9 жніўня ў больш за 20 гарадах свету пройдуць акцыі, маршы і пікеты ў сувязі з Днём салідарнасці з нагоды трэцяй гадавіны выбараў. Беларускія дыяспары Польшчы таксама далучаюцца да мерапрыемстваў.
У Беластоку, Быдгашчы і Лодзі беларусы выходзілі на акцыі салідарнасці ў нядзелю 6 жніўня. Сем іншых гарадоў Польшчы, дзе ёсць беларускія дыяспары, вырашылі выйсці на маршы і пікеты 9 жніўня — у дзень гадавіны выбараў 2020 года.
Варшава
Час і месца: 18:00, каля Пражскага парка і Кафедральнага Сабора Св. Міхаіла і Фларыяна (Parafia Katedralna pw. Św. Michała Archanioła i Św. Floriana Męczennika).
18:20 — пачатак шэсця да Слёнска-Дамброўскага моста ў бок Старога горада.
19:00-19:30 — Замкавая плошча, выступленні.
19:30 — шэсце да Кракаўскага прадмесця ў кірунку помніка Каперніку.
20:00-21:00 — збор на пляцоўцы каля помніка Каперніку ў Кракаўскім прадмесці, выступленні.
Кракаў
Час і месца: 18:00, плошча Вялікай арміі Напалеона (plac Wielkiej Armii Napoleona). Шэсце да помніка Міцкевічу на плошчы Рынак, дзе адбудзецца мітынг.
Гданьск
Час і месца: 18:00, фантан Нептуна. Шэсце пройдзе па вуліцах Гданьска да Еўрапейскага цэнтра «Салідарнасці», дзе адбудзецца канцэрт.
Шчэцін
Час і месца: 19:30, плошча «Салідарнасці» (Plac Soldarności).
Вроцлаў
Час і месца: 19:00, каля NFM (плошча Свабоды, 1).
Торунь
Час і месца: 19:00, каля помніка Каперніку. Шэсце пройдзе да новага рынку.
Познань
Час і месца: 18:00, плошча Адама Міцкевіча (plac Adama Mickiewicza).
Беларусы Вільні сустрэнуцца з Ціханоўскай
У Вільні 9 жніўня пройдзе Марш годнасці з удзелам Святланы Ціханоўскай.
Час і месца: 18: 00, Кафедральная плошча. Мітынг пачнецца а 18:30, а пасля марш пройдзе да амбасады Белаурсі, там адбудзецца канцэрт (да 21:30).
«Мы былі ўпэўненыя – праўда на нашым баку»
Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў у трэцюю гадавіну выбараў:
— Гэты дзень мог бы стаць пачаткам новай Беларусі. Беларусі, у якой ніколі не будзе палітзняволеных і пераследу за іншадумства. Беларусі, у якой размова на роднай мове – нагода для захаплення, а не гвалту. Беларусі, куды імкнуцца патрапіць, а не адкуль спяшаюцца з’ехаць.
У 2020 годзе мы разумелі, што кідаем выклік сістэме, якая існавала дзесяцігоддзямі. Рэжыму, што ставіў уладу вышэй за людзей. Аднак усё роўна крочылі наперад. Мы былі ўпэўненыя – праўда на нашым баку.
Мінула тры гады. За гэты час нас спрабавалі пазбавіць мары. Пазбавіць блізкіх. Волі. Радзімы. Пазбавіць незалежнасці. Многім народам не давялося перажыць таго, што мы перажылі з 2020-га.
Мы прапусцілі праз сябе шмат болю, але не страцілі спагадлівасць. Мы зазналі нянавісць, але захавалі міласэрнасць. Мы прайшлі праз выпрабаванні, але — загартаваныя — вынеслі з іх новы досвед. І працягваем рухацца.
Матэрыял падрыхтаваны па інфармацыі Белсат.