, тут тая ж сітуацыя як і з безалкагольным півам. Людзям трэба рана прачынацца на працу, яшчэ нешта, а пакурыць хочацца. Таму КБД, як выхад.
Ці будзе легалізацыя
Польшча ідзе да легалізацыі, але гэты шлях яшчэ даволі доўгі. У мінулым годзе парламент так і не прыняў закон, які б дазваляў адносіцца да людзей пад уздзеяннем марыхуаны, як і да тых, хто ўжыў алкаголь. Жыхарам Польшчы ўсё яшчэ пагражаюць вялікія турэмныя тэрміны за ўжыванне і захоўванне марыхуаны, калі няма рэцэпта.
Але разам з тым у 2022-м фермеры атрымалі дазвол на вырошчванне канопляў з доляй ТГК больш за 0,3 %. Гэта значыць, што цяпер не трэба завозіць сыравіну для медыцынскай марыхуаны з-за мяжы.
— Я за легалізацыю. Бо гарэлка нашмат больш шкодная — і для таго, хто яе ўжывае, і для грамадства. А так бы людзі сабе спакойненька курнулі і ціхенечка пайшлі б спацькі. Без мардабояў, без скандалаў, — лічыць Аляксей.
Але ён удакладняе, што разам з легалізацыяй патрэбна выхоўваць свядомасць людзей. Бо ўсё трэба спажываць разумна. Нават калі кавы, ці гарбаты вып’еш шмат, будзе дрэнна.
— Чаму ёсць такі інтарэс да травы? Таму што яна забароненая. А ў беларусаў усё што забароненае, успрымаецца, як тое, што насамрэч добрае. Бел-чырвона-белы сцяг забаронены — значыць, гэта добра. «Жыве Беларусь» забаранілі — значыць выйдзем пакрычым, хоць і за мяжой, — падсумоўвае мужчына.
Пакрысе ў свеце легалізуюць марыхуану. Для медыцынскага ўжывання каноплі дазволеныя амаль па ўсёй Паўднёвай Амерыцы, у Аўстраліі, скандынаўскіх краінах, Германіі, Вялікабрытаніі, Італіі, Іспаніі.
Поўны легалайз (з некаторымі абмежаваннямі, само сабой) існуе, напрыклад, у Канадзе, асобных штатах ЗША, Манака, ЮАР, дэ-факта ў Грузіі.