Падлеткі часта маюць цяжкасці ў адаптацыі ў эміграцыі. Інтэнсіўнае эмацыйнае і псіхалагічнае развіццё, характэрнае для гэтага ўзросту, робіць іх адчувальнымі да сацыяльных і палітычных змен, якія адбываюцца ў краіне і свеце. Разам з псіхолагам шукаем спосабы палегчыць адаптацыю падлеткаў.
На сайце выдавецтва Gutenberg Publisher можна набыць кнігу аўтаркі Сашы Гук «Соня, стой!». Аповесць пра пятнаццацігадовую дзяўчыну, яе перажыванні і траўмы будзе карысна прачытаць не толькі падлеткам, але і бацькам, каб лепей зразумець сваіх дзяцей і іх праблемы.
MOST пагутарыў з псіхолагам Васілём Пронем пра дзіцяча-бацькоўскія адносіны, рэакцыю падлеткаў на грамадска-палітычныя падзеі, цяжкасці эміграцыі і стратэгіі, якія дапамагаюць падтрымліваць дзяцей у складаных сітуацыях.
— Наколькі сучасныя падлеткі ўцягваюцца ў тое, што адбываецца ў краіне і свеце? Ім гэта цікава, ці яны больш зацыкленыя на сабе?
— На гэтае пытанне нельга адказаць адназначна. Падлеткі праз фільтр сваёй рэальнасці, безумоўна, уцягваюцца. Але робяць гэта інакш, чым дарослыя. Пакаленне сучаснай моладзі нарадзілася ў эпоху інтэрнэту, яно па-іншаму ўспрымае свет. Для маладых людзей сацыяльныя сеткі — натуральная частка навакольнага свету. Але алгарытмы сацсетак працуюць так, каб дагадзіць карыстальніку — улічваюць яго запыты і інтарэсы. Атрымліваецца, што знаходзячыся ў віртуальным свеце, падлетак па крузе атрымлівае кантэнт, які пацвярджае яго перакананні і ўстаноўкі. Гэта можа рабіць успрыманне інфармацыі аднабаковым.
З іншага боку, узнікаюць нейкія грамадска-палітычныя зрухі, сацсеткі могуць таксама выступаць для падлеткаў бяспечнай формай унутранай міграцыі. У гэтым віртуальным свеце яны пачуваюць сябе значна камфортней і бяспечней. Дарэчы, так паступаюць і дарослыя — заліпаюць у серыялах, камп’ютарных гульнях. Для іх гэта спосаб збегчы ад рэальнасці, якая на іх цісне.
— Што рабіць бацькам, калі ў іх з дзіцём не супадаюць погляды на грамадска-палітычныя падзеі?
— Калі ў грамадстве адбываюцца сацыяльныя, палітычныя канфлікты, гэта можа закранаць цэлыя сем’і. Цяжэй за ўсё, калі ў прадстаўнікоў розных пакаленняў адной сям’і погляды адрозніваюцца. А падлеткам яшчэ ў сілу ўзроставай псіхалогіі неабходна сепарыравацца ад бацькоў, адчуць сябе самастойнай адзінкай. Таму ў мэтах самавыражэння яны ва ўсе часы выбіралі для сябе нейкія субкультуры, шукалі сваю ідэнтычнасць у знешнім асяроддзі. У залежнасці ад таго, як будавалася выхаванне ў сям’і, гэта можа быць больш радыкальная ці менш радыкальная форма. Выбар палітычнай пазіцыі ў падлеткаў можа быць абумоўлены пратэстам у адносінах альбо да бацькоў, альбо да дарослага грамадства, альбо агулам да соцыуму. Часам гэта прымае дзіўныя формы, і падлетак можа стаць, напрыклад, леніністам.
У падлеткавым узросце яшчэ недастаткова развіта крытычнае мысленне, таму дзіця можа лёгка трапіць пад уплыў прапаганды, якая можа прапаноўваць яскравыя вобразы геройства. Што рабіць бацькам? Тут няма чароўнага рэцэпта. Трэба працаваць не са следствам, а з прычынай. Шукаць, у чым корань праблемы. Часам дзіця проста трэба дастаць з гэтага «кіслага» асяроддзя — перавесці ў іншую школу, пераехаць у іншую краіну. Часам — камунікаваць, якасна ўмацоўваць кантакт з дзіцём. Высвятляць, якія яго патрэбы не задаволеныя.
Але пачынаць бацькам заўсёды трэба з сябе. Калі бацькі самі выгаралі, знаходзяцца не ў рэсурсе, яны могуць зрабіць толькі горш. Не трэба спрабаваць перарабіць падлетка пад сябе — пераконваць, праціскаць пад сваю пазіцыю. Трэба дапамагаць яму развівацца, як асобе, умацоўваць сваю ўстойлівасць. Калі падлетак будзе развівацца, ён паступова перарасце погляды, навеяныя нездаровай прапагандай.
«Адбываецца разрыў з тым асяроддзем, у якім падлетак ужо знайшоў сваё месца»
— Што адчуваюць падлеткі, чые бацькі былі рэпрэсаваныя або пацярпелі ад палітычных дзеянняў?
— Тут усё залежыць ад ступені траўміраванасці — пры якіх абставінах усё адбылося, ці давялося дзіцяці быць сведкам, наколькі ў яго моцная сувязь з бацькамі, ці была падтрымка з боку асяроддзя. Уплываюць і індывідуальныя асаблівасці псіхікі. Пры найгоршых сцэнарыях падлетак можа замкнуцца ў сабе, стаць агрэсіўным, сысці з галавой ва ўнутраную эміграцыю — гульні, сацсеткі. А можа адасобіцца, плыць па жыцці з адчуваннем, што ён ні на што не ўплывае. Маўляў, калі маіх бацькоў заціснулі, то і мяне могуць. Можа, наадварот, мабілізавацца і спрабаваць стаць моцным, круцейшым, каб з ім такога не здарылася. Часам гэта можа даходзіць да фанатызму. Тут можа спрацоўваць вялікі шэраг псіхалагічных абарон. Бясследна такое не праходзіць.
— З якімі цяжкасцямі сутыкаюцца падлеткі, вымушаныя эміграваць?
— Эміграцыя даецца няпроста ў любым узросце, але падлеткам асабліва цяжка. Для іх асноўны арыенцір — гэта соцыум, яны спрабуюць у ім зацвердзіцца, сепарыруюцца ад бацькоў. І раптам адбываецца разрыў з тым сацыяльным асяроддзем, у якім падлетак, здавалася б, ужо знайшоў сваё месца. Так, цяпер ёсць куча магчымасцей заставацца ў кантакце з сябрамі: інтэрнэт, відэасувязь. Але гэта не замяняе паўнавартаснага фізічнага ўзаемадзеяння, таму паступова іх інтарэсы разыходзяцца.
Як і дарослыя, дзеці сутыкаюцца з моўным і культурным бар’ерам, не ўсе лёгка праходзяць праз гэтыя выклікі. Часам падлеткі ладзяць бунт, бо хочуць вярнуцца назад. У якасці ўнутранага пратэсту яны могуць выбраць асацыяльныя паводзіны, пачынаюць ужываць алкаголь, дрэнна вучыцца.
«Максімальна ператварыць шкоду ў карысць»
— Як зразумець, што падлетку патрэбна дапамога псіхолага?
— Дапамога псіхолага патрэбна падлетку далёка не заўсёды. Часцей патрэбна менавіта дапамога і падтрымка ўнутры сям’і. Многім бацькам прасцей вырашыць сітуацыю праз уплыў на дзіця, яны не хочуць глядзець унутр сябе. Але ў першую чаргу бацькам варта задумацца, што трэба змяніць у сабе, каб іх дзіцяці было з імі добра. Гэта балючая тэма для многіх бацькоў. Яны могуць думаць: «Я і так раблю максімум, грошы зарабляю, забяспечваю цябе, што яшчэ трэба?». Але падлетку ў гэты момант трэба нешта іншае. Часам дастаткова звярнуць увагу на простыя рэчы. Падумаць, якія патрэбы ёсць у вашага дзіцяці і як вы можаце іх задаволіць, не прыкладаючы нейкіх звышвысілкаў.
— Як метады і стратэгіі дапамагаюць падтрымаць псіхалагічны стан падлеткаў ва ўмовах палітычных змен і эміграцыі?
— Калі знешнія абставіны складваюцца зусім дрэнна, мы павінны ў першую чаргу дапамагчы падлетку выйсці са стану «мінус» у стан «нуль», каб ён не быў увесь час на стрэсе. Для гэтага ёсць некалькі стратэгій. Адна з іх — знешняя фізічная абарона. Напрыклад, дастаць падлетка з «кіслотнага» асяроддзя — пераехаць, перавесці ў іншую школу, не вадзіць у госці да таксічных сваякоў, якія яго ганьбяць. Трэба раздзяліць падлетка і крыніцу напружвання. Гэты спосаб карысны ў выпадку, калі ён сам не спраўляецца з праблемай.
Яшчэ адна стратэгія — унутраная псіхалагічная абарона. Трэба паказаць дзіцяці, як ён можа сябе абараніць. Тут ёсць розныя прыёмы. Можна выкарыстоўваць уяўленне. Напрыклад, калі на цябе хтосьці крычыць, можна ўявіць у сваёй галаве сцяну паміж сабой і апанентам. Калі падлетку патрэбна навучыцца фізічна сабе абараніць, пажадана адвесці яго на секцыю самаабароны, каб ён адчуваў, што можа за сябе пастаяць. Біцца не абавязкова, важна, каб ён адчуваў, што ў стане сябе абараніць.
Наступны спосаб — кампенсацыя негатыўнага ўплыву. Напрыклад, падлетку-эмігранту цяжка вучыцца ў школе, таму што там іншая мова. Ён стамляецца, вымотваецца. Мы не можам абараніць яго ад іншага моўнага асяроддзя. Але мы можам кампенсаваць гэта — падтрымаць яго дома, адправіць у гурток, секцыю, летнік, дзе будуць дзеці, якія размаўляюць з ім на адной мове.
Яшчэ адна карысная стратэгія — выкарыстоўваць дэструктыўныя фактары для развіцця дзяцей. Мы, бацькі, павінны дапамагаць дзіцяці бачыць, чаму ён можа навучыцца ў той ці іншай складанай сітуацыі. Якім ён можа стаць — больш развітым, моцным і гэтак далей. Паказвайце, што замест таго, каб пакутаваць, калі нешта ідзе не так, трэба падумаць, як выйсці з сітуацыі іншым спосабам. Навучыце дзяцей шукаць нестандартныя варыянты, прыдумляць крэатыўныя вырашэнні праблемы. Гэта дапаможа прадухіліць стрэс і навучыць спраўляцца з абставінамі, якія немагчыма прадказаць. Можна ператварыць гэта ва ўмоўную гульню: вось, ты забыўся на грошы на булачку і застаўся галодным, прыдумай пяць варыянтаў выйсця з сітуацыі. Дзіця пачне прыдумляць: пазычыць грошы ў сяброў і гэтак далей. Так у яго сфарміруецца своеасаблівы імунітэт да стрэсавых сітуацый.
Сутыкаючыся з цяжкасцямі, дзіця часцяком набывае нейкія якасці і каштоўнасныя арыенціры, якія будуць яму дапамагаць па жыцці. Так, не заўсёды выклікі і складанасці ідуць на карысць, часам яны прыводзяць і да траўм. І наша адказнасць тут як бацькоў зрабіць усё магчымае, каб максімальна ператварыць гэтую шкоду ў карысць.