У Варшаве створана беларуская футбольная каманда. Спачатку яна была аматарскім праектам, які з’явіўся ў 2020 годзе для знаёмства і падтрымкі сувязяў паміж беларусамі ў эміграцыі. Але цяпер футбалісты праводзяць матчы з польскімі прафесійнымі клубамі. Адзін з заснавальнікаў «Пагоні» Антось Лагвінец расказаў MOST, як каманда пачалася з Telegram-чата на пяць чалавек і чаму пакуль не можа выступаць у Чэмпіянаце Польшчы.
Гісторыя «Пагоні» пачыналася з невялікага Telegram-чата. Разам з Антосем у ім было ўсяго пяць удзельнікаў. Хлопцы часам збіраліся, каб пагуляць у футбол. Цягам года да яго далучаліся новыя людзі, і ў выніку было сфармавана шэсць асобных каманд. Яны сталі прымаць удзел у аматарскіх турнірах. На такіх спаборніцтвах гуляюць у фармаце «6 на 6 (членаў каманды)» на чвэрці поўнапамернага поля або «7 на 7» на палове поля.
У сакавіку 2022 года каманда Антося стала называцца Team Ivulin. Гэта быў знак салідарнасці з беларускім блогерам Аляксандрам Івуліным, які ў 2021-2023 гадах знаходзіўся за кратамі з-за палітычнага пераследу.
У жніўні 2022 года аматары футбола з Беларусі стварылі ўжо свой турнір — Кубак Івуліна. Гэты быў чэмпіянат сярод беларусаў у эміграцыі, які праводзіўся ў знак салідарнасці з палітвязнямі. Пасля вызвалення Івуліна турнір працягнуў сваё існаванне, не змяніўшы назвы. Сёлета ў кастрычніку ён адбыўся ўжо ў трэці раз, у ім удзельнічала 24 каманды, у той час як у першым спаборніцтве было 16.
«Калі вы перамагаеце такую каманду, то чаму вы яшчэ не ў Кубку Польшчы?»
Паступова Team Ivulin узмацнялася новымі гульцамі, у тым ліку прафесіянальнымі футбалістамі.
— Ёсць у нас хлопцы, якія гулялі ў Першай ці Другой лізе Чэмпіянату Беларусі. Ёсць хлопцы, якія гулялі ў чэмпіянатах за свае ўніверсітэты. Ёсць тыя, хто трэніраваўся ў розных секцыях разам з футбалістамі, якія потым па беларускіх мерках пайшлі ў «вялікі футбол». Ёсць у нас і аматары, якія ўсё жыццё гулялі недзе на двары, але маюць нядрэнны ўзровень, — кажа Антось.
Напрыканцы 2022 года футбалісты Team Ivulin паставілі мэту згуляць матч на вялікім полі ў фармаце «11 на 11». І неўзабаве ў іх гэта атрымалася: першая таварыская сустрэча адбылася з украінскай камандай «Імпульс».
А ўжо напрыканцы вясны 2023 года «Пагоня» мела на сваім рахунку каля дзясятка таварыскіх матчаў. У адным з іх яна сустракалася з «Варшавякам» — гэты клуб гуляў у ніжэйшым дывізіёне Чэмпіянату Польшчы. Беларусы здолелі яго перамагчы. У той дзень у іх на стадыёне адбылася гутарка з функцыянерам Рэгіянальнай федэрацыі футбола.
— Ён проста падышоў і пытаецца ў нас: «Вы дзесьці гуляеце?» Мы адказваем, што не. А ён кажа: «Як так? Калі вы перамагаеце такую каманду, то чаму вы яшчэ не ў Кубку Польшчы? Хочаце ў Кубак?» Мы адказалі, што хочам. А ён кажа: «Я тады запытаюся ў федэрацыі. Але, відаць, не будзе перашкод». Прычым ён не быў асобай, якая прымае там рашэнні, а быў простым супрацоўнікам, — расказвае Антось.
Так ужо 8 жніўня 2023 года беларусы згулялі ў Кубку Польшчы — у рэгіянальным адборы Мазавецкага ваяводства. У гэтым матчы каманда ўпершыню выступіла пад назвай «Пагоня». Паядынак адбыўся з Victoria Zerzeń. Гульцы з Беларусі ўпэўнена перамаглі з лікам 5:0. Наступным супернікам стала Varsovia Warszawa. Тут ужо была параза — 0:1. Паколькі ў Кубку Польшчы ўсе матчы адбываюцца навылет, на гэтым выступ «Пагоні» скончыўся.
У 2024 годзе трэнерам каманды беларусаў стаў былы абаронца барысаўскага БАТЭ Кірыл Алексіян, які ў свой час гуляў у Лізе чэмпіёнаў УЕФА.
10 жніўня гэтага ж года «Пагоня» зноў удзельнічала ў Кубку. Яна правяла матч з Marymont Warszawa. У асноўны час сустрэча скончылася з лікам 1:1, але «Пагоня» саступіла ў серыі пасляматчавых пенальці — 2:4.
«Будзем намагацца пераканаць польскіх функцыянераў»
Акрамя Кубка Польшчы, «Пагоня» хоча прыняць удзел і ў асноўным чэмпіянаце краіны. Каб гуляць там, беларусы стварылі афіцыйны футбольны клуб. Ён з’яўляецца юрыдычнай асобай.
Аднак праводзіць матчы нават у ніжэйшым дывізіёне Чэмпіянату Польшчы не атрымліваецца з-за рэгламенту федэрацыі. Згодна з ім, ва ўсіх лігах чэмпіянату, акрамя найвышэйшай, на поле ад кожнай каманды павінна быць не больш за трох гульцоў без грамадзянства ЕС. Пасля лютага 2022 года выключэнне зрабілі толькі для ўкраінцаў. А ў складзе «Пагоні» толькі адзін беларус з польскім пашпартам, усе астатнія члены — грамадзяне Беларусі. Клубу прапанавалі набіраць у каманду палякаў ці ўкраінцаў, але ён не пагадзіўся на гэта, заявіўшы, што хоча заставацца беларускай камандай.
— Нягледзячы ні на што, мы плануем прымаць удзел і ў чэмпіянаце краіны, і дзеля гэтага будзем намагацца пераканаць польскіх функцыянераў з Рэгіянальнай федэрацыі футбола, каб яны зрабілі для нас выключэнне, — кажа Антось.
Беларусы таксама будуць працягваць ладзіць таварыскія матчы з прафесійнымі камандамі, каб дэманстраваць сваю гатоўнасць гуляць у польскіх спаборніцтвах. Намагаюцца яны прыцягваць увагу і ў медыйным полі, таму не спыняюць правядзенне Кубка Івуліна. У апошні раз на яго адкрыцці прысутнічала Святлана Ціханоўская, а разам з ёй намеснік міністра спорту і турызму Польшчы. Праводзячы турнір, «Пагоня» звяртае ўвагу на праблему з палітычнымі вязнямі ў Беларусі, выказвае ім падтрымку, а таксама пашырае інфармацыю пра сітуацыю ў Беларусі.
— А яшчэ павышаная цікавасць была да нас падчас матчу «Дынама» з «Легіяй». Нас запрашалі на інтэрв’ю польскія парталы, такія як Weszło і Kanał Zero. І нам важна, каб як мага больш палякаў ведала пра нас. Гэта азначае, што многія з іх могуць уплываць на тое, каб дазволіць нам гуляць у футбол і аб’ядноўваць беларусаў. У тым ліку тых, хто вымушана з’ехаў з краіны і не можа туды вярнуцца, — кажа Антось.
Не забудзь падпісацца на MOST у Тэлеграм. Мы галоўнае медыя беларусаў у Польшчы.