Беларус Юрый Браўэр займаецца гістарычнай рэканструкцыяй больш за 20 гадоў. У 2022 годзе ён вымушана пакінуў Беларусь і спачатку жыў у Грузіі, а пасля пераехаў у Польшчу, дзе працягнуў займацца ўлюбёным хобі. У эмігарцыі Юрый марыць стварыць беларускі клуб рэканструктараў, але пакуль займаецца з палякамі. Ён распавёў праекту MOST «Беларусы могуць» пра тое, колькі каштуе быць сучасным рыцарам, чым польскія рэканструктары адрозніваюцца ад беларускіх, а таксама чаму беларусу з досведам далучыцца да польскага клуба — не самая лепшая ідэя.
У рэканструктары Юрый запісаўся ў 2002 годзе, калі ўбачыў на свяце горада ў Мінску хлопцаў у даспехах. Займаўся ён спачатку тампліерамі — гэта ХІІ-ХІІІ стагоддзі, потым Вялікім Княствам Літоўскім — XIV-XV стагоддзі. Але асноўны перыяд, на якім затрымаўся на апошнія 10 гадоў, — гэта канец XV — пачатак XVI стагоддзя, Заходняя Еўропа, рэгіён Фландрыя, горад Бруге.
У Беларусі ў Юрыя быў свой рэканструктарскі клуб, там займаліся менавіта гэтым перыядам. Рэканструктар нават удзельнічаў ад Беларусі ў спаборніцтвах «Бітва нацый». Ён праходзіў штогод з 2010 да 2019 года ва Украіне, але быў адменены з-за пандэміі і затым вайны.
Спорт і гісторыя
Займацца рэканструкцыяй у Беларусі да нядаўняга часу было нескладана, кажа Юрый. Клубаў было даволі шмат, на любы гістарычны перыяд. З цягам часу шмат якія клубы закрываліся, памяшканні для трэніровак забіраліся. Зараз у Беларусі ў 10 разоў менш клубаў рэканструктараў, чым было 15 гадоў таму.
— Зараз толькі на пэўных людзях трымаецца «дзвіж» рэканструктараў у Беларусі. Рэканструкцыя — гэта не толькі фестывалі. Гэта і розныя закрытыя мерапрыемствы. Яны праводзяцца ў лесе, на розных закрытых пляцоўках, напрыклад у спартовых залах школ. Таксама рэканструкцыя — гэта і падрыхтоўка да мерапрыемстваў, трэніроўкі. Ты можаш займацца і фехтаваннем, і барацьбой, і фізічнай падрыхтоўкай. Трэцяе — гэта спартовая частка падрыхтоўкі.
Раней праводзіўся чэмпіянат свету па рыцарскіх баях, называўся «Бітва нацый». Беларуская зборная ўдзельнічала і заўсёды займала прызавыя месцы. Гэта таксама патрабавала і часу, і сродкаў, і падрыхтоўкі. Але шмат хто забываецца, што рэканструкцыя — гэта ў першую чаргу пра гісторыю: трэба вывучаць гістарычныя крыніцы. Калі ты робіш нейкі гістарычны строй, з цягам часу ён будзе ў цябе ўсё больш удакладняцца. Гісторыя як навука не стаіць на месцы, і рэканструкцыя вельмі шчыльна працуе з гісторыяй, з археалогіяй. Калі год таму штосьці толькі даведаліся — і ўжо ў гэтым годзе людзі ў рэканструкцыі могуць выкарыстоўваць.
200 долараў за меч
Грашовыя выдаткі на рэканструкцыю залежаць ад таго, ці можа ўдзельнік набываць усю неабходную для дзейнасці атрыбутыку, а таксама ад таго, якім гістарычным перыядам ён займаецца.
— Калі мы разглядаем перыяд позняга сярэднявечча — XIV, XV, XVI стагоддзі, калі ўжо ёсць даспехі, якія ахоўваюць цалкам чалавека: ногі, рукі, [калі патрэбныя] кірасы (металічныя даспехі, якія закрываюць грудзі і спіну. — заўв. MOST) — гэта ўсё можна разлічваць на некалькі тысяч долараў мінімум. Чым пазнейшы перыяд, тым гэта будзе больш каштаваць. Калі мы размаўляем пра ранняе сярэднявечча, то збруя будзе танней, і той жа шлем, кальчугу, рукавіцы — усё можна плюс-мінус у пяцьсот долараў укласці. Меч будзе дзвесце долараў, за тысячу можна суперкласны камплект набыць.
Калі ўсё гэта ты робіш сам, то некаторыя рэчы можна мінімум у два-тры разы танней атрымаць. Кальчугу чалавек можа сам зрабіць. Даспех чалавек сам можа зрабіць. Шлем чалавек можа замовіць і дапрацаваць яго потым — гэта будзе танней. Калі мы размаўляем пра строй, пра касцюм, у якім можна ездзіць на фестывалі, то тут ужо не такія вялікія адрозненні. Касцюм ранняга сярэднявечча будзе каштаваць дзвесце-трыста долараў, позняга — будзе да пяцісот, і большую частку з гэтых грошай будзе займаць абутак. Абутак складана зрабіць і, хутчэй за ўсё, прыйдзецца замаўляць.
Знайшоў польскіх рэканструктараў
Юрый кажа, што маса рэканструктарскай зброі можа адрознівацца ад сапраўднай. Сярэднявечная зброя была лягчэйшай, бо была востра заточаная. З іншага боку, сучасная больш якасная апрацоўка металу можа змяншаць масу, і тады рэканструктарскі меч важыць больш-менш столькі ж, што і сярэднявечны арыгінал. Маса мяча можа быць 1,2 кілаграма, кажа рэканструктар.
— Я вырашыў працягнуць займацца рэканструкцыяй у Польшчы, і першае, што я зрабіў — знайшоў мясцовых рэканструктараў з Беластока. Я вырашыў цалкам змяніць рэгіён рэканструкцыі. Я займаўся познім сярэднявеччам у Беларусі, а ў Польшчы перайшоў на ранняе сярэднявечча. І было некалькі нагодаў для гэтага. Першае, што ў Польшчы адрозніваецца ад Беларусі, — тое, што рэканструктарскія «тусоўкі» амаль не перасякаюцца. Тут клубы выразна спецыялізуюцца: адзін клуб займаецца выключна раннім сярэднявеччам, іншы — выключна познім, — кажа суразмоўца. — У Беларусі гэта не так. У нас на радзіме не так шмат людзей, і таму часцей за ўсё адбываецца так, што тыя, хто займаюцца рэканструкцыяй ранняга сярэднявечча, займаюцца і рэканструкцыяй позняга сярэднявечча, і рэканструкцыяй напалеонаўскіх войнаў і іншымі перыядамі. То-бок, у Беларусі рэканструктар — гэта такі ўніверсальны салдат. У Польшчы з гэтым нашмат інакш.
Рэканструкцыя — гэта распаўсюджаная з’ява ў Польшчы, некаторыя клубы маюць падтрымку ад дзяржавы. Таму толькі ў Беластоку тры клубы, якія займаюцца раннім сярэднявеччам. А ў Беларусі я ведаю толькі тры клубы, якія зараз займаюцца гэтым періядам.
У Польшчы ўсё можна замовіць праз інтэрнэт
Рэканструктар дадае, што ў Польшчы вельмі распаўсюджаная з’ява — усё набываць «пад ключ», гатовае, праз інтэрнэт-крамы. Гэта займае прыкладна тыдзень — праз сайт замаўляеш усё, што трэба, аплочваеш і праз тыдзень у пачкамаце забіраеш замову.
— Ты можаш замовіць сабе і меч, і шлем, і кальчугу, і абутак, і строй. І гэта супер. Мне вельмі гэта падабаецца, таму што не трэба нічога шукаць. Таму што ў Беларусі ўсё робяць асобныя майстры, кожны майстар займаецца толькі сваёй справай. Адзін робіць толькі строй, адзін — толькі шлем, адзін — толькі зброю, і часам вельмі складана сабе нешта новае замовіць. Тут з гэтым пытанняў няма, і з-за таго, што вялікая колькасць людзей гэтым займаюцца, і кошты часам бываюць ніжэй за беларускія.
Стварыць беларускі клуб
Юрый кажа, што клубы рэканструктараў у Польшчы і Беларусі адрозніваюцца. У першую чаргу вядзеннем бою.
— У мяне першае ўражанне было, што мне падаецца, што яны не вельмі моцныя. У Беларусі кожны, хто займаецца рэканструкцыяй, па сутнасці, трэніруецца да «Бітвы Нацый». Ён займаецца і фізічным спортам, і барацьбой, і ўмее рабіць кідкі, і ўмее біць рукамі і нагамі, і заўсёды добра кантралюе поле бою. Па правілах «Бітвы Нацый» ты праіграў, калі ты ўпаў. Не важна, як ты трапіў на зямлю — калі ты там, ты прайграў. А тут іншыя правілы — тут бой ідзе да першага ўдара па табе. Калі па табе трапілі, то ты лічышся загінулым. Мне спачатку здалося, што гэта ўсё даволі лёгка, і адчуваў сябе нейкім супергероем. Але з цягам часу, калі я пачаў даведвацца пра правілы, гэта аказалася не так усё проста. І [ўдзельнікі] польскага клуба, з якім я трэніруюся, мне здаліся добрымі ваярамі. Я адрозніваюся ад іх тым, што я прывык да іншых умоваў бою. Палякі кажуць, што калі б яны ўсе біліся так, як я, яны былі б усе інвалідамі.
Юрый кажа, што спачатку хацеў уступіць у польскі рэканструктарскі клуб, але пасля размовы з яго кіраўніком зразумеў, што гэта — не самая лепшая ідэя. Справа ў тым, што першыя два гады ўдзельнік клуба праходзіць выпрабавальны тэрмін і павінен рабіць усю «чарнавую» працу на фестывалях, напрыклад мыць посуд. Кіраўнік польскага клуба параіў беларусу стварыць свой уласны клуб і супрацоўнічаць з імі на роўных. Польскія калегі паабяцалі, што будуць разам афармляць заяўкі на ўдзел у фестывалях. Таму, кажа Юрый, зараз для яго галоўная задача — стварыць беларускі клуб, і ён ужо знайшоў у Беластоку чатырох чалавек, якія выказалі ахвоту займацца разам гэтай справай.
З’явілася нейкая прага да жыцця
Юрый кажа, што гістарычная рэканструкцыя для яго — гэта сродак псіхалагічнай разгрузкі.
— Калі чалавек займаецца чымсьці, у яго няма часу, каб думаць пра штосьці дрэннае. І для мяне гістарычная рэканструкцыя стала тым шляхам, які зрабіў мой псіхалагічны стан зараз зноў добрым. Мне зноў цікава вывучаць штосьці новае, мне цікава чытаць гістарычную літаратуру, мне цікава зноў зрабіць сабе нейкія [атрыбуты] — вось, напрыклад, пояс, я яго некалькі тыдняў пасля працы вечарам напільнікам выпільваў. У мяне зноў з’явілася нейкая прага да жыцця. І таму я магу параіць тым, хто таксама ў эміграцыі адчувае, што чагосьці ў жыцці не хапае, паспрабаваць штосьці для сябе новае. Гэта не абавязкова можа быць гістарычная рэканструкцыя, але гістарычная рэканструкцыя можа быць добрым крокам для таго, каб стала лепш.
Юрый расказаў, што выбраў для жыцця Беласток, таму што ён блізкі да Беларусі. Рэканструктар кажа, што на трэніроўках можа паразумецца з польскімі калегамі, размаўляючы па-беларуску, бо многія маюць бабуль і дзядуль з беларускамоўных вёсак. Акрамя таго, ён лічыць Падляшша і Беласток самым спакойным і бяспечным месцам у Польшчы, а таксама адзначае, што тут лягчэй за ўсё легалізавацца і вельмі танна можна зняць жыллё.
— Тыя, хто чакае гадамі ва Уроцлаве ці Гданьску легалізацыю, від на жыхарства, у Беластоку могуць гэта зрабіць за два-тры месяцы. Беласток сярод буйных гарадоў польскіх самы танны. Напрыклад, я здымаю вельмі добрае, якаснае жыллё, і гэта каштуе нашмат танней, чым я мог бы заплаціць у Гданьску, Уроцлаве ці Кракаве, не кажучы нават пра Варшаву.
Не забудзь падпісацца на MOST у Тэлеграм. Мы галоўнае медыя беларусаў у Польшчы.