Святлана Ціханоўская заклікала МЗС Польшчы працягваць выдаваць візы беларусам: як звычайныя, так і гуманітарныя. Пытанне было ўзнятае падчас сустрэчы дэмакратычнай лідаркі і прадстаўнікоў Аб’яднанага Пераходнага Кабінета з міністрам замежных спраў Польшчы Радославам Сікорскім.
Ціханоўская адзначыла важнасць захавання мабільнасці беларусаў і прапанавала выдаваць візы не толькі ў Беларусі, але і ў польскіх консульствах у іншых краінах. У якасці прыклада Ціханоўская прывяла сітуацыю ў Грузіі, дзе беларусы не могуць атрымаць ніякіх дакументаў.
Таксама яна папрасіла міністра падтрымаць беларускі бізнес у Польшчы, у прыватнасці працягнуць візавую праграму Poland Business Harbour.
Акрамя таго, лідарка заклікала міністра працягваць дапамогу незалежным беларускім медыя, якія працуюць у Польшчы і граюць важную ролю ў супрацьдзеянні прапагандзе.
8-10 студзеня Святлана Ціханоўская знаходзіцца ў Варшаве з працоўным візітам. 9 студзеня сумесна з прэзідэнтам Анджэем Дудам яна правядзе прыём для беларускай супольнасці.
Падчас візіту абмяркоўваюцца пытанні легалізацыі беларусаў Польшчы і ўмацавання беларуска-польскага супрацоўніцтва падчас старшынства Польшчы ў Савеце Еўрасаюза.