У Варшаве ўжо два гады працуе Беларуская школа мастацтваў імя Міколы Равенскага. Праект пачынаўся, каб дапамагчы дзецям адаптавацца ў эміграцыі, але за час існавання значна пашырыўся. Сёння школа прапануе беларускім дзецям бясплатныя заняткі, рыхтуе іх да іспытаў у музычныя школы і стварае спектаклі. Ёсць тут актыўнасці і для дарослых. Як развіваецца праект, MOST распавяла дырэктарка школы, кіраўніца і дырыжорка «Вольнага хору» Галіна Казіміроўская.
Галіна разам з сям’ёй і калегамі апынулася ў эміграцыі ў 2021 годзе. Амаль адразу паўстала праблема — дзеці балюча перажывалі эміграцыю і адчувалі сябе самотна. У яе асяроддзі было шмат сямей з падлеткамі, і бацькі вялі размовы пра тое, што дзецям няма з кім сябраваць.
Жанчыну ўразіла, што ў эміграцыі некаторыя дзеці пачалі прымаць антыдэпрэсанты. У Мінску яна ніколі не сутыкалася з такой сітуацыяй.
— Страшна, калі табе 11-12 гадоў, а ты перажываеш такую вялікую дэпрэсію, — адзначае Галіна.
Таму ў стварэнні школы першаснай мэтай была сацыяльная дапамога.
— Мы, дарослыя, працягвалі свае рэпетыцыі, і гэта нас ратавала. А дзеці знаходзіліся побач. І прыйшла думка зрабіць нешта з імі.
«Гэта было зялёнае святло: працуйце»
Пачалося ўсё ў лютым 2022 года з невялікай групы дзіцячага хору. Але раптоўна гурток пачаў абрастаць выкладчыкамі, якія зразумелі неабходнасць школы, бацькі сталі прыводзіць дзяцей.
Сёння школа прапануе адразу некалькі вучэбных напрамкаў: музычны (гітара, скрыпка, фартэпіяна, вакал, сальфеджыа і хор), тэатральны, літаратурны і гістарычны. Сярод выкладчыкаў — рэжысёр і культуролаг Васіль Дранько-Майсюк, кампазітарка Вольга Падгайская. З наступленнем добрага надвор’я школа плануе праводзіць экскурсіі па беларускіх мясцінах Варшавы з гісторыкам Сяржуком Герасімовічам.
— У адной прасторы вельмі шмат таленавітых людзей, у Мінску такое б не атрымалася, — мяркуе Галіна.
Да сённяшняга дня дырэктарка імкнецца ўтрымліваць школу ў некамерцыйным фармаце. Усе групавыя заняткі праводзяцца бясплатна. Для Варшавы гэта рэдкасць.
— Калі я спрабавала аддаць дачку — яна займаецца скрыпкай — у музычную школу ў Варшаве, зразумела — гэта недасяжна. Ці дзесяць чалавек на месца, ці на платнай аснове, — тлумачыць Галіна.
Некамерцыйны фармат існавання школы стаў магчымым у тым ліку таму, што Дом культуры ў Старым горадзе адвёў школе бясплатнае памяшканне для заняткаў.
— Гэта было зялёнае святло: працуйце, вось вам памяшканне. Амаль у кожным класе стаяць музычныя інструменты, тут ёсць камерная зала, дзе мы праводзім тэатральныя заняткі.
«Дзеці вельмі хутка губляюць мову»
Агулам у школе навучаецца больш за 70 дзяцей, ад сямі да 17 гадоў. Некаторыя з іх прыходзяць у школу, каб выкладчыкі дапамаглі падрыхтавацца да іспытаў у польскія музычныя школы.
— Дзецям, якія займаліся музыкай «у мінулым жыцці», вельмі важна працягваць гэта на адпаведным узроўні. Але ніякіх сертыфікатаў або паперак мы не даём, бо пакуль не маем адпаведнага статусу.
Школа дапамагае захаваць сувязь з радзімай і беларускай культурай. Тут у дзяцей застаецца магчымасць не толькі чуць родную мову, але і спяваць на ёй.
— Нашы дзеці вельмі хутка губляюць мову, пераходзячы на іншыя. Таму для нас, дарослых, вельмі важна, што ў школе дзеці нейкім чынам могуць гэта кампенсаваць.
Тым не менш у школе вучацца і некалькі ўкраінцаў, а вось палякі пакуль не прыходзілі на заняткі.
— Не ведаю, кепска гэта ці добра, але ў нас няма мэты інтэгравацца ў польскае грамадства. Для мяне школа — гэта выспа беларускасці. Магчыма, для палякаў гэта не зусім зручны фармат.
«Мы прапануем аматарскі ўзровень»
Два разы на год навучэнцы школы ладзяць канцэрты і тэатральныя пастаноўкі для бацькоў. Галіна адзначае, што мэты выходзіць на міжнародныя конкурсы ў школы няма.
— Дакладна, у нас няма такіх амбіцый. Нягледзячы на тое, што ўсе выкладчыкі высокакваліфікаваныя, мы прапануем аматарскі ўзровень.
Але ў беларускіх праектах дзеці ўжо паўдзельнічалі: запісалі кліп на песню «Свет без вайны», а таксама зняліся ў кліпе спявачкі Ганны Шаркуновай «Знакі».
Школа адкрытая і для дарослых. Зараз тут існуе жаночы ансамбль, у планах — стварэнне тэатральнай групы пад кіраўніцтвам актрысы Зоі Белахвосцік.
Але пакуль на ўсе планы не хапае месца ў Доме культуры.
— Дарослым мы троху замінаем, таму што няма дзе. Усё аддалі дзецям. Але маем надзею, што з наступнага года пашырымся ў памяшканні і напрамках, якія будзем прапаноўваць дзецям і дарослым, — дадае Галіна.
Не забудзь падпісацца на MOST у Тэлеграм. Мы галоўнае медыя беларусаў у Польшчы.