Яшчэ аднаго беларуса затрымалі пасля вяртання з Польшчы. Мужчыну вінавацяць ва ўдзеле ў пратэстах у Брэсце ў 2020 годзе, супраць яго завялі крымінальную справу, паведаміла «Наша Ніва».
Затрыманага клічуць Ігар Сарокін. Яму 35, мяркуючы па сацсетках, ён родам з Жабінкі. У яго ёсць жонка і малое дзіця.
Затрыманнем кіраваў ГУБАЗіК — імаверна, супраць мужчыны было аб’яўленае аператыўна-вышукавае мерапрыемства «кантроль мяжы», пра якое раней казалі беларускія сілавікі. Гэта значыць, што крымінальную справу завялі адразу пасля вяртання.