Віктар Цыркуновіч — вядомы беларускі спецыяліст у сферы тату. Займацца гэтым мастацтвам пачаў у 2000-х — а зараз да яго звяртаюцца як да высакакласнага татуажыста і беларусы, і палякі. Аб ідэі нацыянальнага тату і развіцці беларускасці ў Польшчы з Віктарам паразмаўляў журналіст MOST.
Віктар родам з горада Бярэзань (Мінская вобласць). Свой шлях, як тату-майстар ён пачынаў у пачатку 2000-х і адразу з нацыянальнай тэматыкі. У 2021 годзе ён вымушаны быў з’ехаць з Беларусі і пачаў працаваць у Варшаве.
— Як усё пачыналася?
— У Беларусі на пачатку было як: прыходзяць да мяне хлопцы, дзяўчаты; кажуць «набей штосьці» — а я ім і прапаноўваю беларускую тэматыку. Дарэчы, арнаментам, сымбаламі і агульна нашай спадчынай, культурай ды гісторыяй я заўсёды вельмі цікавіўся, а моладзі было ўсё роўна, што «біць», — успамінае той час Віктар.
— Арнаменты людзям падабаліся. Пачало прыходзіць ўсё больш і больш жадаючых зрабіць сабе штосьці беларускае. Спачатку гэта была «татуіроўка дзеля татуіроўкі»: людзі прыносілі зусім не вялікія грошы, прасілі штосьці зрабіць, я прапаноўваў розныя варыянты — і такім чынам набіраўся досвіду, пашыраў прафесійныя магчымасці. З часам пачаў рабіць і больш складаныя, шматкаляровыя «малюнкі» — Пагоні, сцягі і іншае. У выніку з’явілася ідэя зрабіць студыю, арыентаваную менавіта на нацыянальную татуіроўку.
— Калі ў цябе з’явіўся ўласны паўнавартасны салон?
— Сваю студыю я адкрыў у 2019 годзе. У якасці назвы абраў «1863». Само адкрыццё, шчыра кажучы, не было вельмі складаным. Нягледзячы на тое, што Бярэзань — раённы цэнтр, там было даволі шмат прапановаў арэнды памяшканняў. З падаткамі ў мяне таксама праблемаў не было, бо з дзесяць гадоў перад адкрыццём студыі я займаўся рознымі камерцыйнымі справамі, і ІП у мяне існавала. Канешне, былі некаторыя бюракратычныя моманты, але іх мы паспяхова вырашылі, і студыя пачала працаваць.
— Дарэчы, я таксама маю адукацыю ў сферы тату, нават з дыпломам дзяржаўнага ўзору. Ужо будучы даволі дасвядчоным тату-майстрам, я прыйшоў у школу татуажыстаў ад кампаніі «Дрэва Ведаў». Цікавостка ў тым, што гэтая фірма ва ўсіх сваіх школах выдае дыпломы, афіцыйна прызнаныя на дзяржаўным узроўні — гэта не сэртыфікат аб скончаных курсах. На падставе гэтага дыплому я змог адкрыць школу татуажу пры студыі, якая была беларускамоўнай.
— Якія былі найбольш незвычайныя і цікавыя сітуацыі?
— У 2020 годзе, яшчэ перад пачаткам пратэстаў, да мяне патэлефанаваў хлопец — гаварыў вельмі тэзісна і канкрэтна. Казаў, што хоча зрабіць на плячы Пагоню. Дамовіліся. Прыходзіць высокі, атлетычнага выгляду малады чалавек з паголенай галавой — я пачаў падазраваць, што ён можа працаваць у адпаведных структурах. Ну, пачынаю рабіць тату. Увесь час хлопец спрабаваў размаўляць аб беларускай уладзе, становішчы ў грамадзтве і, у выніку, аб «пакаяўшымся беркуце» ва Украіне. Я спыніў працу, адклаў прыборы і кажу: «А зараз так: ты мне распавядаеш усю праўду як ёсць — хто ты, адкуль і навошта табе Пагоня. А калі не, то я намалюю табе такое, што аніводны майстар не выправіць!» Хлопец і «выклаў», што з’яўляецца АМАПаўцам; ведае, што будзе ў жніўні, і хоча звольніцца, але ў звальненні ўвесь час яму адмаўляюць. Кажа: «Мабыць, амаль праз Пагоню на плячы звольняць…»
Дарабіў я Пагоню — і больш ніколі гэтага хлопца не бачыў. Як склаўся яго лёс — невядома.
— Вось так гісторыя!
— Так, даволі незвычайная. Яшчэ аднойчы прыйшоў іншы хлопец — «біць» нейкія свае выявы. Я тлумачыў, што студыя ў мяне арыентаваная на беларускую нацыянальную тэматыку, але яму вельмі падабалася, як я раблю (тату — рэд. MOST). Ну, зрабіў яму татуіроўку, усё прайшло добра. Але праз нейкі час тэлефануе да мяне сябра і кажа, што бачыў гэтага хлопца ў горадзе на праўладным мерапрыемстве. Мне стала вельмі брыдка, і я вырашыў, што нагі гэтага хлопца не будзе ў маёй студыі.
— Прайшоў яшчэ час, і тэлефануе да мяне зноў гэты хлопец: хоча зрабіць нешта яшчэ, яму вельмі спадабалася. Я кажу: «Не, больш нічога не зраблю, шукай іншага майстра», — і абгрунтоўваю прычыну адмовы. Вытлумачыў яму свае перакананні, светапогляд і тое, што адбываецца ў нашай краіне. Хлопец здзівіўся, пачаў выбачацца; казаў, што «больш ніколі такога рабіць не будзе». У выніку я выставіў умову: я раблю яму Пагоню. Хлопец згадзіўся. Пасля гэтага я сачыў за ім у сацсетках, і сапраўды — на аніводным дзяржаўным мерапрыемстве яго не было. Спадзяюся, ён змяніў свае палітычныя перакананні і пачаў штосьці аналізаваць: хлопец даволі малады быў, гадоў дваццаці.
— Як ты апынуўся ў Польшчы?
— Нажаль, палітычная сітуацыя склалася так, як склалася, і існаванне студыі з нацыянальнай тэматыкай ў Беларусі перастала быць магчымым. Заставацца ў краіне стала банальна небяспечна, таму было вырашана пераязджаць ў Польшчу. Такім чынам 1-га траўня 2021 года студыя працягнула дзейнасць ў Варшаве.
— Інтарэс у людзей адразу быў высокі?
— Справа хутка пайшла ўгару — вельмі дапамагла і рэклама ў instagram, і распаўсюджванне інфармацыі аб адкрыцці сярод знаёмых. Акрамя беларусаў, прыходзілі і ўкраінцы, і палякі — вельмі ветлівыя і зацікаўленыя тэмай Беларусі, беларусаў і супольнай гісторыі ў кантэксце Рэчы Паспалітай. Людзі прасілі рабіць і нейкія свае выявы, і сучасныя, але галоўным заставалася, канешне, беларуская тэматыка. Сярод кліентаў былі нават вядомыя беларускія музыкі. Школа татуажу таксама дзейнічала пры салоне — мы вучылі і выпускалі спецыялістаў. Людзі паступова прыходзілі, справа ішла і агульна ўсё было вельмі файна.
— А так, цалкам, складанасцяў не было?
— Нажаль, праз год працы з’явіліся пэўныя складанасці і праблемы з арэндадаўцам таго памяшкання, ў выніку якіх мы былі вымушаны сыйсці. Студыя перанеслася ў мой дом — і дагэтуль я працую ў сябе, а людзі працягнулі прыходзіць. Усе матэрыялы, стэрыльныя прыборы, а таксама фарбы апошняга еўрапейскага стандарту 2021 года без праблемаў замаўляю ў спецыялізаваных тату-крамах і салонах. Справа працягваецца!
— Твае бліжэйшыя планы?
— У маіх бліжэйшых планах зноў знайсці памяшканне і працягнуць паўнавартасны салон са школай там. Вельмі рады, што агульная зацікаўленнасць нацыянальнай, беларускай тэматыкай павышаецца — людзі хочуць мець выяву чагосьці роднага на сваім целе. Што датычыцца працы татуіроўшчыка, то яна са мной, здаецца, назаўжды, бо без гэтага я не ўяўляю свайго жыцця.