У групе беларусаў у Варшаве ў Facebook з’явілася інфармацыя, што ING Bank Śląski масава адмаўляе беларусам у абслугоўванні. Гэта тычыцца тых, у каго няма карты побыту ў Польшчы.
MOST паразмаўляў з некаторымі з тых, хто апынуўся ў гэтай сітуацыі, і даведаўся, чаму так адбываецца.
Абмежаванні тычацца беларусаў і расіян
Беларуска Вікторыя (усе імёны ў тэксце змененыя. — Заўв. MOST) карысталася паслугамі банка шэсць гадоў. Потым жанчыну папрасілі прынесці карту побыту (ВНЖ), каб яна магла карыстацца рахункам. Вікторыя прынесла ў банк дакумент аб тым, што чакае карту. Работнік сказаў, што банк патрабуе або саму карту побыту, або дазвол на побыт.
— У іх разуменні дазвол на побыт — гэта даведка з ужонда пра тое, што я чакаю карту. Я тэлефанавала ва ўжонд, і там мне сказалі, што пячатка ў пашпарце і ёсць пацверджанне. І даведку яны не даюць. Мне сказалі ў банку, што такія абмежаванні тычацца толькі грамадзян Беларусі і Расіі.
Крыху пазней Вікторыі заблакавалі рахунак і напісалі, што калі яна не прынясе дакументы, то яны разарвуць з ёй дамову. У выніку беларуска закрыла рахунак.
— Мне сказалі, што проста ING банк цяпер праходзіць кантроль. І што ў выніку дойдуць да ўсіх банкаў. Ужо і так застаўся адзін ці два, хто яшчэ адкрывае. Так што рыхтуемся і робім карты.
З беларускім пашпартам будзе адмена
Беларуска Караліна была кліентам польскага банка два гады. Жанчына адкрыла рахунак, а праз паўтара года яе папрасілі прынесці дадатковыя дакументы: трэба было актуалізаваць інфармацыю аб легальным знаходжанні ў Польшчы.
— У той жа дзень спытала пра крэдыт — запрасілі да дарадцы, выслухалі пытанне і адразу спыталі пра грамадзянства. Я сказала, што хутка будзе польскае, але пакуль РБ. Адразу сказалі, што з беларускім пашпартам будзе адмова. Праз паўтара месяца прыйшоў ліст. У ім было сказана, што банк праводзіць прафілактыку адмывання грошай і я павінна запоўніць анкету і выслаць ім разам з дакументамі. Далі нейкі тэрмін (дакладна памятаю, што вельмі кароткі). У анкеце напісаныя прыкладныя варыянты прыходу грошай, і трэба было адзначыць актуальныя варыянты і да кожнага прыкласці дакументы. Таксама ў лісце было сказана, што калі гэтага не зраблю, банк будзе вымушаны разарваць са мной супрацоўніцтва ў аднабаковым парадку.
Караліна кажа, што вялікага абароту грошай або незаконных дзеянняў у яе не было — на карту прыходзіла максімум 200-300 злотых у месяц ад прыватных асоб.
Пасля гэтага беларуска закрыла рахунак.
Не прынёс дадатковых дакументаў
Беларусу Васілю адмовілі ў адкрыцці рахунку з картай побыту і нумарам PESEL. У мужчыны патрабавалі прынесці яшчэ шмат дадатковых дакументаў, у тым ліку даведку з працы аб даходах.
— Рахунак мне патрэбен быў як раз для афармлення на працу, каб атрымліваць на яго заробак. Я — айцішнік. Я казаў пра гэта ў банку, што грошы будуць паступаць на рахунак пастаянна і з выплатай падаткаў. Але мне адмовілі па прычыне адсутнасці ўсіх гэтых дакументаў.
Што пішуць іншыя беларусы ў Facebook
— У мяне было год таму, даслалі апавяшчэнне, каб паказала легальнасць даходаў, як раз калі ў мяне канчалася карта пабыту. Праз месяц пасля блакавання данесла ім дамову. Самае абуральнае было тое, што гэта рахунак, уладальнікам якога быў муж нават, а не я, я была толькі саўладальнікам. І з гэтага рахунку здымаюць за крэдыт. Калі б не гэта, таксама б закрыла там рахунак.
— Заблакавалі рахунак на некалькі дзён, нягледзячы на прадстаўлены пакет дакументаў. Пасля некалькіх скаргаў асабіста і праз супрацоўніка блок знялі.
— Я была кліентам банка з 2013 года. Пасля пачатку вайны (я была з картай рэзідэнта) папрасілі паказаць, адкуль даходы: прынесла ўсе дакументы, усё чыста і празрыста, нічога левага. Рахунак усё роўна закрылі з-за асцярогі адмывання грошай.
— Быў кліентам ING Bank 5 гадоў, пакуль мне не заблакавалі рахункі і не сталі патрабаваць кучу макулатуры з тлумачэннямі, што гэта за наяўныя грошы, якія я кладу на рахунак. Пытанне вырашыў проста: закрыў у іх усе рахункі. З новым банкам пакуль ніякіх праблем, і задаволены. А ў ING нават проста рахунак адкрыць — гэта ўжо квэст.
— Я і мой муж былі кліентамі гэтага банка тры гады. У гэтым годзе нам заблакавалі рахункі. Кожны год банк просіць падаць дакументы легалізацыі ў Польшчы, і мы гэта рабілі. У гэтым годзе прыйшлі ў банк. Асістэнт банка ўзяла нашы дакументы, адсканавала і сказала, што ўсё добра. У мяне дзеючая віза, у мужа — пячатка, што чакае побыт. А праз месяц нам проста заблакавалі рахункі (удакладню, што нам прыходзілі рассылкі, што трэба прынесці дакументы, але паколькі мы былі ў банку, мы не звярнулі ўжо на гэта ўвагу). І калі мы пайшлі ў банк ужо пасля гэтага, то нам паведамілі, што мы можам быць кліентамі банка, толькі маючы карту пабыту.
Умовы адкрыцця рахункаў для беларусаў у ING Bank Śląski
Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, у банку ING не змогуць адкрыць рахунак толькі на падставе польскай візы або міжнароднай абароны. Для адкрыцця рахунку будуць неабходныя дадатковыя дакументы, якія пацвярджаюць легальнасць знаходжання ў Польшчы і крыніцу даходу.
Якія дакументы патрэбныя:
- пашпарт або від на жыхарства, выдадзены Польшчай;
- дакумент аб знаходжанні (від на жыхарства ў Польшчы ці віза);
- дакумент, які пацвярджае набыццё грашовых сродкаў у Польшчы (працоўны дагавор, даведка ад працадаўцы, пацверджанне атрымання стыпендыі, пацверджанне вядзення ўласнага бізнесу);
Таксама трэба будзе падаць свой ідэнтыфікацыйны нумар падаткаплацельшчыка, калі ў вас няма польскага падатковага рэзідэнцтва.
Рахунак можна адкрыць бясплатна і платна непасрэдна ў аддзяленні банка, дзе правяраюць патрабаваныя дакументы.
Пра ўмовы адкрыцця рахункаў у іншых польскіх банках чытайце тут.