У снежні 2021 года ў Варшаве з’явіўся Дом творцаў. Прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі з Беларусі могуць прыехаць сюды, каб пажыць, папрацаваць, сустрэцца з аднадумцамі, а таксама атрымаць псіхалагічную дапамогу. У адрозненні ад іншых беларускіх месцаў пра гэтае ведаюць нямногія. Журналістка MOST наведала яго і пазнаёмілася з заснавальнікам.
Адрас гэтага будынка па зразумелых прычынах арганізатары не хочуць «свяціць». Дом знаходзіцца ў ціхім мікрараёне з прыватнай забудовай. Сюды прыязджаюць мастакі, скульптары, музыканты, акцёры. У асноўным гэта людзі, якія былі палітвязнямі.
У Доме знаходзіцца некалькі пакояў, у якіх людзі могуць пажыць нейкі час у спакойнай атмасферы, у бяспецы. Тут ёсць магчымасць сустракацца са сваімі аднадумцамі і абмяркоўваць тое, што набалела. Ды і проста пасядзець з кубачкам кавы са сваімі — гэта неабходна любому нармальнаму чалавеку.
Але займацца сваёй прафесійнай справай тут таксама неабходна, як і паказваць публіцы вынік гэтага занятку.
Каманда Дома дае такую магчымасць. Арганізатары кажуць, што за два гады ёй скарысталіся амаль 500 чалавек. Усяго было сем такіх рэзідэнцый. Для кожнай групы прафесіяналаў свая асобная — для музыкаў, для акцёраў, для мастакоў. Сумеснымі намаганнямі ладзіліся выставы і канцэрты.
Для тых, хто сёння знаходзіцца ў Доме творцаў, арганізаваны нават лекцыі. Бо людзі ўсіх узростаў маюць патрэбу ў прафесійнай адукацыі ўвесь час.
Дом афіцыйна зарэгістраваны. У ім працуе зладжаная каманда аднадумцаў.
Дырэктар Дома творцаў — вядомы музыка Сяргей Доўгушаў — два гады таму прапанаваў ідэю стварэння такога месца, і ў яго атрымалася. Журналістка MOST пагаварыла з ім пра тое, ці лёгка сёння беларусам у Польшчы адкрыць такі Дом, як трапіць сюды і што ён дае творцам з Беларусі.
— Як узнікла ідэя стварыць менавіта такі Дом з яго рэзідэнцыямі?
— Я сам чалавек творчы і заўсёды нешта ствараю вакол сябе. Я ведаю, што менавіта неабходна людзям творчасці. У снежні 2021 года мы проста арандавалі гэты дом і адразу ж у першую рэзідэнцыю ў яго заехалі нашы музыканты. А потым была рэзідэнцыя акторская, за ёй мастакі, потым фалькларысты, за імі зноў мастакі. Вось зараз ужо восьмая па ліку рэзідэнцыя. У нас ёсць некалькі месцаў. Але менавіта Дом — гэта месца, дзе людзі пражываюць і маюць зносіны. Бывае, што тамака збіралася і па 30 чалавек. Гэта калі былі нейкія мерапрыемствы. Але каб усім там было камфортна, пражываюць звычайна 10-12 чалавек.
— Але гэта не шэлтар?
— Не. Галоўная задача — даць людзям не проста магчымасць пажыць, а аказаць ім псіхалагічную дапамогу, даць магчымасць атрымаць неабходную рэабілітацыю і адпачынак. Цяпер мастацкая рэзідэнцыя, і ў нас амаль кожны дзень праходзяць самыя розныя мерапрыемствы. Гэта і майстар-класы ў Акадэміі мастацтва, і асобныя сустрэчы з вядомымі польскімі дзеячамі культуры.
«Галоўная задача — даць чалавеку паўнавартасна адпачыць»
— Тут перыядычна людзі розных прафесій, і для кожнай такой групы распрацоўваецца асобная праграма?
— Для кожнай рэзідэнцыі — свой куратар. Ён складае план, і па гэтым раскладзе нашыя «рэзідэнты» ўдзельнічаюць у мерапрыемствах. Ёсць і выходныя дні. Ніякага прымусу няма. Мы разумеем, што галоўная задача — даць чалавеку паўнавартасна адпачыць.
— Нейкая яшчэ матэрыяльная дапамога аказваецца, напрыклад купля палатна, падрамніка?
— Мы купляем усе неабходныя матэрыялы. Акрамя таго, мы яшчэ і даём людзям сутачныя. А ў канцы кожнай рэзідэнцыі мы арганізоўваем падагульняючае мерапрыемства. Калі гэта мастакі, то будзе выстава. Калі гэта музыканты, то будзе канцэрт. Мы ўвогуле марым, каб гэта былі не толькі аднаразовыя мерапрыемствы, а выставы і ў іншых гарадах Польшчы ці ў іншых краінах.
— 19 красавіка будзе выстава. Наколькі яна важная для мастакоў?
— На выставу мы запрашаем спецыялістаў і прадстаўнікоў з розных фондаў і з розных краін. На гэты раз будуць госці з Германіі. Мастакам патрэбныя кантакты. Яшчэ ў першую рэзідэнцыю аднаму мастаку такім чынам знайшлі майстэрню ў Варшаве. Адна маладая мастачка стала працаваць у вядомага прафесара. Ён запрасіў яе да сябе пасля таго, як наведаў выставу.
— А дзе мастакі могуць працаваць? Бо ўсе растваральнікі і фарбы маюць спецыфічны пах, а ў Доме я не заўважыла прыстасаваных для гэтага памяшканняў.
— У нас ёсць асноўныя пляцоўкі, і ўсе яны знаходзяцца ў цэнтры. Сярод іх Witryna Domu Wschodniego, таксама Музей рэвалюцыі, але ёсць і іншыя месцы.
«Праводзім верыфікацыю»
— Сёння сур’ёзная праблема для многіх, хто прыязджае, гэта бяспека. Бо людзям вяртацца дадому.
— Мы ў мэтах бяспекі ў самым пачатку пільна праводзім верыфікацыю таго ці іншага чалавека. У нас ёсць псіхолаг, які праводзіць сумоўе, каб пазбегнуць непрыемных сітуацый.
— Як адбываецца сам адбор?
— Удзельнічаюць у адборы пяць чалавек. Гэта спецыялісты, якія могуць вызначыць, наколькі мастак цікавы, арыгінальны. Таксама мы дапамагаем тым, каго рэпрэсіравалі, у першую чаргу. Тым больш што сёння дома (у Беларусі. — Заўв. MOST) вольна ствараць і мець магчымасць выставіць свае работы вельмі складана. У нас няма абмежавання па ўзросце — масціты мастак ці пачатковец.
— Беларусы ў эміграцыі прадэманстравалі, што яны перш за ўсё сталі ствараць пляцоўкі для падтрымкі культуры, для духоўнага развіцця. А наколькі лёгка знайсці сродкі для падтрымкі ў гэтай сферы?
— Гэта не проста. Мы вельмі спадзяемся, што знойдуцца нейкія фонды для падтрымкі нашых рэзідэнцый на сталай аснове. На кожную новую даводзіцца шукаць сродкі. Адна рэзідэнцыя — гэта каля 20 чалавек. Але тым, хто не патрапіў, мы хаця б дапамагаем атрымаць візу. Ужо конкурсы вялікія, каб да нас патрапіць. Вось на гэтую апошнюю рэзідэнцыю трэба было набраць 15 чалавек, а падалі заяўкі 80. Але ўсе, каму патрэбная была віза, яе атрымалі з нашай дапамогай.
«Палякі заўсёды ідуць нам насустрач»
— У вас тут столькі высакакласных прафесіяналаў збіраецца пад адным дахам. Вы неяк гэтым карыстаецеся?
— Так. У нас з’явіўся каталог паслуг. Мы можам дапамагчы запісаць песню, зрабіць нейкі ўнікальны дызайн. Плануем знайсці сваю пляцоўку. Мы ж увесь час арандуем, а хочацца мець месца, дзе будуць праходзіць усе нашыя мерапрыемствы. На жаль, на культуру вылучаецца не так шмат сродкаў. А мы ж можам паказаць такую Беларусь, якую амаль не ведаюць у Еўропе. У нас ёсць вельмі таленавітыя мастакі, акцёры, музыканты. Бо Беларусь — гэта не толькі негатыў, звязаны з Лукашэнкам.
— Як палякі ставяцца да вашых прапаноў?
— Яны нам заўсёды ідуць насустрач. Прафесары Акадэміі мастацтваў бясплатна праводзяць заняткі са студэнтамі. Знайсці памяшканне для выставы таксама ніколі не было праблемай.
Размаўляла Лора Сплендэр
Не забудзь падпісацца на MOST у Тэлеграм. Мы галоўнае медыя беларусаў у Польшчы.