22 ліпеня Музей Вольнай Белаурсі ў Варшаве будзе адзначаць год з дня свайго адкрыцця. У гэты дзень на пяці пляцоўках, пройдуць розныя мерапрыемствы.
У гадавіну музея першай а 16-й гадзіне пачне працу дзіцячая пляцоўка, на якой гасцей чакае сустрэча з артыстам Аляксандрам Ждановічам (Маляванычам). Арганізатары абяцаюць тэатралізаваныя гульні, чытанне казак і выраб казачных герояў, паказ беларускай батлейкі — спектакляў «Цар Ірад» і «Пепі — доўгая панчоха».
З 16.00 да 21.00 ва дворыку каля Музея будзе працаваць арт-маркет, дзе свае працы прадставяць таленавітыя мастакі і дызайнеры і дзе можна будзе набыць унікальныя рэчы беларускіх майстроў. На гэтай жа пляцоўцы можна азнаёміцца і набыць кніжныя навінкі ад выдавецтва «Янушкевіч».
Галоўная пляцоўка імпрэзы — вялікі дворык каля музея. Адкрыецца а 17-й гадзіне выступам Варшаўскага Вольнага аркестра. На цырымонію адкрыцця імпрэзы запрошаны прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў, польскіх улад, Варшаўскай мэрыі, дыпламаты. На гэтай жа пляцоўцы пачнецца канцэрт-падарунак для ўсіх сяброў, дзе выступяць знакамітыя беларускія выканаўцы. У праграме — Сяржук Доўгушаў, Уладзімір Пугач, Маргарыта Ляўчук з Канстанцінам Гарачым.
Галерэйная прастора музея пакажа татальную інсталяцыяю «Ад краю да краю» Ігара Цішына – працяг думак знакамітага беларускага мастака і іх мастацкае ўвасабленне аб сённяшняй Беларусі. У музейным пакоі цягам усяго дня можна будзе пабачыць міні-экспазіцыю з самых яркіх экспанатаў, падараваных у фонд, пакінуць запіс-пажаданне ў Кнізе ганаровых гасцей, а таксама ў гэты пакой можна будзе прынесці і падараваць музею прадметы, звязаныя з асабістай гісторыяй удзелу ў беларускім пратэсце.
Адрас Музея Вольнай Беларусі ў Варшаве: Foksal, 11.