Вітаю, паважаныя чытачы. Я — баец Беларускай Грэнадзёрскай Харугвы з пазыўным «Сонейка». І гэта мой дзённік «Мой шлях дадому».
У трэцяй частцы я хачу расказаць пра нашы сумесныя трэнаванні з Уроцлаўскай харугвай і клубам «Ліцвіны», якія прайшлі ў канцы чэрвеня. Думаю, што гэтыя трэнаванні былі вельмі важнымі і карыснымі для кожнага байца, таму што разам мы зрабілі яшчэ адзін крок наперад, бліжэй да нашай агульнай мэты.
Наш летнік доўжыўся чатыры дні — не так шмат, як асабіста мне хацелася б, але за гэты час мы паспелі пражыць маленькае жыццё, падзяліцца досведам і падарыць адзін аднаму цёплыя ўспаміны. У мяне наварочваюцца слёзы, калі я пішу гэты тэкст, таму што быць часткай такіх падзей — сапраўды вельмі важна і каштоўна для мяне. І я ведаю, што гэта быў дакладна не апошні раз, калі мы збіраемся разам і робім адну важную справу. Я ўпэўненая, што мы абавязкова пабачымся зноў.
Сам лагер размяшчаўся за горадам, у лесе. Былі і спальныя месцы, і кухня, і ўсё тое, што патрэбна чалавеку для камфортнага жыцця. Дзень пачынаўся з музыкі і заклікаў на зарадку. Спачатку фізічныя практыкаванні і бег, а потым ужо сняданак і ўсё астатняе. Дарэчы, няма смачнейшай кашы з разынкамі, яблыкамі і арэхамі, чым каша, якую гатавалі нам нашы байцы.
Заняткі
Пасля сняданку і бытавых спраў пачыналіся заняткі: тэорыя і практыка па тактыцы, медыцыне, кіраванню дронамі, тапаграфія, капанне акопаў і шмат чаго іншага. Мне вельмі спадабалася, што нас усіх перамяшалі і разбілі па групах, каб байцы з розных харугваў маглі ўзаемадзейнічаць адзін з адным. Напрыканцы летніка наша група была ўжо сапраўднай моцнай камандай, таму што разам нам прыйшлося пераадолець нялёгкія выпрабаванні. Цяпер я ведаю, што ва Уроцлаве і Вільне, таксама як і ў Беластоку, ёсць людзі, з якімі не страшна ісці ў бой.
Адным з самых цяжкіх выпрабаванняў для мяне за гэты летнік была паласа перашкод. Цяжкіх не толькі фізічна, але і эмацыйна таксама, таму што там кожны нясе адказнасць не толькі за сябе і сваю працу, але і за сваіх пабрацімаў. Падчас эстафеты кожны баец павінен быў зрабіць ва ўсёй экіпіроўцы дзесяць бёрпі, прабегчы пэўную адлегласць, упасць па камандзе «паветра!», прапаўзці, накласці турнікет, кінуць гранату, устаць, патрапіць у мішэні, а затым атрымаць параненне і чакаць, пакуль група эвакуацыі яго выратуе. У групы эвакуацыі таксама была складаная задача: трэба было дабегчы з насілкамі да параненага байца, накласці яму турнікет, а затым на насілках эвакуаваць з поля боя. Пад канец цяжка было кожнаму, але дзякуючы падтрымцы і баявому духу мы справіліся з заданнем.
Таксама адной з важных падзей за гэты летнік быў начны рэйд, на які я, на жаль, не патрапіла, таму што ў мяне ў гэты час было дзяжурства (куды ж без іх!). Я крыху турбавалася, бо такое дзяжурства ў маім жыцці было першым. Але потым даведалася, што ноччу дзяжураць не па адным чалавеку, як днём, а па два. У мяне быў самы лепшы напарнік, з якім любое дзяжурства, нават начное ў лесе, — не страшнае. Хлопцы і дзяўчаты, якія раніцай вярнуліся з начнога рэйду, былі соннымі, але вельмі задаволенымі тым, які шлях яны прайшлі. Ганаруся гэтымі байцамі.
Неад’емнай часткай летніка былі, канешне, сяброўскія пасядзелкі ля вогнішча і спевы песень. Адчуванне адзінства, згуртаванасці і надыходзячай перамогі — вось што я злавіла ў тыя моманты.
Заключнай часткай нашага трэнавальнага лагера была комплексная адпрацоўка атрыманых ведаў — узвод у наступе і абароне. Былі і акопы, і расцяжкі, і выбухі, і работа дрона — усё, каб зрабіць як мага больш рэалістычныя ўмовы.
Ну а пасля гэтага — сумесны абед і развітанне.
Моманты, калі сціскалася сэрца
За ўвесь час летніка было тры моманты, калі ў мяне сціскалася сэрца і праскоквала думка, што аднойчы трэніроўка скончыцца і ўсё гэта будзе адбывацца па-сапраўднаму. Не было ніякага страху, не было жадання сабрацца і збегчы адтуль. Наадварот, хацелася браць зброю і змагацца далей, да апошняга.
Першы момант быў пасля фізічна і эмацыйна складанай эстафеты. Адзін з камандзіраў сказаў, што такое можа быць падчас бою не адзін раз і доўжыцца вельмі доўга. У мяне навярнуліся слёзы на вочы, але не ад таго, што мне было шкада сябе. А ад турботы за жыцці іншых байцоў. Гэта было сапраўды цяжкае выпрабаванне. Але мы змаглі, мы справіліся, мы пераадолелі.
Другі раз быў падчас вялікай трэніроўкі ў апошні дзень перад ад’ездам. Я была ў штурмавой групе разам з камандзірам, якому вельмі давяраю. Памятаю, як зайшлі ў лес, каб пачаць штурм. Мы ціха перасоўваліся, трымалі зрокавы кантакт. Усе разумелі, што зараз адбудзецца. Мой камандзір даў простую каманду: «Зняць зброю з засцерагальніка». Гэта было відавочна, але чамусьці гэтая фраза засталася ў маёй галаве. Можа быць таму, што пасля яе з’явілася яшчэ большае адчуванне, што гэта ўсё сапраўды адбываецца, што мы ідзем на штурм, што гэта зусім не гульня. Я не ведаю.
Трэці раз быў таксама падчас боя, калі мы з камандзірам працавалі ў пары. Былі моманты, калі мне трэба было яго крыць, і адзін раз ён сказаў глядзець у тыл. Я разумела, што калі я не абараню яго спіну, яго могуць падстрэліць. А я не хачу і не магу гэтага дапусціць.
Што пасля?
Пасля трэніровачнага лагера вельмі моцна змянілася мая свядомасць. Некаторыя рэчы, якія раней мне былі патрэбныя, больш не такія цікавыя. Яны нават здаюцца некарыснымі. А ёсць рэчы, у якіх я ўбачыла вельмі вялікі сэнс. Цяпер я яшчэ больш упэўненая ў тым, што раблю, а самае галоўнае — дзеля чаго.
Калі ўсё скончылася і я прыехала дадому, першы час не ведала, як жыць далей. Я прачнулася раніцай на наступны дзень і не зразумела адразу, чаму я сплю ў ложку, а не ў намёце, чаму так ціха, ніхто не кліча на зарадку і не крычыць: «Пад’ём!». У любы момант я магу скарыстацца душам, электрычнасцю і іншымі выгодамі, да якіх мы так прывыклі. Пасля летніка я зразумела, што мне гэта не вельмі патрэбна. Аказваецца, чалавек даволі хутка можа прывыкнуць да тых умоў, у якія ён трапляе, і ў любых умовах можна зрабіць сваё жыццё і быт камфортным. А на прыродзе — усё, што табе патрэбна, знаходзіцца пад рукой.
Гэта былі сапраўды вельмі карысныя, каштоўныя і насычаныя чатыры дні. Дзякуй кожнаму, хто патраціў свае сілы і час на тое, каб гэты летнік атрымаўся менавіта такім. Дзякуй за арганізацыю, за веды, парады і досвед, а таксама за воўчыя ямы і расцяжкі, за смачныя сняданкі, абеды і вячэры, за цудоўную лазню, за размовы на дзяжурстве а дванаццатай гадзіне ночы (і яблык), за майстар-клас па складанні намёта, за песні ля вогнішча, за зарадку па раніцах, за падтрымку падчас эстафеты (камандзіру нашай групы асаблівы дзякуй!), за ўсе заняткі і выпрабаванні.
І гэта наш шлях дадому.