Беларускія рэканструктары з клуба Invictus 1863 прынялі ўдзел у парадзе Браніцкіх у Беластоку. Марш гусараў стаў ужо штогадовай традыцыяй для польскага горада, а беларускі клуб упершыню быў прадстаўлены ў такім мерапрыемстве.
Парад Браніцкіх, ці, як яго яшчэ называюць, Марш гусараў, праходзіў у Беластоку чацвёрты раз. Гістарычнай рэканструкцыяй арганізатары хочуць паказаць войска Рэчы Паспалітай 17 стагоддзя, а таксама нагадаць пра ўдзел падляскіх войскаў у Венскай бітве.
Беларускіх рэканструктараў упершыню запрасілі на марш Браніцкіх у Беластоку, і гэта нягледзячы на тое, што яны ў асноўным займаюцца паўстаннем 1863 года.
— Вельмі прыемна, што нас запрасілі, і гэта прызнанне нашай адзінкі як рэальнага клуба, — распавядае прадстаўнік клуба Васіль Калач. — Для нас гэта першы раз, калі мы выходзім у цэнтр Беластока ў касцюмах 17 стагоддзя. Хоць асноўны род дзейнасці ў клуба — паўстанне 1863 года, мы ўніверсальныя, у нас розныя касцюмы ёсць. Мы ў Беларусі прывыклі да таго, што кожны сам па сабе і запрашае кагосьці праз асабістае знаёмства. А тут арганізатары нам напісалі на нашу старонку і запрасілі. І мы ўжо не маглі адмовіцца ад такога сур’ёзнага запрашэння.
Некаторых беларускіх рэканструктараў і раней запрашалі польскія калегі на гістарычныя рэканструкцыі на Падляшшы. Так і завязалася першае знаёмства.
— Але вось як клуб рэканструктараў 17 века мы ўпершыню прадстаўленыя на мерапрыемстве. Магу сказаць, што тут [у Беластоку] добрае стаўленне да рэканструктараў, няма нейкіх праблем або палак у колы. І гэта вельмі падкупляе, — дадаў Васіль Калач.
З клубам гістарычнай рэканструкцыі Invictus 1863 можна звязацца праз Facebook.