Кракаў — адзін з папулярных у беларускіх эмігрантаў польскіх гарадоў. Мясцовая дыяспара тут дастаткова вялікая. Актывісты ацэньваюць яе ў прыкладна ў 15 тыс. чалавек (на базе дадзеных з рэкламнага кабінета Meta). Для іх гэта, у першую чаргу, горад з вялікай беларускай гісторыяй.
Беларусаў у Кракаве менш, чым у іншых буйных гарадах: Варшаве, Гданьску або Вроцлаве. У 2023 годзе Малапольскае ваяводства заняло толькі шостае месца па колькасці заявак беларусаў на атрыманне ВНЖ — іх падалі 4,5 тыс. чалавек. Але прычын выбраць для жыцця ў Польшчы менавіта Кракаў мноства.
З відавочных плюсаў Кракава — насычанае культурнае жыццё: штодзень адначасова адбываюцца некалькі розных фестываляў — ды бясконцы выбар месцаў, дзе можна паесці і выпіць кавы.
Горад — другі па памерах у Польшчы, сюды прыязджаюць на канцэрты вялікія зоркі, а ў беларускіх музыкаў гэта абавязковы пункт у туры. Пры гэтым Кракаў мае атмасферу спакойнага, няспешнага горада, а спякотным надвор’ем улетку ён нагадвае італьянскія мястэчкі.
За дзве гадзіны з горада можна даехаць да польскіх Татраў, а да Чэхіі, Славакіі, Венгрыі і Аўстрыі лёгка дабрацца цягніком.
Нягледзячы на памеры горада, легалізацыя ў Кракаве адносна хуткая: негуманітарныя ВНЖ, афармленне па карце паляка робяць без затрымак. А чаканне гуманітарных карт побыту займае ў сярэднім ад трох месяцаў.
«Польскія дзядуля і бабуля на кожны мітынг прыходзілі з папяровай бел-чырвона-белай стужачкай»
Лізавета (імя зменена) пераехала ў Кракаў ажно ў 2002 годзе па стыпендыяльнай праграме для вучобы. У тыя часы беларускай дыяспары, па яе словах, проста не існавала. Сітуацыя змянілася ў 2007-2008 гадах, калі ў горад прыехалі вучыцца некалькі дзясяткаў маладых людзей. Разам з мясцовымі прафесарамі, напрыклад гісторыкам Юрыем Гардзеевым, яны стварылі таварыства. Яно актыўнічала прыкладна да 2015 года, і з тых часоў актыўнасць дыяспары зноў прыціхла.
Пераломным момантам стаў 2020 год.
— У 2020 годзе дыяспара інтэгравалася, усе пазнаёміліся паміж сабой, — згадвае Лізавета. Праз кавідныя абмежаванні арганізаваць мерапрыемствы тады было складана, але дыяспара развівалася, з’яўляліся адмысловыя тэматычныя чаты. Эмігранты пачалі дапамагаць тым, хто вымушана пакінуў радзіму.
— Нас было каля 30 чалавек, арганізавалі шэлтар з дапамогай фондаў. Але з часам большасць выгарала і адышла ад спраў, — расказвае Лізавета. — Цяпер засталіся некалькі чалавек, якія праз досвед умеюць хутка вырашаць пытанні, але гэта ўсё роўна забірае шмат сіл.
Пры гэтым людзі, якім патрэбная дапамога, не заканчваюцца. І беларуска адзначае, што шмат тых, хто пераехаў нават у 2020 годзе і да канца так і не адаптаваўся.
— Ім патрэбная псіхалагічная, маральная дапамога. Наша дыяспара сваёй мікракамандай стараецца дапамагаць усім, хто звяртаецца, — кажа жанчына.
Лізавета тлумачыць, што мясцовыя ўлады дыяспары не дапамагалі.
— Мы сустракаліся і з былым прэзідэнтам горада, і з іншымі чыноўнікамі, і з незалежнымі палітыкамі. Але нічога не атрымалася.
Затое падтрымалі іх мясцовыя жыхары — рэчамі і грашыма. Таксама яны прыходзілі на акцыі.
— Былі польскія дзядуля і бабуля 80-гадовыя, якія на кожны мітынг прыходзілі з папяровай бела-чырвона-белай стужачкай. Не ведаю нават, адкуль яны яе ўзялі. Мабыць, самі зрабілі, — з усмешкай згадвае Лізавета. — Агулам агрэсія да беларусаў з боку палякаў у Кракаве — гэта выключэнне з правіла. Затое нярэдкія гісторыі, калі нас блытаюць з украінцамі і, мякка кажучы, прапануюць вярнуцца дадому.
Як сустрэча перарасла ў буйны фестываль
Асаблівасць дыяспары ў Кракаве — яе цэнтралізаванасць. Да 2023 года асноўным пунктам збору людзей было памяшканне, якое актыў дыяспары арандаваў разам з польскай арганізацыяй. Усе афішы падзей, у тым ліку канцэртаў, стэндапаў ды акцый, публікавалі ў канале ў Telegram, а таксама на старонках Instagram і Facebook. У дыяспары ёсць адзін вялікі чат, за якім актыўна сочаць мадэратары.
Таксама мясцовая дыяспара з 2020 года кожнае лета ладзіць Беларускі пікнік у Кракаве. Ён пачынаўся як сустрэча на прыродзе з гітарай і ежай, а вырас у адзін з галоўных беларускіх фестываляў. У 2023 годзе ён атрымаў назву Letucień, а на саму падзею прыйшло да чатырох тысяч чалавек.
Кася, суарганізатарка Пікніка, адзначае, што фестываль, які сёлета адзначае пяцігоддзе, — гэта мажлівасць «паказаць беларускую культуру ад мастацтва да адукацыі, ад дзіцячых забаў да супрацоўніцтва з НКА, ад этнічнай да сучаснай музыкі так, каб у яе закахаліся з першага позірку».
Штогод каманда стараецца рабіць фестываль больш даступным і для палякаў, а маштабы падзеі павялічваюцца геаметрычна. Сёлета Пікнік адбудзецца 27 ліпеня, і на яго ўжо анансавалі лайн-ап галоўнай сцэны: Leibonik, «Разбітае Сэрца Пацана», Groove Dealer, Mandzik. Таксама плануецца каля 15 пляцовак, ад дзіцячай і адукацыйнай да этнічнай, спартыўнай, а таксама кірмаш на 40 майстроў ды фудкорт на 10 кропак з ежай і напоямі. Усё гэта зойме значную частку вялікага парку Jordana ў цэнтры Кракава, а ўваход на фестываль будзе вольны.
Як у беларусаў Кракава з’явілася свая «Прастора»
У 2023 годзе разам з абноўленым «Пікніком» адбыліся і грунтоўныя змены ў працы дыяспары. Беларусы зарэгістравалі дзве юрасобы: Stowarzyszenie «Krok», якое арганізоўвае вялікія мерапрыемствы па тыпу «Пікніка» ці «Калядаў», і Białoruskie Towarzystwo — гэта перарэгістраваная арганізацыя з нулявых.
Актывісты працуюць разам з абедзвюма юрасобамі. Towarzystwo ўзяло на сябе развіццё «Прасторы» — дома дыяспары ў Кракаве. Напрыканцы 2023 года каманда атрымала памяшканне ў самым сэрцы горада на аўкцыёне ад адміністрацыі, і ўсе актыўнасці пераехалі туды з мінулага памяшкання.
Кацярына, адна з лідарак дыяспары і сузаснавальніца «Прасторы», кажа, што яе мара — каб «усе беларусы і беларускі, незалежна ад месца пражывання, пры наведванні Кракава б маглі зайсці ў «Прастору» і адчуць роднае і блізкае сабе».
Мэта гэтага праекта — стварыць месца, дзе могуць лёгка развівацца ініцыятывы беларусаў ці накіраваныя на іх.
— Наш дом мы будуем разам, таму кожны і кожная адчуе сябе яго часткай, без якой дом не будзе паўнавартасным. Які ён зараз і якім ён будзе — залежыць ад кожнага з нас, — кажа Кацярына.
Цяпер там праходзяць, апроч іншага, танцавальныя заняткі, клуб настольных гульняў для дзетак ды розныя заняткі для іх, гістарычны клуб, працуе бібліятэка кніг па-беларуску і два беларускамоўныя тэатры (для дарослых і дзяцей). Прастора існуе збольшага на данаты беларусаў, а каманда штомесяц публікуе фінансавыя справаздачы ў сацсетках.
За год у актыве дыяспары з’явілася ажно тры Instagram-акаўнты: Прастора, таварыства «Крок» і Пікнік Letucień. Імі, а таксама акаўнтамі ў іншых сацсетках, займаецца камунікацыйная каманда дыяспары. Такім чынам, усе галоўныя актыўнасці і праекты ў Кракаве каардынуе адна вялікая група актывістаў, якія робяць гэта без ганарараў, выключна на валанцёрскіх умовах.
Айцішная сталіца Польшчы
За апошнія чатыры гады беларуская дыяспара моцна змянілася, сюды прыехалі тысячы чалавек. Гэта збольшага людзі з вышэйшай адукацыяй, працаўнікі сферы IT: у горадзе шмат офісаў вялікіх кампаній, у тым ліку беларускіх. Таксама прыехала шмат студэнтаў.
Яна пераехала ў Кракаў у 2016 годзе падчас першай хвалі рэлакацыі беларускіх айцішнікаў у Польшчу.
— Калі ў 2020 годзе было адчуванне, што людзі пераязджалі паступова, у іх быў час запланаваць пераезд, то ў 2022-м, з новай хваляй, ужо вісела пытанне легалізацыі, бо не зусім зразумелыя былі ўмовы, — адзначае беларуска. — Яны і цяпер не да канца зразумелыя, рашэнні ўраду часовыя, шмат якія сем’і не могуць планаваць доўгатэрмінова, у падвешаным стане знаходзяцца.
Яна лічыць, што беларускіх працаўнікоў IT у Кракаве каля 4-5 тыс. Цэнтралізаванай «IT-тусоўкі» тут няма, але людзі актыўна ствараюць свае кам’юніці па інтарэсах: настолкі, спорт, сустрэчы на піва, моўныя клубы і гэтак далей.
Асаблівая частка кракаўскіх актыўнасцей — крос-культурныя мерапрыемствы. Паколькі ў горадзе жывуць дзясяткі тысяч іншаземцаў, тут штодзень адбываюцца падзеі на англійскай мове на абсалютна розныя тэмы. І беларускія айцішнікі ў іх актыўна ўдзельнічаюць.
— Чаму шмат хто абраў Кракаў, а не іншыя польскія гарады? Мне падаецца, выбар горада залежыць ад характару чалавека, — адказвае беларуска. — У айцішнікаў ёсць магчымасць працаваць на ўдалёнцы, Кракаў у асноўным выбіраюць людзі, якім больш па душы размераны лад жыцця, сямейныя людзі, тыя, каму заходзіць вайб утульнага горада. Кракаў выбіраюць у тым ліку з перспектывай адукацыі для дзяцей, бо тут вялікі выбар школ, тэхнікумаў, універсітэтаў, — кажа Яна.
Беларусы цікавяцца набыццём кватэр
Марыя, рыэлтарка з Украіны, расказвае, што яе асноўны сегмент кліентаў — беларусы.
— Мае кліенты — гэта ў асноўным людзі, якія працуюць у IT у рэлакаваных кампаніях, а таксама працаўнікі іншых міжнародных карпарацый ці фрылансеры, — удакладняе яна.
Па яе словах, кліенты — гэта звычайна пары без дзяцей ва ўзросце 25-35 гадоў. Яны выбіраюць 2-3-пакаёвыя кватэры ад 45 квадратных метраў у сучасных раёнах па кошце 2800-4000 злотых без уліку камуналкі.
Агулам сітуацыя на рынку нерухомасці ў арэнду, па яе словах, стабілізавалася за апошнія два гады.
— На цэны паўплывала крэдытная праграма мінулага года «бяспечны крэдыт 2%». Прапаноў у арэнду стала больш, бо людзі замест арэнды сталі часцей купляць жыллё. Таму цэны на [арэндныя] кватэры трымаюцца на ўзроўні, — расказвае Марыя.
Пры гэтым яна адзначае, што інфляцыя і павышаны кошт камуналкі ды іншых даплат скажаюць агульную карціну.
Тэндэнцыя набываць кватэры замест арэнды закранула і беларусаў.
— Шмат маіх кліентаў, з якімі я працавала год-два таму, купілі са мной кватэры ў Кракаве ці іншых гарадах. Больш за тое, тыя, хто толькі пачаў арэнду, ужо цікавяцца набыццём кватэры, — кажа Марыя.
Уладальнікі жылля, па словах Марыі, спакойна ставяцца да беларусаў.
— За апошнія паўгода не чула дрэнных водгукаў ад палякаў на такіх патэнцыйных арандатараў. Але на пачатку вайны было горш.
Суразмоўца кажа, што часцей сустракаюцца тыя, хто баіцца любых іншаземцаў, а не толькі беларусаў. Гэта звычайна сталыя людзі.
— Ад палякаў наконт беларускіх арандатараў часта чую такія каментарыі: «з імі ніколі няма праблем», «яны вельмі ахайныя і ветлівыя», «прыемныя людзі, мы задаволеныя супрацоўніцтвам».
«На рамонт класа грошы збіралі толькі адзін раз, гэта была зусім невялікая сума ды па жаданні»
У Кракаў пераехала шмат беларускіх сем’яў. Яўген і Ксенія прыехалі сюды з дзвюма дочкамі некалькі гадоў таму. Тут дзяўчынкі пайшлі ў дзяржаўную школу са спартыўным ухілам. Паступіць праблем аніякіх не было — сабралі неабходныя дакументы.
— З адаптацыяй праблем не ўзнікла. Дзяўчат вельмі добра прынялі і дзеці, і настаўнікі. Знайшлі сабе сябровак, у камунікацыі праблем не было. Настаўнікі, калі што, дапамагаюць. А ва ўсіх іншаземцаў ёсць дадатковыя бясплатныя заняткі польскай.
Падтрымку ад дзяржавы Ксенія і Яўген таксама атрымліваюць: па праграме 800+ (раней 500+) 800 злотых выплачваецца штомесяц на кожнае дзіця, а яшчэ па 300 злотых у пачатку навучальнага года.
— У школе ладзяць шмат экскурсій, варкшопаў, хаця і за аплату бацькамі — але яны самі вырашаюць, ці ім гэта трэба. Таксама ёсць праект, у рамках якога дзеці выязджаюць на тыдзень у комплексы па тыпу санаторыяў. Там у іх праходзяць заняткі, экскурсіі. Старэйшая ездзіла ў другім класе, засталася вельмі задаволеная, хоча яшчэ, — кажа Ксенія.
Таксама жанчына адзначае, што ў тых школах, дзе хапае фінансавання, ладзяць дадатковыя гурткі. Напрыклад, у іх школе старэйшая дачка ходзіць на заняткі па музыцы, а малодшая — на гульнявыя фізічныя актыўнасці. Праходзяць і тэатральныя заняткі, ёсць скалалажанне, басейн. Нядаўна з’явілася магчымасць раз на тыдзень хадзіць на спартыўныя заняткі па розных напрамках.
Што тычыцца збораў грошаў, то, па словах Ксеніі, бацькі самі абмяркоўваць і вырашаюць, ці яны хочуць, напрыклад, зрабіць рамонт. Нядаўна ў іх школе быў рамонт, які зрабілі за кошт дзяржавы. Толькі адзін раз у бацькоў збіралі грошы на рамонт — і «гэта была зусім невялікая сума ды па жаданні».
Не забудзь падпісацца на MOST у Тэлеграм. Мы галоўнае медыя беларусаў у Польшчы.