Беларусы ў эміграцыі часта звяртаюцца па фінансавую дапамогу да суайчыннікаў: шмат хто аказваецца ў цяжкім становішчы і не мае іншага выйсця. Часта гэта робяць праз адмысловыя платформы, сацсеткі альбо медыя. Але часам такімі ж схемамі карыстаюцца і махляры ці тыя, хто насамрэч не знаходзіцца ў патрэбе. Якой павінна быць падтрымка і ці можна арганізаваць яе эфектыўна і празрыста? Пра гэта MOST паразмаўляў з Валярынай Куставай, якая дапамагала палітзняволеным і рэпрэсаваным, а ў пэўны момант сама звярнулася па дапамогу для сваёй сям’і.
— Ці неабходныя ўвогуле інстытуты дапамогі беларусам у эміграцыі?
— Яны ратуюць не толькі жыцці канкрэтных людзей і сямей, а па сутнасці, цэлы пласт беларускай інтэлігенцыі, пласт неабыякавых, актыўных беларусаў, якія здольныя думаць, не плыць па цячэнні і паўставаць супраць рэжыму і сістэмы.
Нягледзячы на тое, што ўжо ёсць пэўная колькасць такіх інстытуцый, абсалютна не будуць лішнімі дадатковыя, а таксама фінансавая і валанцёрская дапамога тым, якія ўжо існуюць. А перадусім — увага бізнесаў і міжнароднай супольнасці да такіх арганізацый.
— Як вы лічыце, ці ёсць хібы ў працы нашых інстытуцый?
— Натуральна, у кожнага ёсць недапрацоўкі. Але большасць з іх былі створаны спантанна, праз патрэбу і, скажам так, вымушаны попыт на дапамогу ў легалізацыі і адаптацыі. Адзінкавыя з іх існавалі раней, якія былі створаныя эмігрантамі папярэдняй хвалі. Напрыклад, Беларускі дом у Варшаве,
Таму трэба зразумець, што ў дзейнасці 2020 года было шмат валанцёрства і добрай волі. Таму натуральна, што такая дапамога не магла быць адразу сістэмнай і дасканалай. Бо новыя запыты і нестандартныя сітуацыі нараджаліся тут і цяпер. Варта быць удзячным за тое, што ўжо зроблена гэтымі інстытуцыямі на дадзены момант.
Трэба таксама ўлічыць, што фінансавая падтрымка беларускіх інстытуцый не павялічваецца. З аднаго боку, ёсць пэўная канкурэнцыя за рэсурс, з іншага — чалавечы фактар. Многія людзі ўжо папросту стаміліся ад графіка дапамогі 24/7 і сышлі ратаваць уласную псіхіку і аднаўляць рэсурс.
Пры гэтым створана досыць шмат мануалаў для падтрымкі людзей, якія вымушана пакідаюць радзіму. Бо, напрыклад, калі мяне эвакуіравалі, яшчэ не было ўцямных схем па атрыманні таго самага статусу міжнароднай абароны ці атрымання праязнога дакумента [замежніка]. Тады з гэтым дапамагалі сябры, валанцёры, калегі.
Але, бадай, найбольш цяжка цяпер давесці свае патрэбы рэпрэсаваным беларусам і беларускам, якія акурат не мелі турэмных тэрмінаў і затрыманняў, бо паводле цяперашніх верыфікацый могуць палічыць, што іх «недастаткова рэпрэсавалі». А тое, што яны страцілі жытло, працу, вымушаныя выжываць на чужыне з дзецьмі, а часам і бацькамі, — нібыта не самае страшнае. Таму, мне падаецца, павінны прысутнічаць правілы і крытэрыі, але кожны выпадак усё ж павінен разглядацца індывідуальна.
«Вельмі складана збоку ацэньваць ступень патрэбы людзей»
— Як інстытуцыям напрацаваць пэўны функцыянал, каб мець магчымасць размяжоўваць, каму з людзей патрэбна тэрміновая дапамога, а хто можа яшчэ пачакаць?
— Яшчэ адна спецыфіка нашых інстытуцый — усе да пэўнага часу займаліся ўсім. І толькі нядаўна, па сутнасці, пачалося размежаванне. Умоўна кажучы, хтосьці акцэнтуецца на дапамозе Узброеным сілам Украіны і беларускім жаўнерам. Хтосьці засяроджваецца на дапамозе палітзняволеным жанчынам (ініцыятыва «Палітвязынка»). Хтосьці мае досвед у падтрымцы пенсіянераў («Дар лёсу» рэгулярна аказвае харчовую і рэчавую дапамогу). А хтосьці падтрымлівае сем’і, што могуць пацвердзіць рэпрэсіі, і іх дзетак («Цэнтр беларускай салідарнасці»), таксама ёсць Моладзевы хаб, «Акно на ўсход» і шэраг іншых. Аналагічныя арганізацыі і праграмы ёсць у многіх буйных польскіх гарадах, а таксама ў Вільні, Празе, Кіеве і іншых. Усе і не пералічыш, так іх шмат. У многіх з часам з’яўляецца свая вузкая спецыялізацыя. Але ў часе вялікай хвалі рэпрэсій і пачатку вайны яны сапраўды стараліся дапамагчы ўсім, хто звяртаўся.
Таму, мне здаецца, і была праблема плыні, калі ўсе звярталіся па ўсё — і ахапіць гэта было немагчыма. Хто трапіў, таму дапамагаюць.
Вельмі складана збоку ацэньваць ступень патрэбы людзей, таму што трэба ўлічваць псіхалагічны фактар. Ёсць тыя, хто да апошняга будзе трываць і не папросіць дапамогу. А хтосьці сапраўды мае патрэбу, але не такую вострую.
Выдатна, што ў інстытуцый ужо ёсць рознаўзроўневая верыфікацыя. Напрыклад, як у таго ж Bysol. Дзе яны правяраюць дакументацыю, магчымасці чалавека, тыя ж самыя медычныя даведкі. З аднаго боку, я лічу, што гэта правільна.
З іншага, ведаючы чэргі па дзяржаўных страхоўках у Польшчы ў два-тры гады… Тады той жа By_help дапамагае палітвязням і рэпрэсаваным у выключных выпадках дамовіцца на візіт і вырашыць найбольш вострыя патрэбы. Як былі, напрыклад, сітуацыі з Віталём Тысевым, якому была патрэбна дапамога ў аперацыі, — усё было хутка вырашана і сабрана сума. І як нядаўна была сітуацыя з журналістам Аляксандрам Корнышавым — у яго была вострая праблема некрозу, і ён мог бы ўвогуле перастаць хадзіць. Але By_hepl увайшоў у яго праблему, верыфікаваў і правёў па лекарах.
— Ці было бы прасцей працаваць беларускім інстытуцыям, калі б яны засноўваліся на паспяховым досведзе еўрапейскіх і амерыканскіх фондаў?
— Мне здаецца, нашы паступова ідуць гэтым шляхам. Але калі браць замежныя ўстановы, якія дапамагаюць рэпрэсаваным, то яны, як правіла, патрабуюць пацвярджэнняў таго, што здарылася.
Ведаю, што многія нашы людзі не маюць пратаколаў вобшукаў, але гэта можа пацвердзіць, напрыклад, ваш адвакат, калі ён ёсць.
Таксама некаторыя інстытуцыі карыстаюцца рэкамендацыйнымі лістамі — тым, што выклікае давер. Калі ты маеш некалькі такіх лістоў ад аўтарытэтных людзей, то арганізацыі схільныя давяраць табе.
Яшчэ варта, калі гэта бяспечна, асвятляць факт рэпрэсій у медыя. Каб пасля людзі маглі прадаставіць скрыншоты. Таксама я бы заклікала людзей захоўваць медыцынскія даведкі, рэцэпты, лекі — гэта можа быць пацвярджэннем наступстваў рэпрэсій.
Гэта ўсё запытваюць многія замежныя інстытуцыі. З іншага боку, у іх таксама ёсць дапамога людзям, якім патрэбна тэрміновая рэлакацыя альбо яны толькі рэлакаваліся, і тады там дастаткова адзінкавай верыфікацыі. Бо зразумела, што чалавек, якому патрэбна дапамога тут і цяпер, можа быць увогуле без дакументаў.
«Зборы закрываюцца»
— Ці не назіраецца ў беларускім грамадстве стомленасці ад патрэбнасці данаціць?
— Гэта, відавочна, ёсць. У некаторых нават ёсць раздражненне, ёсць зайздрасць у тым ліку, выгаранне. І гэта нармальна.
З іншага боку, мы назіраем, што зборы закрываюцца. Гэта сведчыць пра тое, што салідарнасць нікуды не знікла. Проста як у любым свеце і на любым этапе — было дабро і было зло, былі зайздрасць і абыякавасць. Але гэта не касуе таго, што падтрымка і салідарнасць не мінаюць і дзейнічаюць.
Я як аўтарка праграмы пра салідарнасць «Беларус беларусу» сведчу, што ўсё гэта трывае. Маім героям таксама працягваюць дапамагаць. Прычым такімі дзівоснымі спосабамі. З апошніх гісторый, напрыклад, збор унучцы палітзняволенага на суму каля 8 тыс. злотых, які закрыла каманда аднадумцаў за адзін клік. Або герой, якому жанчына ў Вільні наўпрост на вуліцы працягнула грошы, сказаўшы, што бачыла праграму, а лекар украінец зрабіў шалёную зніжку на ўстаўныя зубы (у мужчыны быў парадантоз ад стрэсу і нерваў праз рэпрэсіі і смерць бацькі), бо паглядзеў нашае выданне пра героя. Тое самае з героямі і ў Беларусі.
— Пасля выпускаў дапамагаюць і ў Беларусі?
— Пастараюся казаць вельмі акуратна. Але ў Беларусі праграму глядзяць. Героям, якіх мы паказваем, дапамагаюць досыць рэгулярна. Больш за тое, сустракаючы іх у транспарце, робяць ім нешта прыемнае — перадаюць ім лекі і ўсё неабходнае.
Людзі баяцца, маўчаць, але іх думкі і каштоўнасці не задушыць. І калі ёсць такая магчымасць, яны гэта робяць. Нават цяпер, у Беларусі, пад пільным вокам рэжыму.
«Самая моцная сіла і ўвогуле тое, што нас трымае, — салідарнасць»
— Валярына, вы вядомыя тым, што ведзяце праграму «Беларус беларусу», дзе распавядаеце пра лёсы людзей, якім патрэбна дапамога. Пасля апынулася, што вашай сям’і таксама спатрэбілася падтрымка. Атрымліваецца, у эміграцыі ніхто не застрахаваны?
— Так. Сітуацыя «ў патрэбе» можа здарыцца абсалютна з кожным. У нас няма той стабільнасці, матэрыяльнага складніка, які быў на радзіме. І канешне, псіхалагічна ў чужой краіне складаней. Ніхто не застрахаваны ні ад анкалогіі, як мой тата, ні ад таго, што будзе вымушаны забяспечваць чатыры асобы сам, як я.
Самая моцная сіла і ўвогуле тое, што нас трымае, — салідарнасць. Спачатку ты маеш рэсурсы і аддаеш іх іншым, а пасля людзі, якія ўжо неяк сталі на ногі альбо проста адчуваюць такую патрэбу, могуць падтрымаць цябе.
Зборы, як правіла, не закрываюць усіх існуючых праблем — гэта нейкая база, якая разлічана на тут і цяпер. Па сутнасці, гэта такая матывацыя, каб зразумець: тое, што ты робіш, — важна, і ты сам і твая праблема — таксама важныя. Ты не самотны.
— На прыкладзе вашай сям’і вы адчуваеце цяпер гэтую салідарнасць?
— Так склалася, што нешта я з сям’ёй злавіла нейкі джэкпот бед. І мне ўсё роўна было вельмі эмацыянальна цяжка звярнуцца па падтрымку. Цяпер ідзе збор, і неабыякавыя людзі данацяць.
Бачу паступовае далучэнне. Канешне, вельмі цешыць і ўражвае, што да маіх родных ставяцца са спагадай і падтрымкай. Зрэшты, я сутыкнулася з такой самай хваляй хэйту. Але мы самі выбіраем, на чым засяроджвацца. Я імкнуся засяродзіцца на добрым.
Мы не мусім змушаць да дабрачыннасці. Гэта такая рэч, якая адбываецца па ўласнай волі. Калі ты не хочаш, то можаш прамаўчаць або заданаціць таму, каму аддаеш перавагу.
У першую чаргу, гэтую падтрымку мы робім для сябе, для ўласнага адчування дабрыні ў гэтым свеце.
Не забудзь падпісацца на MOST у Тэлеграм. Мы галоўнае медыя беларусаў у Польшчы.