Вітаю, паважаныя чытачы. Я — баец Беларускай Грэнадзёрскай Харугвы (далей — БГХ) з пазыўным «Сонейка». І гэта мой дзённік «Мой шлях дадому».
Мне 21 і я — беларуска.
Восенню 2022 года я падала сваю заяўку ў Полк Кастуся Каліноўскага. Заяўку разглядалі на працягу некалькіх месяцаў, у выніку чаго я даведалася, што набор дзяўчат на дадзены момант прыпынены. Мне сказалі заставацца на сувязі і чакаць.
Пра існаванне Харугвы ведала і раней, але былі думкі, што туды мяне таксама не возьмуць. Потым я наткнулася на артыкул MOST, у якім камандзір Харугвы распавядаў пра іх трэніроўкі, кансалідацыю і вызваленне Беларусі. Таксама знайшла гайд, як далучыцца, і вырашыла, што гэта мой шанец. Так я і апынулася ў шэрагах БГХ.
Узнікае пытанне: «Навошта?».
Калі я пісала ў чат-бот, не задавала сабе пытанняў наконт таго, чаму я гэта раблю і навошта яно мне ўсё патрэбна. Я ведала, што так трэба. Я была ўпэўненая ў тым, што раблю ўсё правільна. З іншага боку, напэўна, у жыцці няма правільных і няправільных адказаў. У кожнага свая сістэма каардынат, кожны сам прымае для сябе рашэнні і бярэ за іх адказнасць. Лічу, што рашэнне можа быць правільным, пакуль яно не перашкаджае іншым. Мой асабісты выбар — толькі мая справа.
У мяне не было пытання: «Навошта?», у мяне была толькі ўпэўненасць у тым, што калі прыйдзе час, я хачу быць адной з першых, хто будзе пракладваць шлях у новую Беларусь. Я хачу стаць на абарону сваёй краіны, хачу вызваляць і абараняць яе ад ворагаў.
Прычына? Таму што проста магу. І хачу.
Я вельмі радая, што зрабіла такі крок менавіта ў той час. Асабіста для мяне, гэта быў вельмі правільны і своечасовы выбар. Вельмі абдуманы і ўсвядомлены. Адзін з самых важных выбараў у маім жыцці. І я ні воднага дня не пашкадавала, што зрабіла яго. І ніколі не буду шкадаваць, па-за залежнасцю ад зыходу. Хто не рызыкуе – той не жыве.
7 сакавіка я напісала ў чат-бот, каб далучыцца да Харугвы. 14 сакавіка я ўжо была рэкрутам у другім навучальным узводзе.
Для таго, каб стаць сябрам Паспалітага Рушэння, трэба было прайсці верыфікацыю: запоўніць анкету з асабістымі дадзенымі. Таксама неабходна было выбраць сабе пазыўны — прапаноў ніякіх не было, кожны вырашае для сябе сам. Наконт пазыўнога я доўга не думала — адразу ведала, што мне патрэбна.
Усё вельмі проста: «Сонейка» — менавіта так называў мяне адзін блізкі і дарагі майму сэрцу чалавек. Шмат станоўчых падзей звязана з тым перыядам майго жыцця. Мой пазыўны — мой талісман.
Для мяне першы занятак у Харугве быў адразу практычным. Я не турбавалася наконт таго, што я зусім непадрыхтаваны чалавек і мне прыйдзецца працаваць плячом да пляча з прафесіяналамі. Я не турбавалася наконт таго, што мне прыйдзецца бегаць па лесе з аўтаматам. Мяне хвалявала толькі думка пра тое, як да мяне будзе ставіцца Харугва і, у першую чаргу, наш камандзір. Бо, што можна чакаць ад 20-гадовай (на той момант) дзяўчыны? Хутчэй за ўсё яна не разумее, што робіць, яна думае, што ўсё гэта нейкая зарніца ці дзіцячы лагер. Я разумею тых, хто так лічыць. Але хачу, каб і мяне таксама разумелі.
Калі словы нічога не значаць, буду даказваць дзеяннямі і ўчынкамі. Буду рабіць усё для таго, каб заваяваць давер і павагу, апраўдаць надзеі і не расчараваць свайго камандзіра. Я буду змагацца нараўне з усімі астатнімі і вельмі не хачу, каб мне рабілі патуранні і літавалі толькі таму, што я дзяўчына.
Усе мае думкі аб тым, што мяне не прымуць так, як я б хацела ў сваёй галаве, былі ілжывымі.
Таму што, я быццам бы знайшла сваю сям’ю. Пагаджуся, гучыць трохі дзіўна і прымітыўна, але я на самой справе адчуваю сябе ў бяспецы побач з гэтымі людзьмі, бяспецы, якой, напэўна, мне не хапала ў маёй сапраўднай сям’і.
Я ніколі не адчувала сябе настолькі камфортна сярод чужых людзей. Я ведаю, што цяпер яны — мае пабрацімы. Я адчуваю іх прысутнасць. І гэта вельмі важна, таму што без даверу і нейкай пэўнай моцнай сувязі нічога не атрымаецца.
Мы — ёсць. Мы — будзем.
Калі я далучылася да Харугвы, я стала лепей адчуваць сябе эмацыянальна. З чым гэта звязана — пытанне. Можа быць з тым, што тыя думкі, якія непакоілі мяне, пакуль я не далучылася, зніклі, як толькі я прайшла верыфікацыю. Можа быць таму, што я знайшла свой сэнс у гэтым.
Калі раней мне было цяжка знайсці той самы агеньчык, які будзе ярка гарэць і весці мяне па жыцці, знайсці тую самую прычыну для таго, каб жыць, то цяпер я выдатна разумею, навошта прачынаюся кожную раніцу. Я адчуваю сябе па-сапраўднаму жывой.
І калі выпадкова я памру заўтра, то будзе мець сэнс усё тое, што было да гэтага заўтра.
Пакуль што я была толькі на трох занятках, але яны былі вельмі прадуктыўнымі для мяне. Я вельмі ўдзячная нашаму камандзіру і ўсім тым, хто на гэтых занятках даваў карысныя парады, вучыў, падказваў у тых месцах, у якіх я не ведала, што трэба рабіць, і проста быў цярплівым.
Больш падрабязна пра мае першыя заняткі ў Беларускай Грэнадзёрскай Харугве я раскажу ў наступных артыкулах.
Так пачынаецца мой шлях дадому.