MOST паразмаўляў з беларускім тэатральным дзеячам, рэжысёрам, былым кіраўніком недзяржаўнага тэатру В. Шэрым, які спрабуе адрадзіць тэатральную справу ў эміграцыі.
Тэатр, дасяжны для звычайных людзей
Апошнія дзесяць гадоў В. Шэры займаўся вулічным і альтэрнатыўным тэатрам. Шэры падкрэслівае, што нюансы ў працы былі, але ў Беларусі атрымлівалася быць у павестцы, на сцэне і пляцоўках.
— Усё не абмяжоўвалася толькі тэатральнай дзейнасцю, таму што, усё ж такі альтэрнатыўны тэатр — гэта яшчэ і шоу, гэта яшчэ могуць быць тэатралізаваныя квэсты. Вось у такой плыні і працавалі. Даволі паспяхова. Зразумела, па беларускіх фармулёўках, гэта быў аматарскі тэатр, таму што, толькі ў мяне, як у кіраўніка, ёсць тэатральная адукацыя, а астатнія акторы, і не толькі акторы, бо ў маленькім тэатры актор павінны быць яшчэ і гукарэжысёрам, і майстрам па святлу, і тэхнічным працаўніком. Ну мы і сумяшчалі ўсе гэтыя абавязкі са сваёй ідэйнасцю, са сваёй творчасцю.
Тэатр В. Шэрага складаўся з розных людзей: гэта былі і дактары, і эканамісты, і тэхнічныя спецыялісты.
— У нас электрык быў, кіроўца, аўтаслесар. Гэта тэатр, які дасяжны для звычайных людзей, калі яны хочуць займаць такім напрамкам мастацтва — калі ласка. Ніякіх абмежаванняў.
«Незалежнае мастацтва ў Беларусі прыхавана»
В. Шэры дадае, што «у Еўропе і наогул у цэлым сусвеце ідзе тэндэнцыя больш глядзець на твае кампетэнцыя практычныя, чым на вось гэтую паперку, што ў цябе ёсць адмысловая адукацыя». Па словах тэатральнага дзеяча, «корачкі» не цікавяць ані гледача, ані менеджараў.
Шэры кажа, што ў Беларусі незалежнае мастацтва ёсць, але яно «максімальна прыхавана».
— Але тым не менш, нават на нейкіх неафіцыйных імпрэзах яно ўсё роўна прасочваецца, яно пралазіць і гэта не аб ідэалогіі, гэта аб сэнсах. Яно заўсёды вышэй за любую пастаўленую рамку, за любую пастаўленую перашкоду. Безумоўна, сэнсы дойдуць да гледача ў любых абставінах.
«Гандаль ахвярнасцю не працуе»
Шэры быў вымушаны з’ехаць з Беларусі, таму што разумеў, што «існуе пагроза зняволення, як ва ўсіх беларусаў, якія зараз у Беларусі». Цяпер ён жыве ў Польшчы, у Беластоку.
— Калі абвешчана, што ў краіне не да законаў, гэта значыць, што кожны можа стаць ахвярай не толькі ў плане адміністрацыйнай адказнасці, але і ў плане крымінальнай адказнасці. Усё залежыць ад жадання тых, хто вось гэтым беззаконнем кіруе. Таму, зразумела, калі я адчуў, што мне небяспечна больш заставацца, з розных чыннікаў, не трэба чакаць, пакуль будуць капаць глыбей. Я проста выратую, скажам так, сваё здароўе і змяню месца жыхарства. Пры тым, што душой, сэрцам і галавой я застаюся там, на радзіме. Таму я лічу, што фактычна я не ў эміграцыі, я ў доўгай камандзіроўцы.
Адной з галоўнай праблем, з якой ён сутыкнуўся, калі з’ехаў з Беларусі, — гэта разрыў сацыяльных сувязяў.
— Калі ты жывеш доўга ў адным месцы, маеш сацыяльныя сувязі неверагоднага маштаба. Калі з’язджаеш, сутыкаешся з тым, што ты ў вакууме, нягледзячы на тое, што шмат знаемых ёсць, сяброў, нават родныя пераехалі некаторыя. Але гэта не той аб’ём стасункаў, які ўсё ж такі ёсць у тваёй краіне, у тваім горадзе, у тваім асяроддзі. І гэта ўсё трэба выбудоўваць наноў.
Таксама, адным з важных пытанняў пры пераедзе ў іншую краіну было пытанне фінансаў.
— Я пераехаў у 2022 годзе і не ў самым пачатку. На гэты момант, з кавідных часоў усе фінансавыя падушкі, калі ты не айцішнік, пад’едзены, і фактычна ты пераязджаеш з мінімальнай сумай на першыя месяцы існавання, калі ты жывеш недзе ў сяброў. Тут, канешне, трэба ўключаць сваю камунікатыўнасць, мазгі і моцна працаваць, каб не сядзець у кагосьці на шыі. Гандаль ахвярнасцю — гэта самае горшае, што можа выбраць для сябе не толькі беларус, але наогул чалавек. Гандаль ахвярнасцю не працуе.
«Для фінансаў працаваў на сметніцы»
Пасля пераезду беларус адразу пачаў працаваць над шэрагам тэкстаў, спектакляў, як рэжысёр і драматург. Таксама адрадзіўся мінімальны тэатральны састаў і адбылося два паказы ў Варшаве адным блокам, двайны паказ у Беластоку і яшчэ два монаспектаклі асобна.
— Мы ідзём да гэтага, каб пашырыць і акторскі склад, і суадносна базу матэрыяльную: рэквізіт, абсталяванне. Тым больш, за той час, пакуль я ў эміграцыі, у творчай камандзіроўцы, ужо выпрацаваліся новыя сацыяльныя сувязі менавіта тут, таму фактычна няма перашкодаў для творчасці. Складана, што яшчэ няма той магчымасці зарабляць столькі грошаў, каб хапала і на жыццё, і на творчасць. Таму трэба лавіраваць, недзе выкручвацца, але працэс ідзе.
З працай «для фінансаў» беларусу прыйшлося шмат чаго перапробаваць, у тым ліку і папрацаваць на сметніцы. Зараз ён працую ў тым месцы, якое «нельга называць», але больш-менш блізкім да ягонай прафесіі.
«Палякі рэагуюць вельмі станоўча»
Пра тэатральную дзейнасць беларусаў ведаюць нават палякі і «рэагуюць вельмі станоўча».
— Перш, таму што палякі як нацыя вельмі камунікатыўныя людзі, калі ты сам ідзеш ім насустрач. Яны слухаюць цябе і разумеюць. У сваёй тэатральнай дзейнасці я адразу выйшаў на мясцовыя тэатральныя суполкі, пазнаёміўся. Ужо наладжваецца некаторая супраца менавіта з польскімі маленькімі тэатральнымі калектывамі. Я лічу, што так павінна быць. Калі ў чалавека ёсць магчымасць размаўляць, ён мусіць размаўляць. І гэта вырашае любыя пытанні.
Беларус лічыць, што любая школа, прынамсі мастацкая, — гэта не пра заробак грошай. Яна не можа быць камерцыйнай, таму што «тыя людзі, якія хочуць займацца мастацтвам, не маюць тых сродкаў, каб цалкам аплаціць і працу настаўнікаў, выкладчыкаў, і тэхнічныя абсталяванні, і арэнду памяшкання».
— Гэта магчыма толькі з вонкавай падтрымкай, толькі з падтрымкай якога-небудзь мецэната, фонду. Нават маленькая тэатральная школка, яна вымагае, калі гэта пра сур’ёзнае навучанне, на год бюджэт патрэбны не менш за 10 000 еўра. І гэта так, вельмі сціпленька.
«Вярнуся ў Беларусь не адзін»
Калі будзе магчыма, В. Шэры абавязкова вернецца ў Беларусь і не адзін, а з тымі напрацоўкамі і тым багажом, які ён будуе тут, за мяжой.
— Планаў і думак вельмі шмат. Калі нам атрымаецца вярнуцца ў Беларусь, гэта будзе не паханае поле. У тым сэнсе, што на сёння ўжо ёсць стан выпаленай зямлі. Незалежнае мастацтва на сённяшні момант у Беларусі афіцыйна не існуе. А тое, што існуе, яно ў такім занядбаным стане і так застрашанае з усіх бакоў, што яго трэба будзе выцягваць, рэанімаваць і развіваць фактычна з нуля.
В. Шэры лічыць, што па вяртанню ў Беларусь трэба будзе адысці ад тэатральнай дзейнасці.
— Таму што ўсё ж такі я напрацоўваю нейкія менеджарскія скілы і скілы камунікацыі. Хутчэй за ўсё гэтым і прыйдзецца занімацца. Працай такога рэаніматолага мастацтва прынамсі на мясцовым узроўні.
«Мастацтва павінна быць хуліганствам»
— Беларусы, не вешайце нос, а проста ідзіце да сваёй мары. Як казаў Уладзімір Мацкевіч: «Думаць Беларусь». І карыстайцеся парадамі Максіма Жбанкова, аб тым, што мастацтва не можа быць у рамках, яно павінна быць менавіта хуліганствам.