Беларускі журналіст Руслан Кулевіч прадставіць сваю трэцюю кнігу з цыклу ўспамінаў гродзенцаў 1920-1940-х гадоў. «Апошнія сведкі Гродна» завяршаюць серыю, распачатую раней выданнямі «Горад адзін, успаміны розныя» (2017) і «Гісторыя з гродзенскіх вуліц» (2019).
Новая кніга ўключае 23 гісторыі гродзенцаў. Большасць з іх пражылі ў горадзе большую частку жыцця, іншыя пакінулі горад пасля Другой сусветнай вайны і з’ехалі ў Польшчу як рэпатрыянты. Яны жывуць у Беластоку, Лодзі, Варшаве, Шчытне і іншых гарадах, але многія з іх дагэтуль называюць сябе гродзенцамі.
Сярэдні ўзрост герояў кнігі — 93 гады, а самая пажылая ўдзельніца нарадзілася ў 1918 годзе. На жаль, некаторыя суразмоўцы зусім няшмат не дажылі да прэзентацыі, але кніга важная для іх нашчадкаў.
— Назва кнігі — «Апошнія сведкі Гродна» — не выпадковая. Я стаўлю кропку ў зборы ўспамінаў пра 1920-1940-я гады. За восем гадоў я запісаў каля сотні гісторый гродзенскіх старажылаў і сабраў некалькі сотняў архіўных фатаграфій — у кнігу ўвайшло больш за 50, многія з іх не публікаваліся раней. Такую працу, магчыма, ужо ніхто не зможа паўтарыць. Не таму, што яна асабліва складаная, а таму што многіх людзей ужо няма з намі, — адзначыў Руслан Кулевіч.
Працу над кнігай журналіст пачаў яшчэ ў Гродне ў 2020 годзе, але вымушаная эміграцыя прыпыніла працэс. У 2021 годзе ён апынуўся ў Беластоку, дзе аднавіў журналісцкую дзейнасць і заснаваў MOST. Вярнуцца да працы над кнігай удалося толькі праз два гады. Некаторыя з сабраных гісторый публікаваліся ў выданнях MOST і Hrodna.life.
Гісторыю апошняга героя — Эндру Стэмпнеўскага, унука прэзідэнта Гродна — Руслан запісаў зусім нядаўна — у чэрвені 2025 года. Гэта чалавек неверагоднага лёсу. Каб выратаваць яго ад савецкіх рэпрэсій, маці вывезла яго з горада немаўляткам у чамадане, напаіўшы снатворным, каб ён не крычаў. Яны апынуліся ў ссылцы, сустрэлі армію Андэрса і разам з ёй праз Іран і Палестыну з’ехалі ў Еўропу. А большую частку жыцця Стэмпнеўскі пражыў у ЗША.
— Мне не хапала такой кропкі. А гэтая гісторыя стала прыгожым заканчэннем. Як быццам я павінен быў дачакацца гэтага чалавека. Ён дагэтуль марыць убачыць Гродна. Яго гісторыя і наогул гісторыі многіх рэпатрыянтаў чымсьці падобныя да нашых. Яны чакалі шмат гадоў, каб атрымаць магчымасць прыехаць у Гродна і паглядзець на свой дом. Але адзін з герояў сказаў мне: «Не дапусці нашай памылкі. Адпусці Гродна, будуй сваё жыццё тут [у Польшчы]. А калі прыйдзе час, ты вернешся», — успамінае аўтар кнігі.

З-за хвалі рэпрэсій кнігу нельга распаўсюджваць у Беларусі. Але Руслан лічыць важным, каб яе прачыталі менавіта гродзенцы. Таму ў верасні плануецца выкласці PDF-версію кнігі ў электронную бібліятэку kаmunikat.org.
— Сёння гаварыць пра сапраўдную гісторыю Гродна асабліва неабходна. Беларускія і расійскія прапагандысты спрабуюць навязаць нам чужы вобраз мінулага. А гэтая кніга — жывыя, шчырыя ўспаміны зусім розных людзей, якія не былі знаёмыя адзін з адным, але іх усіх аб’ядноўвае Гродна. Яны жылі і працавалі ў нашым горадзе ў польскі перыяд, падчас савецкай улады, нямецкай акупацыі і ўжо ў незалежнай Беларусі. Як сказаў адзін з маіх герояў: «Гродна — гэта ўнікальны горад. І людзі там асаблівыя. Ёсць беларусы, ёсць палякі, а ёсць — гродзенцы». Сапраўдная гісторыя горада жыве ў памяці яго жыхароў, — кажа Руслан Кулевіч.
Ён прызнаецца, што свае кнігі хацеў бы выдаць пад адной вокладкай у перакладзе на польскую мову. Таксама ў планах Руслана — выпуск фотаальбома з архіўнымі здымкамі Гродна і праца над гісторыяй гродзенскага футбола.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



