Ва Уроцлаве ўпершыню прайшоў Фестываль халадніку — падзея, якая 31 траўня сабрала беларусаў вакол талеркі традыцыйнай стравы. Госці змаглі самі сабраць халаднік, паўдзельнічаць у конкурсах, паслухаць гісторыю пра паходжанне стравы — і на хвіліну адчуць сябе дома. Журналістка MOST пабывала на месцы і паразмаўляла з удзельнікамі і арганізатарамі мерапрыемства.
«Гэта ж месца сілы»
Калі ў парку Kleciński заўважаем людзей, што сядзяць на пледах і частуюцца гароднінай, разумеем, што мы на месцы. Некаторыя размаўляюць, нехта проста ловіць сонца. Атмасфера — утульная і па-дамашняму цёплая.
Барыс прыйшоў на фестываль як звычайны ўдзельнік, але неўзабаве аказаўся ўцягнутым у падрыхтоўку.
— Гэта вельмі цікавае мерапрыемства, якое аб’ядноўвае і спалучае людзей. Я жыву тут недалёка, і ў мяне не было шанцаў не прыйсці. Я стараюся ніводнага мерапрыемства не прапускаць, бо, нават калі жыў у Беларусі, такой разнастайнасці падзей у нас не было, — распавядае Барыс.
Ён прызнаецца, што прыйшоў сюды не столькі на гастранамічны фестываль, колькі ў прастору, дзе «адчуваеш сябе на сваім месцы».
— Гэта ж месца сілы, — паказвае навокал Барыс. — Тут такія дрэвы — стогадовыя, можа, двухсотгадовыя. Такія пахі вясновыя.
«Зрабілі дэмаверсію — і атрымалася»
Арганізацыя фестывалю пачалася літаральна за тры тыдні да мерапрыемства. Ідэя належыць гісторыку Алесю Беламу — менавіта ён прапанаваў суполцы «Беларусы Уроцлава» зладзіць невялікі пікнік, прысвечаны халадніку.
— У нас было вельмі мала часу. Мы вырашылі: зробім дэмаверсію. Невялічкае свята — паглядзім, ці ўвогуле каму-небудзь будзе цікава. Першапачаткова прыйшло чалавек дзесяць, і амаль усе — з арганізацыйнай каманды. Было трывожна, што больш ніхто не падцягнецца, — прызнаецца Вераніка, арганізатарка фестывалю.
Але людзі ўсё ж прыйшлі — больш, чым чакалі. Падрыхтавалі каля 70 порцый халадніку, максімум на сотню — і ўсё разышлося, але з пустой талеркай ніхто не застаўся. Найхутчэй з’елі халаднік на бураках, заўважыла Вераніка. Хоць яго было найбольш, але ён першым скончыўся.
Арганізатары вырашылі аб’яднаць некалькі фарматаў: акрамя пікніка з халадніком, гасцей чакалі міні-лекцыя пра гісторыю стравы і конкурсы. Асобна працавала зона, дзе кожны мог сабраць сабе халаднік самастойна — з буракамі, зелянінай, яйкамі, смятанай і іншымі інгрэдыентамі. У выніку маглі нараджацца дзясяткі, калі не сотні варыяцый адной і той жа стравы — у залежнасці ад густу, звычак з дзяцінства і кулінарных адкрыццяў эміграцыі. Побач раздавалі гатовыя порцыі для дэгустацыі.
— Мы хацелі зрабіць нешта простае, але цэльнае: і пра ежу, і пра традыцыю, і пра нашых людзей, — кажа Вераніка.
Пакуль мы размаўляем, людзі ўсё прыходзяць. Галоўны герой фестывалю — халаднік — ужо скончыўся, але гасцей сустракаюць з усмешкай і прапануюць гародніну, якой яшчэ засталося цэлае вядро.
«На бліжэйшы год, мне падаецца, я ўжо халадніку наелася»
Для Веранікі падрыхтоўка да фестывалю была звязаная з кулінарнымі эксперыментамі. Кажа, што, каб выбраць тры асновы для халадніку, яна два тыдні правярала розныя варыянты, параўноўвала, даводзіла смак да ідэалу.
— Я перад гэтым 14 дзён рабіла розныя булёны, розныя рэцэпты правярала і ўсё каштавала. На бліжэйшы год, мне падаецца, я ўжо халадніку наелася, — смяецца яна.
У выніку яе фаварытам стаў халаднік на шчаўі з гарчыцай, зелянінай і смятанай — просты, але з характэрным кіславата-пікантным смакам.
Як елі халаднік у багатых сем’ях
Таццяна, адна з гасцей фестывалю, асабліва адзначае лекцыю пра гісторыю халадніку.
— Была апытаначка на лекцыі, адразу прывабілі народ. І такая загадка запомнілася: прыехаў кароль, і яму падавалі халаднік. І вось што туды паклалі, што ён так засмуціўся? — прыгадвае Таццяна. — Аказалася, што гэта лёд. Цікава — у багатых сем’ях так падавалі.
«Халаднік — гэта пра бацькоўскі дом»
Заўважаем: шмат гасцей фестывалю апранутыя ў прыемныя ружовыя, зялёныя ці белыя колеры — нібыта самі стравы ператварыліся ў вобразы. Аказваецца, на пляцоўцы праходзіць конкурс строяў у колерах халадніку. Алеся (імя змененае) прыйшла ў ружовай спадніцы і кофце, што ідэальна ўпісваліся ў адценні галоўнага героя дня.
Але для жанчыны гэты фестываль быў значна глыбейшым, чым проста візуальны перформанс або ежа.
— Калі я ўбачыла аб’яву мерапрыемства, то адчула ўдзячнасць людзям, якія вырашылі зладзіць яго, — гэта як «простыя словы і простыя рэчы» — па-хатняму цёпла і ўтульна, — расказвае Алеся. — Дарэчы, у эміграцыі я яшчэ ні разу яго не гатавала — і гэта была файная нагода ўспомніць смак гэтай традыцыйнай беларускай стравы.
У сям’і Алесі халаднік падавалі са смажанай бульбай.
— Халаднік — гэта пра дзяцінства, пра бацькоў, пра бацькоўскі дом, пра традыцыі, пра зялёную цыбульку і кроп з агарода, пра пах агуркоў на ўсю хату і пра тое, што абавязкова халаднік будзе суправаджаць смажаная бульбачка, — працягвае яна. — Мы елі халаднік менавіта так. Ведаю, што ёсць традыцыя гатаваць халаднік на кефіры, але мне так не падабаецца, бо маці заўсёды гатавала на вадзе і смятане.

Сакрэт у воцаце
Акрамя конкурсу строяў, на фестывалі таксама выбіралі найлепшы халаднік. Госці дэгуставалі стравы, прыгатаваныя ўдзельнікамі, і галасавалі за самы смачны варыянт. Перамогу атрымала Надзея. Яна шчыра радуецца, што ўдзельнічала, і з лёгкасцю выдае сакрэт свайго фірмавага рэцэпту.
— Наогул, мне здаецца, што ў мяне сакрэт у воцаце, — кажа яна. — Гэта мала хто любіць, але я рэкамендую паспрабаваць крыху воцату дадаць для пікантнасці. Але мне здаецца, яго нельга нясмачна прыгатаваць.
Яе асабліва ўразіў адзін з інгрэдыентаў, які выкарыстала іншая ўдзельніца, — і цяпер Надзея плануе паспрабаваць гэты варыянт дома.
— Раней я не чула, што ў халаднік можна дадаваць лімон, — здзіўляецца Надзея. — А дзяўчына, якая са мной удзельнічала ў конкурсе, дадала лімон — і мяне гэта вельмі зацікавіла. У наступны раз абавязкова паспрабую.
Нібыта ў беларускім парку
Калі сыходзім з фестывалю, у парку яшчэ застаецца шмат людзей. Праходзячы побач, то тут, то там чуем знаёмыя словы — гучыць то руская, то беларуская мова. На імгненне здаецца, што гэта не Уроцлаў, а звычайны беларускі парк, дзе галоўны план на вечар — зварыць халаднік.
І пакуль у Польшчы яшчэ можна знайсці кроп і бурачок, беларускае лета будзе працягвацца.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.