28 чэрвеня ў Варшаве на 60 годзе жыцця раптоўна памёр праваабаронца Леанід Свецік, які шмат гадоў кіраваў Віцебскім аддзяленнем Праваабарончага цэнтра «Вясна». Пра гэта паведамілі ў арганізацыі.
Больш за два дзесяцігоддзі ён займаўся абаронай правоў чалавека на Віцебшчыне, прымаў актыўны ўдзел у розных праваабарончых, інфармацыйных і адукацыйных праграмах і ініцыятывах «Вясны», неаднаразова ўдзельнічаў у кампаніях назірання за выбарамі ў Беларусі, уздымаў набалелыя для рэгіёна праблемы і намагаўся іх вырашэння.
У 2021 годзе Леанід Свецік быў вымушаны пакінуць Беларусь, асцерагаючыся рэпрэсій. Але і ў эміграцыі заставаўся актыўным і працягваў займацца праваабарончай дзейнасцю.