7 красавіка ў Польшчы адбудуцца выбары ў мясцовыя органы самакіравання (Wybory Samorządowe). Палякі буду выбіраць дэпутатаў рад (саветаў) гарадоў, гмін, паветаў, сеймікаў ваяводстваў.
Этнічны беларус Радаслаў Пусько, які ідзе ў дэпутаты Рады варшаўскага раёна Бяляны, расказаў MOST, што вырашаюць органы самакіравання ў Польшчы і як можна з іх дапамогай займацца беларускімі справамі.
«У інтэгратары арганізую мерапрыемствы для ўкраінцаў і беларусаў»
Радаслаў нарадзіўся ў Беластоку і мае беларускае паходжанне. Яго дзядуля па бацьку родам з Ліды, а бабуля — з вёскі Крывічы. Мужчына заўсёды ўдзельнічаў у справах беларускай меншасці Падляшша, а таксама востра ўспрымаў тое, што адбываецца ў Беларусі — менавіта ён падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006 года арганізаваў акцыю пад беларускім консульствам у Беластоку.
— Пасля таго я больш за 10 гадоў баяўся ехаць у Беларусь. Але потым усё ж паехаў, быў шмат разоў у Гродне, быў у Ваўкавыску, быў два разы ў Мінску, — успамінае Радаслаў. — Гродна для мяне стала другім горадам пасля Беластока, амаль родным. Спадзяюся, што буду мець магчымасць там пабыць больш часу альбо нават пажыць, калі Беларусь стане нармальнай дэмакратычнай дзяржавай.
У палітыцы мужчына не навічок, каля шасці гадоў таму ён балаціраваўся ў дэпутаты Рады Беластока. Па яго словах, ён стаў першым чалавекам у посткамуністычнай Польшчы, хто на сваіх перадвыбарных плакатах выкарыстоўваў кірыліцу. Гэта быў надпіс «Будуйма супольнасць!». Палітык кажа, што тады прыляцела шмат хэйту, але яшчэ больш было слоў падтрымкі.
У 2018 годзе Радаслаў дамогся ад Рады Беластока, каб яна прыняла рэзалюцыю пра ўшанаванне памяці стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі. «Хадзіў, прасіў і выпрасіў», — смяецца ён.
— Таксама я прапанаваў дэпутатам Рады Беластока ўшанаваць той факт, што менавіта ў нашым горадзе праходзіла мяжа паміж Каронай Польскай і Вялікім княствам Літоўскім. І нават зараз на Падляшшы вельмі шмат людзей — і палякаў, і беларусаў — памятаюць, што такое ВКЛ. У выніку дэпутаты прагаласавалі за тое, каб кальцавая развязка па вул. Skorupska атрымала назву rondo Korony Królestwa Polskiego i Wielkiego Księstwa Litewskiego. І гэта менавіта тое месца, дзе была тая мяжа, — адзначае актывіст.
Апошнія чатыры гады Радаслаў жыве ў Варшаве. І хоць у польскай сталіцы няма столькі прадстаўнікоў беларускай меншасці, як на Падляшшы, затое тут вялікая беларуская дыяспара.
У Варшаве Радаслаў працуе ў Бялянскім інтэгратары прадпрымальнікаў (Bielański Integrator Przedsiębiorczych). Гэта ўстанова пры ўжондзе (адміністрацыі) раёна Бяляны, якая дапамагае прадпрымальнікам. Таксама памяшканні інтэгратара выкарыстоўваюцца жыхарамі як каворкінг, тут праводзяцца сустрэчы, кансультацыі, навучанне.
— Я ў гэтым інтэгратары арганізую мерапрыемствы для ўкраінцаў і беларусаў, — расказвае актывіст. — У тым ліку я падрыхтаваў цыкл кансультацыйных сустрэч на тэму эканамічнай дзейнасці. Там можна даведацца пра падаткі, пра віды прадпрыемстваў, пра тое, як стварыць фірму ў Польшчы. Таксама ў нас працуе беларус з Мінска, ён арганізуе кансультацыі пра маркетынг, пра тое, як рэкламаваць свае прадукты і паслугі.
«Самакіраванне вырашае, дзе з’явяцца школа, дзіцячы садок альбо яслі»
У гэтым годзе Радаславу прапанавалі паўдзельнічаць у мясцовых выбарах у Раду раёна Бяляны ад Грамадзянскай кааліцыі. Мужчына кажа, што выбары ў органы самакіравання — гэта вельмі важная падзея для палякаў, нават важнейшая за парламенцкія выбары. Бо тыя, на яго думку, толькі паказваюць кірунак, у якім будзе змяняцца краіна, а рэальныя змены робяцца на месцах.
— Мясцовыя выбары — найважнейшыя выбары для Польшчы, — упэўнены актывіст. — Гэта самакіраванне вырашае, дзе будзе дарога, дзе з’явяцца школа, дзіцячы садок альбо яслі. Гэта самакіраванне вырашае, колькі грошай будзе выдадзена на культуру ці на няўрадавыя арганізацыі, якія займаюцца культурай. Гэта ўсё ў кампетэнцыі самакіравання. Таму мясцовыя выбары — гэта мегаважная рэч.
Але разам з тым Радаслаў адзначае, што рада, да якой ён будзе выбірацца, не мае вялікіх паўнамоцтваў: гэта звязана з асобнай сістэмай кіравання, якая дзейнічае ў Варшаве. Сталіца мае агульную Раду горада, якая і прымае ўсе рашэнні. Рады ж раёнаў выступаюць хутчэй як дапаможныя і кансультацыйныя органы.
Мужчына тлумачыць, што як раённы дэпутат ён зможа прапаноўваць тэмы, рашэнні, удзельнічаць у кансультацыях, выказваць сваё меркаванне.
— Калі я стану дэпутатам, я магу быць, напрыклад, голасам вольных беларусаў, якія жывуць у Варшаве, — працягвае Радаслаў. — І калі я буду мець магчымасць дапамагаць у беларускіх справах, то дакладна буду яе выкарыстоўваць. Калі да мяне нехта прыйдзе з прапановай нейкіх дзеянняў, то я змагу гэтыя прапановы перадаць далей — да Рады горада Варшавы, да прэзідэнта Варшавы. Як раённаму дэпутату мне будзе лягчэй дайсці да людзей, якія прымаюць рашэнні.
Мужчына кажа, што, калі дыяспара мае такое жаданне і магчымасці, ён як раённы дэпутат мог бы звярнуцца да прэзідэнта Варшавы, каб атрымаць дазвол на ўрачыстае святкаванне Дня Волі ў наступным годзе: «Як сціплы дэпутат магу гэтую тэму вынесці ў публічную прастору», — запэўнівае ён.
Асноўнай жа дзейнасцю Радаслава, калі яго выберуць дэпутатам, застанецца падтрымка прадпрымальнікаў.
«Самакіраванне выбухне ў Беларусі, як толькі зменіцца палітычная сістэма»
Радаслаў упэўнены, што беларусы схільныя да самакіравання. Ён лічыць, што разуменне гэтай з’явы тлее ў грамадстве, а людзі ведаюць пра яго «падскурна, недзе глыбока ў сабе».
— Я маю глыбокае ўнутранае перакананне, што самакіраванне ёсць недзе ў ДНК беларусаў, недзе ў крыві. І гэтае самакіраванне выбухне ў Беларусі, як і іншыя формы актыўнасці, як толькі зменіцца палітычная сістэма, — сцвярджае ён.
Разважаючы пра дэмакратычную Беларусь, актывіст кажа, што, калі б яго запрасілі, то адным з першых паехаў бы ў Беларусь разам з іншымі людзьмі з меншасці і дыяспары, каб расказваць беларусам, наколькі важнае самакіраванне. Як шмат добрага можна зрабіць з яго дапамогай і як важна ўдзельнічаць у мясцовых выбарах.
— Я вельмі чакаю часу, калі мяне запросяць у Беларусь і мы разам зробім адну вялікую файную імпрэзу — нейкі канцэрт ці фестываль. І ўсе разам будзем святкаваць нашыя поспехі і дасягненні.
Не забудзь падпісацца на MOST у Тэлеграм. Мы галоўнае медыя беларусаў у Польшчы.