Пятніца, 5 верасня 2025
No Result
View All Result
MOST Media
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama
No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama
No Result
View All Result
MOST Media
No Result
View All Result
Галоўная Гісторыі

У 1861 годзе ў Беластоку выйшаў антырасійскі твор, які ў 2023 годзе ў Мінску прызналі “экстрэмісцкім”. Захаваўся будынак, дзе яго друкавалі

MOST MOST
27 чэрвеня 2025, 12:07
Гісторыі
A A
У 1861 годзе ў Беластоку выйшаў антырасійскі твор, які ў 2023 годзе ў Мінску прызналі “экстрэмісцкім”. Захаваўся будынак, дзе яго друкавалі

Будынак былой плябаніі, у якім у 1861 годзе дзейнічала таемная друкарня. Фота: MOST.

Дзеячы антырасійскай канспірацыі ў 1861 годзе надрукавалі “Гутарку старога дзеда” — вершаваны твор на беларускай мове, у якім быў заклік да паўстання супраць Расійскай Імперыі. Будынак, дзе гэты твор друкавалі, і сёння можна пабачыць у цэнтры Беластока. А ў сучаснай Беларусі за яго распаўсюд можна атрымаць 15 сутак на Акрэсціна, бо ў 2023 годзе твор прызналі “экстрэмісцкім”.

“Гутарка старога дзеда” — гэта ананімны вершаваны агітацыйны твор. Ён быў напісаны і распаўсюджаны ў пачатку 1860-х гадоў, калі на землях былой Рэчы Паспалітай грамадскасць пратэставала супраць улады Расійскай Імперыі і рыхтавалася да паўстання, якое выбухнула ў студзені 1863 года. “Гутарка…” простымі словамі і на беларускай мове расказвае пра цяжкае жыццё пад расійскай уладай і пра змаганне польскага грамадства за незалежнасць. Гэта тая ж рыторыка, што ў “Мужыцкай праўдзе” Кастуся Каліноўскага, толькі пададзеная вершам.

Таемна прывёз у Беласток друкарскія прылады

“Гутарку” надрукаваў інжынер-чыгуначнік Браніслаў Шварцэ. Ён нарадзіўся ў 1834 годзе ў Францыі — ягоны бацька быў паўстанцам у 1830 годзе і быў вымушаны эміграваць з Расійскай Імперыі. У 1855 годзе Браніслаў скончыў інжынерную школу ў Парыжы. У 1856 годзе імператар Аляксандр ІІ, на другім годзе свайго кіравання, абвясціў амністыю для былых паўстанцаў — і Браніслаў Шварцэ прыехаў у Варшаву. У 1860 годзе ўладкаваўся на будаўніцтва Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі, займаўся будаўніцтвам магістралі ў Беластоку, а пазней працаваў на суседняй станцыі Лапы.

Неўзабаве Браніслаў Шварцэ заклаў у Беластоку падпольную арганізацыю ды заняўся агітацыяй дзеля будучага паўстання. Ён належаў да плыні так званых “чырвоных” — дзеячаў, якія лічылі, што трэба далучаць да барацьбы за незалежнасць шырокія масы сялян. Сялянства на Беласточчыне ў той час было пераважна беларускамоўнае. Таму ў пачатку 1861 года Шварцэ таемна прывёз у Беласток друкарскія прылады і разам са сваім паплечнікам Адольфам Белакозам выдаў вершаваны твор па-беларуску лацінскімі літарамі. У творы быў заклік далучацца да паўстання.

hutarka
Рукапісная копія “Гутаркі старога дзеда”. Ягелонская Бібліятэка, BJ Rkp. 9288 III

На вясну, як Бог дасць – гранець

Пранцуз, Паляк з жаўнерамі,

І як Польшча ўся ўстанець –

Ідзём і Мы з Палякамі.

Калі станем з Палякамі,

Будзем роўнымі з панамі,

Усім шчасце Бог нам дасць,

І прападзе Маскоўска ўласць!

“Гутарка…” разышлася

З вядомых прычын аўтар “Гутаркі” не падпісаў свой твор. Таму ўжо доўгі час вядуцца спрэчкі наконт таго, хто яго напісаў. У матэрыялах расійскіх спецслужбаў перыяду паўстання ёсць данос, у якім аўтарам твора названы паэт і драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Даследчыкі Яўхім Карскі, Адам Мальдзіс і Вячаслаў Рагойша называлі аўтарам твора беларуска-польскага паэта Вінцэнта Каратынскага. Прафесар Мікола Хаўстовіч лічыць, што аўтарам мог быць нехта з маладых паэтаў, блізкіх да кола Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Вінцэнта Каратынскага і Уладзіслава Сыракомлі.

А вось будынак, дзе “Гутарка…” была надрукаваная, вядомы. Падпольная друкарня дзейнічала ў будынку плябані — доме каталіцкага пробашча — у Беластоку. Гэты двухпавярховы будынак, які збудавалі ў канцы XVIII стагоддзя Браніцкія, захаваўся да сённяшняга часу. Ён знаходзіцца зусім побач з Рынкам Касцюшкі, у пачатку Касцельнай вуліцы побач з архікатэдральным касцёлам. Цяпер у ім месціцца курыя Беластоцкай архідыяцэзіі.

гутарка
Плябанія ў Беластоку, міжваенны перыяд. З калекцыі Bagnówka.

“Гутарка…” шырока разыйшлася па землях былой Рэчы Паспалітай. Дзе не дайшлі ўлёткі, якія надрукаваў Браніслаў Шварцэ, твор перапісвалі ад рукі або пераказвалі вусна. Царская паліцыя фіксвала распаўсюд “Гутаркі” ў ваколіцах Полацка і Мазыра. Пісьменнік Мікалоюс Акялайціс пераклаў “Гутарку…” на літоўскую мову і падрыхтаваў яе выданне накладам 10 тыс. асобнікаў у Прусіі. Твор перадрукавалі газеты за межамі Расійскай Імперыі — напрыклад, Dziennik Literacki, які выходзіў у Львове, які быў у складзе Аўстра-Венгрыі. Царскія ўлады жорстка каралі за распаўсюджанне “Гутаркі” — напрыклад, у Троцкім павеце селяніна Буткевіча выслалі за гэта на катаргу.

гутарка
Пачатак “Гутаркі старога дзеда”, надрукаванай у львоўскай газеце “Dziennik Literacki”, №89, 8 лістапада 1861 года.

Браніслаў Шварцэ займаўся канспірацыйнай працай увесь 1861 год і палову 1862-га — але расійскія ўлады пачалі яго шукаць. Тады ён стаў хавацца ў Варшаве, аднак там яго выкрылі і арыштавалі 23 снежня 1862 года — за месяц да пачатку паўстання. Спачатку яму прысудзілі кару смерці, потым замянілі яе на пажыццёвае зняволенне, перавезлі ў Шлісельбургскую турму каля Пецярбурга, потым ён трапіў у ссылку ў вёску Тунка за Іркуцкам, дзе ў 1889 годзе пазнаёміўся з 21-гадовым палітычным ссыльным з Віленшчыны Юзафам Пілсудскім, пазнейшым кіраўніком незалежнай Польшчы.

У 1891 годзе Браніслава Шварцэ вызвалілі — ён выехаў з Расійскай Імперыі і жыў у Львове, дзе памёр у 1904 годзе.

Баляслаў Шварцэ
Браніслаў Шварцэ, каля 1860 года. Фота: Wikimedia

Як “Гутарка” стала “экстрэмісцкай”

Рэпрэсіі ж за “Гутарку старога дзеда” не скончыліся разам з разгромам паўстання 1863 года. Твор гэты, напісаны на патрэбы палітычнай сітуацыі, на доўгі час быў забыты, пра яго згадвалі толькі літаратуразнаўцы і студэнты філалогіі. Яго час ад часу перадрукоўвалі ў зборніках беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя. У БССР цэнзура не забараняла “Гутарку…”, бо паўстанцаў 1863 года і аднаго з іх правадыроў Кастуся Каліноўскага шанавалі як барацьбітоў з царскім рэжымам.

Але ў 2023 годзе на “Гутарку…” звярнуў увагу рэжым лукашэнкаўскі. У жніўні 2023 года па заяве гарадской пракуратуры Мінска суд прызнаў “экстрэмісцкімі матэрыяламі” два ананімныя вершаваныя творы 1860-х – “Гутарку старога дзеда” і “Плывуць вятры”, у якім апісаны расстрэл царскімі ўладамі патрыятычнай дэманстрацыі 8 красавіка 1861 года ў Варшаве. 

Згодна з беларускім “Законам аб супрацьдзеянні экстрэмізму”, экстрэмісцкімі матэрыяламі могуць быць прызнаныя сімволіка і атрыбутыка, інфармацыйная прадукцыя, прызначаная для ўцягвання ў экстрэмісцкую дзейнасць і яе прапаганды. Застаецца загадкай, навошта беларуская пракуратура ў 2023 годзе занялася барацьбой супраць уцягвання сялян у паўстанне 1863 года. 

Аднак гэтае абсурднае рашэнне можа дорага каштаваць беларусам — за распаўсюджанне ці захоўванне “экстрэмісцкіх матэрыялаў” у Беларусі можна атрымаць штраф у памеры да 20 базавых велічыняў або адміністрацыйны арышт тэрмінам да 15 сутак у спецыяльна створаным для палітычных арыштантаў рэжыме ўтрымання, які праваабаронцы ацэньваюць як катаванне.

паўстанцы
Сябры клуба гістарычнай рэканструкцыі Invictus 1863 на магіле Адольфа Белакоза, які ўдзельнічаў у друку “Гутаркі старога дзеда”, на Фарных могілках у Беластоку, студзень 2025 года. Фота: Беларускі хаб “Новая зямля”/Facebook.

Ян Рамэйка

Тэгі: АртыкулыГісторыя

ГАЛОЎНЫЯ НАВІНЫ

получить ВНЖ во Вроцлаве

«Это какие-то голодные игры». Во Вроцлаве беларуске пришлось прятаться и переодеваться, чтобы получить ВНЖ

Хрысціна Гараніна
4 верасня 2025, 16:35

Во Вроцлаве беларуску Валерию (имя изменено) выгнали из администрации (ужонда) и запретили входить в здание после того, как она попыталась организовать очередь за талонами на получение карты побыту...

лишили международной защиты в Польше

Бывшего узника совести из Беларуси лишили международной защиты в Польше. Он ездил на родину, жил в России и оскорблял украинцев

MOST
3 верасня 2025, 19:23

Экс-политзаключенного Артема Д. в Польше лишили международной защиты и обязали покинуть страну. Сейчас он находится в заключении в населенном пункте Червоны-Бур. Это следует из видео на Youtube-канале Mój...

стоянка дальнобойщиков

«Ждите». Беларусская дальнобойщица может лишиться работы в Польше из-за медлительности чиновников

MOST
3 верасня 2025, 14:06

Ксения — водитель-международник в польской компании. Она перевозит грузы по Европе. Женщину устраивают и зарплата, и социальные гарантии, и отношение руководства. И все же может случиться, что ей...

  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
  • Рэклама/Reklama
Пры выкарыстанні зместу MOST прачытайце нашы Правілы выкарыстання матэрыялаў

Звяжыцеся з намі: most@mostmedia.io

© 2025 Mostmedia.io. Час будаваць масты

No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama

© 2025 Mostmedia.io. Час будаваць масты