Беларусы купілі веган-кавярню Honey cup у Варшаве. Яна павінна стаць «бяспечнай прасторай» для эмігрантаў і «нейрадыверсіўных» асоб. Адна з тых, хто рэалізуе праект, — беларуска-польская артыстка і арт-менеджарка Ана Мацкевіч, якая зняла фільм пра беларускі пратэст «Менск-2020». Яна расказала MOST, як мастацтва можа прывесці чалавека да тэрапіі і навошта партнёры стварылі бяспечную прастору ў кавярні.
Ана (такое імя выкарыстоўвае артыстка) стаяла каля вытокаў суполкі беларускіх творцаў у эміграцыі Heart Breaking Performance, якая займаецца актывісцкім мастацтвам. Арт-праектамі яна прыцягвае ўвагу да правоў чалавека, праблем эмігрантаў і спалучае мастацтва з тэрапеўтычнымі практыкамі.
Жанчына жыве ў Польшчы з 2016 года. З таго часу яна рэалізуе творчыя праекты не толькі з экспатамі, але і з палякамі. Артыстка кажа, што менавіта ў эміграцыі адчула патрэбу ў бяспечным кам’юніці для людзей, якія знаходзяцца ў дрэнным псіхалагічным стане і небяспечных умовах. Яна і сама пасля пераезду адчувала, што не мясцовая — гэта абвастрала пачуццё самоты.
«Мяне булілі за акцэнт»
Ана напалову полька, зараз у яе ўжо польскі пашпарт, але яна ўсё роўна адчувала стаўленне як да чужой.
— Я па адукацыі оперная спявачка і музыка. Але, на жаль, у опернай сферы ў Польшчы ўсё нафталінавае. Мяне вельмі булілі за акцэнт, — успамінае яна.
Адаптацыю ў новай краіне ўскладняла тое, што ў Аны расстройства аўтычнага спектру і сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці, яна называе сябе нейрадыверсіўнай асобай.
— Было важна стварыць пляцоўку, дзе б людзі мелі роўныя правы. Пасля 2020 года я пачала ствараць актывісцкія перформансы — пакрыху да розных праектаў сталі далучацца людзі. Мы здымалі фільм «Менск 2020» і рабілі розныя падкасты, а пасля вырашылі назваць усё гэта Heart Breaking Performance.
Сталага складу ў суполкі няма. Да новых праектаў далучаюцца новыя людзі, бывае, што потым робяць перапынак, а затым вяртаюцца да супрацоўніцтва.
«Сэнс у тым, каб людзі праплакалі свой боль, а пасля пайшлі ў тэрапію»
Адным з найбольш яскравых праектаў, зладжаных Heart Breaking Performance, Ана лічыць фота-выставу «Я хачу дадому», прысвечаную Мінску. Яна адкрылася ў 2022 годзе ў Музеі Вольнай Беларусі. Праект Ана называла візуалізацыяй ідэальнага Мінска, такога, у які беларусы ў вымушанай эміграцыі вернуцца, калі гэта будзе бяспечна.
— Часам некаторыя з нашых праектаў успрымаюцца кантраверсійна — як, напрыклад, выстава «Я хачу дадому». Людзі на нас наязджалі, маўляў, навошта вы робіце такую выставу — беларусы на яе сходзяць і потым вернуцца ў Мінск у рукі КДБ. Мы спрабавалі патлумачыць: сэнс выставы ў тым, каб людзі прыйшлі на яе, праплакалі свой боль, паразмаўлялі па тэлефоне з мамай, а пасля пайшлі ў тэрапію і пачулі сябе суцэльнымі, — распавядае Ана.
«Метадычка “саўка” была паўсюль аднолькавая»
Зараз каманда працуе над мультыдысцыплінарным відэапраектам «Споведзь», у якім даследуецца беларуская ідэнтычнасць.
— «Споведзь» пачалася яшчэ ў 2021 годзе і першапачаткова гэта была чытка (чытанне п’есы акцёрамі перад гледачамі. — Заўв. MOST). У п’есе праз уласны досвед я распавядаю, чаму беларусы спачатку не выходзілі на пратэсты, чаму мы былі такія сляпыя і чаму прачнуліся ў 2020 годзе — як працуе гэтая псіхалогія.
Ана спрабавала падаваць заяўкі на гранты, але знайсці фінансаванне не ўдавалася. Мастачка лічыць, што на той момант ідэя, магчыма, была недапрацаванай. Але з грашыма дапамаглі знаёмыя палякі, і прэм’ера «Споведзі» адбылася ў Варшаве год таму.
— Да мяне пасля прыходзілі і палякі, і ўкраінцы і казалі: «Я гэта ўсё таксама адчуваю». Гэта было вельмі-вельмі важна. Толькі пазней я ўсвядоміла, што калі на Захадзе ёсць тэма дэкаланізацыі, то ў нас — дэімперыялізацыя і дэсаветызацыя. Гэтая метадычка «саўка» была паўсюль аднолькавая.
Пасля некалькіх паказаў «Споведзі» ў каманды з’явілася ідэя зрабіць відэапраект.
— Мы ўжо знялі тры кліпы. Вельмі спадзяемся, што давядзём праект да лагічнага завяршэння і таксама, акрамя кліпаў, я скончу музычны альбом «Споведзь» як спявачка AnaMova. Хачу, каб у ім былі тыя ж самыя песні, але на англійскай мове. У маіх сацсетках шмат англамоўнай аўдыторыі, і гэта таксама актывісцкі момант — распавесці ім, як у нас, — кажа Ана.
«Беларуская суполка пачала адмагнічвацца»
Адна з галоўных перашкод у развіцці Heart Breaking Performance — выгаранне. Каманда часта падае заяўкі на розныя гранты, але фінансаванне атрымлівае рэдка. У асноўным суполка трымаецца на ўласнай матывацыі ўдзельнікаў. З выгараннем сутыкаецца і сама Ана.
— Выгараю раз у тры месяцы. Гэта баліць, але я ўжо прызвычаілася. Апроч таго, што мы ўвесь год з партнёркай шукалі гранты і не атрымлівалі іх, нас вельмі расчаравала, што беларуская суполка пачала адмагнічвацца, — прызнаецца Ана.
«Галоўная мэта, каб людзі адчувалі сябе як дома»
Сіл Ане і яе партнёрам дадало адкрыццё фізічнай прасторы ў Варшаве. Разам яны набылі веган-кавярню. У меню тут веганскія амлеты, пасты, салаты і, канешне, кава. Плануецца, што месца стане бяспечнай прасторай для беларусаў ды іншых эмігрантаў, а таксама нейрадыверсіўных людзей і веганаў.
— Цяпер у нас ёсць месца сілы. Атрымалася, што ў нас былі накопленыя грошы і трэба было іх некуды з розумам укласці. Аднойчы мы былі ў адной з нашых любімых кавярань і даведаліся, што яе прадаюць. Вырашылі ў гэта ўключыцца, але для нас вельмі важна, каб гэта было не проста кафэ, але і месца сустрэч, месца для кам’юніці, месца, дзе можна рабіць канцэрты і кінапаказы. Нарэшце гэта атрымалася. Галоўная мэта — каб людзі адчувалі сябе як дома, — тлумачыць Ана.
Не забудзь падпісацца на MOST у Тэлеграм. Мы галоўнае медыя беларусаў у Польшчы.