6 верасня 1933 года на памежным пункце Коласава паміж станцыямі Стоўбцы і Негарэлае адбыўся абмен палітычнымі вязнямі. Польшча аддала Саветам Браніслава Тарашкевіча, асуджанага на восем год за «змову, якая мела на мэце адарванне ад Польскай Рэспублікі часткі тэрыторыі». Саветы аддалі Польшчы Францішка Аляхновіча, асуджанага на 10 год Салавецкіх лагераў асаблівага прызначэння за «конттрэвалюцыйную дзейнасць» і «спрыянне міжнароднай буржуазіі».
Гэтая гісторыя датычыла лёсаў двух чалавек. Але ў ёй адбіваецца ўся сітуацыя, у якой апынуўся беларускі народ і палітычна актыўная яго частка ў перыяд паміж І і ІІ Сусветнымі войнамі.
Падзеленая Беларусь
Першая сусветная вайна прывяла да краху трох імперый, якія кантралявалі Цэнтральную і Усходнюю Еўропу. Народы, якія жылі на гэтай прасторы, адзін за адным сталі абвяшчаць сваю незалежнасць. Беларуская Народная Рэспубліка абвясціла пра незалежнасць 25 сакавіка 1918 года. Польшча адлічвае сваю незалежнасць ад даты 11 лістапада 1918 года, калі ўладу прыняў Юзаф Пілсудскі.
Урэшце, дзяржаўныя межы на тэрыторыі сучаснай Беларусі вызначылі не дэкларацыі палітыкаў і не этнаграфічныя карты, а польска-бальшавіцкая вайна, якая пачалася 14 лютага 1919 года з таго, што Польскае Войска спыніла Чырвоную Армію каля мястэчка Масты паміж Гроднам і Лідай. Урэшце, Рыжская мірная дамова 18 сакавіка 1921 года замацавала мяжу паміж Польшчай і Саветамі. Для Беларусі, якая не мела войска і не магла абараніць свае межы, месца на карце і на зямлі не знайшлося.
Польшча часта ігнаравала культурныя і эканамічныя патрэбы беларусаў, якія апынуліся на яе тэрыторыі. Але дэмакратыя ў дзяржаве неяк функцыянавала. На выбарах у лістападзе 1922 года беларусы правялі ў польскі парламент 14 сваіх палітыкаў. У СССР усю ўладу трымала камуністычная партыя, не дапускаючы ні іншых палітычных партый, ні незалежнай прэсы. Фармальна існавала БССР з цэнтрам у Менску. У сярэдзіне 20-х савецкія ўлады павялічылі яе тэрыторыю, далучыўшы да яе Віцебск, Магілёў і Гомель, а таксама пачалі там «палітыку беларусізацыі», звязаную з павелічэннем ужывання беларускай мовы. Аднак усе прынцыповыя рашэнні прымаліся ў Маскве.
Аляхновіч: п’есы пад немцамі, саветамі і палякамі
Францішак Аляхновіч нарадзіўся ў 1883 годзе ў Вільні, у сям’і збяднелага шляхціча, род якога паходзіў з-пад Радашкавіч. Яго бацька прафесійна граў на скрыпцы. Францішак з маленства захапіўся тэатрам, скончыў Драматычную школу ў Варшаве. Пасля кароткай працы ў вандроўным тэатры ў польскай правінцыі, ён вяртаецца ў Вільню, дзе працуе журналістам у польскіх газетах. Знаёміцца з асяроддзем першай беларускай газеты «Наша Ніва», разам з Ігнатам Буйніцкім рыхтуе першую беларускую вечарынку ў Вільні. Атрымлівае год царскай турмы за неасцярожныя словы ў артыкуле, адседжвае яго да пачатку Першай сусветнай вайны.
У 1915 годзе Вільню займаюць немцы. Аляхновіч перакладае з польскай на беларускую сваю першую п’есу «На Антокалі», якую напісаў у турме. У 1916 годзе арганізоўвае ў Вільні беларускі тэатр. Піша адзін за адным драматычныя творы. Як і ўсе жыхары Вільні ў час Першай сусветнай вайны, пакутуе ад голаду. Летам 1918 года кідае Вільню і нелегальна дабіраецца да Менску. У Менску дзейнічала Рада БНР, якая 25 сакавіка 1918 года абвесціла Беларусь незалежнай дзяржавай, але ў рэальнасці мала на што ўплывала, бо большасць Беларусі кантралявалі немцы. Аляхновіч бярэцца за тэатр – ставіць п’есы і пад нямецкай уладай, і пад савецкай, якая прыйшла ў лістападзе 1918 года, і пад польскай, якая прыйшла разам з легіёнамі Пілсудскага ў жніўні 1919 года. Калі ў ліпені 1920 года польскія войскі пакідалі Менск, пакінуў яго і Аляхновіч.
Аляхновіч пасяліўся ў Вільні, якая была пад уладай Польскай Рэспублікі. Там далей займаўся тэатрам: са сваёй трупай ставіў п’есы ў Вільні і на правінцыі, часамі сам граў на сцэне. Пісаў артыкулы для беларускіх і польскіх газет. Выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі. Польская дзяржава амаль не падтрымлівала беларускую культурніцкую дзейнасць. Без дзяржаўных субсідый тэатр не мог акупляцца. Аляхновіч шукаў магчымасці для самарэалізацыі.
Тарашкевіч і ілюзорны «Беларускі Дом»
Браніслаў Тарашкевіч нарадзіўся ў 1893 годзе ў сярэднезаможнай беларускай сялянскай сям’і, якая мела гаспадарку за 30 кіламетраў на ўсход ад Вільні. Цяпер гэта тэрыторыя Літвы, каля мяжы з Беларуссю. Хлопчык быў здольны да навукі, але бацькі не мелі грошай. Прыйшла з дапамогай гаспадыня суседняга маёнтка, якая аплаціла вучобу ў віленскай гімназіі. У Вільні Бронюсь знаёміцца з рэдакцыяй «Нашай Нівы» і пачынае лічыць сябе беларусам. У 1911 годзе перабіраецца ў Пецярбург, дзе заканчвае гісторыка-філалагічны факультэт універсітэта. Сябруе з Янкам Купалам. Удзельнічае ў жыцці беларускіх студэнтаў.
Веды, здабытыя ва ўніверсітэце пад кіраўніцтвам найлепшых філолагаў імперыі, спатрэбіліся Тарашкевічу, каб напісаць першы класічны падручнік беларускай граматыкі – цяпер вядомы як «тарашкевіца». У час падзення імперыі перабіраецца з Петраграда ў Менск. У ліпені 1920 года, калі польскія войскі адступалі, пераязджае ў Вільню. Там становіцца дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі.
На парламенцкіх выбарах, якія адбыліся ў лістападзе 1922 года, Тарашкевіча вылучаюць кандыдатам. Ён праходзіць у Сойм і становіцца на чале Беларускага Пасольскага Клуба, які ўключаў адзінаццаць дэпутатаў Сойма і трох сенатараў. Тарашкевіч трымаецца лаяльнасці да польскай дзяржавы, спрабуе дабівацца культурных, нацыянальных і эканамінчых правоў для беларускага насельніцтва. Аднак польскія эліты паводзяць сябе як глухая сцяна.
Незадавальненне беларусаў выкарыстоўваюць Саветы, каб дэстабілізаваць сітуацыю ў паўночна-ўсходніх ваяводствах Польшчы. Беларускім дзеячам, якія гатовыя падтрымаць Саветы, даюць грошы на заробкі, камандзіроўкі і выданне газет. Падкідваюць заманлівую ідэю пра «аб’яднанне Беларусі».
У 1924 і 1926 гадах Саветы павялічваюць БССР, уключаючы ў яе склад Віцебск, Магілёў і Гомель. Праводзяць палітыку беларусізацыі, адкрываючы беларускамоўныя школы, тэатры, газеты, часопісы. Саветы хваляцца гэтым навонкі, а беларускіх дэпутатаў польскага Сойма запрашаюць на экскурсіі ў Менск. Бальшавікі аб’яўляюць амністыю для былых дзеячаў БНР, якія з Берліна, Прагі і Коўна перабіраюцца ў Менск і атрымліваюць там працу – яшчэ не ведаючы, што іх чакае.
«Там на ўсходзе будуецца беларускі дом» – з захапленнем казалі многія беларусы ў Польшчы, назіраючы за зменамі палітыкі ў БССР.
Два спосабы сесці ў турму
Браніслаў Тарашкевіч з юнацтва верыў у ідэі марксізму. А напачатку палюбіць бальшавікоў яму не давалі карцінкі тэрору, які тыя зладзілі ў першыя гады пасля Кастрычніцкага перавароту. Аднак беларусізацыя ў Менску і ўзбуйненне БССР пераламалі яго недавер. Тарашкевіч пачынае працаваць на бальшавікоў. У чэрвені 1925 года ён разам з яшчэ трыма дэпутатамі, якія вярнуліся з экскурсіі з Менску, пакідае Беларускі пасольскі клуб. Палітыкі арганізоўваюць Беларускую Сялянска-Работніцкую Грамаду, у якую масава запісваюцца сяляне. Колькасць сябраў Грамады хутка перакрочвае сто тысяч. Акцыя Грамады праводзіцца ў паразуменні з Саветамі, якія і фінансуюць яе дзейнасць.
Францішак Аляхновіч не быў прыхільнікам камунізму і не ангажаваўся ў дзейнасць Грамады, хоць быў добра знаёмы з яе кіраўніцтвам. Ён палаў жарсцю да тэатру. Магчымасцяў для развіцця беларускага тэатра ў Вільні не было: дзяржава не давала грошай, прыватных мецэнатаў не было, народ быў бедны. У выніку тэатральная трупа Аляхновіча не магла падняцца намнога вышэй за напаўаматарскі ўзровень.
Аляхновіч, канечне ж, чытаў у газетах пра бальшавіцкую «беларусізацыю». Таксама і нейкі тып з Менску, які прыехаў у Вільню і цікавіўся беларускім рухам, абяцаў Аляхновічу лепшае жыццё і добрую працу, калі той перабярэцца ў БССР. Ён абяцаў дапамагчы з атрыманнем савецкай візы. Пазней высветліцца, што гэты чалавек – штатны супрацоўнік і правакатар ГПУ.
Францішак Аляхновіч прыехаў у Менск 17 лістапада 1926 года. Атрымаў пасаду літаратурнага кіраўніка беларускага драматычнага тэатра ў Віцебску. А вечарам 31 снежня яго арыштавалі. Абвінавацілі ў «контррэвалюцыйнай дзейнасці» і «шпіянажы на карысць Польшчы» і далі 10 гадоў зняволення ў Салавецкіх лагерах асаблівага прызначэння. Гэтыя лагеры былі на астравах у Белым моры.
Тым часам у Польскай Рэспубліцы ўлады з трывогай назіраюць за ростам папулярнасці «Грамады». Землеўладальнікі і вайсковыя асаднікі баяцца за сваё жыццё і маёмасць і праз газеты фармуюць грамадскую думку і настроі палітыкаў. У кастрычніку газеты аблятае вестка пра тое, што ў вёсцы Сценка каля Докшыц грамадоўцы забілі агента паліцыі Нікодэма Івашкевіча. У кабінетах Міністэрства ўнутраных спраў у Варшаве распрацоўваюць аперацыю па ліквідацыі «Грамады».
Ноччу з 14 на 15 студзеня 1927 года па ўсёй Польскай Рэспубліцы адбыліся арышты актывістаў «Грамады». За краты трапіў і Браніслаў Тарашкевіч. Не дапамагла дэпутацкая недатыкальнасць. Урадавыя юрысты хітра скарысталі пункт, які дазваляе арыштоўваць дэпутата, «злоўленага на гарачым учынку». У 1928 годзе адбываецца працэс, на якім Тарашкевіч атрымлівае 12 гадоў турмы за «кіраванне змовай, якая мела на мэце адарванне часткі тэрыторыі ад Польшчы».
У 1929 годзе апеляцыйны суд змяншае гэты тэрмін да шасці гадоў. У красавіку 1930 года прэзідэнт Польшчы Ігнацы Масціцкі сваім загадам прыпыняе адбыццё кары для Браніслава Тарашкевіча і ён выходзіць на волю.
У кастрычніку 1930 года Тарашкевіч выязджае з Польшчы ў Гданьск (тады ён меў статус «вольнага горада пад кіраўніцтвам Лігі Нацый») і Берлін. Калі ў пачатку 1931 года вяртаецца – яго затрымліваюць на памежнай станцыі ў Тчэве і абвінавачваюць у камуністычнай дзейнасці і спробе адарвання ад Польшчы часткі тэрыторыі. 29 лістапада 1932 года яго асуджаюць да васьмі гадоў зняволення.
Абмен
Адносіны паміж Польшчай і СССР увесь міжваенны перыяд былі цяжкімі. Аднак неяк суіснаваць побач на геаграфічнай карце і на зямлі было трэба. Нават падчас польска-бальшавіцкай вайны адбываліся закулісныя перамовы і арганізоўваліся абмены палонных і вязняў. Пасля Рыжскага міру паміж краінамі наладжваюцца дыпламатычныя стасункі. Зрэшты, гэта не замінае Саветам ладзіць у 1923-1924 гадах напады дыверсійных банд на ўсходнім памежжы Польшчы і нават тэракт з падрывам склада боепрыпасаў у Варшаве. На працягу ўсяго міжваеннага перыяду Польшча і СССР абменьваліся палітвязнямі – Саветам выдавалі арыштаваных камуністаў і дыверсантаў, Польшчы – ксяндзоў і асобаў, асуджаных за сапраўдны або выдуманы «шпіянаж на карысць Польшчы».
16 верасня 1932 года Польшча і СССР праводзяць адзін з найбольшых абменаў палітвязнямі. На памежнай заставе Коласава паміж Стоўбцамі і Негарэлым мяняюць 40 на 41 чалавека. Тады з Польшчы ў СССР перадаюць і пяць беларусаў, былых дэпутатаў, асуджаных за працу на камуністаў: Ігната Дварчаніна, Флягонта Валынца, Паўла Валошына, Язэпа Гаўрылюка, Паўла Крынчука.
Браніслаў Тарашкевіч у гэты час яшчэ толькі чакае суду. Пасля прысуду нелегальная Камуністычная партыя Польшчы просіць Саветы, каб тыя дапамаглі выцягнуць Тарашкевіча з турмы. Дзесьці ў дыпламатычных колах узнікае ідэя, каб беларуса Тарашкевіча абмяняць на беларуса Аляхновіча.
6 верасня 1933 года абмен адбываецца. Аляхновіч апісаў гэты момант так (арыгінальная арфаграфія захаваная):
«Наперадзе йшоў нейкi высокi мужчына ў цывiльнай вопратцы. Зь iм – з двума палiцыянтамi па бакох – той, каго польскi ўрад абменьваў на мяне: Бранiслаў Тарашкевiч. У гэты мамэнт я адчуў ня толькi духовы, але й фiзычны кантраст памiж намi. Вязень “капiталiстычнага гаспадарства” меў на сабе прызваiты фiльцовы капялюш, добра скроенае восеньскае палiто, беззаганна вычышчаныя боты… Савецкi вязень iшоў у старэцкiм падзёртым кажуху на салавецкiм бушлаце…
Гэтулькi гадоў ня бачыўшы, з зацiкаўленьнем углядаўся я на гэтага чалавека, якi, хоць у добрай веры, усё-ж гэтулькi зламаў чалавечых жыцьцяў, кiруючы вочы сваiх землякоў на мiраж за межавымi слупамi…
Цырымонiя абмену. Адданьне чэсьцi, паклон капялюшом, сьцiсканьне рук, падпiсаньне акту абмену. I мы, калiшнiя прыяцелi, а цяпер – чужыя сабе людзi, шляхi якiх разыходзяцца ў процiлежныя бакi, падалi сабе рукi».
У запісаных успамінах Аляхновіча гэтых словаў няма, але шмат якія крыніцы пераказваюць фразу, якую Аляхновіч быццам бы сказаў Тарашкевічу: «Бронюсь, куды ты ідзеш?..»
Воля і смерць
«Урэшце – апошняе халоднае пацiсканьне рук, – працягвае ўспаміны Аляхновіч. – Ён iз вастрогу пойдзе туды, дзе ўвесь вялiзарны край – гэта адзiн вялiкi вастрог, дзе думка чалавечая сьцiсьненая ў вабцугох савецкага абсурду, дзе ня толькi дзеяць i гаварыць, але й думаць i дыхаць трэба паводле аднаго, для ўсiх абавязковага шаблёну, – разважае Аляхновіч, апісваючы развітанне з Тарашкевічам. – Ён пойдзе ў край белага нявольнiцтва, голаду, нэндзы, людаедзтва, а я – кiруюся на Захад, да “капiталiстычных” гаспадарстваў, дзе буду прынамсi спаць спакойна, ведаючы, што ўначы госьцi з ГПУ не пастукаюцца да мае гасподы.
У той самы вечар сядзеў я ўжо ў гасподзе ў Стоўпцах i спажываў мясную вячэру. Еў праўдзiвы валовы бiфштэкс. 3 цыбуляй! 3 бульбай! Зь белым хлебам! Дык ня дзiва, што пасьля даўгагадовае галадоўлi сьнiлiся мне ўначы – бальшавiкi. А назаўтрае – спатканьне з прыяцелямi на вагзале ў Вiльнi».
27 верасня 1933 года Францішак Аляхновіч дае інтэрв’ю журналісту віленскай польскай газеты Słowo Юзафу Мацкевічу. Неўзабаве рэдактар газеты, Станіслаў Цат-Мацкевіч прапануе былому вязню напісаць свае ўспаміны, якія друкаваліся ўрыўкамі на староках газеты, а потым выйшлі кнігай пад загалоўкам «Сем гадоў у капцюрах ГПУ». Хутка Аляхновіч рассылае тэкст сваіх успамінаў іншым выдаўцам, і яны выходзяць на расейскай, італьянскай, партугальскай, украінскай і, урэшце, беларускай мовах. У той час як у свеце мала ведалі пра тое, што робіцца ў СССР, сведчанне чалавека, які назіраў за гэтым жыццём знутры, з глыбінь савецкай турэмнай сістэмы, было ўсім цікавым.
Сябры дапамаглі Аляхновічу атрымаць пасаду кантралёра электрычных лічыльнікаў у Вільні. Ганарары за ўспаміны на розных мовах таксама давалі яму даход. Час ад часу ён пісаў артыкулы ў віленскае Słowo, дзелячыся ўспамінамі з перажытага, якія не ўвайшлі ў кнігу. Да тэатру Аляхновіч не вярнуўся: у Польшчы 30-х палітыка дзяржавы ў дачыненні да меншасцяў штораз абвастралася, і не было шанцаў атрымаць грошы на функцыянаванне тэатру. Таксама Аляхновіч не знайшоў сабе месца ў беларускіх арганізацыях.
Браніславу Тарашкевічу давялося значна горш. За дзевяць дзён да абмену палітвязнямі, 28 жніўня 1933 года, улады БССР адмянілі беларускі правапіс, які быў заснаваны на граматыцы Тарашкевіча. Уводзілася «наркамаўка», якая набліжала беларускі правапіс да расейскага. Савецкія ўлады не дазволілі Тарашкевічу пасяліцца ў Менску. Яму вызначылі працу ў аграрным інстытуце ў Маскве. 6 мая 1937 года ён быў арыштаваны, 5 студзеня 1938-га – прыгавораны да расстрэлу. Па афіцыйнай версіі, беларускага палітыка расстралялі 29 кастрычніка 1938 года ў Менску. Але ёсць сведчанні, што ён памёр у турме, не вытрымаўшы цяжкіх умоў зняволення і катаванняў.
Тарашкевіча знішчылі тыя, каму ён паверыў. Дагэтуль невядома, дзе ён пахаваны.
Францішку Аляхновічу давялося зноў сустрэцца з Саветамі ў 1939 годзе, калі тыя спачатку занялі Вільню, а потым яе пакінулі, перадаўшы горад Літве. Але ў чэрвені 1940 года Саветы далучылі ўсю Літву.
Аляхновіч цэлы год хаваецца ад бальшавікоў і так дажывае да нямецкай акупацыі. Ён становіцца рэдактарам пранямецкай газеты «Беларускі голас», піша ўспаміны і п’есы. 3 сакавіка 1944 года яго на кватэры застрэлілі невядомыя – магчыма, савецкія партызаны.
Аляхновіча пахавалі на кальвінскіх могілках, але тыя могілкі былі знесеныя падчас савецкай акупацыі Літвы. У 1989 годзе беларускія актывісты зрабілі яму сімвалічную магілу на віленскіх могілках Росы. У 2022 годзе помнік аднавілі, сабраўшы на яго грошы талакой.
І
У 1994 годзе ўспаміны Аляхновіча «У капцюрах ГПУ» былі перавыдадзеныя ў Мінску. У той год да ўлады ў Беларусі прыйшоў Лукашэнка. Прадмову да ўспамінаў напісаў Алесь Бяляцкі. У 2022 годзе Алесь Бяляцкі атрымае Нобелеўскую прэмію, седзячы ў гэты час за кратамі мінскай турмы.
Іменем Францішка Аляхновіча названая літаратурная прэмія Беларускага ПЭН-цэнтра, якую з 2013 года выдаюць за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні. На жаль, нішто не паказвае на тое, каб гэтая прэмія ў бліжэйшы час страціла сваю актуальнасць.
Ян Рамэйка